Ад Мінска да аграгарадка Махновічы Гомельскай вобласці, дзе жыве герой гэтага матэрыялу, можна даехаць гадзіны за чатыры. Той самы Дзед Янкель сустракае нас на парозе хаты. І вось тут «чаканне — рэальнасць» не супадаюць: замест фэнтэзійнага дзеда (канешне, з сівой барадой, а мо нават і ў лапцях) перад намі апынуўся малады хлопец. Клічуць яго Ігарам — гэта ён вядзе блог, у якім назваўся дзедам і расказвае шмат цікавага пра наша, беларускае. Зараз хлопцу ўсяго 27 гадоў, ён малады бацька і працуе ў калгасе — сам нібы герой твораў Мележа ці Караткевіча. Мы прыехалі, каб разам з ім прайсціся па вёсцы, пагутарыць пра блог і дзве напісаныя кнігі, ды і ўвогуле пазнаёміцца з чалавекам, які так па-свойму ўлюблёны ў гэты край.
Перад размовай крыху больш увядзём чытача ў кантэкст таго, чым жа займаецца герой гэтага тэксту. Ужо некалькі гадоў Ігар вядзе блог у Instagram, дзе расказвае пра беларускія традыцыі, мову, міфалогію, гісторыю — словам, пра нас з вамі. Зараз на «Дзеда Янкеля» ў сацсетцы з малюнкамі падпісаны амаль 25 тысяч чалавек.
Пры гэтым блогерам хлопец не лічыць сябе ад слова «зусім». Маўляў, на вуліцах у Мінску ці Мазыры, які тут побач, яго не пазнаюць, дый да гэтага Ігар не імкнецца. Але адзначае: для тэматыкі яго блогу аўдыторыя ў два з паловай дзясяткі тысяч чалавек — добры паказчык. Ну і забяжым крыху наперад: «сапраўдная» праца ў хлопца таксама ёсць — Ігар працуе жывёлаводам у калгасе.
— Я ж не з панскага роду. Звычайны вясковы хлопец, — кажа ён з усмешкай, пакуль мы ідзём праз старыя хаты.
Нарадзіўся і вырас Ігар не тут, а крыху далей — у вёсцы пад Туравам. Пра тыя мясціны ён гаворыць з пяшчотай, расказвае пра бортніцтва, якім займаецца бацька, а яшчэ пра прыгажосць краявідаў.
З’ехаць з роднай вёскі Ігар вырашыў з-за вучобы. А пасля, адвучыўшыся ў Мазыры, рвануў рабіць кар’еру далей — у Маскву. Працаваў у сферы рэстараннага бізнесу, а потым вярнуўся дадому:
— Разам з маім малодшым братам Дзянісам мы хацелі заняцца аграэкатурызмам у нашай вёсцы. А што было самым простым? Завесці Instagram і неяк зацікавіць людзей.
Браты вырашылі, што цікавыя аповеды пра родныя мясціны будуць публікаваць ад імя чалавека сталага ўзросту. Бо адкуль, скажыце, так шмат па гісторыі ці этнаграфіі можа ведаць хлопец у якія-небудзь 24 гады? Так і з’явіўся Дзед Янкель.
У першых пастах Янкель-Ігар расказваў пра асаблівасці і прыгажосць родных мясцін. Хлопец успамінае, што інфармацыю збіралі з розных крыніц: нешта чулі ад родных, а часам нават даводзілася ісці ў Нацыянальную бібліятэку — малодшы брат Ігара ў той час якраз вучыўся ў Мінску. Паступова падпісчыкаў станавілася ўсё болей, але сябе Ігар не раскрываў і працягваў пісаць выключна ад імя Дзеда Янкеля.
— Мне здаецца, што падача ад імя дзеда ўсё ж добра паўплывала на поспех праекта, — кажа хлопец. — Мы злавілі нейкі пульс і паказалі, што ў Instagram можна расказваць пра нешта мясцовае, сваё — і людзям гэта будзе цікава. Вельмі папулярнымі сталі нашыя допісы пра гаворкі. У якасці крыніцы мы выкарыстоўвалі «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы». Праўда, ён ужо стары — яшчэ з савецкіх часоў. У ім змешчаны карты Беларусі, дзе паказана, як у розных мясцінах называюць некаторыя рэчы. Напрыклад, памяшканне, дзе складаюць дровы ці інструменты, у адных мясцінах называюць «дрывотня», а ў нас — «шопа».
