Каханне — тая сакрушальная і дзіўная сіла, якая змяняла гісторыю, рабіла слабымі дужых, а кволых натхняла на самыя нечаканыя подзвігі і неверагодныя творы мастацтва. Сёння крыху пагаворым пра каханне ў жыцці нашых знакамітых творчых асоб, каму яны прысвячалі свае творы і з кім поплеч вандравалі па жыцці. Для кагосьці з іх яно было доўгае і шчаслівае, а для кагосьці, на жаль, яскравае і кароткае. Так што, як робяць у Tinder, змахвай управа і чытай!
Зразумела, што багатых, падрабязных дэталяў пра асабістае жыццё нашага першадрукара мы не маем, але перад намі, відавочна, гісторыя пра падтрымку, сяброўства і, магчыма, некаторы разлік. Прыблізна ў 1520-м Скарына вяртаецца ў Вільню. На той момант ён ужо атрымаў доктарскую ступень у Падуанскім універсітэце, выдаў і шэраг кніг. Праз пэўны час ён стаў сябрам сям'і Юрыя Адверніка, які дапамагаў у выдавецкай справе асветніку, абараняў ад нападак тых, хто лічыў яго ерэтыком. Але Адвернік памёр, і Францыск у выніку пабраўся шлюбам з ягонай удавой Маргарытай. Сужэнства палепшыла матэрыяльны дабрабыт, і Францыск далучыў да сваёй справы брата Івана.
Па некаторых звестках, у 1529-м Маргарыта памерла, а на руках Скарыны застаўся маленькі сын Сімяон і судовыя справы, звязаныя з маёмасцю жонкі. Праз гэта яму прыходзілася выязджаць у Прусію, зноў вяртацца, нават патрапіць у турму і ў выніку з'ехаць у Прагу, дзе кнігадрукар і пражыў да канца свайго жыцця.
У 1913-м у Санкт-Пецярбурзе наш пясняр выдаў зборнік «Шляхам жыцця». Сярод іншых твораў туды ўвайшоў верш «Мая жонка», які пачынаецца наступным чынам:
Не хачу я жонкі
Не з сваёй старонкі,
Як я — багацейшай,
І як я — мудрэйшай.
Не ведаю, ці было гэта планам самога паэта, але ягонай жонкай стала «свая» Уладзіслава Станкевіч з мястэчка Вішнева, што непадалёк ад Валожына. Яны пазнаёміліся ў Вільні, у кнігарні на вуліцы Завальнай. Пасля былі сустрэчы на беларускіх вечарынах, паходы на спектаклі. Спачатку Купала Станкевічанцы, як у юнацтве называлі Уладзіславу, не надта спадабаўся, але з'явілася сяброўства, і паэт пачаў прысвячаць ёй вершы. А рэальна моцныя пачуцці ўспыхнулі ўжо падчас эвакуацыі ў Першую сусветную вайну ў Маскве, там яны і павянчаліся ў касцёле Пятра і Паўла. Разам пражылі 25 гадоў — да смерці Янкі Купалы ў 1942-м. Уладзіслава Францаўна перажыла мужа на 18 гадоў. Як і ён, пахаваная на Вайсковых могілках у Мінску.
Вядома, што была яшчэ адна жанчына, якая яму падабалася. Гэта Паўліна Мядзёлка, выканаўца ролі, прабачце за паўтор, Паўлінкі ў спектаклі па культавай аднайменнай п'есе. Актрыса, якая ў будучыні стала педагогам, сведчыла, што паэт прапаноўваў ёй сур'ёзныя адносіны, аднак у выніку жонкай Купалы стала другая жанчына.
Калі ж казаць не толькі пра лёсавызначальнае, то варта ўспомніць грузінскую музу Купалы, Эліко Метэхелі, якой ён прысвяціў адзін з самых «салодкіх» паэтычных твораў — «Генацвале». У нас выходзіў цэлы артыкул пра гэтую гісторыю, пачытайце, калі прапусцілі.
Аладава — знакамітая дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея, якая літаральна па крупінках збірала калекцыю пасля Другой сусветнай вайны. І дзякуючы яе намаганням мы сёння можам бачыць у музеі такія вядомыя творы, як «Няроўны шлюб» Васіля Пукірава ці «Балгарскія мучаніцы» Канстанціна Макоўскага.
Яна шмат часу прысвячала працы, але было ў яе і асабістае жыццё. У 1920-х яна пазнаёмілася са сваім мужам — вядомым у будучыні кампазітарам, пачынальнікам нацыянальнай сімфанічнай музыкі Мікалаем Аладавым. Што цікава, Алена і Мікалай доўгі час жылі без рэгістрацыі адносін і лічылі гэта нейкім буржуазным перажыткам. Афіцыйна мужам і жонкай яны сталі толькі ў 1943 годзе.
