У Тэатры лялек прайшла прэм'ера новага спектакля галоўнага рэжысёра Яўгена Карняга. «Хутар» па аповесці Васіля Быкава «Знак бяды» — гэта больш за дзве гадзіны чалавечай болі, пакут, жахаў і страшных учынкаў. Адзін герой пераўтвараецца ў пярэваратня-паліцая, а другі ў самы складаны час да канца застаецца чалавекам.
Васіль Быкаў напісаў аповесць «Знак бяды» напачатку 1980-х. У пэўнай ступені гэты твор стаў для аўтара пераломным. Ён адышоў ад франтавой тэматыкі, партызан, зрабіў эпіцэнтрам падзей звычайную беларускую вёску і пагрузіў чытачоў у жыццё простага чалавека падчас акупацыі. Абкружаныя з усіх бакоў небяспекай, галоўныя героі Пятрок і Сцепаніда Багацькі намагаюцца выжыць у цяжкіх умовах, але і немцы, і паліцаі літаральна раздзіраюць іх на часткі: адны патрабуюць ежу, другія здзекуюцца і чакаюць самагон.
Пастаноўка Яўгена Карняга выклікала сапраўдны ажыятаж. Да канца тэатральнага сезона «Хутар» пакажуць яшчэ 5 разоў, але ўсе квіткі ўжо прадалі. Іх раскупілі напачатку мая, як толькі анансавалі прэм'еру.
Пастаноўка атрымалася маштабнай. У спектаклі задзейнічана шмат лялек і два склады акцёраў.
Яўген Карняг, вядомы па спектаклях «Нататкі юнага лекара», «Інтэрв'ю з ведзьмамі», «Пачупкі», «Шлюб з ветрам», раней ніколі не ставіў Быкава. Як не ставілі пісьменніка і ў самім Тэатры лялек. Так што выйшаў сапраўдны дэбют. Да матэрыялу рэжысёр паставіўся далікатна. Натуральна, паказаць усю тую карціну, якую адлюстраваў пісьменнік, было немагчыма, «Знак бяды» — праца аб'ёмная. Але рэжысёр вычленіў важныя моманты і выразна падсвяціў страшную, гнятлівую атмасферу.
Героі аказваюцца ў памежнай сітуацыі — складаных жыццёвых умовах, у якіх даводзіцца рабіць цяжкі маральны выбар. І часта не на карысць дабра, узаемадапамогі, спагады. Чаму? Тым больш, калі гаворка заходзіць аб старых знаёмых, жыхарах адной вёскі, ад якіх злосці не чакаеш. І аўтар накіроўвае ў гістарычны кантэкст, акуратна намякае, адкуль столькі нянавісці і злосці: галоўнага паліцая — Гужа — калісьці раскулачылі, ён помсціць за стары боль і крыўду простым і невінаватым людзям, іншы — Недасека — проста прызвычаіўся выслужвацца: спачатку адной уладзе, потым другой, але спрабуе пераканаць, што робіць гэта дзеля дзяцей.
Адна толькі стомленая і змардаваная Сцепаніда (Наталля Кот-Кузьма, Надзея Чэча) у найскладанейшых абставінах не здраджвае сваім прынцыпам і ідзе насуперак законам самазахавання. Пастаянна выгаворвае Петраку (Аляксей Сінчыла, Уладзіслаў Соладаў) за тое, што дагаджае акупантам, і ў нейкі момант выдойвае каровіна малако ў траву — толькі каб немцам не аддаваць. У выніку карову Бабоўку забіваюць. З часам знікае і Пятрок. Застаўшыся адна, Сцепаніда спачатку няўдала спрабуе ўзарваць мост, а затым спальвае сябе і сваю хату, каб не дастацца нікому.
Рэжысёр дасягае моцнага эмацыянальнага эфекту:
Праз музыку кампазітара Кацярыны Аверкавай. На працягу добрай часткі спектакля над сцэнай за раялем сядзіць актрыса. Яна як своеасаблівы апавядальнік суправаджае спектакль песнямі, якія па настроі дапаўняюць тое, што адбываецца на сцэне.
Праз лялек мастака-пастаноўшчыка Таццяны Нерсісян. Аўтар выдатна згуляў на супрацьпастаўленні. Сцепаніда паўстае ў абліччы вялікай лялькі, на твары якой адбіліся смутак і стома. Вышынёй яна некалькі метраў, працуюць з ёй падчас спектакля адначасова некалькі чалавек, але гэта ніяк не перашкаджае ўспрымаць яе арганічна. Побач з жонкай Пятрок выглядае запалоханым і загнаным у кут.
Карыкатурна выглядаюць паліцаі ў выглядзе маленькіх фігурак. На фоне маштабнай выявы Сцепаніды яны — лядашчая дробязь.
