Мінулай вясной мы задумалі цыкл «Поры года»: адпраўляліся ў глуш, фатаграфавалі адзін і той жа лес у розныя сезоны. Шукалі адрозненні паміж вясной, летам, восенню. Сёння закальцоўваем гэты кругаварот прыгажосці ў прыродзе зімовай серыяй. Як заўсёды, у кадры Нацпарк «Нарачанскі» — але такім вы яго бачыць не прывыклі. Ні зеляніны, ні вусеняў — затое ёсць трохі кракадзілаў і шмат мокрых ног.
Калі паставіць гучнасць на максімум, можна пачуць, як на гэтых малюнках рыпіць снег.
Зімовы лес абсталяваў уласную паласу перашкод, чакае фізкультурнікаў.
Тролі ў выглядзе елак і соснаў цярпліва чакаюць, на каго б скінуць гурбу.
Снег гады ў рады дае магчымасць пераканацца: ты тут увогуле не адзін. Калі нікога не бачыш, гэта не значыць, што за табой не назіраюць некалькі пар вачэй з-за дрэў. Складаюць меркаванне. Таму трымайся годна. Не сутулься.
Імхі і лішайнікі нават пад снегам працягваюць сваю поўную заблытаных інтрыг гульню тронаў.
Мароз — сам сабе акцыяніст. Так бачыць прыгажосць.
Фестываль малых архітэктурных форм уступіў у зімовую фазу.
Так мясцовы аўтар бачыць кракадзіла, казу, маржа, сабаку. Калі вы заўважылі кагосьці яшчэ — гэта вашы праблемы.
Купальня цярпліва чакае сваіх ружова-шызых купальшчыкаў.
Свежую партыю саманадзейных гарадскіх лыжнікаў у прыгожых касцюмах перыядычна падвозіць аўтобус. Яны адыходзяць удалячынь. І ніколі не вяртаюцца.
Так, мы ўжо жартавалі пра левітацыю ў гэтым лесе. Нас зараз не спыніць.
А тым часам лыжнікі адыходзяць усё далей і паступова патанаюць у гэтай прасторы.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by