Не стала вядомага беларускага мастака Алеся Родзіна. Яму было 75

UPD
5272
19 декабря 2022 в 14:24
Автор: Тарас Щирый. Фото: Максім Тарналіцкі, Максім Маліноўскі

Не стала вядомага беларускага мастака Алеся Родзіна. Яму было 75

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максім Тарналіцкі, Максім Маліноўскі

Жыццё няўмольна бяжыць наперад, пакідаючы з кожным месяцам нас без таленавітых, арыгінальных і яскравых асоб. Учора разляцелася навіна аб смерці беларускага тэатразнаўца Аляксея Стрэльнікава. Сёння стала вядома, што пайшоў з жыцця вядомы мастак Алесь Родзін. Яму было 75...

Пра смерць мастака ў Facebook паведаміў ягоны паплечнік Зміцер Юркевіч: «Сёння ўначы адышоў у лепшы свет спадар Алесь Родзін. Апошнія некалькі тыдняў ён знаходзіўся ў лякарні. Мужна змагаўся з хваробай. Але не перамог».

Родзін ніколі не прысутнічаў у мэйнстрымавым мастацтве, але ў андэграундым асяродку яго цудоўна ведалі як незвычайнага творца.

Ён у тым ліку прывабліваў сваімі велізарнымі філасофскімі працамі, якія змяшчалі даволі шмат персанажаў. Перад такімі палотнішчамі хацелася засяродзіцца і медытыраваць, вывучаючы кожны сантыметр, кожны вобраз.

Ён нарадзіўся ў Баранавічах у 1947-м, пазней скончыў тэатральна-мастацкі інстытут. У 1990-х выстаўляўся ў Францыі, Бельгіі, Польшчы, Украіне, а пасля працяглы час жыў у Берліне  у вядомай творчай прасторы «Тахелес», якая аб'яднала незалежных мастакоў і стала для Родзіна і майстэрняй, і лакацыяй для выстаў адначасова. Апошнім часам Родзін жыў у Беларусі і актыўна ўдзельнічаў у выставах і перформансах, з паплечнікамі ладзіў фестываль эксперыментальнага мастацтва «Дах», цікавіўся беларускай гісторыяй.

У ліпені спадар Алесь даў змястоўнае інтэрв'ю «Анлайнеру». Так склалася, што ў ягоным жыцці яно стала адным з апошніх. Вось некалькі цытат з гэтай размовы.

Пра эксперыменты ў мастацтве

— Рэалістычнае мастацтва мае пэўныя рамкі, і за іх не выйдзеш. А вось спалучэнне фігуратыўнага з элементамі абстрактнага мастацтва стварае сімбіёз, які мне цікавы. І стварэнні, што прысутнічаюць на маіх працах, уздзейнічаюць на ўспрыманне. У мяне была магчымасць паэксперыментаваць з гэтым на вялікую колькасць людзей, і я прыйшоў да высновы, што гэта тое рэчышча, якога я мушу прытрымлівацца.

Пра карціны, якія створаны пад уздзеяннем галюцынацый

— Так, мне задавалі падобныя пытанні. Гадоў у 25 мы спажывалі рознае, але я зразумеў, што гэта зусім не маё. Тым больш я ведаю, што нічым добрым падобнае падмацаванне не заканчваецца. Калісьці мне год спатрэбіўся на тое, каб прыйсці пасля гэтага ў сябе. Таму не, не маё.

Пра мастацтва і грошы

— Мне грошы не патрэбны. І той жа «Тахелес» усе гэтыя схільнасці з чалавека выбіваў. Як толькі такі мастак там з'яўляўся, ён адразу знікаў. З-за гэтага губляецца сутнасць мастацтва, і гэта лёгка счытваецца.

Пра тое, чаму на выставе «Арт-Мінск» ацаніў сваю карціну ў 52 тысячы беларускіх рублёў

— Зрабіў так, каб яе ніхто не ўздумаў кранаць. А то хто-небудзь набыў бы яе, і пасля яна знаходзілася б у прыватнай калекцыі. Мне гэта не патрэбна. Я кошт з галавы паставіў. Мне проста хацелася там выставіцца. Як ужо казаў, выстава для мяне — гэта галоўнае.

Пра вялікую калекцыю сваіх твораў

— Хацелася б, каб працы знаходзіліся ў памяшканні, дзе можна было б праводзіць і фестываль «Дах». Было б добра. Але што зробіш... Не ведаю, што будзе наперадзе. Ды і няма часу думаць пра мары. У мяне цяпер ідзе выстава (летам праходзіла буйная выстава ў мінскай прасторы «Фабрыка». — Заўв. Onlíner), і зараз для мяне галоўнае — сканцэнтравацца на ёй.


Развітанне з Алесем Родзіным адбудзецца 21 снежня з 14:00 да 14:45 у залі №1 па вуліцы Альшэўскага, 1.


 

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове