1735
21 августа 2023 в 17:24
Источник: Генадзь Даніч. Фота: Ганна Іванова. Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі. Пераклад: Вікторыя Голубева

Шукаем недалёка ад Мінска чортавы валуны і таямнічыя горы. Трып па Беларусі, якую вы не ведалі

Источник: Генадзь Даніч. Фота: Ганна Іванова. Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі. Пераклад: Вікторыя Голубева

З чым-чым, а вось з фантазіяй у нашых продкаў усё сапраўды было ў парадку. Яны не толькі стварылі вакол сябе цэлы свет казачных персанажаў (ад лесавікоў да дамавых і нават вужыных каралёў), але і абагаўлялі вялізныя камяні, надзялялі магічнай сілай лясы і мясцовыя горы. А яшчэ гэтыя гісторыі абавязкова атрымлівалі прыгожую абгортку з міфаў і легенд, у якія сёй-той верыць нават і дагэтуль. Сумесна з А1 мы выправіліся ў чарговую вандроўку па Беларусі, пра якую вы не ведалі. Паблукалі вакол таямнічай Сіняй гары і запісалі расповед пра тое, як людзі хадзілі да Чортавага каменя чаравікі правіць. І што з гэтага атрымалася.

Пілі парашок з тоўчаных камянёў — верылі, што дапаможа ад хвароб

Светапогляд нашых продкаў рэзка адрозніваўся ад сучаснага і сёння можа падацца, мякка кажучы, дзіўным. Калісьці людзі сапраўды думалі, што па небе ў калясніцы раз’язджае суровы Пярун з молатам у магутнай руцэ і маланкамі б’е тых, хто трапіў да яго ў няласку. У лясах ушаноўвалі дрэвы, а ў некаторых яшчэ нядаўна верылі: выпіты парашок з аскепкаў камянёў-валуноў або мох, які расце пад імі, можа вылечыць ад шаленства або захворванняў вачэй.

 На пэўнай стадыі развіцця чалавецтва было характэрна абагаўленне аб’ектаў прыроды, — кажа археолаг Эдвард Зайкоўскі, які ў тым ліку даследаваў валуны. — Возьмем тыя ж камяні. Магічныя ўласцівасці людзі надавалі пераважна самым вялікім. Нехта, напрыклад, быў перакананы, што пэўныя валуны спрыяюць дзетараджэнню, таму жанчыны садзіліся на іх ці маліліся паблізу. Чаму так адбывалася? Магчыма, былі нейкія супадзенні, якія і дазвалялі гэтак лічыць.

Шанавалі продкі і горы (там нярэдка ўладкоўвалі капішчы, хавалі мёртвых), і нават лясы, у якіх тыя ж балты, што засялялі некалі захад Беларусі, з павагай ставіліся да дубоў — іх лічылі святымі дрэвамі. Што цікава, месцаў з канцэнтрацыяй такіх аб’ектаў хапае і побач са сталіцай — у тым жа Валожынскім раёне. Мы зладзілі невялікі трып і запісалі парачку цікавых легенд.

Гісторыя пра камяні: «Зона там страшная — дзік ходзіць»

Эдвард Зайкоўскі сам нарадзіўся на Валожыншчыне і пераконвае, што здаравенных камянёў там безліч. Адкуль яны ўзяліся? Некаторыя баязлівыя продкі бачылі ў камянях людзей, якія правініліся перад богам. Маўляў, пайшоў араты на поле з валамі ў нядзелю працаваць, узлаваўся Усявышні і пакараў яго за гэта. Насамрэч усё нашмат прасцей. Зайкоўскі тлумачыць, што Валожынскі раён — гэта зона, дзе спыніўся адзін з ледавікоў, які прыцягнуў з сабой з поўначы мноства валуноў.

 Звярніце ўвагу, на Палессі валуноў мала, і там ці не кожны валунчык лічыцца каштоўным для гаспадаркі, а тут, у Валожынскім раёне, гэтага дабра на любым полі тоны, — расказвае археолаг.

Зайкоўскаму можна верыць, і для гэтага нават неабавязкова хадзіць па палях. Агароджа гатычнага касцёла ў Ракаве цалкам складзена з сабраных камянёў і выглядае вельмі эфектна.

Чортаў камень, да якога мы едзем будным вечарам, знаходзіцца за 10 кіламетраў ад Ракава. Упершыню яго даследавалі каля 40 гадоў таму, калі пра яго пачуў геолаг і гісторык Эрнст Ляўкоў. Ад мясцовых жыхароў вёскі Ратынцы навуковец і запісаў пра валун адразу дзве легенды, якія пасля апублікаваў у сваёй цудоўнай кнізе «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны». Паводле першай, побач з Ратынцамі некалі стаяла вёсачка Занеўшчына. Яна хоць і была маленькая, але ў ёй нават збудавалі невялікі касцёл. Мясцовы чорт ідэю гэтую не ўхваліў і вырашыў храм знішчыць. Падняўшы вялізны валун, ён пашыбаваў у вёску, аднак нечакана заспявалі пеўні, чорт спалохаўся і цяжкую ношу кінуў у лесе.

