35 646
03 января 2023 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Гай Рычы, дзяцінства Грома і Эдгар Алан По. Што паглядзець у студзенi

Источник: Зміцер Адашкевіч

Часта студзень — мёртвы ў плане кінапрэм'ер месяц. Але толькі не гэтым разам. Так, гучных і маштабных навінак не вельмі шмат, але пры жаданні знойдзецца што паглядзець. Тут і перанесены са снежня «Чабурашка», і новы фільм Гая Рычы, і класічны баявік у стылі 1990-х, і некалькі падарункаў ад стрымінгавых сэрвісаў.

«Чабурашка» (з 1 студзеня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Дзмітрый Дзячэнка.

У ролях: Сяргей Гармаш, Вольга Кузьміна, Паліна Максімава.

«Чабурашку» анансавалі яшчэ ў мінулым месяцы, аднак прэм’еру перанеслі на тыдзень, таму зараз гэта ўсё ж студзеньская стужка.

Гэта не пераказ мультфільмаў пра персанажа, якога прыдумаў Эдуард Успенскі, а, так бы мовіць, пераасэнсаванне класікі. Так, Чабурашка тут — не цацка, а жывы звярок, а Гена — не кракадзіл, а садоўнік.

Як зазначаецца ў апісанні фільма, «Чабурашка цалкам можа аказацца сапраўдным касматым звярком, які жыве ў апельсінавым гаі, а не выдуманай цацкай». На базе гэтага і будуецца далейшая гісторыя з прыгодамі вушастага.

«Гром: Цяжкае дзяцінства» (з 1 студзеня на Kinopoisk)

Рэжысёр: Алег Трафім.

У ролях: Кай Гетц, Сяргей Марын, Аляксей Вядзернікаў.

«Маёр Гром» — адзін з нямногіх прыкладаў удалых кінакоміксаў, зробленых у Расіі. Спачатку была паўгадзінная кароткаметражка, якая нечакана так завірусілася, што праз некалькі гадоў з'явіўся паўнавартасны поўнаметражны фільм «Чумны доктар». «Цяжкае дзяцінства» — прыквел пазамінулагодняй стужкі.

Падзеі адбываюцца ў 1990-х у Санкт-Пецярбургу. Праўда, аўтары падкрэсліваюць, што гаворка пра выдуманую гісторыю і альтэрнатыўны сусвет, а гэта значыць, што асаблівай дакладнасці чакаць не варта. Ігар Гром яшчэ падлетак і ў асноўным толькі назірае, як са злачынствам змагаецца яго бацька. Мужчыну трэба адолець крымінальнага боса па мянушцы Анубіс.

Гледачоў, мяркуючы па ўсім, зноў чакаюць кліпавы мантаж і яркая карцінка. Да іх дадаліся саўндтрэк з 1990-х і дзіцячыя артэфакты таго часу накшталт кіслотнага колеру жуек.

«Марс Адзін» (з 5 студзеня на Netflix)

Рэжысёр: Габрыэл Марцінс.

У ролях: Сісера Лукас, Карлас Францыска.

Бразільская стужка, вылучаная краінай на прэмію «Оскар» за лепшы фільм на замежнай мове. Прэм'ера адбылася на фестывалі «Сандэнс» амаль год таму. Там карціну сустрэлі вельмі цёпла.

Галоўны герой — хлопчык Дэйвінья. Ён жыве ў небагатай сям'і разам з бацькам-швейцарам, які некалькі гадоў таму завязаў з алкаголем, а зараз марыць аб тым, каб яго сын стаў футбалістам. Мама ўпэўнена, што праклятая, а старэйшая сястра сустракаецца з дзяўчынай. Сам жа хлопец марыць аб кар'еры астрафізіка і вельмі хоча ўдзельнічаць у каланізацыі Марса.

«Марс Адзін» — праца бразільскага пастаноўшчыка Габрыэля Марцінса. Аматары хорараў могуць быць знаёмыя з ягонымі «Вузамі д'ябла».

«Аперацыя „Фартуна“: Мастацтва перамагаць» (з 5 студзеня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Гай Рычы.

У ролях: Джэйсан Стэйтэм, Обры Плаза, Джош Хартнэт, Х'ю Грант.

Новы фільм Гая Рычы, рэкламу якога вы маглі бачыць яшчэ год таму. Рэч у тым, што рэліз «Фартуны» планаваўся яшчэ ў студзені 2022-га, аднак потым выхад карціны з бюджэтам больш за $125 мільёнаў вырашылі адкласці на год.

У цэнтры ўвагі баевіка — шпіён Орсан. У яго новае заданне: трэба перашкодзіць аднаму мільярдэру перадаць гангстарам зброю, здольную разбурыць увесь сусветны парадак. Аднак аднаму працаваць нельга. У дапамогу Орсану прызначаюць яшчэ некалькі сакрэтных агентаў і эксцэнтрычную зорку з Галівуда.

Мяркуючы па ўсім, перад намі ўсё той жа Гай Рычы, які любіць Джэйсана Стэйтэма, ліха закручаную гісторыю, шустры тэмп апавядання і крутыя бандыцкія разборкі.

«Усёвідушчае вока» (з 6 студзеня на Netflix)

Рэжысёр: Скот Купер.

У ролях: Крысціян Бэйл, Джыліян Андэрсан, Гары Мелінг.