Галоўны паліцай Гуж у сваёй масцы нагадвае пярэваратня, які перарадзіўся з прыходам новай улады. Фашысты ж падобныя да нейкіх робатаў — машын па вытворчасці смерці. Яны нават размаўляюць паміж сабой нейкім тарахценнем, падобным да аўтаматных чэргаў. А ўся зборная выява жаху і страху прадстаўлена ў велізарнай жалезнай постаці-шкілеце нямецкага афіцэра, што ўзвышаецца над сцэнай.
«Хутар» — гэта ўдар у душу. Добрая спроба страсянуць, выцягнуць гледача з зоны камфорту і даць нагоду задумацца, парэфлексаваць аб важным і фундаментальным. Так, будзе няпроста. Але хто сказаў, што сучасны тэатр толькі пра адпачынак і рэлакс?
Аб працы над пастаноўкай мы пагутарылі з Яўгенам незадоўга да прэм'еры.
— Яўген, што падштурхнула вас да пастаноўкі спектакля менавіта па творы Васіля Быкава?
— Любы нацыянальны тэатр мусіць мець свой каларыт. У Беларусі мы, зразумела, павінны ставіць нашу літаратуру, тым самым развіваць беларускую культуру. Калі я ўзначаліў Тэатр лялек, пачаў вывучаць усю беларускую літаратуру (ад класікі да сучаснасці) і пазначаў тое, што я бачу ў нашым тэатры. Бо ёсць той матэрыял, які так і застанецца літаратурай, іншы добра ляжа на кіношную мову, пэўная частка падыдзе для тэатра. І, калі я прачытаў літаральна ўсяго Васіля Быкава, «Знак бяды» мне падаўся самым прыдатным творам для Тэатра лялек. Летась, у чэрвені, я ўжо разумеў, што хачу ставіць спектакль па матывах гэтага твора.
— Што вас уразіла ў аповесці?
— Гісторыя маленькага чалавека, які аказваецца абсалютна безабаронным перад лёсам, перад тым, што адбылося. Я проста адразу ўбачыў атмасферу хутара. У гэтым, дарэчы, ёсць пераклічка з маімі іншымі працамі. Напрыклад, тут таксама ёсць карова, якая была ў маім спектаклі «Забалоцце».
— Ёсць адчуванне, што праз «Хутар» вы ў тым ліку працягваеце тэму вёскі ў сваёй творчасці.
— Так, я ж гадаваўся ў вёсцы. Гэтая тэма для мяне вельмі важная, і я яе адчуваю. На сцэне нават можна ўбачыць плуг, які належыць маёй сям'і. Я яго потым забяру і пастаўлю дома. І ў тым, што адзін спектакль чапляецца за іншы, я таксама знаходжу пэўную заканамернасць.
— Як разумею, аўтарскую мову вы пакінулі цалкам?
— Я зрабіў толькі невялікія змены. Прыбраў трасянку з дыялогаў герояў і даў больш беларускай мовы. Прыём, калі добры герой гаворыць па-беларуску, а дрэнны — на трасянцы, для мяне неактуальны.
— «Знак бяды» з пункту гледжання ўспрымання — твор няпросты, і я чуў, што акцёрам над ім працавалася цяжка. А наколькі цяжка вам было ставіць Быкава?
— Твор сапраўды эмацыянальна цяжкі, і за формай не схаваешся. І ўсё, што адбываецца падчас спектакля (напрыклад, тая ж сцэна збіцця), падштурхоўвае да эмацыянальных арэляў. Але, мне падаецца, Быкава таксама цяжка ставіць, як таго ж Булгакава. Калі аўтар лёгкі, значыць, ты нешта робіш не так. Асабіста мне цяжка ставіць усіх, за каго бяруся. Гэта адказнасць. За дрэннага лепш не брацца, а калі ўзяўся за добрага, дык пакажы.
— Каманда вашых паплечнікаў — Нерсісян і Аверкава — і ў гэтым спектаклі засталася без змены.
— У сваіх праектах за межамі Беларусі я магу працаваць з іншым кампазітарам або мастаком, а ў Беларусі праца з імі мяне цалкам задавальняе. Хаця я разумею, што новыя імёны таксама трэба шукаць. Але з мастаком Тэатра лялек увогуле складана. Таня Нерсісян узняла планку так высока, што канкурыраваць з ёй у Беларусі вельмі цяжка. Ды і ў Расіі, як мне здаецца, таксама. Яна — уладальніца «Залатой маскі», і ў яе ёсць імя.
— Дарэчы, лялькі для гэтага спектакля атрымаліся больш масіўнымі, чым для некаторых іншых пастановак.
— Так. Але беларуская школа адрозніваецца сваёй любоўю да гульні з маштабамі. Тут не абавязкова, калі два героі размаўляюць, яны павінны быць аднолькавага росту. Яны могуць адрознівацца проста каласальна. У «Хутары» можна ўбачыць нават гіпертрафіраваную розніцу: калі 5-метровая лялька размаўляе з 20-сантыметровай.
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by