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Мне здаецца, такія допісы выстрэльвалі, таму што закраналі нейкую настальгію па дзядулях-бабулях...
Многія беларусы прыязджалі і чулі ўсе гэтыя словы ад сваіх «сакральных» людзей, таму гэта назаўжды нешта цёплае, свае.
Наогул, з аграэкабізнесам так і не склалася. А вось старонка ў сацсетцы паступова напаўнялася аўтарскім кантэнтам пра асаблівасці беларускай культуры.
Усе пасты для свайго блога Ігар піша на беларускай мове, але ў паўсядзённым жыцці, кажа з усмешкай, размаўляе «па-бухчанску». Вучыўся хлопец у беларускамоўнай вясковай школе, у асяроддзі ўсе таксама размаўлялі па-беларуску — так што перавучвацца не прыйшлося.
— Маё дзяцінства было такім жа, як і ва ўсіх вясковых хлопцаў: днём — працуеш, увечары — футбол ці ідзеш гуляць па сяле. Мая маці працавала ў бібліятэцы, але сапраўды шмат чытаць я пачаў толькі на трэцім курсе. Здарылася так, што ў мяне зламаўся ноўтбук, іграць на ім я больш не мог, — смяецца Ігар. — А нешта ж рабіць спякотнымі днямі трэба было. Аднойчы пайшоў да маці на працу і папрасіў даць пачытаць што-небудзь цікавае. Яна параіла «Імя ў летапісе» Вітаўта Чаропкі і «Крыжакі» Генрыка Сянкевіча.
Памятаю, стаім з хлопцамі, яны разам з дзяўчатамі абмяркоўваюць, куды далей паедзем гуляць, а ў мяне думка «Што там далей у кнізе?» Сказаў сябрам, што мне тэрмінова трэба дадому, а сам пайшоў чытаць.
Потым у чытанні здарыўся перапынак, а ўзнавілася ўсё якраз дзякуючы блогу. Ігар зноў пайшоў у бібліятэку, нешта пастаянна шукаў у інтэрнэце, а некаторыя кнігі яму нават дасылалі падпісчыкі.
— Зараз я таксама праводжу шмат часу за чытаннем, — кажа хлопец. — Пачаў складаць спіс таго, што прачытаў — бог яго ведае, колькі там будзе кніг! Калі быў маладзейшы, то больш выбіраў мастацкую літаратуру, а зараз акрамя гэтага чытаю ці слухаю таксама аўдыякнігі па філасофіі, псіхалогіі, эканоміцы, гісторыі ды іншых тэмах.
Можа здавацца, што ўсё гэта не звязана з тэмамі блога. Але насамрэч гэта дае магчымасць паглядзець на нейкую рэч праз іншую сістэму поглядаў і каштоўнасцей. Лічу, што гэта патрэбна, каб у чалавека не закасцянеў мозг.
Мы ідзём далей па вузенькай вуліцы: па дварах гуляюць куры, у кагосьці брэша сабака, на нас літаральна на імгненне звяртаюць увагу мясцовыя, занятыя сваімі справамі на падворках. На фоне гэтага Ігар разважае пра стаіцызм і філасофію, па памяці цытуе знакаміты выраз на лацінскай мове.
Кажа, у нейкі момант адчуў, што загнаў сябе ў рамкі. У галаве хлопца доўгі час быў страх: «Калі я заўтра памру — што паспеў карыснага зрабіць у жыцці? Нічога!»
