20 105
04 января 2023 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Не толькі The Last of Us. Якія серыялы паглядзець у студзені

Источник: Зміцер Адашкевіч

Вядома, галоўнай падзеяй у серыяльным свеце студзеня застаецца запуск доўгачаканай экранізацыі гульні The Last of Us, якую знялі для HBO Max. Аднак і іншыя стрымінгавыя сэрвісы не збіраюцца сядзець склаўшы рукі. І Netflix, і Apple TV+ таксама бадзёра пачынаюць 2023 год з новых праектаў.

«Калейдаскоп» (з 1 студзеня на Netflix)

Умелы выкрадальнік і яго банда спрабуюць здзейсніць грандыёзнае і старанна прадуманае грабежніцтва на сем мільярдаў долараў. Аднак здрада, прагнасць і іншыя недахопы перашкодзяць іх планам.

Сюжэт заснаваны на рэальнай гісторыі, калі падчас урагану Сэндзі ў цэнтры Манхэтэна зніклі аблігацыі на мільярды долараў. Пры гэтым падзеі серыяла, мяркуючы па назвах эпізодаў, пачнуць развівацца за 24 гады да рабавання. З цікавага адзначым, што Netflix будзе прапаноўваць серыі не па парадку, а ўразнабой. І толькі фінальны эпізод будзе апошнім.

«Калейдаскоп» прадзюсавалі Эрык Гарсія разам з Рыдлі Скотам. Трэйлер абяцае бадзёры і цікавы баявік.

«Каўбой з Капенгагена» (з 5 студзеня на Netflix)

Адзін з двух серыялаў, якія прывезлі на фестываль у Венецыі. Другі — «Каралеўства» Ларса фон Трыера. Зрэшты, абедзве працы хутчэй падобныя на падзеленыя па серыях працяглыя фільмы. Але гэта не перашкаджае «Каўбою» быць унікальным і цікавым прадуктам.

Галоўная гераіня — дзяўчына па імені Міў, якой удалося вызваліцца з рабства ў бардэлі. Каб адпомсціць крыўдзіцелям, яна апускаецца ў крымінальны свет Капенгагена, завітваючы то ў мафіёзны рэстаран, то ў гняздо наркадылераў, то ў злавесны замак нейкіх вампіраў.

«Каўбой з Капенгагена» — пышнае відовішча з крывёй, неонам, постсавецкай эстэтыкай (з трэнікамі і леапардавымі ўборамі) і электронным саўндтрэкам. Кажуць, незабыўнае, але спецыфічнае відовішча, якое дакладна не пакіне абыякавым.

«Мэйфейрскія ведзьмы» (з 8 студзеня на АМС)

Экранізацыя серыі раманаў Эн Райс, прысвечаных сям'і ведзьмаў Мэйфей. Яны жывуць у Новым Арлеане, а іх дабрабыт залежыць ад сувязі са звышнатуральнай істотай па імені Лэшэр. Таксама тут ёсць таемнае таварыства «Таламаска», якое назірае за ведзьмамі, але намагаецца не ўмешвацца ў іх жыццё.

Цікава, што здымкі першага сезона рэальна праводзіліся ў Новым Арлеане. У АМС, здаецца, пакуль не надта вераць у поспех праекта. Гатовы першы сезон з васьмі эпізодаў, а далейшы лёс серыяла будзе залежаць ад таго, як гледачы ўспрымуць пачатак экранізацыі кніг Эн Райс.

«Фандорын. Азазэль» (з 9 студзеня на Kinopoisk)

Петраград, сталіца Расійскай імперыі, 2023 год. Рэвалюцыя не адбылася, бальшавікі не прыйшлі да ўлады, а цар Мікалай III дзеліць кіраванне краінай з прагрэсіўным прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Арловым. У гэты час 20-гадовы Эраст Фандорын пачынае кар'еру ў паліцыі.

Займаючыся не самай цікавай працай, ён даведваецца, што ўладальнік нафтаправоднай кампаніі, малады мільянер, страляе сабе ў скронь у цэнтры сталіцы на вачах у дзясяткаў людзей. Самагубства трапляе на запіс камеры робата-гарадавога. Фандорын пачынае падазраваць, што справа складаней, чым здаецца, і бярэцца за сваё першае сур'ёзнае расследаванне.

Ці то дзіўная, ці то незвычайная, ці то цікавая спроба аб’яднаць дзве эпохі ў пераасэнсаванні культавага дэтэктыва.

«Маканай: Гатуем для дома майка» (з 12 студзеня на Netflix)

Гісторыя сябровак Кіі і Сумірэ. Абедзве захацелі быць гейшамі і спрабуюць стаць майка — вучаніцамі. Неабходныя для складанага рамяства таленты, на жаль, выяўляюцца толькі ў Сумірэ. А вось Кіі не быць гейшай. Затое аказалася, што яна цудоўны кухар, які гатуе выдатныя стравы для майка.

Серыял адметны тым, што з'яўляецца першым тэлевізійным праектам Хіракадзу Карээда, рэжысёра фільма «Крамныя зладзюжкі». Стужка, нагадаем, некалькі гадоў таму атрымала галоўны прыз у Канах і прэтэндавала на «Оскар». Сам Хіракадзу Карээда для «Маканай» выступіў не толькі шоўранерам, але таксама сцэнарыстам і рэжысёрам некалькіх серый.

Серыял заснаваны на аднайменнай манзе Каяма Айка, якая выйшла пяць гадоў таму і стала вельмі папулярнай у Японіі. Летась па ёй ужо здымалі анімэ-серыял, і вось дайшла справа да чарговага праекта.

