«Было люба мне ў Цхалтуба». Як Купала закахаўся ў грузінку і што было з яе лёсам далей — успаміны родзічаў грузінскай музы

13 752
06 сентября 2021 в 8:30
Источник: Дар'я Спевак. Фото: Аляксандр Ружачка, аўтар, dspace.nplg.gov.ge

«Было люба мне ў Цхалтуба». Як Купала закахаўся ў грузінку і што было з яе лёсам далей — успаміны родзічаў грузінскай музы

Источник: Дар'я Спевак. Фото: Аляксандр Ружачка, аўтар, dspace.nplg.gov.ge

Грузія для Янкі Купалы — асаблівая старонка кнігі яго жыцця. Тут паэт не толькі сустракаўся з калегамі-пісьменнікамі на нарадах, лячыўся ў санаторыі і падарожнічаў па краіне, але ж і сустрэў у свае 50 «з хвосцікам» сапраўдную музу — Эліко Метэхелі, урача санаторыя ў мястэчку Цхалтуба. Купала прысвяціў гэтай жанчыне адзін з самых «салодкіх» паэтычных твораў — «Генацвале». Журналіст Onliner пабывала ў грузінскіх мясцінах, дзе адпачываў і лячыўся беларускі пясняр, а таксама пагутарыла з сям’ёй музы Купалы аб тым, як склаўся лёс Эліко Метэхелі і што яна згадвала пра беларускага творцу.

Гэтая гісторыя пачалася ў снежні 1937 года. Тады 55-гадовы Янка Купала адправіўся ў Тбілісі на пленум прэзідыума савецкіх пісьменнікаў, прысвечаны 750-годдзю паэмы грузінскага класіка Шаты Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». А ў студзені 1938-га Купала паехаў у санаторый у Цхалтуба, каб падправіць здароўе. Там ён сустрэў 26-гадовую Эліко Метэхелі, якая працавала намеснікам галоўнага ўрача.

Цхалтуба — сапраўдны курортны горад. Вільготнае і свежае паветра перапоўнена адчуваннем адпачынку і аздараўлення. І хоць паблізу няма мора, яго можа дамаляваць ва ўяўленні, астатняе зробіць прырода. Колісь, у савецкія часы, тут было аж 22 корпусы санаторыяў, але ж цяпер замест большасці — закінутыя будынкі, якія могуць толькі нагадваць пра росквіт знакамітай курортнай індустрыі Цхалтуба. Адзін з карпусоў (супрацоўнікі запэўніваюць, што самы шыкоўны) будавалі паводле прамога загаду Сталіна і для яго адпачынку. Інтэр’ер застаўся некранутым і па сёння. Гэты курорт любілі наведваць як простыя савецкія грамадзяне, так і эліта СССР.

«Яна была зусім звычайная жанчына, але ж голас, стаўленне да Купалы... Ён гэта вельмі ўпадабаў»

Таксама ў Цхалтуба ёсць гасцявы дом з літаратурным кутком, дзе засвяціўся і Янка Купала. Гаспадыня памяшкання, Марына Падгурская-Кутатэладзэ, выбачаецца перад журналістамі за цэйтнот: рыхтуецца да вяселля сына, але ж пра Купалу гатова пагаварыць заўсёды.

— У Тбілісі ў 1937 годзе былі запрошаныя ўсе савецкія пісьменнікі. Вядома, і Янка Купала, які прыехаў сюды з Кіславодску і нават выступаў з вітальным словам на ўрачыстай сустрэчы ля чыгуначнага вакзала, — пачынае яна. — Пасля гэтага для адпачынку ў розных мясцінах размяркоўвалі групы пісьменнікаў. Грузінскі паэт Аляксандр Шванідзэ, напрыклад, узяў у сваю групу Купалу, Новікава-Прыбоя і, калі не памыляюся, Коласа і прывёз іх сюды. У Янкі Купалы былі праблемы з суставамі — і Шванідзэ параіў яму санаторый у Цхалтуба.

