12 384
01 декабря 2022 в 13:40
Источник: Зміцер Адашкевіч

Рабы, коміксы і Чабурашка. Лепшыя фільмы снежня

Источник: Зміцер Адашкевіч

У Беларусь часткова вяртаюцца сусветныя блокбастары. Так, у кінатэатры пад канец года завязуць «Чорную пантэру» і нават «Чабурашку». З дзясятка адабраных намі кінапрэм'ер амаль палова ўжо прыпадае на кінатэатры. Але ўсё ж стрымінгавыя сэрвісы са сваімі гучнымі навінкамі пакуль яшчэ лідзіруюць.

«Трохкутнік смутку» (з 1 снежня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Рубен Эстлунд.

У ролях: Харыс Дзікінсан, Чарлбі Дын, Златка Бурыч, Вудзі Харэльсан.

Уладальнік галоўнай узнагароды Канскага кінафестывалю, які прайшоў вясной. Роўна паўгода новай рабоце Рубена Эстлунда спатрэбілася для таго, каб дабрацца да нашых кінаэкранаў. Затое зараз усе ахвочыя могуць паглядзець адзін з галоўных фільмаў 2022 года.

Прыгожая і паспяховая пара Карл і Яя адпраўляюцца на раскошнай яхце ў круіз. Вакол — багатыя і знакамітыя. Вось захоплены ідэямі сацыялізму рускі алігарх, вось — яго дзівакаватая жонка, вось — вытворца зброі. Тутака ж знайшлося месца для крутога айцішніка і запойнага капітана. Падарожжа прайшло б зусім весела, калі б не моцны шторм і бязлюдны востраў.

«Трохкутнік смутку» — сацыяльная сатыра ў стылі Эстлунда. Пяць гадоў таму ў тых жа Канах перамагла яго карціна «Квадрат» — сатыра на сучаснае мастацтва. У гэтым жа годзе высмейванню падвергліся такія «заганы», як багацце, папулярнасць, поспех. Цікаўна, што, калі верыць рэсурсу Metacritic, простым гледачам гэты фестывальны фільм спадабаўся больш, чым крытыкам. Такое рэдка бывае.

«Эмілі» (з 8 снежня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Фрэнсіс О’Конар.

У ролях: Эма Маккей, Олівер Джэксан-Коэн, Фін Уайтхед.

Байопік пра знакамітых сясцёр Бронтэ, дакладней, у асноўным пра адну з іх — Эмілі. У сярэдзіне XIX стагоддзя правінцыйныя дзяўчаты з Уэст-Ёркшыра нарабілі шуму ў літаратурных колах. Кожная з сясцёр у 1847 годзе напісала па адным рамане, і кожны з іх стаў вялікай падзеяй.

Шарлота Бронтэ, старэйшая з сясцёр, напісала культавую кнігу «Джэйн Эйр», сярэдняя Эмілі — «Навальнічны перавал», а малодшая Эн — «Агнес Грэй». І Шарлота, і Эн сталі куды больш пладавітымі пісьменніцамі, чым Эмілі, адзіным раманам якой так і застаўся «Навальнічны перавал».

На жаль, пра жыццё сярэдняй сястры Бронтэ вядома вельмі мала. Аўтары карціны не ўтойваюць, што шмат у чым іх гісторыя выдуманая. У «Эмілі» яны спрабуюць творча адлюстраваць атмасферу і ўмовы, у якіх быў створаны «Навальнічны перавал».

«Чорная пантэра: Ваканда навекі» (з 8 снежня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Раян Куглер.

У ролях: Летышыа Райт, Лупіта Ніёнга, Данай Гурыра, Уінстан Дзюк.

Першы вялікі блокбастар, які вярнуўся на беларускія кінаэкраны. Яго сусветная прэм'ера адбылася месяц таму, але добра ўжо тое, што фільм увогуле дабраўся да нас. Зрэшты, водгукі аб чарговай стужцы Marvel неадназначныя.

Працяг «Чорнай пантэры» апынуўся ў непрыемнай сітуацыі. У самы разгар перадпрадакшэна ад раку памёр выканаўца галоўнай ролі Чэдвік Боўзман. Аўтары праекта запэўнілі, што не будуць рабіць лічбавую копію акцёра, а таксама не стануць шукаць яму замену. Як жа вырашылі праблему? Некалькі разоў прыйшлося цалкам перапісваць сцэнарый, каб Чорнай пантэрай зрабіць жанчыну.

