Паласканне для зубоў з піва і маска для валасоў з мух: б’юці-лайфхакі беларусак XIX стагоддзя

15 781
14 мая 2024 в 8:00
Источник: Паліна Трохаўцава

Паласканне для зубоў з піва і маска для валасоў з мух: б’юці-лайфхакі беларусак XIX стагоддзя

Источник: Паліна Трохаўцава

У XIX стагоддзі дзеля касметычнага дагляду беларускам прыходзілася жаваць міндаль, настойваць гарэлку, здабываць ялавічны тлушч і нават лавіць мух. Напярэдадні летняга сезона згадаем рэцэпты прыгажосці нашых продкаў і паўторым некаторыя з іх.

Два стагоддзі таму ўраджэнка Міншчыны Ганна Цюндзявіцкая выдала кнігу з доўгай назвай «Літоўская гаспадыня, ці Навука аб утрыманні ў добрым стане хаты і забеспячэнні яе ўсімі прыправамі і запасамі кухоннымі і аптэкарскімі і гаспадарчымі, а таксама гадаванні і ўтрыманні скаціны, птушкі і іншай жывёлы адпаведна спосабам найбольш выпрабаваным і правераным вопытам і да таго ж самым танным і простым». Асобны раздзел кнігі прысвечаны вырабу касметычных сродкаў, да яго мы і звернемся.

Жаваны міндаль і агурочная гарэлка для твару

Пакуль у XXI стагоддзі нам з усіх сацсетак даводзяць важнасць SPF, аўтарка «Літоўскай гаспадыні» рэкамендуе дамам не выходзіць на восеньскае і веснавое паветра хаця б без лёгкага вэлюму. А для захавання гладкай і мяккай скуры, без зморшчын нават пад вачыма, рэкамендавалася кожны вечар і раніцу жаваць дзве-тры салодкія міндаліны і пасля намазваць гэтай густой масай твар. Змываць маску не патрабавалася, але ўвечары, як толькі маска пачне засыхаць, яе можна было выцерці тонкім палатном.

Паспрабуем паўтарыць гэтую маску ў хатніх умовах. Жаваць міндаль я не стала, але натаркавала яго і дадала крыху вады. Магчыма, было б лепей скарыстацца кавамолкай, каб дабіцца драбнейшай фракцыі, але нанясём тое, што ёсць. Пахне прымальна, і скура быццам стала мякчэйшай.

Каб асвяжыць твар і «ўмацаваць вочы», кніга дае і куды больш экстрэмальныя парады. Напрыклад, вы можаце прыгатаваць агурочную ваду для скуры. Для гэтага трэба ачысціць свежыя агуркі ад лупіны, нарэзаць іх і пакласці ў бутэльку, запоўніўшы тару да паловы. Потым агуркі трэба заліць гарэлкай і пакінуць на сонцы на 12 дзён. Па сканчэнні гэтага тэрміну сродак можна паставіць у сухі склеп (мяркуем, халадзільнік таксама падыдзе). Потым мочым тонкі ручнік або ватны дыск у сродку і праціраем чысты і сухі твар.

Знішчаем загар кіслым малаком

Калі раптам у вас з’явіцца жаданне пазбавіцца загару, можна паспрабаваць нанач абмыць твар густым кіслым малаком. Калі малако на твары засохне, яго трэба змыць і паўтарыць працэдуру, а потым нацерці твар разжаванай міндалінай. Праводзіць гэтыя маніпуляцыі рэкамендуецца цягам некалькіх дзён. Аднак аўтарка «Літоўскай гаспадыні» папярэджвае, што дадзены сродак можа сцягваць скуру і спрыяць з’яўленню зморшчынак. У гэтым выпадку вяртаемся да папярэдняга пункту.

Здабыць густое кіслае малако ў гарадскіх умовах — той яшчэ квэст, таму гатуем самі. Я ўзяла малако з найбольшым адсоткам тлушчу, наліла ў слоік і пакінула на стале на некалькі дзён. У выніку ўтварылася субстанцыя, падобная на тварог, якая нам і патрэбная. Пахне сумнеўна, але на выгляд магло быць і горш. Скуру сапраўды трохі сцягнула.

Піва для паласкання зубоў

Як мы ведаем, немагчыма дасягнуць сапраўднай дагледжанасці без прыгожай усмешкі. На гэты выпадак аўтарка «Літоўскай гаспадыні» папярэджвае нас пра неабходнасць асобна ўжываць гарачыя і халодныя стравы, а таксама засцерагацца ад кіслот, солі ды ласункаў. Зубы ж належыць паласкаць вадой пакаёвай тэмпературы кожны раз пасля яды.

Для ўмацавання дзясен жыхарам Беларусі XIX стагоддзя рэкамендавалася штодзённа паласкаць рот півам, настоеным на цёртым хрэне. Лічылася, што гэткая хрэнавуха лечыць зубы і прадухіляе цынгу.

Яечны жаўток для мяккіх ручак

Како Шанэль нібыта казала, што рукі — гэта візітная картка жанчыны. Так ці інакш, паспрабуем захаваць скуру на руках далікатнай і мяккай з лайфхакамі ад «Літоўскай гаспадыні». Для гэтага нам спатрэбіцца какававы алей, які лёгка можна купіць анлайн, і адно яйка. Яйка трэба зварыць укрутую, дастаць жаўток і расцерці яго з какававым алеем. На ноч гэтай сумессю трэба намазаць рукі і пасля надзець пальчаткі. Паўтараць трэба некалькі вечароў запар.

Яйка я зварыла, жаўток аддзяліла і замяшала з какававым алеем, набытым на маркетплэйсе. Атрымалася даволі густая і тлусценькая маса, якую можна захоўваць у халадзільніку. Прыемна пахне какавай, рукі сапраўды змякчае. Аднак ёсць падазрэнне, што прыкладна з гэткім жа поспехам можна было б проста намазаць рукі какававым алеем.

Лавандавая гарэлка і мухі для валасоў

Аўтарка «Літоўскай гаспадыні» сцвярджае, што закупораныя поры на скуры галавы прыводзяць да выпадзення валасоў, а часам могуць выклікáць і галаўныя болі. Каб прадухіліць такія непрыемнасці, чытачам рэкамендуюць увільгатніць валасы лавандавай гарэлкай, пасля чаго грабеньчыкам старанна выскрабці лускавінкі са скуры галавы.

Для аднаўлення валасоў можна паспрабаваць налавіць звычайных мух, расцерці і адварыць іх з тлушчам ад ялавічнага коснага мозгу, увесь час памешваючы. Потым працэдзіць і выціснуць праз рэдкае палатно ў слоікі. Чым не сезонны рэцэпт?

Рэзюмэ

Рыхтаваць касметычныя прадукты па рэцэптах прыгажосці XIX стагоддзя — гэта захапляльна, але ў паўсядзённасці куды прасцей і прыемней хуценька схапіць улюбёны цюбік ды працягваць займацца сваімі справамі. З алкагольнымі кактэйлямі таксама варта быць акуратней.

Пройдите короткий опрос

Помогите Onlíner стать лучше. Опрос анонимный и займет всего пару минут.

> Пройти опрос

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by