Былая адміністратар стала празорцай, дыпламаваны псіхолаг цяпер здымае пячатку адзіноты, варажбітка дык увогуле ні дня ў жыцці не працавала (а зрэшты, навошта, яна ж тая самая — патомная) — сёння колькасць экстрасэнсаў, чараўнікоў, таролагаў і касмаэнергетаў няўхільна расце. У стагоддзе гаджэтаў і інтэрнэту яны па-ранейшаму ўпэўнена стаяць на нагах і робяць тое, што атрымліваецца ў іх найлепш: весяліць народ па тэлебачанні, адбіваць кліентуру ў лекараў, зарабляць на даверлівых і людзях, якія знаходзяцца ў складаных сітуацыях, пры гэтым у большасці выпадкаў застаючыся беспакаранымі. Што ж, час праверыць усе гэтыя абрады і рытуалы і паказаць вам вынік. Для гэтага я наклаў на сябе сурокі, пабываў на прыёме ў празорцы і паспрабаваў вылечыць таварыша.
Можа ўзнікнуць пытанне: а ці варта наогул весці гаворку пра падобнага кшталту дзеячаў? Так, варта. Бо цяпер любы прыхільнік альтэрнатыўных навук ведае, што ў вады ёсць памяць, соль, рассыпаная па кішэнях, прыцягвае поспех, а статуэтка кітайскай жабы абяцае нечуванае багацце. Яны не толькі плодзяць забабоны і нічым не падмацаваныя здагадкі — дзейнасць асабліва сквапных і прагных ведзьмакоў падпадае пад артыкулы Крымінальнага кодэкса.
Па прыклад далёка хадзіць не трэба: у жніўні распачалі справу на адну такую «патомную». Зняцце сурокаў абышлося пацярпелай у 30 тыс. рублёў. Для гэтага мінчанка заклала ў ламбард залатыя ўпрыгожанні і ўзяла некалькі крэдытаў. Бо ўсе рытуалы праходзілі праз манітор, злавіць шарлатанку пакуль не ўдалося.
Яшчэ адзін свежы выпадак — у Магілёве лекарка налячыла на 70 тыс. рублёў (заробак спускала ў казіно). Пацярпелых — 44 чалавекі. Жанчыну ўзялі пад варту, ёй свеціць 10 гадоў турмы з канфіскацыяй.
Цяпер пераходзім да практычнай часткі.
Мэта эксперымента — паказаць вам цуд, калі яго прадэманструе чалавек з паранармальнымі здольнасцямі. Кандыдатаў знайсці нескладана: Google выдае сотні сайтаў і анкет, а калі да таго ж наведаць які-небудзь жаночы форум, можна яшчэ і з водгукамі азнаёміцца. Ну і аб’явы ля пад’ездаў часам трапляюцца даволі цікавыя.
Кантакты Вольгі я знаходжу на адным з форумаў. Яна лічыць сябе празорлівай, нібы дар ёй перадаўся з малаком маці. За свае паслугі бярэ ад 50 рублёў. Прыйсці да яе, па легендзе, мяне прымусіла пачуццё нявызначанасці: трэба пазнаць дзяўчат бліжэй і вырашыць, з кім з іх у мяне складзецца лёс. Запіс у вядзьмаркі на тры дні наперад — на сеанс я трапляю ўвечары 26 верасня.
Месцазнаходжанне празорцы — сярод «Табакерак», гаражоў і наркалагічнага дыспансера, у шматпавярховіку, каля пад’езда якога да мяне пачаў чапляцца мясцовы півазаўр. Паднімаючыся да яе на паверх, я міжвольна ацэньваў уваходныя дзверы жыхароў, кіруючыся правілам «Чым прыгажэйшыя, тым багацейшыя». У Вольгі з дзвярыма ўсё добра, а тамбур нават абсталяваны лаўкай, на якой я з-за чаргі мусіў правесці 40 хвілін.
На сеансе былі мужчына і жанчына гадоў 40—45 — ці то пара, ці то сваякі, не пытаўся. Перада мной паўстала поўная, сівая, апранутая ў чорную сукенку да падлогі, быццам у святарскую расу, жанчына гадоў 50 і аказалася Вольгай. Залатых пярсцёнкаў на яе руках не было, але вось у кватэры ад пазалоты вачэй не адвесці. У памяшканні, дзе робяцца грошы, знаходзяцца ўсе атрыбуты паспяховай варажбіткі: тры абразы (зноў жа ў пазалоце), калода карт Таро, зялёная 50-рублёвая купюра (праз 12 хвілін я папоўню банк на такую ж суму), крэсла з узорыстай накідкай у стылі барока, скураная канапа і плазма на сцяне.