На Metacritic у «Ваканды» 67 балаў. Здаецца, нядрэнна, але звычайныя гледачы ўсё ж маюць да фільма прэтэнзіі. Скардзяцца на хронаметраж (ён тут амаль тры гадзіны), зацягнутасць, нуду, слабы сюжэт, невялікую колькасць экшэна і «жаданне нажыцца на смерці Чэдвіка Боўзмана». Так гэта ўсё ці не, убачым ужо на наступным тыдні.

«Вызваленне» (з 9 снежня на Apple TV+)

Рэжысёр: Антуан Фукуа.

У ролях: Уіл Сміт, Бэн Фостэр, Стывен Ог.

Адна з самых чаканых прэм'ер на Apple TV+. «Яблычная» карпарацыя доўга і ўпарта змагалася з канкурэнтамі за правы на пракат «Вызвалення». У выніку яны абышліся кампаніі ў рэкордныя $130 мільёнаў.

У цэнтры сюжэта — рэальная гісторыя беглага раба Гордана. У 1863 годзе СМІ апублікавалі фота яго спярэшчанай рубцамі спіны, якія засталіся ад пугі наглядчыка. Здымак адыграў важную ролю ў руху за адмену рабства. У фільме, праўда, галоўнага героя клічуць Петэр. Але яго таксама забілі пугай амаль да смерці, пасля чаго ён збег з плантацыі на поўнач, дзе ўступіў у войска Саюза.

Здымкі фільма некалькі разоў пераносіліся і прыпыняліся, у тым ліку праз COVID-19. Пераносіўся і рэліз, на што паўплываў скандал з удзелам Уіла Сміта, які на 94-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» даў аплявуху Крысу Року.

«Пінокіа Гільерма дэль Тора» (з 9 снежня на Netflix)

Рэжысёр: Гільерма дэль Тора.

Лялечны мультфільм, які даволі незвычайна падышоў да адлюстравання вядомай казкі Карла Калодзі. Падзеі «Пінокіа Гільерма дэль Тора» адбываюцца ў 1930-я гады ў фашысцкай Італіі. Новая праца знакамітага рэжысёра вытрымана ва ўласцівым яму стылі — з сумам, смуткам і іншымі атрыбутамі тлену.

Праект знаходзіўся ў распрацоўцы (ці як мінімум стаў ідэяй) яшчэ з 2008 года, калі быў анансаваны Гільерма дэль Тора. Карціна павінна была выйсці каля 10 гадоў таму, аднак гэтага не адбылося. У нейкі момант на «Пінокіа» звярнуў увагу Netflix, пасля чаго фільм усё ж дайшоў да фінішнай прамой.

Сёння ў «Пінокіа Гільерма дэль Тора» вельмі высокія адзнакі ад крытыкаў. Мультфільм называюць шэдэўрам і ледзь ці не лепшым кінапалатном гэтага года.

«Няня» (з 16 снежня на Amazon Prime Video)

Рэжысёр: Нікіяту Джусу.

У ролях: Ганна Дыёп, Мішэль Манахэн, Сінква Уолс.

Сусветная прэм'ера гэтага хорара адбылася яшчэ ў студзені на фестывалі «Сандэнс». Фільм вельмі цёпла прынялі кінакрытыкі. Карціна нават атрымала «Вялікі прыз амерыканскага журы». А вось простыя гледачы, якія ўжо паспелі паглядзець стужку, адгукаюцца аб ёй не вельмі прыемна.

Эмігрантка з Сенегала наймаецца няняй для дачкі багатай пары з Манхэтэна. Жанчына хоча зарабіць грошай, каб хутчэй перавезці ў ЗША свайго сына, які застаўся ў Афрыцы. Па меры таго як мара няні ўсё бліжэй да ажыццяўлення, яна пачынае заўважаць усё больш дзівацтваў у сваёй падапечнай і яе сям'і.

Сёння на Metacritic у «Няні» даволі высокая адзнака — 72 балы. На Rotten Tomatoes «рэйтынг свежасці» наогул перавышае 90%.

«Бардо» (з 16 снежня на Netflix)

Рэжысёр: Алехандра Гансалес Ін'ярыту.

У ролях: Даніэль Хіменэс Качо, Грызельда Сіцыліяні, Хімена Ламадрыд.

Новы і, здаецца, самы спрэчны фільм Ін'ярыту, які тут выступіў не толькі рэжысёрам, але таксама сцэнарыстам, прадзюсарам, мантажорам. Падобна, «Бардо» (поўная назва гучыць як «Бардо, ілжывая хроніка жменькі ісцін») задумваўся як вяршыня творчасці мексіканца і менавіта так падаваўся на Венецыянскім кінафестывалі. Але, здаецца, нешта пайшло не так.