А згодна з другім паданнем, чорт жыў у валуне, быў удалым шаўцом, мог зрабіць модны абутак і да яго вяскоўцы нярэдка прыносілі старыя боты. Праўда, у касцёл хадзіць у абутку ад нячысціка было нельга — нібы адразу ператвараўся ў пыл.

У Ратынцах нам патлумачылі, што з каменем усё ў парадку, ён не знік і яго па-ранейшаму можна ўбачыць на сваім месцы ў лесе.

 Ведаю, вядома, пра гэты камень — знаходзіцца ён на горцы ў лесе, але ў легенды не веру, гэта казкі. Іх бабкі расказвалі, — дзеліцца меркаваннем мясцовы жыхар Уладзімір, якога мы спынілі на вясковай дарозе. — Але на такой машынцы, як у вас, туды не праехаць. Дабрацца можна толькі на ўазіку ці пешшу. Ну ці я б вас у любы іншы дзень на мотаблоку падвёз. Праўда, зона там страшная.... Дзікі ходзяць. Так што мала ці... Трэба быць асцярожным.

Каля старэнькай, даўным-даўно зачыненай сельскай крамы мы сустрэлі Рамана, які чакаў аўталаўку. Ён жыве ў Мінску, але лета ўвесь час праводзіць са сваёй мамай у вёсцы. Галіне Адамаўне 86 — яна самая пажылая жыхарка вёскі. Даведаўшыся, для чаго мы прыехалі, жанчына засмяялася і распавяла наступнае.

 Па вёсцы хадзіла такая гісторыя: увечары да каменя трэба занесці старую пару абутку, а калі вернешся да яго раніцай, будзе стаяць ужо новая. І я памятаю, як хлопцы маёй цёткі малымі свой абутак туды насілі. Наступным днём мы спыталі: «Ну што? Атрымалася?» Адказала: «Не адрамантавалі... Такімі ж, як прынеслі, дадому забралі». Было гэта, дарэчы, яшчэ не так даўно. Я і сама да гэтага каменя хадзіла, хоць і без чаравікаў. Але апошні раз была там ужо шмат гадоў таму. А вось мой сын бывае — грыбы збірае.

Пакуль жанчына распавядала пра сваю вёску, яе сын накідаў на сшыткавым аркушыку маршрут да Чортавага каменя. Калі сцісла, то кіраваць трэба ў самы канец вёскі, аб’язджаючы прыдарожны крыж, пакінуць аўто і далей, у горку, ісці пешшу па полі, пакуль не ўпрэшся ў лес. Далей узяць налева, і неўзабаве ўбачыш сцяжынку.

Раман нас не падвёў, і праз 10 хвілін мы пад гарачым вечаровым сонцам крочылі па полі і разглядалі мясцовыя краявіды.

Неўзабаве апынуліся ля той самай сцяжынкі, якая нагадвае ўваход у нейкі таямнічы партал. Яшчэ пяць хвілін — і вось ён, гіганцкі, парослы мохам камень.

Гэта граніт, яго памеры дасягаюць 5,4 метра ў даўжыню і 3,4 — у вышыню. Вага — каля 120 тон. На думку спецыялістаў, вызначана нават радзіма гэтага Чортавага каменя: хутчэй за ўсё, ледавік прыцягнуў яго да нас з Фінляндыі або з тэрыторыі, на якой знаходзіцца сучасны расійскі горад Выбарг.

Так, і самае галоўнае: чаравікаў і красовак побач мы так і не ўбачылі. Але калі вы той чалавек, які пакінуў там патрапаныя кеды і атрымаў наўзамен New Balance, пішыце — абавязкова пра вас раскажам.

А ёсць легенды пра Налібоцкую пушчу?

Налібоцкая пушча — самы вядомы лясны масіў Валожынскага раёна, ёй прысвечана мноства легенд. Згодна з адной, мясцовыя касцёлы дапамагалі будаваць сапраўдныя мядзведзі. Ім на спіны нібыта прывязвалі кошыкі з камянямі, і яны цягалі іх мулярам, якія будавалі храм. Праверыць гэта, вядома, складана, а вось дрэсіраваныя мядзведзі ў нас насамрэч былі. У Смаргоні нават працавала школа, заснаваная Радзівіламі. У ёй мядзведзікаў вучылі розным практыкаванням і танцам. На гісторыю ў Смаргоні не забыліся і нават адлюстравалі касалапага на сваім гербе.

Гісторыя пра Сінюю гару: «Назву дала смуга, яна звычайна з’яўляецца перад дажджом»

Чаго-чаго, а вось горных масіваў у Беларусі дакладна не ўбачыш. Нягледзячы на гэта, у нас хапае невялікіх гор, з якімі звязана процьма легенд. Многія з гэтых горак насілі сакральны сэнс, на іх продкі ладзілі паганскія храмы. Да прыкладу, наша найвышэйшая кропка — гара Дзяржынская — перш называлася Святой, і, паводле некаторых звестак, там таксама было капішча.

