Сусветныя блокбастары паціху вяртаюцца ў кінатэатры. Пачалося ўсё з «Чорнага Адама», але там усё настолькі дрэнна, што гэты дэбют мы наўмысна вырашылі прапусціць. Працяг «Чорнай Пантэры» — зусім іншая справа. Тут і маштабы большыя, і мэты круцейшыя. Ледзь не ўпершыню за год схадзілі ў кінатэатр і расказваем, як гэта было.
«Чорная Пантэра» чатырохгадовай даўніны нечакана стала звышпаспяховым супергеройскім фільмам. Блокбастар сабраў больш за 1,3 мільярда долараў і ўшчыльную наблізіўся да рэкордных дзвюх частак «Мсціўцаў».
Па выніках года многія агрэгатары і СМІ назвалі «Пантэру» лепшым фільмам, а на цырымоніі «Оскар» стужка прэтэндавала адразу на сем узнагарод, уключаючы «Фільм года». У выніку карціне дасталіся тры статуэткі ў тэхнічных намінацыях, але гэта ўсё роўна вялікае дасягненне для супергеройскага баевіка.
Цікава, што пры гэтым сама стужка нейкімі выбітнымі рысамі не вылучаецца. Гэта звычайнае прэснае кіно, у якім вельмі мала ад кінакоміксаў, затое шмат спроб згуляць у афраамерыканскую версію бандыяны. У «Чорнай Пантэры» было мала экшэна, шмат надуманых «праблем» і незразумелай жанравай мітусні. Увогуле, звычайны эксперыментальны прахадняк.
Сітуацыю ўскладніла смерць выканаўцы галоўнай ролі — Чэдвіка Боўзмана. Жадаючы аддаць акцёру даніну павагі, фільм сталі яшчэ больш узнімаць, прыпісваючы яму выдуманыя заслугі. Было гэта бяздушна спланаванай кампаніяй ці проста так атрымалася, але ў выніку «Чорная Пантэра» стала ледзь не драйверам кінакоміксаў Marvel. Значыць, і працягу быць.
Але як быць з сіквелам, калі акцёр, які ўвасобіў Чорную Пантэру, памёр? Загрыміраваць кагосьці пад яго? Патраціць сотні мільёнаў на лічбавую копію акцёра? У выніку пайшлі па самым відавочным і простым шляху: трошкі перапісалі сцэнар, паводле якога Т’Чала, гэтак жа як і Чэдвік Боўзман, раптоўна памёр. Хто ж стане Чорнай Пантэрай замест яго?
Якраз з моманту смерці Т’Чалы і пачынаецца фільм. З урыўкавых гутарак становіцца ясна, што кароль захварэў, хваробу сваю хаваў і дактарам не паказваўся. Як вынік — раптоўная смерць, чамусьці вясёлае пахаванне і новы кіраўнік — маці Т’Чалы.
Праз год нам паказваюць, як амерыканскія нягоднікі і іх еўрапейскія памагатыя толькі і думаюць аб тым, як завалодаць вібраніумам і адсунуць ганарлівую Ваканду з сусветнай арэны. Дзякуючы вынаходніцтву цемнаскурай студэнткі Рыры быў створаны спецыяльны разведвальны апарат, з дапамогай якога заходнія ўрады шукаюць вібраніум на дне мораў і акіянаў.
І вось — поспех. Звышмоцны іншапланетны метал нарэшце знайшлі не на тэрыторыі Ваканды. Дзядзька Сэм ужо пачаў паціраць лапкі, калі аказалася, што і ў гэтага скарбу ёсць свой гаспадар. Гэта мексіканскі эльф у зялёных плаўках і сандалетах з крылцамі. Яго клічуць Нэмор, і ён (раптоўна) кіруе яшчэ адной невядомай звышдзяржавай — Талаканам.
Талаканцы яшчэ больш крутыя за вакандцаў. Па-першае, яны сіняскурыя на манер аватараўскіх на’ві. Тут можна было б і скончыць, але плюс да гэтага яны яшчэ практычна бессмяротныя, разумныя, смелыя, умелыя і наогул.
Сотні гадоў таму Нэмор таксама пацярпеў ад калектыўнага Захаду. А таму прапануе Вакандзе саюз. Маўляў, вы нам знойдзеце Рыры, а потым Талакан разам з Вакандай усіх заб'юць. А калі Ваканда адмовіцца, дык і яе жыхароў заб'юць. Увогуле, куды ні зірні — усюды смерцю пагражаюць. Чаму ўсемагутны амаль бог Нэмор са сваімі касаткамі, дэльфінамі і сінімі кітамі сам не можа адшукаць студэнтку? Навошта яна яму наогул, калі ён і так сабраўся мір нішчыць? Усе гэтыя і многія іншыя пытанні ў прыстойным грамадстве задаваць не варта.