У цэнтры ўвагі сюжэта — вядомы журналіст і рэжысёр дакументальнага кіно, які адпраўляецца ў падарожжа, каб пазнаць самога сябе, прымірыцца з мінулым, сучаснасцю і сваёй асобай.

Карціну не прынялі. У Венецыі яна засталася без узнагарод, падчас прэм'ернага паказу людзі масава выходзілі, а крытыкі, якія дасядзелі да канца, назвалі апошнюю працу Ін'ярыту надзвычай прыгожай, але пры гэтым недарэчнай і прэтэнцыёзнай. Тым не менш усіх кінаманаў заклікаюць паглядзець «Бардо», бо ўсё ж гэта праца аднаго з прызнаных рэжысёраў сучаснасці.

«Дастаць нажы: Шкляная цыбуліна» (з 23 снежня на Netflix)

Рэжысёр: Раян Джонсан.

У ролях: Дэніэл Крэйг, Эдвард Нортан, Жанель Манэ.

Сусветна вядомы дэтэктыў Бенуа Блан адпраўляецца ў Грэцыю, каб раскрыць таямніцу аднаго IT-мільярдэра і яго эксцэнтрычнага асяроддзя. Хтосьці памрэ, а Бенуа зноў прыйдзецца разгадваць, хто стаіць за злачынствам.

Тры гады таму арыгінальны фільм «Дастаць нажы» стаў сапраўдным адкрыццём і прарывам. Аказалася, што ўдалая стылізацыя пад класічны дэтэктыў у сучасным антуражы і з камедыйным адценнем можа падабацца цяперашняму гледачу.

Пасля поспеху першай часткі Netflix амаль за паўмільярда долараў выкупіў правы на два сіквела. І вось «Шкляная цыбуліна» — першы з іх. Мяркуючы па водгуках, працяг атрымаўся не горшы за арыгінал. Выйшла іранічна, смешна і вельмі цікава. На Metacritic у стужкі 81 бал са 100.

«Чабурашка» (з 24 снежня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Дзмітрый Дзячэнка.

У ролях: Сяргей Гармаш, Вольга Кузьміна, Паліна Максімава.

Сапернічаць за ўвагу гледачоў з карцінай «Дастаць нажы» будзе «Чабурашка». Гэта не пераказ мультфільмаў пра персанажа, якога прыдумаў Эдуард Успенскі, а, так бы мовіць, пераасэнсаванне класікі. Так, Чабурашка тут — не цацка, а жывы звярок, а Гена — не кракадзіл, а садоўнік.

Як зазначаецца ў апісанні фільма, «Чабурашка цалкам можа аказацца сапраўдным касматым звярком, які жыве ў апельсінавым гаі, а не выдуманай цацкай». На базе гэтага і будуецца далейшая гісторыя з прыгодамі вушастага.

«Белы шум» (з 30 снежня на Netflix)

Рэжысёр: Ноа Баўмбак.

У ролях: Адам Драйвер, Рэфі Кэсідзі, Грэта Гервіг.

Фільм, які адкрываў конкурсную праграму Венецыянскага фестывалю. Ніякіх важных узнагарод ён, праўда, не атрымаў, але ўсё ж задаволіўся прызам Green Drop Award, які ўручаюць за тэматыку аховы навакольнага асяроддзя.

Прафесар Джэк Глэдні — вядомы знаўца біяграфіі Адольфа Гітлера, які ўпотай вучыць нямецкую мову (усе ўпэўненыя, што прафесар ужо ў дасканаласці ёй валодае). Яго жонка вучыць пенсіянераў не горбіцца і весці правільны лад жыцця. Жыццёвая гармонія скончыцца, калі з-за тэхнагеннай катастрофы горад накрые таксічнае воблака.

«Белы шум» зняты паводле аднайменнага постмадэрнісцкага рамана 1985 года. Доўгі час яго не маглі экранізаваць, таму што кніга даволі складаная па структуры і, лічылася, не падыходзіць для пераносу на вялікі экран. Тым не менш Ноа Баўмбак узяўся за складаную справу і ў выніку атрымаў 68 балаў на Metacritic. Не вельмі многа, але і не правал.

50" 3840x2160 (4K UHD), матрица VA, частота матрицы 60 Гц, индекс динамичных сцен 3100, Smart TV (Google TV), HDR, Wi-Fi
Выбор покупателей
32" 1366x768 (HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), Wi-Fi
Выбор покупателей
55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR, Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by