Там беларускі пясняр і сустрэў маладую намесніцу галоўнага ўрача Эліко Метэхелі. На той момант яна была незамужняй, але ж Янка Купала меў сталыя зносіны ў шлюбе.

— Метэхелі праспявала грузінскія песні «Суліко» і «Іавнана», ад выканання якіх Купала ўвогуле звар’яцеў! — усміхаецца Марына. — Пазней ён папрасіў яе запісаць на паперы рускімі літарамі некалькі радкоў з песень — завучыў іх і перыядычна цытаваў.

Жанчына распавядае, што пазней Аляксандр Шванідзэ пастаянна вазіў Янку Купалу па розных мясцінах Грузіі, і аднойчы беларус запытаў, што азначае грузінскае слова «генацвале» і як яно перакладаецца.

— Той адказаў, што даслоўнага перакладу гэтага слова няма, яно аб’ёмнае: ім можна назваць дзіця, любімую жанчыну, маці — таго чалавека, да якога ты ставішся з душой і цеплынёй. На тое Купала адзначыў: «Значыцца, мая генацвале жыве ў Цхалтуба». У той час ён зноў вярнуўся ў гарадок і ўручыў Эліко Метэхелі верш «Генацвале».

«Мая „генацвале“ знаходзіцца ў Цхалтуба, я ўбачу яе там. Вы павінны зразумець мяне, я люблю Грузію, грузінскі народ і буду любіць да канца маіх дзён, а грузінскія жанчыны зачаравалі мяне сваёй прывабнасцю, гасціннасцю і чысцінёй пачуццяў. Таму я ўсёй сваёй істотай буду сумаваць па іх», — згадваў пасля словы Купалы паэт Шанідзэ. Ён пісаў, што беларус вымавіў гэта з пачуццём, дастаў з партфеля паперы і зачытаў верш «Генацвале» ў двух варыянтах.

Той рукапіс цяпер захоўваецца ў літаратурным музеі імя Янкі Купалы ў Мінску, а верш перакладзены на грузінскую мову — яго словы былі пакладзены на музыку, і гэта песня ў свой час нярэдка гучала на грузінскім дзяржаўным радыё.

Пасля Эліко Метэхелі вельмі цёпла згадвала знаёмства і сустрэчы з Янкам Купалам. Яна распавядала і пра той дзень, калі беларус уручыў ёй гэты рукапіс.

«Згадваецца яшчэ адзін цудоўны і незабыўны вечар. Мы, лекары санаторыя, паводле традыцыі грузін перад ад’ездам на радзіму Янкі Купалы і Новікава-Прыбоя зладзілі маленькі банкет. Яны былі шчыра захопленыя нашай гасціннасцю. Падчас вячэры, калі дайшла мая чарга і тамада вымавіў тост за маё здароўе, Янка папрасіў слова і з уласцівым яму сталым выглядам вымавіў:

— Мы выязджаем з Грузіі вельмі задаволеныя і ўдзячныя, асабліва я, да якога вы праявілі столькі клопату і цеплыні, аднавілі маё здароўе. Усё гэта яшчэ больш абавязвае, спрыяе любові да вашай маленькай Радзімы, вывучыць яе сучаснасць і мінулае, стаць бліжэй да грузінскага народу...

Янка Купала вымавіў яшчэ некалькі сардэчных слоў у адрас лекараў-грузін, потым дастаў запісную кніжку, раскрыў яе і прачытаў свой новы верш „Генацвале“, які прывёў усіх нас у захапленне. Аўтограф да гэтага верша ён перадаў асабіста мне», — цытуе Эліко сайт грузінскай дыяспары ў Беларусі «Мамулі».

Акрамя знакамітага «Генацвале», у Цхалтуба Купала напісаў яшчэ і «Мы людзі свабодныя», «Грузія», «То не рыцары з князем...». Беларускі пясняр вяртаўся ў гэты санаторый да 1941 года.

