Гісторыкі і даследчыкі часам любяць паўтараць, што Беларусь — краіна скарбаў. Вядома, да гэтага можна ставіцца са скепсісам, але за апошнія 200 гадоў на нашых землях знойдзена больш за тысячу розных скарбаў. Гэтая тэма ўвесь час цікавіць прэсу, а людзі і сёння распавядаюць легенды ды байкі пра страчаныя каштоўнасці Напалеона, зніклых залатых апосталаў Радзівілаў і курганы-валатоўкі. Разам з А1 пабывалі ў такіх таямнічых месцах, сустрэліся з чалавекам, што асабіста знайшоў скарб, а яшчэ пагутарылі з экспертам пра тое, ці ёсць у гэтых легендах праўда або тут адна выдумка.
Слова «скарб» заўжды суправаджаў шлейф загадкавасці і недагаворанасці. Схаваныя ад вачэй каштоўнасці нярэдка надзяляліся нейкім магічным сэнсам. Адпаведна, і стаўленне да іх было своеасаблівае. Славяне, напрыклад, вельмі шанавалі вужоў: лічылі дамавікамі і верылі, што за добрае абыходжанне з імі яны прыносяць у дом радасць, могуць паказаць гаспадару, дзе схаваны скарб. «Пра кожнага больш-менш багатага селяніна Беларусі кажуць, што яму змей „грошы носіць“, і вы сустрэнеце нямала людзей, якія асабіста, на свае вочы, бачылі, маўляў, гэтага змея; пры гэтым вам пакажуць, чый ён, то-бок якому багацею належыць», — пісаў этнограф Адам Багдановіч.
У той жа час продкі былі перакананыя, што скарбы бываюць зачараванымі, могуць ахоўвацца нячыстай сілай і прыносіць гора ды няшчасце. Але людзей, мяркуючы па ўсім, гэта не спыняла. Шмат хто верыў, што ідэальная для пошуку — Купальская ноч, 23 чэрвеня. Гэты час лічыўся адзіным, калі квітнее папараць-кветка, і той, хто знойдзе яе, зможа даведацца, дзе ляжаць незлічоныя багацці.
Людзі ўяўлялі, што скарбы ў гэтую ноч выходзяць на паверхню і звычайна паўстаюць перад чалавекам у выяве агню. І каб займець яго, неабходна вымавіць пэўныя замовы.
Паводле іншых легендаў, скарбы ляжаць у пагорках-валатоўках, дзе побач з імі спяць вечным сном волаты. Адзін з такіх пагоркаў знаходзіцца побач з Віцебскам, у невялікай вёсцы Сялюты. Туды мы і накіраваліся разам з фатографам.
Калі паглыбіцца ў гісторыю, то высветліцца, што яна ў гэтай вёскі багатая. Некалі тут быў маёнтак, які па чарзе належаў дваранскім сем’ям Храпавіцкіх і Гес дэ Кальвэ. Сюды нават наведваўся вядомы ў Санкт-Пецярбургу пейзажыст Юлій Клевер і зрабіў пару эцюдаў у мясцовым парку. Цяпер у вёсцы ўсяго некалькі жылых дамоў, затое захаваўся курган, які добра праглядаецца з віцебскага «кальца».
Археолагі з упэўненасцю скажуць, што гэта старажытнае гарадзішча — яго навукоўцы даследавалі яшчэ ў 1950-х. Але ў мясцовых жыхароў была іншая версія. Маўляў, ва ўзгорку, на глыбіні, разам са скарбамі спачывае ваяр. Пазней на гары пабудавалі праваслаўную капліцу, якую разбурылі падчас вайны. Ужо ў 1990-х яе вырашылі адбудаваць нанова, аднак справу чамусьці хутка згарнулі, а адзін з будаўнікоў, па чутках, нібы збег, знайшоўшы ў зямлі каштоўны пярсцёнак.
На крутым гарадзішчы, аблепленым з усіх бакоў лецішчамі, мы ўбачылі таблічку з тэкстам аб тым, што перад намі гісторыка-культурная каштоўнасць, і падмурак той самай царквы.
А вось людзей, якія маглі б расказаць пра легенду хоць крыху, у вёсцы так і не сустрэлі. Шчыра, я быў азадачаны. Перапіс насельніцтва 2009-га даказваў, што тут пражывае больш за 200 чалавек, але на вуліцах — анікога. І тут я сцяміў, што большасць — жыхары мясцовага псіханеўралагічнага інтэрната, які знаходзіцца на месцы былой сядзібы. Мы доўга кружылі па бадай бязлюднай вёсцы, пакуль не апынуліся ля варот установы. І адзін з рабочых адвёў нас у хату да мясцовай старажылкі — Марыі Васільеўны.
— Бацюшка на гары хацеў царкву пабудаваць. Гэта было ў годзе 1995-м. Муж мой тады быў яшчэ жывы. Бацюшка нават пачаў працы, але яму ў выніку не дазволілі. Чаму? Гэта ахоўная тэрыторыя, — кажа бабуля.