— Я захацеў пакінуць пасля сябе нешта маёй дачцэ — так з’явілася думка напісаць кнігу, — працягвае Ігар. — У мяне накапіліся байкі і казкі, якія я дзесьці чуў, але ўсё было аформлена ў фармаце пастоў у Instagram — з абмежаваннем у 2200 сімвалаў. Я ведаю, што ў мяне ёсць пэўныя здольнасці нешта распавядаць, тым больш калі ўжо ёсць аснова і сюжэт. Насіў гэтую думку з сабой, а потым натрапіў на старонку выдавецтва ў Instagram. Напісаў, распавёў пра ідэю, далей мы паразмаўлялі з выдаўцом і дамовіліся, што я дашлю чарнавікі.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Канцэпцыя кнігі «Дзедавы казкі» — гэта 40 аповедаў для дзяцей. Яшчэ адна фішка — ілюстрацыі, якія Ігар таксама рабіў сам. Маляваць, кажа хлопец, яму падабалася з дзяцінства. Але ні аб якой прафесійнай мастацкай адукацыі гаворка не ідзе:
— Набыў самы просценькі графічны планшэт. Нешта атрымлівалася, таму вырашыў сам рабіць малюнкі для кнігі. Выйшла так: ілюстрацыі ёсць, тэкст таксама ёсць. Так «Дзедавы казкі» і з’явіліся. На той момант у мяне ўжо была нейкая медыйнасць і добрыя ахопы па праглядах, таму дамовіліся з выдавецтвам зрабіць папярэднюю замову і выпусціць 300 асобнікаў. Разышоўся тыраж дастаткова хутка.
— Беручы сярэдні беларускі заробак, колькі ты атрымаў як аўтар?
— Гэта была адна мая нармальная зарплата: прыкладна 2000 рублёў, — кажа хлопец. — Не магу сказаць, што я зусім не ўкладаўся ў кнігу: у мяне былі веды, сілы, энергія, а самае галоўнае — час, якога заўсёды не хапае.
Менавіта з-за кнігі Ігар і расказаў, хто такі Дзед Янкель — да гэтага хлопец не паказваў сябе і нават не згадваў сваё сапраўднае імя. На вокладцы пазначаны менавіта псеўданім, але ўнутры, як гэтага патрабуюць правілы, трэба было напісаць сапраўдныя імя і прозвішча.
— Пра тое, што я напісаў кнігу, не ведалі нават мае бацькі, — прызнаецца Ігар. — Сын нашай былой настаўніцы падпісаны на мой блог — ён тады не ведаў, што ўсё гэта раблю я. Ён набыў кнігу і даслаў маці — яна паглядзела, заўважыла імя і прозвішча і ўспомніла мяне. Потым патэлефанавала іншай настаўніцы — так усё разышлося па вёсцы. Бацькам кнігу я падарыў яшчэ да гэтага, але яны не звярнулі на яе ўвагі і дазналіся пра ўсё разам з усімі.
Хутка выйдзе мая другая кніга — яе я прысвяціў маці і бацьку. Сюжэт будзе звязаны з Калядамі — натхненне прыйшло якраз падчас майго адпачынку зімой. Тэма мяне настолькі захапіла, што я не мог спаць! Там будзе шмат этнаграфічных момантаў: калядных і побытавых песень, загадак з запісак знакамітага святара, які служыў у Пінску ў XIX стагоддзі. Яшчэ я інтэграваў у кнігу вялікую частку светапогляду палешука.
Как абысціся без спойлераў, мы не будзем пераказваць сюжэт. Але адзначым, што рэкамендаваны ўзрост для чытання — 12+. Папярэднюю замову можна будзе пакінуь вось тут. Пазней другая кніга Дзеда Янкеля будзе прадавацца і ў іншых кнігарнях.
Тым часам Ігар піша ўжо трэцюю кнігу — хлопец замахнуўся на сапраўдны гістарычны раман. Сюжэт гучыць нібы сцэнарый для серыяла на Netflix. Але далей мы паабяцалі прамаўчаць, выбачайце.
А пакуль асобнікі новай кнігі друкуюцца недзе ў мінскім выдавецтве, Ігар займаецца звычайнымі справамі. У Махнавічах ён з жонкай Вікай жыве ўжо чатыры гады. Дарэчы, зараз у блогу хлопец перыядычна паказвае і сябе, і хату, і наваколле. Напрыклад, як выходзіць бегаць па заснежанай вёсцы ці цягае гіры на ўласным падворку.