Як у многіх творчых людзей, іх стасункі мелі рамантычны характар, і Мікалай прысвячаў Алене рамансы на словы Янкі Купалы.
У гэтым шлюбе нарадзілася трое дзяцей. Усе яны атрымалі даволі незвычайныя імёны і таксама ўзбагацілі культуру. Сын Гельмір стаў акцёрам, дачка Радаслава — музыказнаўцам, а яшчэ адзін сын — Вальмен — архітэктарам, спраектаваў спартыўны комплекс у Раўбічах і Камароўскі рынак. Па ўспамінах Вальмена Аладава, бацькі ніколі не сварыліся і заўжды ставіліся адно да аднаго з пяшчотай.
У жыцці знакамітага мастака было некалькі сур'ёзных захапленняў жанчынамі, але галоўнай музай, безумоўна, з'яўлялася першая жонка — Бэла Розэнфельд. З ёй, дачкой заможнага ювеліра, ён пазнаёміўся яшчэ ў Віцебску, калі прыйшоў у госці да прыяцелькі, натуршчыцы Тэі Брахман. «...я зразумеў: гэта мая жонка. На бледным твары ззяюць вочы. Вялікія, пукатыя, чорныя! Гэта мае вочы, мая душа. Тэя ўраз стала для мяне чужой і абыякавай. Я ўвайшоў у новы свет, і ён стаў маім назаўжды», — пісаў Шагал у сваіх успамінах. Бэла натхняла мастака, нарадзіла яму дачку Іду, з'яўлялася на розных карцінах (прыгадайце «Над горадам») і, як цяпер пішуць, ніводзін твор не мог быць завершаны без ейнай згоды.
Разам з Шагалам Бэла вандравала па свеце. Жылі і ў Расійскай імперыі, і ў Францыі, і ў ЗША, дзе яна правяла з мужам апошнія тры гады свайго жыцця. У 1944-м жанчына, паводле афіцыйных звестак, памерла ад цукровага дыябету.
Пісьменніца, якую аднолькава шануюць і ў Польшчы, і ў Беларусі, у сваёй творчасці неаднаразова звярталася да тэмы кахання. У тым ліку да трагічнага пачуцця, якое не прыносіць хэпі-энду. Памятаеце аповесць «Хам», якую экранізавалі на «Беларусьфільме»? Пасля смерці жонкі вясковец Павел захапляецца гараджанкай Франкай, але той празмерна складана прызвычаіцца да новага жыцця.
На жаль, прыватнае жыццё пісьменніцы таксама наўрад ці можна назваць шчаслівым, хоць ёй і прыпісваюць шэраг раманаў.
Але калі мы кажам пра сямейныя стасункі, то з адным мужам разбегліся, другога — пахавала.
У 17-гадовым узросце (у 1858-м) Эліза Паўлоўская была выдадзена за Пятра Ажэшку, але доўга разам яны не пражылі. Пэўны час муж быў у высылцы, а калі вярнуўся, паразумення яны паміж сабой не знайшлі і ў 1869-м афіцыйна разышліся. У другі раз Ажэшка пабралася шлюбам праз 25 гадоў! Другім мужам стаў яе даўні сябар, адвакат Станіслаў Нагорскі, але праз два гады падчас святкавання імянінаў жонкі Нагорскаму стала так дрэнна, што ён сканаў ад паралюшу. Станіслава Эліза перажыла на 14 гадоў, пахаваныя побач на Фарных могілках у Гродне.
З імем паэта з Саматэвічаў звязана вельмі рамантычная гісторыя. Паводле яе, яшчэ ў школьным узросце Аркадзь закахаўся ў Сашу Карыткіну, старэйшую за яго на некалькі гадоў. У 14 гадоў ён прызнаўся ёй у пачуццях, але атрымаў ад варот паварот. Гэта так ускалыхнула сэрца падлетка, што ў будучым ён напіша верш, які стане класікай беларускай літаратуры, а ў песенным варыянце «Песняроў» — хітом савецкай эстрады. Гутарка, зразумела, пра «Бывай». Вось ягоны пачатак, які разам з астатняй часткай быў аўтарам з часам дапрацаваны:
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Што цікава, Куляшоў і Карыткіна не толькі бачыліся, але пасля нават ліставаліся адно з адным. Але гэта была прыяцельская перапіска дарослых людзей, у якіх было сваё прыватнае жыццё. Аркадзь Аляксандравіч быў жанаты на Аксане Шчарбовіч-Вячор, якая нарадзіла яму двух сыноў і дачку.
(Працяг будзе)
К возращению Лиги чемпионов Betera дарит новым игрокам фрибет 30 BYN. Забирайте и доминируйте.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка