Гісторыя падарожжаў Сашы і Ані нагадвае прыгоды хобіта Більба Бэгінса. Як і герой Толкіна, беларусы любяць камфорт, а вандроўкі па цікавых мясцінах яны адкладалі на час адпачынку, пакуль у адзін момант не купілі скрэтч-мапу з усімі раёнамі краіны — і панеслася! Некалькі гадоў мінчане калясілі па Беларусі, лазілі па закінутых сядзібах, гулялі па лясах і балотах. Аднойчы нават сутыкнуліся з прывідам (ну, ці амаль). Нядаўна чэлендж «пабываць у 118 раёнах» быў выкананы. З намі Саша і Аня падзяліліся байкамі з падарожжаў, ідэямі вандровак у незаезджаныя месцы і некалькімі парадамі для пачаткоўцаў. Пакуйце чамаданы, прыгоды пачынаюцца.
У размове з Сашам і Аняй адсылка да хобіта Більбы ўзнікае неаднаразова. Усю краіну муж з жонкай аб’ездзілі на машыне, бо лічаць, што падарожжы мусяць быць камфортнымі. Гісторыі з намётамі, кемпінгамі, байдаркамі іх зусім не прывабліваюць. Мінчане ўпэўнены: за адзін дзень можна лёгка зганяць нават у аддалены куток Беларусі, а потым вярнуцца адсыпацца дадому.
Саша і Аня жывуць у Мінску. Абодва працуюць у IT-кампаніі, а яшчэ вядуць блог пра падарожжы. Гучыць надта проста? Тады яшчэ раз згадаем адметнасць гэтай гісторыі: за тры гады пара наведала ўсе 118 раёнаў Беларусі.
— А да старту чэленджу вам падабалася ездзіць па краіне?
— Дакладна падабаецца цяпер, — усміхаецца Саша. — Раней у маёй галаве чамусьці было так: падарожжа роўна выезду за межы Беларусі. Яшчэ гадоў пяць таму я б і не падумаў, што магу праехаць усю краіну. А сёння ў нас на рахунку прыкладна 120 паўнавартасных выездаў з Мінска.
Усё пачалося ў 2018 годзе. Саша знайшоў у інтэрнэце фота касцёла Святой Тройцы ў Гервятах і не мог паверыць, што ён знаходзіцца ў Беларусі. Было вырашана паехаць і праверыць, ці сапраўды там настолькі прыгожа.
@_edemvmeste_
— У той час па Беларусі мы не падарожнічалі. Памятаю, сказаў Ані: ды не можа быць, што ў нас ёсць такое хараство. Калі мы нарэшце там апынуліся, я доўга не мог паверыць сваім вачам. Гэта ж сапраўдны сярэднявечны замак!
Вандроўка ў Гервяты не расцэньвалася як «першая», але менавіта з яе ўсё і закруцілася. Праз тыдзень пара адправілася па новыя ўражанні. А дзесьці пасля сёмай паездкі Саша і Аня купілі тую самую скрэтч-мапу з раёнамі. Сутнасць простая: пабываў у нейкім месцы — сціраеш плёнку на мапе.
— Мы жывём у Мінску, а гэта вельмі зручнае размяшчэнне, каб выпраўляцца ў паездкі па краіне. Самы доўгі маршрут, які можа быць, — да 1000 кіламетраў. Такую адлегласць адолееш за адзін дзень. Падарожнічаем мы толькі на сваёй машыне. За ўвесь час вандровак па раёнах накруцілі каля 100 тыс. кіламетраў.
Перад адпраўкай Саша старанна складаў маршрут. Перавагу аддавалі палацам, сядзібам, касцёлам і цэрквам. Аня смяецца і кажа, што часам магла нават не ведаць пункт прызначэння. Адно было дакладна: увечары (ці позна ўночы) яны абавязкова вярнуцца дадому ў мінскую кватэру. У гатэлях спыняліся ўсяго некалькі разоў.
— Часцей «абавязкі» ў падарожжах мы падзяляем, але гэта вельмі ўмоўна. На мне — скласці маршрут, на Ані — напісаць пост пра паездку. Усе фота ў блогу таксама робіць жонка, а я часам скідваю нешта ў сторыс. Праўда, раней я шмат здымаў на коптар, з вышыні, але цяпер гэта забаронена.
За адну вылазку са сталіцы мінчане маглі пракаціцца толькі ў адзін раён, а бывала — ганялі адразу ў некалькі. Што рабіць, калі прыязджаеш і глядзець, па сутнасці, няма чаго? У такім выпадку Саша і Аня ўспрымалі падарожжа як прагулку на прыроду: блукалі па лясах, балотах, адпачывалі ля азёр.
— Здаралася так, што ў інтэрнэце ёсць інфармацыя пра нейкае цікавае месца, прыязджаеш — а там ужо нічога няма. Напрыклад, у Лёзне мы хацелі паглядзець паштовую станцыю, але чамусьці ніяк не маглі яе знайсці, хоць адрас быў правільны. Толькі потым даведаліся, што яе больш няма.