1830-я гады. Дэтэктыва Аўгуста Ландора прыцягваюць да расследавання шэрагу забойстваў кадэтаў ваеннай акадэміі Вэст-Пойнт. Справа ўскладняецца тым, што пакуль яшчэ жывыя вучні не надта ахвотна дапамагаюць сышчыку. Толькі адзін пагаджаецца стаць сапраўдным памочнікам — юны Эдгар Алан По.

«Усёвідушчае вока» грунтуецца на аднайменным рамане Луіса Баярда, які быў намінаваны на прэмію «Эдгар». Дарэчы, По сапраўды быў кадэтам у Вэст-Пойнце. Юнага пісьменніка іграе Гары Мелінг, а роля дэтэктыва дасталася Крысціяну Бэйлу. Хапае тут і іншых зорак, уключаючы Джыліян Андэрсан і Шарлоту Генсбур.

«Усёвідушчае вока» прэтэндуе на званне патэнцыйнага хіта. Праўда, не ўсе першыя водгукі крытыкаў станоўчыя. Фільм хваляць за гатычную атмасферу і прыгожую карцінку, але крытыкуюць за нелагічны і слабы сюжэт.

«Рэха мінулага» (з 6 студзеня ў інтэрнэце)

Рэжысёр: Брэт Данаху.

У ролях: Нікалас Кейдж, Клінт Ховард, Абрахам Бенрубі.

Давайце дадзім Нікаласу Кейджу яшчэ адзін шанец паказаць сябе не ў самапародыі ці артхаўсе, а ў звычайным масавым кіно. А тут яшчэ і вестэрн — складаны і не надта папулярны ў апошні час жанр. Раптам менавіта гэта і неабходна, каб адкрылася другое дыханне?

Некалі вядомы бандыт Колтан Брыгс вырашае пачаць жыццё нанова, жэніцца і стварае сям'ю. Праз некалькі год яго жонку забівае сын чалавека, якога калісьці забіў Колтан. Разам з дачкой-падлеткам Брыгс адпраўляецца на пошукі забойцы жонкі, каб адпомсціць за яе.

Дзеля справядлівасці, чагосьці добрага ад гэтага фільма чакаць складана. Рэжысёр Брэт Данаху вядомы хіба што некалькімі правальнымі хорарамі, у асноўным малабюджэтнымі. Ну а пра Нікаласа Кейджа вы і так усё ведаеце.

«Крушэнне» (з 26 студзеня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Жан-Франсуа Рышэ.

У ролях: Джэрард Батлер, Майк Колтэр, Ёсан Ань.

Бравы пілот Бродзі з-за шторму вымушана саджае самалёт у філіпінскіх джунглях. Пасажыры жывыя і здаровыя, але, здаецца, ненадоўга. У джунглях заселі крыважэрныя найміты, якія мараць захапіць самалёт і ўзяць пасажыраў у заложнікі. Перашкодзіць планам зладзеяў можа толькі Бродзі.

Павеяла баевікамі з 1990-х? Не дзіўна, бо рэжысёрам выступае француз Жан-Франсуа Рышэ, які раней зняў «Вораг дзяржавы №1» і «Напад на 13-ы ўчастак». Таму цалкам можа атрымацца моцная стралялка без асаблівага сэнсу.

«Маё пірацкае вяселле» (з 27 студзеня на Amazon Prime Video)

Рэжысёр: Джэйсан Мур.

У ролях: Джэніфер Лопес, Джош Дзюамель, Лэні Кравіц.

Камедыйны баявік з Джэніфер Лопес у галоўнай ролі. Яе персанаж рыхтуецца да багатага вяселля на востраве. Дробныя непаразуменні і спрэчкі неўзабаве адыходзяць на другі план, таму што востраў атакуюць піраты, якія бяруць усіх у заложнікі. Ратаваць гасцей трэба будзе маладым.

Першапачаткова на ролю жаніха разглядаўся Раян Рэйнальдс. Пазней замест яго запрасілі Армі Хамера, аднак з-за абвінавачванняў у жорсткіх паводзінах у праект не трапіў і ён. У выніку ўзялі Джоша Дзюамеля.

«Пярэварацень: Фільм» (з 27 студзеня на Paramount+)

Рэжысёр: Расэл Малкэй.

У ролях: Іэн Боэн, Тайлер Позі, Холэнд Радэн, Тайлер Хэклін.

Поўнаметражны працяг аднайменнага падлеткавага серыяла, які выходзіў з 2011 па 2017 год і вядомы таксама як «Ваўчаня». Над стужкай працавала тая ж каманда, тут шмат акцёраў з арыгінальнага тэлешоу. Таксама «Пярэварацень: Фільм» лічыцца адпраўной кропкай для «Воўчай зграі» — новага серыяла, які з'яўляецца спін-офам «Ваўчаня».

Сюжэт просты і па-ранейшаму звязаны з хлопцам, якога ўкусіў пярэварацень і які, відавочна, сам навучыўся ператварацца ў ваўка. Усё разгортваецца праз некалькі гадоў пасля заканчэння серыяльных падзей і адбываецца ў выдуманым мястэчку Бэкан-Хілс. Тут зноў пасялілася зло, якому трэба даць адпор.

Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
43" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR, Wi-Fi
Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
32" 1366x768 (HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), Wi-Fi
55" 3840x2160 (4K UHD), матрица VA, частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Яндекс.ТВ), Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by