«Адны з нас» (з 15 студзеня на HBO Max)

Студзеньскі лакаматыў, які прыцягне ўвагу вялізнай аўдыторыі. А вось ці ўтрымае яе — пытанне. Як бы там ні было, база ў праекта выдатная — адна з самых вядомых і папулярных гульняў для PlayStation. Кажуць, бюджэт кожнай серыі склаў $10—15 млн, што можна параўнаць з выдаткамі на самыя дарагія эпізоды «Гульні тронаў».

Сюжэтна серыял будзе паўтараць першую частку гульні The Last of Us, аднак нейкія крокі ў бок магчымыя. Усяго ў экранізацыі будзе 10 серый, кожную з якіх здымаў вядомы фестывальны рэжысёр. Сюжэт засяродзіцца на кантрабандысце Джоэле і дзяўчынцы Элі, якія вымушаны выжываць у постапакаліптычным свеце сярод заражаных мутантаў.

Адаптацыяй гульні пад тэлевізійны фармат займаліся стваральнікі серыяла «Чарнобыль». У ролі Джоэла зняўся Пэдра Паскаль (Дзін Джарын з «Мандалорца»), а вобраз Элі ўвасабляе Бэла Рэмсі (Ліяна Мармонт з «Гульні тронаў»). Над сцэнарыем працаваў Ніл Дракман, аўтар гульні The Last of Us.

ЧОН-І (з 20 студзеня на Netflix)

У постапакаліптычнай найбліжэйшай будучыні даследчыца з лабараторыі штучнага розуму спрабуе пакласці канец грамадзянскай вайне, клануючы мозг гераічнага салдата — сваёй маці. Без сур'ёзных наступстваў, зразумела, не абыдзецца.

ЧОН-І — гэта робат, якім кіруе той самы кланаваны мозг маці вучонай. Задача ўскладняецца тым, што паверхня планеты ўжо даўно не прыдатная для пражывання людзей, а грамадзянская вайна разгарнулася ў падземных сховішчах, дзе туліцца ўцалелае чалавецтва.

«ЧОН-І» стаў апошняй працай для Кан Су-ён, якая вясной 2022 года памерла ад кровазліцця ў мозг. Актрыса сыграла адну з галоўных роляў у серыяле, выхад якога планавалі яшчэ летась, але ў выніку перанеслі на 2023-ы. Здымаў «ЧОН-І» рэжысёр драйвовага хорару «Цягнік у Пусан».

«Покерфэйс» (з 26 студзеня на Peacock)

Ці засталося ў свеце, дзе ледзь не кожны серыял па сутнасці з'яўляецца 50-гадзінным фільмам, месца для крымінальнага працэдурала, натхнёнага расследаваннямі лейтэнанта Каломба? Раян Джонсан, рэжысёр дэтэктыўных хітоў «Дастаць нажы», упэўнены, што засталося.

Ролю дэтэктыва Чарлі выканала Наташа Ліён (яна ж заадно і спрадзюсавала праект). Выкарыстоўваючы прыроджаную здольнасць распазнаваць хлусню, яна падарожнічае па краіне, адначасова раскрываючы мноства спраў. Усё гэта ў расслабленай і злёгку камедыйнай атмасферы.

Фармат, абраны аўтарамі «Покерфэйса», выдатна пасуе для камеа мноства розных зорак. Так, ужо заяўлены Джозэф Гордан-Левіт, Эдрыян Броўдзі, Рон Перлман, Нік Нолці і многія іншыя.

«Агенцтва „Локвуд і кампанія“» (з 27 студзеня на Netflix)

Васьмісерыйны падлеткавы серыял, заснаваны на раманах Джонатана Страўда. І там, і там галоўныя героі — гэта група тынэйджараў, якія палююць за прывідамі ў Лондане. Ёсць нават цэлае агенцтва «Локвуд і кампанія», якім кіруюць два маладыя чалавекі і дзяўчына. Вось іх прыгодам і прысвечана тэлешоу.

Серыял «Агенцтва „Локвуд і кампанія“» стаў адным з першых праектаў новай прадзюсарскай кампаніі, створанай Эдгарам Райтам. Гэты брытанскі рэжысёр вядомы сваімі сумеснымі працамі з Сайманам Пегам і Нікам Фростам: «Тыпа крутыя лягавыя», «Зомбі па імені Шон».

«Тэрапія» (з 27 студзеня на Apple TV+)

Камедыя пра псіхатэрапеўта Джымі. Ён так смуткуе па сваёй памерлай жонцы, што парушае прафесійную этыку. Замест таго каб выслухоўваць кліентаў і шматзначна ківаць галавой, ён гаворыць ім тое, што думае. Гэта прыводзіць да сур'ёзных змен як у жыцці пацыентаў, так і ў жыцці самога Джымі.

Насамрэч на момант напісання гэтага тэксту пераклад назвы новага серыяла быў невядомы. У арыгінале ж ён называецца Shrinking. Цікава і тое, што Shrinking — новы праект ад аўтараў «Тэда Ласа», мабыць самага раскручанага серыяла на Apple TV+.

Роля Джымі дасталася Джэйсану Сігелу, найбольш вядомаму па працы ў серыяле «Як я сустрэў вашу маму». Акрамя яго ў «Тэрапіі» можна будзе ўбачыць Харысана Форда, які зусім нядаўна дэбютаваў на тэлебачанні ў серыяле «1923».

Onlíner рекомендует
43" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR10, Dolby Vision, HLG, DTS:HD, Wi-Fi, смарт пульт
Нет в наличии
Onlíner рекомендует
32" 1366x768 (HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), DTS, Wi-Fi, смарт пульт
Нет в наличии
Onlíner рекомендует
50" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR10, Dolby Vision, HLG, DTS:HD, Wi-Fi, смарт пульт
Нет в наличии

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by