З размовы зразумела, што ў дарожную рамантыку пара ўцягнулася хутка. За тры гады яны аб’ездзілі 114 раёнаў. А вось яшчэ чатыры ў Гомельскай вобласці доўга заставаліся нязведанымі. Чаму так? Саша і Аня паціскаюць плячыма: накаталіся, знайшлі шмат месцаў, куды падабалася вяртацца. Чэлендж з мапай яны закрылі ў канцы гэтага лістапада.
Паводле слоў беларусаў, за больш як 118 паездак расчараванняў ад убачанага ў іх не было. Але вось любімыя месцы ў кожнага свае. У ліку Сашавых фаварытаў — «дом ста вокнаў» у Расонскім раёне, куды яны заўсёды заязджаюць, калі аказваюцца ў Віцебскай вобласці.
— Яшчэ нам надзвычай даспадобы палац Пуслоўскіх. Думаю, хутка ён стане такім жа папулярным, як Нясвіж і Мір, — мяркуе Саша. — Ужо цяпер гэтае месца палюбілі турысты. Я памятаю, як яшчэ да рэканструкцыі мы некалькі разоў былі там адзінымі гасцямі.
Яшчэ адна рэкамендацыя ад падарожнікаў — касцёл у вёсцы Засвір. Саша і Аня кажуць, што заўсёды заходзяць туды, калі праязджаюць недзе побач. А за некалькі гадоў вандровак па краіне ў іх з’явіліся месцы, куды яны могуць сарвацца нават з Мінска.
— Калі мы ў 20—30 кіламетрах ад Нясвіжа, то заўсёды заязджаем туды выпіць кавы ў кавярні «Цяпло». Там і дэсерты выдатныя, і сама кава асабліва смачная. Нам настолькі там падабаецца, што Саша можа ў які-небудзь дзень сказаць: «Настрой — выпіць кавы ў Нясвіжы», а далей мы селі і паехалі. Мне здаецца, што і персанал нас ужо запомніў, — смяецца Аня.
На першы погляд усё так рамантычна і проста: селі, паехалі, выпілі кавы, а потым накідалі пост у Instagram. Але больш як за сотню паездак з вандроўнікамі адбывалася ўсякае. Самая яркая гісторыя з форс-мажорам, якую прыгадала Аня, здарылася падчас паездкі ў Смаляны.
— Спыняемся, а дарога вясковая, вузкая, усё растае, якраз пачалася адліга. Прапанавала Сашу паставіць машыну прама на дарозе: вакол нікога, а я баялася завязнуць у гурбе. Але Саша быў упэўнены ў праходнасці нашай паўнапрываднай машыны. У выніку адным колам ён зваліўся ў падталы снег на абочыне. У мужа шок: трыма коламі не можам выехаць! Паварочваецца і кажа: «Ідзі штурхай». А я і пайшла! Цяпер дзіўлюся: і на што я разлічвала? — усміхаецца Аня. — Потым узяўся штурхаць Саша, а я села за руль. Вадзіць я тады не ўмела, так што не сумнявалася: нават калі мы выберамся, то сапраўды ўрэжамся ў нешта наперадзе. Я нават не ведала, дзе ў машыне тормаз! У выніку выбрацца нам дапамаглі мясцовыя.
А вось якія правераныя маршруты Саша і Аня раяць вам. Мы папрасілі ўспомніць не самыя папулярныя месцы, дзе сапраўды будзе прыгожа. Калі ўзнікнуць пытанні, героі гатовы адказаць — можна напісаць iм у Instagram.
У вандроўках Саша і Аня часта зазіраюць у старадаўнія сядзібы і палацы. І хоць такіх месцаў у краіне шмат, адна паездка запомнілася нашым суразмоўцам асабліва. Магчыма, яна нават каштавала ім парачкі сівых валасоў.
— Неяк мы былі ў вялізнай сядзібе ў Жалудку. Пахмурны дзень, мы толькі ўдваіх, вакол цёмна. Ходзім каля гадзіны. І тут у цалкам пустым пакоі на першым паверсе раздаецца гук, падобны на звон вялізнага гадзінніка. Мы кінуліся ўніз, агледзеліся — нікога. Далі адтуль драпаку, але на ўсялякі выпадак прайшліся вакол сядзібы. Нікога! Да гэтага часу лічым, што гэта было нешта містычнае.
Наогул, калі катаешся па нязведаных месцах, лепш быць гатовым да ўсяго. Напрыклад, Саша і Аня ў адзін голас раяць усім вазіць з сабой па пары гумавых ботаў. Кажуць, што яны не раз ратавалі ў прагулках па лясах. А калі вас цягне паглядзець што-небудзь з закінутага, то лепш падумаць, ці не набыць каску. Ну, або ўвесь час мець на ўвазе: у любы момант нешта можа зваліцца табе на галаву.
— Мы паехалі ў Ружанскі палац, які ў той час яшчэ не быў зачынены. Вырашылі зайсці ўнутр. І тут аднекуль зверху падае цагліна! Балазе яна прызямлілася літаральна перад маім носам.
