«У вас не сітуацыя двухмоўя, у вас дыглосія». Іспанка пра тое, чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску

Автор: Настасья Занько. Фото: прадстаўлена гераіняй публікацыі; ілюстрацыя: Алег Гірэль
26 125
26 января 2018 в 16:45
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Анхела Эспіноса вывучыла больш за 10 моў, адна з якіх беларуская. Кажа, што без ведання беларускай мовы немагчыма зразумець мысленне беларусаў і адчуць менталітэт людзей. Іспанка ўжо доўгі час назірае за моўнай і культурнай сітуацыяй у Беларусі і кажа, што яна ў нас вельмі падобная да сітуацыі ў былых калоніях імперыі, якія цяпер сталі незалежнымі. Размова пра нашу мову — у традыцыйнай пятнічнай рубрыцы «Нефармат».

Читать на Onlíner

Хто гэта?

Анхела Эспіноса, 24 гады. Нарадзілася ў іспанскім горадзе Малага. Скончыла аддзяленне славянскай філалогіі ў Гранадскім універсітэце, магістратуру пры кафедры беларускай філалогіі ў Варшаве, а цяпер — аспірантка ў мадрыдскім універсітэце «Камплутэнсе». Паэтка і літаратуразнаўца (вядзе асабістую калонку ў часопісе «Маладосць», выдала некалькі зборнікаў беларускамоўных вершаў і пераклала вершы Максіма Багдановіча на іспанскую мову).

«Я зразумела, што калі я люблю Беларусь, то карціна не будзе поўнай без ведання мовы карэннага насельніцтва»

— Мне вельмі часта задаюць пытанне, чаму я вывучыла беларускую мову. Я яго не вельмі люблю, асабліва калі пытаюцца беларусы. Ёсць у гэтым пытанні нейкі намёк на тое, што беларуская мова нікому не патрэбная, маўляў, не займайся лухтой.

Усё пачалося ў 2008-м, калі мне было 15 год. Я была ў ЗША па стыпендыі ад іх Дзяржаўнага дэпартамента. Была там месяц і пазнаёмілася з людзьмі з розных краін. Там былі людзі, якія размаўлялі на розных славянскіх мовах. Мне вельмі спадабалася іх гучанне, але я не адрознівала тады рускую ад беларускай, польскай ці ўкраінскай. З таго часу ў мяне засталіся сябры з Беларусі. Яны пачалі знаёміць мяне з беларускай літаратурай, музыкай і г. д.

Я напісала артыкул пра Беларусь у адно з іспанскіх выданняў, а пасля нечакана атрымала за яго прэмію «Беларусь у фокусе». На ўручэнне паехала ў Варшаву. І аказалася ў кампаніі беларускамоўных журналістаў, культурных актывістаў і пісьменнікаў.

«Тады я ўпершыню чула беларускую мову, ведаючы, што гэта яна. Мне вельмі спадабалася. Я зразумела, што калі я люблю Беларусь, так цікаўлюся яе культурай, падзеямі, што там адбываюцца, то карціна не будзе поўнай без ведання мовы карэннага насельніцтва»

Так пачала збіраць матэрыялы, па якіх беларускую мову вучаць замежнікі. Вельмі доўга шукала, бо інфармацыі зусім мала. Нарэшце з 2013-га стала вучыць. Практыкі не было. Я тады жыла ў Гранадзе, а там вельмі складана знайсці, з кім паразмаўляць па-беларуску. Таму вымаўленне трэніравала проста перед люстэркам, размаўляла ўголас сама з сабой. Потым стала пісаць свае вершыкі па-беларуску (я пішу вершы з шасці год і стараюся іх пісаць на той мове, якую вывучаю, гэта дапамагае больш глыбока зразумець і адчуць сутнасць мовы). Іх заўважылі беларускія літаратары, якія паспрыялі публікацыі ў часопісах кшталту «Маладосці». Так і пайшло.

— Што вам дала беларуская мова? Проста пункцік у спісе вывучаных?