Лысая — яшчэ адна распаўсюджаная назва ўзгоркаў, якія сустракаюцца на Беларусі. Такую назву ўзгоркі атрымлівалі, хутчэй за ўсё, з-за таго, што на вяршыні нічога як след не расло, а паганцы рабілі там свае свяцілішчы. Людзі верылі, што ў гэтых месцах на шабашы збіраюцца ведзьмы і іншая погань. Свая Лысая гара ёсць пад Мінскам, і там таксама стаіць сваё капішча. Аднак, як нам растлумачылі эксперты, нічога агульнага з гісторыяй яно не мае — гэта проста чарговы навадзел.

Сіняя гара, да якой мы адпраўляемся, размешчана за 25 кіламетраў ад Валожына. Паданні не абышлі бокам і яе. Паводле адной, на гары стаяла царква, якая пайшла пад зямлю, а яшчэ там калісьці нібыта гарэў нязгасны паганскі агонь. Праўда, Эдвард Зайкоўскі калісьці абследаваў узгорак і культурнага пласта на ім не выявіў. Пры гэтым ён не адмаўляе, што ўзвышша ўсё ж магло насіць сакральны сэнс, бо сіні колер для продкаў меў сувязь з іншым светам.

 Рэч у тым, што падчас Першай сусветнай вайны на гары знаходзіліся нямецкія доты, на ёй усё перакапана, і я не ўпэўнены, што там было капішча. Пры гэтым у суседняй Латвіі ёсць свая Сіняя гара [Зілайскалнс], і яна звязана з культам мёртвых, — тлумачыць навуковец.

Даехаць да Сіняй гары можна прыкладна за гадзіну цягніком з Маладзечна. Выйсці трэба на прыпыначным пункце Ластаянцы. Але прасцей, вядома, на аўтамабілі. Арыенцір заўважны здалёк, аднак, калі заблытаецеся, дарогу можна спытаць у мясцовых.

Прыехаўшы ў вёску Сіняя Гара, мы практычна адразу натрапілі на Сцяпана. Ён з граблямі ішоў варочаць сена, але ў выніку інструмент занёс дадому і павёў нас на гару.

Наш новы знаёмы аказаўся вельмі таварыскім чалавекам. Ён не толькі расказаў, што ў суседняй вёсцы Дуды за $3 тыс. можна купіць участак з домам, але і падзяліўся мясцовымі паданнямі.

Мужчына лічыць, што сваю назву тамтэйшая гара атрымала з-за сіні, якая ўзнікае над гарой перад дажджом.

У цуды Сцяпан не надта верыць, але не выключае, што на самой гары (пра яе нават пісалі калісьці ў мясцовай газеце) сапраўды стаяў храм.

Каб патрапіць да Сіняй, нам прыйшлося прайсці з кіламетр па гравійцы, а потым нырнуць у пераход пад чыгуначным мостам, які тут называюць трубой. Ну а далей — суцэльны лес.

 Яго тут раней не было, і на гары нічога не расло (усё потым засеялі мясцовыя жыхары), таму немцы падчас Першай сусветнай размясцілі тут свае бліндажы і доты. Непадалёк праходзіў фронт. З аднаго боку былі немцы, з другога — рускія. Тут вялі бітвы, і ад таго часу засталіся старыя ваенныя могілкі, — кажа Сцяпан і вядзе нас за сабой кудысьці ў лясную цішыню.

І літаральна праз пяць хвілін мы ўжо ля старых, парослых мохам пліт. Такіх, паводле слоў нашага правадніка, набярэцца. Вось вам і сувязь сіняга колеру з сапраўдным гістарычным кантэкстам.

Яшчэ пахадзіўшы з намі па сцяжынках, Сцяпан выводзіць нас на дарогу, і мы вяртаемся ў вёску. Панарамнае фота гары ён раіць зрабіць з суседняй вёскі Падбярэзь і, аказваецца, цалкам мае рацыю. Сонца паступова схіляецца да захаду, і ў гэтым святле гара выдатна прамалёўваецца на небасхіле.

У Мінск вяртаемся познім вечарам. Па дарозе мы праязджаем маленькія і вялікія вёскі, якія шнурамі цягнуцца ўздоўж шашы. У іх літаральна на кожным слупе звілі сабе гнёзды буслы — цыбатыя сімвалы Беларусі. Пра іх мы таксама абавязкова раскажам, але ўжо ў асобным цыкле пра нашых жывёл. Яны таго сапраўды вартыя.

Партнёр праекта — А1

Onlíner і А1 прадстаўляюць серыю натхняльных матэрыялаў пра легенды Беларусі, якія агортваюць рамантыкай мінулага і матывуюць на адказнае стаўленне да сучаснасці і будучыні.


У сваёй дзейнасці А1 трымаецца прынцыпаў ESG — экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання: кожны дзень адкрывае новыя магчымасці, якія дазваляюць весці экалагічны лад жыцця, падтрымліваць нацыянальную культуру, абменьвацца ведамі і шанаваць унікальнасць кожнага чалавека.


Спецпраект падрыхтаваны сумесна з унітарным прадпрыемствам «A1», УНП 101528843.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by