«Што вас да мяне прывяло?» Навошта ж такое пытаць, калі ты празорлівая, падумаў я. Але яе кліентуру падобныя пытанні не турбуюць.
З сабой у мяне былі два фотаздымкі дзяўчат з вельмі зманлівай знешнасцю: на правай — згенераваны нейрасеткай жаночы твар (калі прыгледзецца да дэталяў, мочак вушэй, усмешкі, можна зразумець, што чалавек — ліпа), на левай — серыйная забойца Леслі ван Хоўтэн. Яна займалася рытуальнымі забойствамі ў бандзе Мэнсана ў ЗША. Адбывае пажыццёвы тэрмін, у турме правяла ўжо больш як 50 гадоў. Фота афарбавана, але па шуме і стылі адзення здагадацца, што чалавек прынамсі не з нашага часу, можна і без магічных здольнасцей. Што ж раскажа пра іх наша гераіня?
Вольга аб прадукце нейрасеткі: «Дзяўчына нядрэнная, цікавая, ведае, чаго хоча ад жыцця, ставіць мэты і ідзе да іх, адкрыты чалавек, з ёй добра мець зносіны. Каханне, павага — усё ў ёй закладзена, яна здольная на ўсе гэтыя пачуцці. У яе ў галаве намалявана карцінка, і яна будзе імкнуцца да яе і разглядаць для сябе чалавека, якога там намалявала, — гэта яе міні-план. Можа пабудаваць з вамі адносіны, у вас ёсць тое, што ёй падабаецца».
Зразумела, за нейрасеткамі будучыня, але каб настолькі... Тут Вольга схібіла. Што ж, у яе ёсць яшчэ адзін шанец.
Вольга пра Леслі ван Хоўтэн: «Таксама нядрэнная, але ёсць мінусы, яны для мяне выразныя: капрызная. Пабудаваць адносіны, вядома, можна, але будуць узлёты і падзенні. З ёй вам будзе сумна».
Ні слова пра забойствы і турму. Вользе не спатрэбіліся нават карты Таро (можа, не зарадзіла?) — чытала мяне, як разгорнутую кнігу, па энергетыцы. Сваёй жа энергетыкай яна не раскідваецца: гатоўку ў рукі не бярэ, відаць, разумее, што пэўныя органы могуць яе счытаць. Наш сеанс доўжыўся 12 хвілін, за дзень жанчына, якая раней працавала адміністратарам, а цяпер празорцай, лёгка можа прыняць чалавек 20, а то і 30.
— А вы ў бога верыце?
— Так.
— Па-вашаму, падманваць людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — гэта грэх?
— Што вы хочаце ад мяне?
— Ведаеце, мы ваш дар правяралі: фота былі несапраўдныя, вы расказвалі небыліцы і бралі за гэта грошы. Не баіцеся крымінальнай адказнасці па артыкуле «Махлярства»?
— Сябе правярайце ў першую чаргу, а мне баяцца няма чаго.
Ніякай магіі. Працягваем шукаць чараўніцтва.
Іншыя яшчэ здатнейшыя: не бачачы чалавека і нават не размаўляючы з ім, бяруцца за любую хваробу, называюць кошт. Наогул, лекары — гэта асобная каста: пазбавяць ад трывожнасці, раку, пералому, гемарою, паносу і залатухі. Адна наша чытачка (назавём яе Веранікай) ляжала ў бальніцы з кілой. Дактары рэкамендавалі згаджацца на аперацыю, але суседкі па палаце параілі іншы спосаб — бабку-шаптуху: маўляў, бясплатна вылечыць, і шнара не застанецца. Але зніклі $100, а кіла на месцы.
Кацярына ж абяцала, што паправіцца 30-гадовы хлопец (пажадаў застацца ананімным), які амаль усё сваё жыццё заікаецца. Гэта немагчыма, скажа любы лагапед, пра лячэнне гэтай хваробы ў такім узросце наогул не можа быць гаворкі — толькі карэкцыя і прыняцце сябе.
Аказваецца, каб пазбавіцца ад захворвання, адносна якога нават урачы не даюць гарантый, трэба ўсяго толькі папіць асаблівую ваду цягам 10 дзён, пакуль шаптуха штодзень чытае малітвы. Грошы за працу, кажа, не бярэ, усё выдаткоўваецца на расходнікі. А вось і яны.
Палата лекаркі знаходзіцца ў новабудоўлі — пакуль яшчэ без пазалоты, бо пераехала нядаўна. Дзяўчына гадоў 35 расказвае, што дар гэты ёй больш як цяжар: маўляў, да 40 абавязана лячыць. З заіканнем яна ўжо працавала, і калі не дапамагала за 10 дзён, то на 20-ты дакладна будзе вынік, адно ваду купляй.