— Знайшла сваю творчую асобу ў беларускай мове, знайшла нейкую частку сваёй душы, якая была схаваная альбо яе не было і яна стварылася, калі я стала вывучаць беларускую мову і пісаць на ёй вершы. Я сапраўды ўвайшла ў хвалю беларускай культуры: пачала кантактаваць з беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, даследчыкамі. Я пачала бачыць Беларусь з іншай перспектывы. Зусім інакш стала ўспрымаць Беларусь, калі пачала чытаць навіны па-беларуску, даведалася больш пра яе, бо ў Іспаніі вельмі мала пішуць пра вашу краіну.

Калі казаць у філасофскім плане, то новая мова — гэта заўжды новы светапогляд, бо яна — праява мыслення народа, праява яго народнай філасофіі. У той самы час мова ўплывае на мысленне народа, мысленне і камунікацыя ствараюцца разам.

«Калі я збіралася ў Беларусь, многія казалі: „Не прыязджайце, вы расчаруецеся“»

— Якія адкрыцці пра Беларусь вы зрабілі? Што вас уразіла ў нашай краіне і людзях?

— Калі я ўпершыню пазнаёмілася з беларусамі, мяне здзівіла, наколькі добрая беларуская музыка, а канкрэтна — рок. Я не ведала, што ў нейкай краіне Усходняй Еўропы ёсць цяпер такі якасны рок. Цалкам была адкрыццём для мяне беларуская літаратура. Яна стала для мяне галіной, якой я хачу прысвяціць сваё жыццё. Зараз я вучуся ў аспірантуры мадрыдскага ўніверсітэта «Камплутэнсе» і пішу працу-параўнанне паміж прозай Яна Баршчэўскага і іспанскага рамантыка Густава Адольфа Бекера.

«Мяне здзівіла, што ў Беларусі людзі цікавяцца паэзіяй і шмат чытаюць. Па маіх адчуваннях, у Іспаніі людзі чытаюць нашмат менш. Магчыма, гэта звязана з кліматам. Бо калі сонца і +20, вельмі складана застацца дома і чытаць»

— Калі вы прыехалі ў Беларусь упершыню, не былі расчараваны тым, што ў нас мала хто размаўляе па-беларуску?

— Калі я збіралася ўпершыню прыехаць у Беларусь у 2015 годзе, я напісала пра гэта пост у Facebook. Маўляў, буду ў Гродна ў такі і такі дзень, пасля буду ў Мінску, хачу пабачыцца — і гэтак далей. Мне сталі пісаць знаёмыя беларусы. Некаторыя адкрытым тэкстам казалі: «Не прыязджайце». Многія пісалі: «Вы расчаруецеся, лепш пакіньце Беларусь у сваіх марах». Хтосьці казаў: «Ну, ты асцярожна. Ведаеш, людзі не будуць размаўляць з табой па-беларуску». І ўсё ў такім духу.

«Агульны мэсыдж быў такім: „Лепш пачакай некалькі год, а пасля прыязджай“»

Гэта дзіўна. Бо калі я пачала вывучаць беларускую мову, людзі былі радыя мне, а тут вось такая сітуацыя. Непрыемна было гэта чуць: у Беларусі багатая культура, Беларусь вельмі прыгожая краіна.

Анхела з беларускім паэтам Андрэем Хадановічам

— Вы ўсё ж даехалі? Якія атрымалі ўражанні?

— Так, я даехала, але не расчаравалася. Таму што ў мяне ж ёсць інтэрнэт, я не жыву ў інфармацыйным вакууме. Я ж ведала, што людзі ў большасці будуць размаўляць па-руску. Аднак я ў Беларусі па-руску ніколі не размаўляла (стала потым прыязджаць адносна часта). І толькі двойчы ў мяне былі нейкія цяжкасці з гэтым.

Людзі, вядома, па-рознаму ставяцца да беларускай гаворкі, але пераважна добра, асабліва ў бытавых сітуацыях. Я ўвогуле не разумею, чаму многія, хто размаўляе ў жыцці па-беларуску, баяцца падысці да незнаёмых людзей і размаўляць з імі таксама па-беларуску — напрыклад, спытаць дарогу. Думаю, гэта ірацыянальны страх.