Дарэчы, свае чаканні ад закінутых месцаў раю адразу зменшыць. Людзі часта спадзяюцца атрымаць ад іх такія ж уражанні, як ад адрэстаўраваных палацаў. А такога ніколі не будзе.
Усе адноўленыя славутасці маюць вялікі плюс: патрапіць туды можа любы ахвочы. Але здараецца, што якая-небудзь стогадовая сядзіба становіцца часткай дзяржустановы — тады могуць узнікнуць абмежаванні на ўваход для турыстаў.
— Бывае, што не пускаюць нават пры ўсім жаданні: не належыць. Мы не нахабнічаем, можам падысці, спытаць дазволу — не значыць не. Напрыклад, у Снове ёсць палац Рдултоўскіх — нас пусцілі пагуляць па тэрыторыі, але папрасілі не заходзіць у сам будынак. Ёсць месцы, куды мы спрабавалі патрапіць па тры-чатыры разы, і пакуль ніяк. Нас такое засмучае, але не спыняе.
Усе маршруты і ўражанні Саша і Аня захоўваюць у сваім інстаграм-блогу. Як аўтар большасці пастоў, Аня адразу ж робіць рэмарку: яны не прэтэндуюць на званне гісторыкаў. Мэта ў іншым: дзяліцца ўражаннямі і дапамагаць людзям знаходзіць цікавыя месцы. Ну і ўлюбляць у сваю краіну, вядома.
Расці блог пачаў пасля закрыцця межаў падчас пандэміі. Як згадвае Саша, тады шмат хто загарэўся паездкамі па краіне і задаўся пытаннем: а што ж паглядзець? Колькасць падпісчыкаў павялічвалася (цяпер іх больш за 26 тыс.), але пара і сёння памятае тых, хто з імі са старту. З некаторымі Саша і Аня нават падарожнічалі разам. І так, манетызаваць блог беларусы пакуль не збіраюцца.
— Ніякіх заробкаў на блогу ў нас няма. Рэкламу таксама не бяром. Хоць кожны дзень нам пішуць з прапановамі: лазневыя халаты, астролагі, таролагі, каршэрынгі, чамаданы. А вось аўтаканцэрны пакуль не прыходзяць, — усміхаецца Саша. — Хоць мы б пагадзіліся!
З турыстычнымі бізнесамі нашы героі пакуль таксама не супрацоўнічалі. Сашу і Ані больш падабаецца падарожнічаць «без абавязацельстваў». Калі музей, кавярня ці сядзіба ім па душы, то яны без праблем рэкамендуюць месца падпісчыкам. Дарэчы, пра грошы. Саша запэўнівае: падарожнічаць па Беларусі можна танна. Асноўная частка бюджэту паездак ідзе на паліва. Нават калі палічыць перакусы і сувеніры, сумы атрымліваюцца сціплымі.
— Пытанне менавіта ў тым, колькі патрабуе транспарт, — разважае Аня. — Напрыклад, у машыны, на якой мы праехалі амаль усе раёны, расход быў нармальны. Цяпер мы купілі новае аўто, і паездкі сталі таннейшымі. З іншага боку, мы ведаем людзей, якія катаюцца па Беларусі на веласіпедах, цягніках ці маршрутках. Ім так нават больш падабаецца.
Падарожжы па краіне натхнілі Сашу і Аню на яшчэ адну традыцыю: кожны год восенню яны з’язджаюць на некалькі дзён пажыць у якой-небудзь сядзібе. Што да паездак, то тут ужо гатовы новы план. І так, тут зноў будзе скрэтч-мапа.
— Першая мапа была з указаннем усіх адміністрацыйных раёнаў, а гэтая — з усімі славутасцямі. Каб «сцерці» раён, трэба паглядзець кожную з кропак, што пазначаны на мапе. Частку мы ўжо пабачылі, але ж далёка не ўсе. Напрыклад, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях шмат мемарыяльных комплексаў — падчас першага падарожжа мы ў такія месцы амаль не зазіралі.
«Залічваюцца» толькі месцы, дзе мінчане пабывалі разам. Нейкіх канкрэтных тэрмінаў па новым чэленджы Саша і Аня не ставяць. Жартуюць: хочаш насмяшыць кагосьці звыш — раскажы яму пра свае планы. Паспрабуй адгадаць з тым жа надвор’ем, хаця і яно рэдка спыняе падарожнікаў. Калі краіну заліваюць дажджы, а ў якім-небудзь аддаленым пункце сонечна, туды пара і адправіцца.
— Калі мы купілі першую мапу, я быў упэўнены, што мы ўсю яе не праедзем. Усведамляеш маштаб сваёй краіны, думаеш: ну як гэта — пабываць ва ўсіх кутках? Думаў, ну, можа, гадоў за дзесяць справімся. А тут прайшло ўсяго тры гады! Паездзіўшы па розных месцах, я зразумеў, што для мяне вандроўкі па Беларусі — гэта ў першую чаргу старадаўнія замкі, стогадовыя сядзібы і дзівосныя храмы. Ты адкрываеш для сябе сваю ж краіну нанова. І вядома, такія паездкі — гэта сапраўдная дарожная рамантыка.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by