Трохі паплакаўшы і дзеля хронаметражу паспрачаўшыся, вакандцы згаджаюцца знайсці студэнтку, але ў сваіх мэтах. У рэшце рэшт усе адзін на аднаго пакрыўдзяцца і пачнуць ваяваць да апошняй слязінкі.
Касцюмы. У новай «Вакандзе навекі» шыкоўныя, незвычайныя, часам вычварныя, але заўсёды «ў тэму» касцюмы. Паколькі непасрэдна Чорнай Пантэры на гэты раз надаецца зусім крыху часу бліжэй да фіналу фільма, то даводзілася адыгрывацца на астатніх персанажах. І літаральна кожная шмотка, якая трапляе ў кадр, выглядае як лепшая частка мясцовых спецэфектаў.
Але ўсё гэта так толькі ў тым выпадку, калі забыць Нэмора. Не, праўда, плаўкі, пацеркі і сандалеты з крыламі — гэта ўсё яшчэ вынаходліва, але ўжо больш у сэнсе пахіхікаць.
Саўндтрэк. Кампазітар тут той жа, што і чатыры гады таму ў першай «Чорнай Пантэры». Тады, нагадаем, Людвіг Гарансан за сваю працу атрымаў «Оскар». Упэўненыя, што як мінімум намінацыя на прэмію будзе і на гэты раз. Магутныя барабанныя рытмы з афрыканскімі напевамі вельмі добрыя як самі па сабе, так і асабліва як суправаджэнне для «Ваканды навекі».
Больш за тое, часта менавіта саўндтрэку ўдаецца папрацаваць замест астатніх аспектаў фільма, якія павінны адказваць за настрой. Музыка тут будуе атмасферу лепш, чым што б там ні было яшчэ.
Помніцца, мы лаялі першую «Чорную Пантэру» за мышыную валтузню. Маўляў, там ніхто не ратуе мір і прынцэс, не змагаецца з сусветным злом і не ўдзельнічае ў касмічных бойках. Так, проста дробная гісторыя аб атрыманні ў спадчыну трона ў нейкай богам забытай, хай і супертэхналагічнай краіне.
Што ж, у «Вакандзе навекі» усё наадварот. Тут ёсць антаганіст, які задумаў спаліць свет, а таксама супергерой, які ратуе гэты самы свет. Выправіліся, але лепш не стала. Бо гісторыя ўсё такая ж прэсная і сумная, ды яшчэ расцягнутая амаль на тры гадзіны. Плаксівая цяганіна з выдуманымі бедамі, пра якія немагчыма маўчаць, выглядае не лепш за барацьбу за трон з першай серыі.
Затое ў спадчыну «Вакандзе навекі» перайшла мікраскапічная маштабнасць таго, што адбываецца. Гэта мы пра дысананс, які ўзнікае, калі нам быццам бы паказваюць нейкія маштабныя падзеі, але ўдзельнічае ў іх заўсёды толькі групка пераапранутых фрыкаў.
Вядома ж, нікуды не падзеліся і прамыя, як палка, сацыяльныя пасылы. Толькі на гэты раз іх нібыта паспрабавалі вывесці на глабальны ўзровень. Выказвання, зрэшты, не атрымалася. Выйшла сумна, нацянута, «не ў тэму».
У мінулы раз карціну часам трошкі ратаваў персанаж Эндзі Серкіса. На жаль, у працягу няма і намёку ні на самаіронію, ні на цікавых герояў. Гэта, напэўна, галоўная бяда «Ваканды навекі». Тут няма ніводнага запамінальнага, цікавага, глыбокага (у пераносным сэнсе слова) персанажа.
Часта ратавальнікам фільма можа выступаць галоўны злодзей са старанна прапрацаваным характарам. Але не ў гэты раз. У Нэмора ёсць нейкая свая кульгавая матывацыя, аднак усё, ад яго знешнасці да паводзін, нібы крычыць: нам падсунулі антаганіста-лузера.
У апошні час усё часцей заўважаю, што ў блокбастараў усё дрэнна з візуальнай часткай, а менавіта — з кампутарнымі эфектамі. Прычым гэта не залежыць ад велічыні бюджэту. І ў «Ваканды» тая ж праблема. Агрэхі футурыстычных пейзажаў тут любяць хаваць у смузе або падводнай каламуці. Падводныя сцэны ў цэлым непрыкметныя і па відовішчнасці разгромна саступаюць «Аквамэну».
Бліжэй да фіналу кідаецца ў вочы намаляваная Чорная Пантэра. Мусіць, камусьці не захацелася рабіць небяспечных трукаў, якія ў выніку даверылі кампутарнай мадэлі. Аднак яна ж удзельнічае і ў зусім простых сцэнах накшталт «штурхнуць нагой злодзея».
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by