«Можа, гэта нейкі сацыялагічны момант і стэрэатып. Бо руская мова — яна стандартная, не маркіраваная нічым, а вось беларуская — знак чагосьці, што да гэтага часу застаецца ў свядомасці людзей»

Трасянка існуе паўсюдна, на мяжы кожнай краіны планеты

— У вас ёсць думкі наконт таго, чаму беларусы размаўляюць па-беларуску вельмі рэдка? Максімум, што можна пачуць, — гэта трасянку.

— Трасянка — гэта з’ява не адной толькі Беларусі. Падобныя лінгвістычныя сітуацыі існуюць амаль паўсюдна, на мяжы кожнай краіны планеты. Яны называюцца «інтэрлінгва». Калі мовы блізкія, людзі могуць ужываць і тую, і гэтую і нават не адрозніваць. Да прыкладу, у мяне ёсць добры сябра, які толькі ў 20 год даведаўся, што ў рускай мове няма слова «калыханка». Ён спрабаваў растлумачыць сябру з Туркменістана, якія калыханкі яму спявала маці. Той не зразумеў, што такое калыханка, бо ў рускай мове ёсць «колыбельная». Мой сябра ніколі ў жыцці не чуў такога слова, таму быў перакананы, што па-руску правільна «калыханка». Калі яму распавялі, што так не кажуць, ён быў у шоку. І такіх прыкладаў шмат.

Што тычыцца таго, чаму беларусы размаўляюць пераважна на рускай мове альбо чаму трасянка беларусаў мае пераважна рускую аснову... Думаю, нічога новага я вам не скажу. Тут шмат гістарычных прычын. У часы існавання Расійскай імперыі і СССР была русіфікацыя, якая так і не скончылася і працягвалася ў перыяд станаўлення незалежнасці Беларусі.

З пісьменнікам Андрусём Горватам

— Наколькі такая сітуацыя распаўсюджана ў свеце? Мы часта думаем, што адны такія і больш нідзе гэтай праблемы няма...

— У Іспаніі, да прыкладу, пяць афіцыйных моў (чатыры з якіх, праўда, рэгіянальныя), але адна агульнадзяржаўная — гэта іспанская мова. І зразумела, што пастаянна ёсць інтэрферэнцыі. Далей Гібралтар — там свой «спенгліш», які называецца «яніто». Гэта своеасаблівая мова, нешта сярэдняе паміж андалузскім дыялектам іспанскай і англійскай мовай Вялікабрытаніі. Гэта вельмі цікавая з’ява. Людзі, калі размаўляюць паміж сабой, а не з іспанцам ці англічанінам, ужываюць сумесь іспанскіх і англійскіх слоў.

— То бок наша сітуацыя — досыць тыповая, таму не варта перажываць? Ці ўсё ж маюць рацыю тыя, хто звоніць у званы і кажа, што наша мова гібее і знікае?

— І так, і не так. Вядома, рызыка для беларускай мовы ёсць. У вашым рэгіёне існуе вельмі моцная руская мова, якая пераважае на вашай тэрыторыі. І гэта не вельмі добра, бо адна справа, калі існуе рэальнае двухмоўе, і зусім іншая, калі другая мова ўжываецца толькі ў пэўных сітуацыях. Гэтая з’ява называецца «дыглосія». Дык вось сітуацыя ў Беларусі падобная больш да дыглосіі, чым да двухмоўя.

Прывяду прыклад для параўнання. Санскрыт у Індыі. Яго выкарыстоўваюць у рэлігіі, у гуманітарных навуках. А між сабой людзі размаўляюць на сваіх мовах і гаворках.

Што адбываецца ў Беларусі? За апошнія 100 гадоў роля беларускай мовы карэнным чынам змянілася. Яшчэ на пачатку 20-га стагоддзя беларуская мова была натуральнай мовай народа, мовай гутарак між сабой. Руская мова ўжывалася для афіцыйных стасункаў, была мовай навучання ў ВНУ і г. д. Таму тыя, хто прыязджаў у горад для працы ці вучобы, стараліся хутка авалодаць рускай мовай. Праўда, яна ўсё роўна заставалася для іх вывучанай мовай — акцэнт усё роўна захоўваўся (дзеканне, цеканне, глухое г, раскацістае цвёрдае р і г. д.).

