За ўвесь час існавання праекта «Кінаконг» энтузіясты пераклалі 20 поўнаметражных фільмаў і больш за паўсотню кароткаметражак. Стваральнікі праекта ўпэўненыя: кіно па-беларуску можа быць камерцыйна паспяховым, што даказваюць аншлагі на апошніх паказах. Мы заглянулі ў студыю агучкі і паназіралі за працэсам.
Читать на OnlínerПраект «Кінаконг» існуе з 2010 года. Напачатку ім займаліся валанцёры-аматары, а цяпер праект выйшаў на больш сур'ёзны ўзровень.
— З мінулага года мы ладзім беларускія ўікенды ў кінатэатрах Мінска, — расказвае арганізатар Андрэй Кім. — За гэты час мы агучылі па-беларуску восем поўнаметражных карцін. Сярод іх «Кніга Ілая», «Таямніца Келза», «Пакуль ногі носяць». На выходных стартуе паказ мульціка «Маленькі прынц» (на яго агучцы мы якраз пабывалі. — Заўв. Onliner.by), далей мы плануем паехаць з ім у абласныя гарады — Магілёў, Гродна і Гомель.
Як правіла, фільмы агучваюць акцёры Купалаўскага тэатра. Напрыклад, героі «Маленькага прынца» размаўляюць галасамі Ганны Хітрык, Паўла Харланчука, Сяргея Жбанкова і інш.
— Ёсць валанцёры, якія працуюць на энтузіязме, але ў асноўным мы плацім заробак, — кажа Андрэй Кім. — Гэта бізнес-праект з сацыяльным і адукацыйным ухілам. Мінулы паказ быў прысвечаны дню анкапацыента, гэтым разам мы прымеркавалі паказ да дня нараджэння Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Таму ў нас ёсць і краудфандынг. Але я лічу, што гэты праект будзе камерцыйна паспяховым. Беларуская мова — яна можа быць і з'яўляецца камерцыйна паспяховай. Для прыкладу, адзін паказ «Кнігі Ілая» па-беларуску сабраў у паўтары-два разы больш людзей, чым 10 паказаў іншага баевіка ў той самы дзень, але па-руску. Гэта паказчык таго, што беларуская мова запатрабаваная і кіно па-беларуску людзям сапраўды патрэбна. У ідэале асабіста я б хацеў, каб у нашых кінатэатрах большая частка сеансаў была па-беларуску, частка — па-руску, а 10% — па-англійску. Каб можна было выбіраць.