— А пра скарбы што-небудзь чулі?
— Мне свёкар і свякруха расказвалі, быццам яшчэ да вайны, калі паміраў мясцовы бацюшка, пачулі, што недзе ў вёсцы ў двух сажнях ад акна закапаны скарб. А вось дзе менавіта, так і не даведаліся... А што да той гары, пра якую кажаце, сапраўды, хадзілі чуткі, нібыта там знайшлі нейкі зуб і пярсцёнак.
Погляды ж гісторыкаў адназначныя. Ніякіх гігантаў у саркафагах тут не хавалі, а выкарыстоўвалі гарадзішча ў зусім іншых мэтах.
Ад містыкі пяройдзем да чагосьці больш рэальнага. У 1812 годзе праз тэрыторыю сучаснай Беларусі пракацілася руска-французская вайна. Позняй восенню французы адступалі і, паводле легендаў, везлі нарабаванае золата, якое нібыта было паразгублена і засталося ў беларускай зямлі. Такія гісторыі перадавалі адзін аднаму ў многіх раёнах Беларусі. Нам, напрыклад, распавялі, як на старых могілках (ужо не існуюць) каля вёскі Селішча ў Докшыцкім раёне яшчэ пры Савецкім Саюзе школьнікі спрабавалі знайсці «залатую калясніцу Напалеона».
У выніку бацька аднаго з «археолагаў», даведаўшыся пра дзіўнае даследаванне, прасачыў за сынам і яму засыпаў.
Але акурат побач — у вёсцы Атрубак — адбылося насамрэч нешта незвычайнае. Гісторык і нумізмат Валянцін Рабцэвіч у некалькіх працах адзначаў, што ў 1963 годзе тут сапраўдны скарб знайшла... свіння. Мы хоць і разумелі, што з таго часу прайшло 60 гадоў і адшукаць відавочцаў будзе складана, але абысці гэтую гісторыю не маглі.
На жаль, знайсці людзей, знаёмых з гэтай знаходкай, не атрымалася, а галоўны доўгажыхар вёскі — бабуля Альфрэда назвала гэта наогул нейкай бязглуздзіцай. Зрабіўшы літаральна з «палёў» некалькі званкоў, мы паспрабавалі даведацца пра месцазнаходжанне гэтага скарбу. Аднак ні ў абласным краязнаўчым музеі, ні ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі нічога канкрэтнага нам не сказалі.
У Глыбокім, размешчаным недалёка ад Докшыцаў, таксама вераць у легенду пра схаваныя ў наваколлях скарбы Напалеона, але пакуль там знаходзілі зусім іншыя артэфакты. Напрыклад, археолаг Георгій Штыхаў у вёсцы Гараўляне раскапаў манеты X стагоддзя, а шэсць гадоў таму экскаватаршчык Сяргей Мартыновіч натрапіў на гаршчок з каштоўнасцямі рыхтык у горадзе.
Сяргея мы заспелі ў вёсцы Пліса — ён якраз скончыў капаць траншэю на тым самым маленькім «бобкэце», на якім знайшоў скарб у райцэнтры каля падатковай інспекцыі.
— Пра скарбы я чуў даўно, але самому нічога не сустракалася. Гадоў 25 таму мой папярэднік, закопваючы траншэю, знайшоў цэлую бутэльку з золатам. А таго дня, калі мне трапіліся манеты, мы выконвалі земляныя працы па замене цеплатрасы, — успамінае мужчына. — Капнуў, а потым пачуў звон манет, якія пасыпаліся з каўша на асфальт. Пасля гэтага выклікалі супрацоўнікаў міліцыі, паехалі ў выканкам, дзе я і разгледзеў скарб. Памятаю, там былі долары, мікалаеўскія рублі, польскія грошы...
Каму належалі каштоўнасці, незразумела, але Сяргей сцвярджае, што на тым самым месцы ён заўважыў драўляны насціл, і скарб мог захоўвацца ў драўлянай пабудове. Цяпер знаходка — у мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі, і ўбачыць яе можа любы жадаючы.
А што думае на гэты конт прафесійны гісторык? Пасля паездкі мы адправіліся ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі да Усевалада Юргенсана. Нашым расповедам і легендам ён не здзівіўся. Паводле яго слоў, скарбы для Беларусі не рэдкасць, іх знаходзяць літаральна па ўсёй тэрыторыі краіны.
— З прычыны гістарычнай спецыфікі скарбаў у нашым рэгіёне зашмат. Войны стагоддзямі каціліся як у адзін, так і ў другі бок, і народ, каб не абрабавалі, нажытае непасільнай працай стараўся хаваць у надзейным месцы — у зямлі. Яна да вызначанага часу лічылася самым бяспечным сейфам, — зазначае Усевалад. — Ну а паколькі на скарбы наш рэгіён багаты, яны па абсалютна зразумелых прычынах адлюстраваліся ў фальклоры. Ёсць, напрыклад, гісторыя пра купальскага дзеда. Лічылася, калі, сустрэўшы яго, перад ім правільна разаслаць абрус і выказаць пачцівасць, ва ўзнагароду за гэта ён можа пакласці кветку папараці, якая дапаможа знайсці скарб.