Анхела пераклала вершы Максіма Багдановіча на іспанскую мову.

Што мы бачым цяпер? У вёсках пераважае не чыстая беларуская мова, а трасянка, у гутарковым стылі таксама трасянка. Руская мова выкарыстоўваецца для паўсюднй камунікацыі. А беларуская мова стала мовай меншасцей. У 1990-я, можа быць, яна была мовай апазіцыі. Цяпер гэта мова высокай культуры, мова інтэлігенцыі (прафесары, пісьменнікі, музыкі і г. д.) і мова царквы (той жа каталіцкай і ўніяцкай). Дарэчы, гэта таксама яскравы прыклад дыглосіі, калі мова царквы адрозніваецца ад мовы камунікацыі ў грамадстве.

«Дыглосія — гэта вельмі небяспечная з’ява для матчынай мовы. Бо гэта не пра роўныя пазіцыі адной і другой мовы, а пра панаванне адной мовы над другой, што можа прывесці да знікнення апошняй»

«Беларусь сутыкнулася з посткаланіяльнымі канфліктамі»

— Як можна выходзіць з сітуацыі дыглосіі? Ці ёсць у вас прыклады, як гэта зрабілі іншыя краіны?

— Ваша суседка Украіна, да прыкладу, зрабіла ўкраінскую мову неабходнай для жыцця, надаўшы ёй статус адзінай дзяржаўнай. Але я не магу адназначна сказаць, што гэта правільны крок, таму што двухмоўе (не дыглосія, а менавіта роўныя статусы дзвюх моў) — гэта багацце. Усе беларусы фактычна двухмоўныя, таму яны могуць разумець і рускую, і ўкраінскую, і часткова польскую. Аднамоўны рускі чалавек, напрыклад, хуткую беларускую гаворку не зразумее.

Дык вось украінская мова цяпер стала неабходнай для жыцця гармадства, і людзі яе вывучылі. Аналагічная сітуацыя і ў Беларусі. Варта стварыць патрэбу ў беларускай мове не толькі для высокай культуры (у такім выпадку яна патрэбна толькі энтузіястам), але і для паўсядзённага жыцця.

«Бо зараз беларуская мова не патрэбная, каб схадзіць у банк, атрымаць паперу ў чыноўніка, а павінна, каб была. Калі беларуская мова ў Канстытуцыі стаіць першай дзяржаўнай мовай, то чаму яна не першая ў адукацыі, не першая ў справаводстве і г. д.? Калі б беларуская мова была б першай у школьнай, спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, то тады б больш і больш людзей маглі б размаўляць на ёй»

Вельмі добры прыклад — гэта дзеці эмігрантаў. Да прыкладу, сям’я карэйцаў пераехала ў ЗША. Паміж сабой яны ў сям’і размаўлялі па-карэйску, большасць іх сяброў таксама. Але іх дзеці пайшлі ў англамоўную школу. І што здараецца ў такіх сем’ях? Дзеці з бацькамі размаўляюць па-карэйску, а між сабой ужо — па-англійску. Калі б адукацыя была б пераважна беларускамоўная, тады пакрысе беларуская мова стала б пераважнай мовай камунікацыі.

— З моўнай сітуацыяй у Беларусі існуе дзве крайнасці. Людзі, якія захапляюцца роднай мовай, цікавяцца гісторыяй ВКЛ і настальгуюць па тых часах. Ёсць адваротная сітуацыя, калі беларусы, гаворачы пра Расію, кажуць «мы» і атаясамліваюць сябе з гісторыяй СССР. Вы заўважалі такую з’яву?