— Гэта было проста платанічнае каханне. Эліко Метэхелі стала музай Янкі Купалы. Паэт заўсёды абірае нешта ўзнёслае... Хаця яна была не зусім прыемнага аблічча, зусім звычайная жанчына, але ж голас, стаўленне да Купалы — ён гэта вельмі ўпадабаў, — працягвае Марына Падгурская-Кутатэладзэ. Цяпер у яе гасцявым доме зладжаны літаратурны куток, у тым ліку з выявамі і творчасцю Янкі Купалы.

Упершыню Марына Падгурская-Кутатэладзэ пачула гэтую гісторыю каля дзесяці гадоў таму. Як даведалася, адразу купіла квіток на самалёт і адправілася ў Мінск, каб дазнацца падрабязней. З той пары жанчына наладзіла сувязі з нашым музеем імя Купалы, знайшла родзічаў Метэхелі, стала арганізоўваць выставы паводле творчасці паэта ў Грузіі, а цяпер ладзіць тэатральную пастаноўку ў Цхалтуба.

— Верш «Генацвале» быў пакладзены на ноты, і ўнучка Эліко распавядала, што нават памятае, як па радыё і на тэлебачанні перадавалі гэтую песню, — адзначае спадарыня Марына. — Унукі думалі, што Янка Купала — іх сваяк, бо заўсёды ён быў з імі: партрэты, рукапісы і кнігі Купалы і надалей былі ў сям’і Метэхелі.

«У Грузіі распавядалі байкі, быццам мой дзядуля ў 1950-х забараніў выкананне песні на верш „Генацвале“ ў грузінскіх СМІ»

56-гадовы ўнук Эліко Гіві Курашвілі, які нарадзіўся і жыве ў Тбілісі, добра размаўляе на беларускай мове і разумее яе. Часам між сяброў ён цытуе Купалу, калі гаворка заходзіць пра Цхалтуба.

— «Было люба мне ў Цхалтуба», — кажу я, а сябры здзіўляюцца і адказваюць, якая добрая рыфма, ці сам я яе прыдумаў?! — смяецца ён.

Спадар Гіві, калі быў зусім маленькім, увогуле думаў, што Янка Купала — гэта жанчына.

— Жанчыны ў сям’і распавядалі, што нехта Янка Купала прысвяціў маёй бабулі верш, — кажа ён. — Вельмі хвалілі бабулю, маўляў, яна ў нас такая, што ёй нават быў прысвечаны верш Купалы. Спачатку я не асабліва цікавіўся, толькі калі падрос, азнаёміўся з вялікім савецкім 200-томнікам «Сусветная літаратура» — і там убачыў творы Янкі Купалы. Тады я зразумеў, што гэта сапраўды дастойная паэзія, іначай яе б там не апублікавалі. Я чытаў і астатнія вершы, ганарыўся сваёй бабуляй.

Паводле стылю і лексікі, лічыць Курашвілі, з грузінскай творчасці найлепшы якраз верш «Генацвале». Ды і вядома, што менавіта гэты твор быў напісаны літаральна экспромтам.

— Вядома, што Янка Купала так не пісаў сваіх твораў, ён быў вельмі карпатлівым у сваёй творчасці, а тут верш быў напісаны практычна за дзень, але ж атрымалася вельмі душэўна і прафесійна, — лічыць Гіві.

Ён згадвае, што ў 1980-х у Грузію прыязджала беларускі гісторык Ніна Цвірка, якая цікавілася грузінскім перыядам творчасці Янкі Купалы.

— Гэта быў 1984 год, мой дзед ужо паміраў у бальніцы, 72-гадовай бабулі было не да ўспамінаў пра маладосць, і яна аддала ёй арыгінал рукапісу верша — у нас засталася толькі копія. Пасля сканчэння ўніверсітэту я ездзіў у Мінск і наведваў музей Купалы, але ж не бачыў там такога арыгінала, — згадвае ўнук Эліко Метэхелі.