Вада, налітая ў бутэльку мясцовага вытворцы, нібыта прывозіцца з Іерусаліма. Сам пластык, паводле яе слоў, змазаны святой маззю. Каштуе як якасны каньяк у скрынцы — 350 рублёў (купюры ў рукі лекарка таксама не бярэ: мабыць, заканчвалі адну школу магіі). Піць яе трэба кожны дзень, што і рабіў наш добраахвотнік.
«Розніцы ніякай, асабліва для вадзічкі за 350 рублёў», — сказаў паддоследны. Ён так і заікаецца. Але пачакайце, а як жа тыя гісторыі з дзяцінства, калі ўсіх вадзілі да бабак і хваробы (ды хоць бы тое ж заіканне) знікалі? Вось што наконт гэтага думае лагапед.
— Усялякімі чарцямі можна напалохаць дзіця: гэта псіхатраўматычная сітуацыя. Пасля спалоху заіканне можа прайсці само. І калі ў гэты момант вы схадзілі да бабкі, а яно прайшло, то якую выснову вы зробіце? — канстатуе спецыяліст.
Варвара Паніна дэбютавала як самая юная ўдзельніца «Бітвы экстрасэнсаў» — дзяўчыне тады было 24. Яна называе сябе ведзьмай. Гадоў у 6—7 Варвара ўжо чысціла прастору. Пасля таго як яна пажыла некаторы час у пакоі нябожчыцы-бабулі, яе «стала глючыць», а потым яна і з калодай загаварыла. Праверыць здольнасці гераіні мы вырашылі тым, што ў яе атрымліваецца найлепш, — сурокамі. Я быў гатовы на ўсё: аблысенне, страту зроку, імпатэнцыю, рак і нават смерць. Так і дамовіліся: пацерпіць здароўе (як канкрэтна, ведзьма не расказала). Для рытуалу ёй спатрэбілася пасма маіх валасоў — аддаю без шкадавання.
Тыдзень, два, тры, чатыры... Думаў, хаця б палец парэжу ці захварэю выпадкам. Ні-чо-га. Ад сурокаў у мяне сапсавана толькі прычоска. Свой правал Варвара растлумачыла тым, што, магчыма, абарона ў мяне моцная або замольвае хто, а наогул, яна не змагла адхіліцца ад таго, што сурокаў я не заслугоўваю. У выніку захварэла сама ведзьма. Мабыць, я той яшчэ вядзьмак, ну ці апранацца трэба цяплей. Што тычыцца галасоў у яе галаве — правяралася, здаровая.
Можа, прароцтву трэба больш часу? Не пытайцеся як, але ў лютым 2020 года мяне занесла ў Паўночны пасёлак, дзе я падвязаўся да цыганкі Машы (пасля спешнага знаёмства назвалася Зарынай). Суседзі загадзя папярэдзілі: маўляў, нячыстая, вядзьмарка, не хадзіце да яе. Тое, што трэба.
Ледзь адчыніўшы пашарпаныя жалезныя дзверы з сарванай ручкай, я трапіў у памяшканне з голымі сценамі і дыванамі на вокнах. Відаць, што рамонт зацягнуўся (як потым высветлілася, на восем гадоў). Тады Зарына паміж скаргамі на жыццё і пасвячэннем у таемства свайго рамяства прапанавала даведацца лёс. Мне — задарма.
Паводле яе аповедаў, варожыць яна з 26 гадоў, гэта яе дар і асноўная крыніца даходу. Каштуе раскідка калоды па-рознаму. Запэўнівае, што прайса няма — колькі дадуць, столькі дадуць: хто 15 рублёў, хто 30, але, бывала, асабліва шчодрыя пакідалі і па $150 за сеанс. А да яе хто толькі не заходзіў: і ўладальнікі заводаў-параходаў, і замежныя шоўмены, і знакамітыя акцёры, і суседзі (яны так, праверыць адзін аднаго на вернасць).
Глядзелі ў будучыню мы з дапамогай Таро, царкоўных свечак і солі. Яна тасуе — здымаю, выкладвае карты, узіраецца ў малюнак і нешта шэпча. Здаралася, скажа такое, пра што праз 10 хвілін цалкам забывае, прадказвае то ўдачу, то поспех — рэчы, якія не памацаць. І выносіць вердыкт: малады, добры, але самотны. Спадарожніцы не будзе, пакуль любоўнае павуцінне замінае, трэба здымаць.
Але ў асабістым жыцці, на бяду Зарыне, праблем як не было, так і няма.