— У такую пастку трапляюць усе калоніі. Беларусь доўгі час была калоніяй Расійскай імперыі, а пасля і калоніяй СССР. Хоць і казалі, што гэта Саюз незалежных рэспублік. Але ў рэальнасці гэта быў ніякі не саюз, гэта была метрапольная ўлада. Таму ў Беларусі варта глядзець на развіццё краіны, культуры, мовы з пункту гледжання посткаланіялізму і прымаць пад увагу, што будуць праблемы, уласцівыя былым калоніям.

Гэта якраз апісаныя вышэй праблемы. Да прыкладу, пасеізм, альбо захопленасць мінулым. Калі мы думаем пра мову як пра мову продкаў, а не як пра мову будучыні, мы часам прытрымліваемся вельмі старых правілаў жыцця, вельмі старых традыцый, якія цяпер не адпавядаюць часу. Таму вельмі часта моцна кансерватыўныя людзі размаўляюць па-беларуску. Гэта, з аднаго боку, наватарства, а з другога — адначасова пасеізм. Яны стаяць на варце мовы, яны абараняюць нейкія старыя, архаічныя каштоўнасці. З-за такога падыходу можа стварацца стэрэатып, што сучасныя людзі з сучаснымі поглядамі размаўляюць па-руску, а старыя кансерватары, што нічога не ведаюць пра рэальнае жыццё, размаўляюць па-беларуску.

Яшчэ адзін варыянт — зліццё з культурай метраполіі. Чалавек адмаўляецца ад сваёй арыгінальнай культуры і адаптуецца да культуры метраполіі, думаючы ў нашым выпадку па-руску, змагаецца са сваім беларускім акцэнтам, чытае рускія кнігі, глядзіць рускія фільмы і г. д.

«Трэба ўспрымаць беларускую мову як мову будучыні і вельмі асцярожна ставіцца да гэтай рамантызацыі мінулага. Таму што тады мы будзем думаць пра беларускую мову як пра мову добрага мінулага, якога няма. Гэта своеасаблівы праклён і смерць мовы»

Трэба думаць пра будучыню і жыць цяпер і тут. Трэба бачыць рэчаіснасць, якая ёсць. Не тую рамантызаваную рэчаіснасць, па якой мы сумуем і якую ніколі не бачылі, бо гэта посткаланіяльныя канфлікты, а наяўную рэчаіснасць. І ўжо на яе базе ствараць новую культуру — з тым, што ёсць. Таму што гісторыю не перапішаш і не пераробіш. Трэба прымаць сябе з гэтым каланіяльным мінулым і ісці сваім шляхам, штораз паступова аддзяляючыся ад метраполіі.

— Калі перайсці да глабальнай сітуацыі. Мы зараз бачым, што свет глабалізуецца. І многія кажуць, што столькі моў не патрэбна. Гэта банальна нязручна. Як лічыце: магчыма, не варта адраджаць сваю мову, калі ў хуткім часе мы ўсё роўна будзем выкарыстоўваць 10 самых распаўсюджаных моў?

— Тут не пра «патрэбна» ці «не патрэбна». Мовы не могуць быць аднароднымі на вельмі вялікай прасторы. Гэта натуральная сітуацыя, як у развіцці відаў у біялогіі.

Уявім, што мы ўсе на нашай планеце размаўляем па-ангельску і разумеем адно аднаго. І я ў Іспаніі не бачу такую ж рэальнасць, што і вы ў Беларусі, як іншы ў ЗША ці хтосьці ў Аргенціне. Мова будзе змяняцца з-за мыслення і культурнага асяродку. Таму нават калі застанецца толькі 10 моў, то такая сітуацыя больш за 500 год пратрымацца не зможа. Здаецца часам, што мова — гэта такая лёгкая істота, якую вецер можа падхапіць і панесці. Але гэта не так. Мова — жывая істота, якая пастаянна развіваецца.

Таму таксама трэба змагацца з пурызмам некаторых класічных беларускамоўных, дазваляць беларускаму моладзеваму слэнгу развівацца, не асуджаць так жорстка тых людзей, якія пішуць з памылкамі ці з нізкім стылем. Па-беларуску павінны размаўляць усе, а не толькі эліта. Мова належыць усім беларусам (і замежнікам, якія яе вывучаюць).

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by