— Мяне ніколі асабліва не цікавіла жыццё ў вялікім горадзе. Жонка таксама кайфуе тут, але не прызнаецца ў гэтым, — жартуе хлопец. — А калі казаць сур’ёзна, то я ніколі не быў тусоўшчыкам.
Мясціны навокал сапраўды прыгожыя: ёсць частка са старымі хаткамі — якраз туды Ігар паклікаў нас за адчуваннем духу сапраўднай беларускай вёскі. Між тым, расказвае хлопец, ягоная родная вёска больш аўтэнтычная, але і гэтыя мясціны ўжо сталі блізкімі.
Вакол нас — зялёнае поле, недзе далей па дыяганалі — вадасховішча. Пакуль мы ідзём да вады, Ігар распавядае, што тут яны амаль штовечар гуляюць з жонкай і двухгадовай дачкой Евай. У нейкі момант побач з намі садзіцца бусел — вось табе і схаваныя сэнсы.
Пасля прагулкі вяртаемся да цаглянага дома — тут і жыве палескі Дзед Янкель. На вуліцы нас сустракаюць Віка і маленькая Ева. На дзяўчынцы невялікія боцікі, бо некалькі хвілін таму яна гуляла ў садзе і скакала па лужах. Ігар падыходзіць, бярэ дачку на рукі і размаўляе з ёй — па-беларуску. Паміж сабой Ігар з жонкай размаўляюць на дзвюх мовах — кажуць, абодва ўжо звыкліся.
— Мы пазнаёміліся з Вікай падчас вучобы ў Мазыры. Спачатку я размаўляў з ёй на рускай мове. Як тады лічылася, трасянка — гэта мова даверу. Калі чалавек табе спадабаўся, то размаўляеш з ім як прывык дома, гэта такі псіхалагічны момант. Як перайшоў з Вікай на беларускую мову, ужо і не памятаю, — усміхаецца хлопец. — Першы час у жонкі, відаць, крыху торгалася вуха, але зараз яна ўжо абвыклася. Нават пачала заўважаць за сабой, што таксама ўжывае некаторыя беларускамоўныя словы. Раней, калі да нас прыязджала мая маці, Віка не заўсёды разумела, што яна кажа. Я тлумачыў і крыху смяяўся.
Хата, дзе Ігар зараз жыве з сям’ёй, пабудаваная яшчэ ў 1980-х. У светлым пакоі стаіць шэрае крэсла — прыгадваю, што ў ім Дзед Янкель здымаўся ў роліках. Побач — шафа з кнігамі, сярод якіх і «Дзедавы казкі». Праўда, сабе аўтар пакінуў толькі адзін асобнік. Заўважаем на сцяне насупраць ручнік. Ігар распавядае, што набыў яго праз Instagram.
— Такія ткуць бабулі з вёскі ў Ганцавіцкім раёне. Неяк я быў у Мазыры, паглядзеў там ручнік — такі тоненькі, як наш цюль з акна. А гэты шчыльненькі, сапраўдны, такое мне падабаецца. Набыў усяго за 70 рублёў, а гэта ж ручная праца! — расказвае гаспадар.
Вікторыя Андрэеўна, як ласкава называе жонку Ігар, і маленькая Ева клічуць нас да стала: піць гарбату і частавацца хатнімі смятаннікамі. Мы працягваем размову на кухні — Ігар садзіцца побач з печчу. Ну чым не сапраўдны дзед, няхай і без сівой барады?
— Зараз вырашаем з жонкай, ці будзем прыватызаваць наш дом — у запасе на роздум ёсць яшчэ год. Пакуль за жыллё мы плацім 150 рублёў — у горадзе такіх коштаў не знойдзеш, — перакананы хлопец. — Мне ўвогуле складана жыць у кватэры. Тут я магу выйсці ў свой двор і ніхто мяне не будзе чапаць. У той жа час трэба думаць пра дачку, укладацца ў яе адукацыю. Напрыклад, каб Ева ішла вывучаць ангельскую мову.
Карацей, не атрымаецца поўнасцю жыць для сябе, калі ты ўжо прыняў гэтыя шлюбныя вузы.