— У дзяцінстве я вельмі не любіў і слова, і геаграфічны пункт Цхалтуба, бо гэта было на палове шляху ад Тбілісі да мора ў Батумі, а сваякі заўсёды туды заязджалі — я не вельмі добра пераносіў дарогу, і ў мяне Цхалтуба асацыяваўся з галавакружэннем, што там добрага? А 1938 год, студзень. Янка Купала трапна зрабіў, што паехаў туды зімою, бо летам у Цхалтуба вельмі душна, чалавек проста можа памерці.

Сустрэча ўрача і курортніка адбылася, кажуць, у панядзелак. Пазнаёміліся, і далей Янка Купала не столькі лячыўся, колькі адпачываў — у асноўным ездзіў на экскурсіі. І пасля аднаго з такіх падарожжаў Купала быццам збірае нейкія кветкі (у Цхалтуба не бывае звыклай для беларуса зімы) і дорыць іх мясцовым жанчынам, а перад ад’ездам зачытвае вершы ўслых, вырывае адну старонку з нататніка і дорыць сваёй грузінскай музе.

На пытанне аб тым, ці былі пачуцці да Купалы ўзаемнымі, унук Эліко адказвае наступнае.

— Вы памятаеце розніцу ва ўзросце паміж Купалай і маёй бабуляй. Жанчыны ў сям'і казалі, што паэт фліртаваў у Цхалтуба з многімі, ад медсясцёр да галоўнага ўрача, такою была яго паэтычная натура, — згадвае Гіві.

Але ж верш беларускі пясняр прысвяціў менавіта Эліко Метэхелі. Кім была гэтая жанчына, чым так прывабіла Янку Купалу і як яе лёс склаўся ў далейшым?

— Мая бабуля была вельмі адукаваная жанчына, але надта простая ў быце — заўсёды вучыла нас, што трэба многа працаваць і самому дасягаць нейкіх мэтаў у жыцці, — кажа яе ўнук Гіві.

Ён распавядае, што Метэхелі нарадзілася ў Тбілісі ў 1912 годзе, скончыла ўніверсітэт і адпрацавала ў Цхалтуба прыкладна паўтара года — да 1939-га.

— Якраз у 1938 годзе, пасля першага прыезду Купалы ў курортны горад, бабуля выйшла замуж, а ўжо ў маі 1939-га нарадзілася мая маці, — распавядае спадар Курашвілі. — Мой дзядуля быў геолагам і таксама працаваў у Цхалтуба, там яны і пазнаёміліся. Яны жылі разам да 1984 года, пакуль мой дзядуля не памёр.

Пасля Цхалтуба маладзёны пераехалі ў Тбілісі, дзе муж Эліко займаў высокія дзяржаўныя пасады — ён працаваў старшынёй Савета міністраў Грузіі да 1975 года. Сама Эліко таксама працавала да самай пенсіі, нягледзячы на тое, што магла сабе дазволіць іншае жыццё. На пенсіі яна ўжо глядзела сваіх унукаў, якія з дзяцінства бачылі ў кватэры бабулі партрэты і паэтычная зборнікі Янкі Купалы. А ці не раўнаваў муж Метэхеле?

— Казалі, што, наадварот, жонка Янкі Купалы была вельмі раўнівая і забараняла яму зачытваць і публікаваць верш «Генацвале», — усміхаецца Гіві. — А ў Грузіі тым часам распавядалі байкі, быццам мой дзядуля ў 1950-х забараніў выкананне песні на верш «Генацвале» ў грузінскіх СМІ. Але ж проста гэты твор у нейкі час выйшаў з моды, вось і ўсё. Ніхто нічога не забараняў. Мой дзядуля быў не таго сорту чалавекам.
Гіві Курашвілі (справа) з беларускімі музейнымі супрацоўнікамі

Цяпер у Тбілісі засталася практычна некранутай кватэра Эліко Метэхелі і яе мужа. Там жыве адзін з унукаў грузінскай музы Янкі Купалы.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by