Затое якая гэта была акцёрская ігра — хоць сёння перазапускай серыял «Кармеліта» з Машай-Зарынай у галоўнай ролі. Упраўляецца цыганка з дапамогай пільнага позірку (можа, гіпнатызуе?) і адначасна счытвае рэакцыю на «адгадала — не адгадала» па невербаліцы і эмоцыях. Вось і ўся магія.
— Не баіцеся, што на вас рана ці позна напішуць заяву ў міліцыю? — пытаю я напрыканцы. Не баіцца.
Трапляюць на вуду шарлатанаў людзі ў прыгнечаным стане, прыходзячы па заспакаенне і надзею. Царква ім не дапамагла, таблеткі — таксама. Але ўся гэтая містычная бутафорыя рана ці позна заканчваецца, вочы ў людзей хоць і позна, але расплюшчваюцца, і вера ў магію адыходзіць назаўжды. Пра сучасных шарлатанаў і іх хітрыкі гаворым з псіхатэрапеўтам медыцынскага цэнтра «Кравіра» Таццянай Раўлушэвіч.
— Жулікі — людзі дасведчаныя: перш чым даваць рэкламу, яны спасцігаюць псіхалогію, каб счытваць інфармацыю па твары, паводзінах; вывучаюць законы, лазейкі, каб не патрапіць у поле зроку падатковай. Яны ведаюць, за што ўчапіцца, каб чалавек прыйшоў і застаўся. Вялікія сумы адразу не бяруць, расцягваюць па часе.
Часцей за ўсё да варажбітак звяртаюцца людзі з цяжкасцямі ў розных сферах жыцця: гэта могуць быць фінансавыя праблемы, міжасобасныя парушэнні або нешта не так са здароўем. Ідуць па надзею і веру ў свае сілы. Махляры абяцаюць дапамагчы, даюць канкрэтныя ўказанні і інструкцыі. Не дапамаглі — значыць, зрабілі няправільна, Месяц не ў той фазе быў ці яшчэ што — прычын хапае.
У чалавека, які звяртаецца да ведзьмакоў, тунэльнае ўспрыманне рэальнасці, ён не бачыць таго, што адбываецца з розных бакоў. Ён успрымае свет неаб’ектыўна. А чараўнік, калі разумее, што чалавеку можна нешта ўнушыць (гэта вызначаецца на першай сустрэчы), карыстаецца гэтым. Напрыклад, прыходзіць чалавек са слязамі на вачах, рукі трасуцца, нідзе яму не дапамаглі, а вядзьмак гатовы ўзяцца — гэта дае надзею. У кліента здымаюцца трывога, напруга, і яму можа стаць лягчэй толькі дзякуючы дыялогу. Усё, у яго ўмацоўваецца вера, што гэта працуе. Хоць ніякай рэальнай дапамогі чалавек не атрымлівае.
Шарлатану ўласцівая смага нажывы, сквапнасць, для сябе ён здабывае толькі матэрыяльныя выгоды. Ёсць людзі з расстройствам псіхікі, і яны вераць, што валодаюць дарам, але хутчэй у чалавека захворванне. Узяць, да прыкладу, шызафрэнію: чалавек сапраўды можа чуць галасы, якія пераконваюць яго, што ён чараўнік у пятым пакаленні, а ён ім і верыць. Разупэўніць такіх людзей практычна нерэальна. І калі паводзінныя асаблівасці можна падлячыць таблеткамі, то вар’яцкае расстройства практычна не паддаецца лячэнню.
Жанчыны быццам бы больш схільныя да ўплыву гэтых кадраў, але, з іншага боку, які мужчына будзе казаць у лазні з сябрамі пра свае паходы да варажбітак: што, сам не можа вырашыць свае праблемы, не мужык, ці што? Рэлігія таксама ў баку, заходзяць і атэісты, і вернікі. Узрост — тут ёсць нюансы: дзеці ахвотна вераць у казкі, а старыя часам не могуць адрозніць рэальнасць ад выдумкі.
Вялікую ролю адыгрываюць сваякі, якія будуць побач і альбо спыняць, альбо адфільтруюць тое асяроддзе, якое спрабуе «дапамагчы» чалавеку, але насамрэч выцягвае з яго грошы.
Цуды... Гэта вечная тэма, якая, здаецца, ніколі сябе не вычарпае. Лепш за ўсё апісвае сітуацыю цытата французскага асветніка Канстантэна Франсуа Вальнея:
«Цудоўныя з’явы — простыя фізічныя факты, якія дрэнна зразумелі або няправільна намалявалі, значыць, яны былі перакручаны па выпадковых прычынах, што не залежаць ад чалавечага розуму».
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by