Але што застаецца сваім і для сябе — гэта блог. Ігар з металічнай упэўненасцю ў голасе кажа, што думак кінуць Дзеда Янкеля ў яго ніколі не было. Над праектам ён амаль увесь час працуе адзін. Абыходзіцца без кантэнт-плана ці нейкага спіса задач: кажа, што як прыйшло нешта ў галаву, так і трэба зрабіць.
— Я не магу працаваць па прымушэнні. У выпадку з блогам, наадварот, не магу выключацца з працы. Мне было б лепей паспаць, а я сяджу, штосьці пішу, шукаю — увесь Дзед Янкель у гэтым тэлефоне, — гаворыць хлопец, трымаючы ў руках смартфон. — Бывае, што і жонка кажа: «Ідзём ужо спаць». Але ўсё гэта я раблю найперш для сабе. Мне сапраўды цікава дзяліцца сваімі думкамі.
Здараецца, што на гэтыя думкі чытачы адклікаюцца не толькі лайкамі і каментарыямі, але і дасылаюць свае ўласныя гісторыі.
— Адна жанчына расказала, што ўсе жыццё прымушала сваю дачку размаўляць «нармальна». Яны самі з Заходняй Беларусі, гаворкі адтуль — гэта нешта неверагоднае! — кажа Ігар. — І вось аднойчы гэтая жанчына пачула, як яе дачка размаўляе з бабуляй — на той самай гаворцы. Яна зразумела, што ўвесь час гэта сядзела глыбока ўнутры дзяўчыны, такое не забараніць, ды і не патрэбна гэта.
У размове мы ўжо згадвалі ілюстрацыі — іх Ігар таксама робіць сам. Спачатку былі думкі звярнуцца да ілюстратараў, але ўзніклі два моманты: па-першае, грошы, па-другое, праблема, як данесці да чалавека ўсе ідэі, якія з'явіліся? Таму Ігар вырашыў, што прасцей навучыцца самому, паставіў сабе мноства праграм і разбіраўся самастойна. Паказаў рэдактару першай кнігі — той самы мэтч адбыўся.
— Зараз ёсць два чалавекі, якія выказваюць свае меркаванні, калі я сумняваюся ў чымсьці, — гэта мой малодшы брат і жонка, — сцвярджае хлопец.
— А ці ёсць у цябе хейтары?
— Канешне! Але гэта не той выпадак, калі пішуць «Ты робіш абы-што». Быў тып, які каментаваў мае допісы пра бортніцтва. Ён устаўляў заўвагі, якія, можа, і былі б у тэму, калі б былі напісаны трошкі па-іншаму. Усё гэта адбывалася на самым пачатку вядзення блога, ад ягонай упэўненасці ў сваёй праваце мяне аж калаціла. Мы перапісваліся, для мяне гэта была трэніроўка, як паводзіць сябе ў канфліктнай сітуацыі. У нейкі момант пісаць ён усё ж перастаў. Зараз усё інакш. Калі б я звяртаў увагу на ўсю крытыку, то ні на інтэрв’ю не хадзіў бы, ні кніг не пісаў бы.
Аўдыторыя Дзеда Янкеля расце, пішуцца кнігі, ствараюцца ілюстрацыі, Ігар ужо нават чытае лекцыі, але ўсё ж лічыць гэтую дзейнасць выключна хобі. Трэба неяк балансаваць паміж блогам і асноўнай працай з графікам «3 рабочыя — 1 выхадны».
— Калі я кіну сваю працу, «дзед» (маецца на ўвазе блог. — Заўв. Onlíner) не будзе мяне карміць. Максімум атрымліваецца зарабіць на нейкі падарунак жонцы ці ўкласціся ў развіццё праекта.
Галоўнае, што мне гэта дае, — самаразвіццё. Так, ёсць жаданне, каб было больш падпісчыкаў, але бясконца займацца сваім медыйным прасоўваннем я не хачу, — спакойна кажа хлопец. — Нават псеўданім мяняць не буду — пад ім ужо выпушчаны мае кнігі.
Усё ж я знайшоў сябе ў гэтым «дзедзе» і ў тым, што раблю.
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by