Ну а калі ў чалавека былі злыя намеры, то ён заставаўся без скарбу.
Якія скарбы часцей за ўсё знаходзяць у Беларусі?
Трапляюцца і дынарыі, і талеры, пражскія грошы, якія былі ў абарачэнні на нашых землях, але больш — медныя «барацінкі» памерам з савецкі двухкапеечнік. Гісторыя ў гэтых манет дастаткова цікавая.
У XVII стагоддзі ў Рэчы Паспалітай быў сур’ёзны крызіс, а ў казне грошай бракавала. У тым ліку на ўтрыманне войска. І прыдворны архітэктар, вучоны Ціт Лівій Бураціні, прапанаваў выпусціць як мага больш грошай. З медзі пачалі штампаваць нізкапробныя маленькія манеты, празваныя «барацінкамі». Цаніліся яны вельмі нізка. У выніку, як сведчыць эксперт, іх адчаканілі каля мільярда штук, столькі ж было фальшывых. Нарэшце яны практычна выцеснілі асноўную манету і выкарыстоўваліся да другой паловы XVII стагоддзя.
Са слоў Усевалада, кожны каштоўны па-свойму. Але з пункту гледжання сенсацыйнасці ён вылучае пояс Вітаўта — гарнітур, які, на думку навукоўцаў, у знак павагі падарыў Вітаўту крымскі хан Хаджы I Герая. Да 2006 года артэфакт знаходзіўся ў прыватных руках, а цяпер — у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.
— Прывяду і іншы прыклад. У 1973-м у вёсцы Засоўе ў Лагойскім раёне быў знойдзены буйны скарб — крыху больш за 700 манет. Відаць, належаў нейкаму купцу, які яго і прыхаваў. Тут прысутнічаюць талеры розных еўрапейскіх краін, а таксама філіпкі — надчаканеныя неапалітанскія талеры, якія з’явіліся пры каралі Жыгімонце Аўгусце. Рэч у тым, што талеры тады выступалі міжнароднай валютай, выпускаліся ў розных краінах, і гэты скарб паказвае, якія з іх былі ў абарачэнні на нашых землях.
— Таму нядзіўна, што аснову скарбаў складае менавіта гэтая манета. Сустракаюцца нават асобныя скарбы ў некалькі тысяч «барацінак». Паколькі яны былі ў абарачэнні на ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі, іх знаходзяць усюды, і дзякуючы гэтаму манета нават атрымала мянушку «царыца палёў», — працягвае гісторык. — Ёсць некаторыя асобнікі «барацінак», якія ўяўляюць навуковую каштоўнасць, але колькі гадоў таму цана за штуку была $1—2.
— Зразумела, а што наконт напалеонаўскіх скарбаў? Наколькі гэта ўвогуле адпавядае рэальнасці?
— Што тычыцца напалеонаўскіх, то ад абозаў нешта сапраўды магло застацца. Іх наўрад мэтанакіравана хавалі, але нейкія нарабаваныя каштоўнасці маглі проста страціць, або нешта магло быць пакінута якім-небудзь салдатам войска Напалеона. Ці які-небудзь адсталы абоз насамрэч прыхавалі. Так што доля праўды ў гэтых легендах, канешне, ёсць. Скарбаў вельмі шмат у нас асядала.
Валянцін Рабцэвіч неяк сказаў, што ў Беларусі штогод знаходзяць з дзясятак кладак, і толькі пра адзінкавыя выпадкі становіцца вядома навукоўцам: многія так і застаюцца ў скарбашукальнікаў альбо ў тых, хто выпадкова знайшоў каштоўнасці. Але Усевалад Юргенсан падкрэслівае: пра кожны скарб неабходна паведамляць навукоўцам. Так гэтыя рэчы выйдуць з разраду выключна міфаў і, як факты рэальнасці, дапамогуць гістарычнай навуцы.
— Вельмі важна, каб хаця б звесткі пра скарбы паведамлялі навукоўцам. Для навукі гэта ў любым выпадку істотная інфармацыя. Трэба паведамляць, у якім выглядзе скарб быў знойдзены, пры якіх абставінах, у чым ён захоўваўся. Усё ж такі многія знойдзеныя каштоўнасці рабаваліся, і дадзеныя аб іх да нас дайшлі няпоўныя. Ну і варта дадаць, што ў Беларусі чалавек, які знайшоў скарб на сваім зямельным участку і вырашыў яго здаць, паводле заканадаўства можа разлічваць на добрую грашовую кампенсацыю.
У сваёй дзейнасці А1 трымаецца прынцыпаў ESG — экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання: кожны дзень адкрывае новыя магчымасці, якія дазваляюць весці экалагічны лад жыцця, падтрымліваць нацыянальную культуру, абменьвацца ведамі і шанаваць унікальнасць кожнага чалавека.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ag@onliner.by