Cёння праваслаўныя вернікі адзначаюць Вербніцу, альбо Уваход Ісуса Хрыста ў Іерусалім, — свята, якое папярэднічае Вялікадню. Яго галоўным сімвалам здавён з'яўляюцца вербныя галінкі, якія асвячаюць у храме і на працягу года трымаюць у доме. Калі раней яны выглядалі даволі сціпла, то цяпер вербы пераўтвараюць у сапраўдныя творы дэкаратыўнага мастацтва. Мы паглядзелі, з якімі галінкамі людзі ў гэтым годзе ідуць у храм, а таксама пагутарылі з фалькларысткай, доктарам філалагічных навук Таццяна Валодзінай пра сакральнае значэнне вярбы для беларусаў.
Паводле Бібліі, калі Ісус на восліку ўехаў у Іерусалім, мясцовыя жыхары сустракалі яго ўрачыста, трымаючы ў руках пальмавыя галінкі. Людзі ведалі, што Ісус уваскрэсіў Лазара, і выказалі сваю пашану. Так на Усходзе было прынята сустракаць цароў пасля перамогі над ворагам. Зразумела, пальмы ў нашым краі не раслі, таму на Беларусі і ў другіх краінах Усходняй Еўропы замену ёй знайшлі ў выглядзе вярбы.
— Вярба ў нас паўстае як сімвал абсалютнай вітальнасці (жыццяздольнасці. — Заўв. Onlíner). У гэтага дрэва почкі набрыняюць яшчэ тады, калі навокал зіма. Яно вельмі лёгка прыжываецца і распаўсюджваецца. Гэта ўвасабленне жыццёвай моцы. І таму ёсць меркаванні, што нашыя продкі вясной маглі асаблівым чынам ушаноўваць такую расліну, — кажа Таццяна Валодзіна. — Як бы там ні было, два складнікі — ушанаванне вітальнай расліны і сімвалічны аналаг пальмавай галінкі — зліліся ў адно.
У нядзелю за тыдзень да Вялікадня людзі перавязвалі галінкі чырвонай ваўнянай ніткай і рушылі ў храм. Пасвяціўшы, яны вярталіся дадому і абавязкова сцябалі дубчыкамі адзін аднаго.
— Найперш, безумоўна, дзяцей, але маглі і дарослых. Рабілася гэта з прыгаворамі накшталт: «Не я б'ю — вярба б'ець. Будзь здаровы, як мядзведзь» альбо «Хіра ў лес, а здароўе ў косці». Далей гэтую галінку захоўвалі на покуці за абразамі ці проста на ганаровым месцы, — працягвае эксперт. — Гэтай вябрінкай таксама выганялі пасвіцца карову. Затым заносілі назад і хавалі недзе за бэлькай у хляве.
Людзі верылі, што праз гэты дубчык перадаецца здароўе, моц — тая вітальная сіла, якая ўвасоблена ў самой вярбе.
З другога боку вярбінка цэлы год захоўваецца ў нашых кватэрах як своеасаблівы абярэг. Лічыцца, што яна нібыта засцерагае ад дурных уплываў, ад сварак у хаце. Калі пачыналася навальніца, гаспадары стараліся паставіць вярбінку разам з грамнічнай свечкай на акно. Яе нельга выкідаць — можна толькі спаліць праз год. Абыходжанне з ёй — роўнае асвячоным атрыбутам накшталт вады і свечак.
Нітка, якой перавязвалі галінкі, таксама набывала гаючыя ўласцівасці для чалавека. Напрыклад, ёй перавязвалі бародаўкі альбо руку, калі яна пачынала балець.
Да вярбы аднолькава ставяцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, традыцыі амаль паўсюль аднолькавыя, але ёсць і лакальныя звычаі. Таццяна Валодзіна прыгадвае, што ў Докшыцкім раёне з вярбой было прынята хадзіць на могілкі і ставіць дубчыкі ў зямлю пад крыжамі. У Заходняй Беларусі, дзе пераважаюць каталікі, можна заўважыць, як у букет з вярбой дадаюць ядловец.
— Калісьці гэтая традыцыя была характэрная толькі ў заходніх раёнах, але цяпер распаўсюдзілася і ў другіх частках Беларусі. Так, падобныя вербы можна набыць як каля касцёлаў, так і побач з цэрквамі. Ядловец вечназялёны, і калі ён дадаецца да вярбы, працягвае тую ж ідэю абуджэння жыцця, — дадае спадарыня Таццяна.
Такія пухнатыя і яскравыя букеты атрымалі назву «віленскія пальмы». Іх на сваіх творах адлюстроўваў мастак Канут Русецкі, здымаў знакаміты фатограф Ян Булгак. Вырабляюць іх з вярбы, ядлоўца, бессмяротніка, разнастайных зёлак і іншых прыродных матэрыялаў. Да іх падобныя «гродзенскія пальмы», ці «гродзенскія вебры». Іх, дарэчы, у 2014 годзе ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Раней дубчыкі выглядалі даволі сціпла, іх упрыгожвалі папяровымі кветачкамі. Але зараз традыцыя кардынальна змянілася, і ў руках вернікаў каля храмаў можна заўважыць багатыя дубчыкі, упрыгожаныя каласкамі, стужкамі і нават маленькімі дэкаратыўнымі зайчыкамі і яйкамі.
Пры гэтым можна знайсці шмат галінак, якія аздабляюць штучнымі кветкамі. Гэтую з'яву некаторыя лічаць неэкалагічнай, бо нашы продкі вербачкі спальвалі, але такія галінкі таксама карыстаюцца попытам.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка