23 915
29 октября 2022 в 12:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Новы топ ад Netflix? Глядзім хорар «Кабінет рэдкасцяў Гільерма дэль Тора»

Источник: Зміцер Адашкевіч

Гільерма дэль Тора — не той кінематаграфіст, работу якога можна ўзяць і проста так прапусціць. Усё-ткі на яго рахунку аскараносная «Форма вады», а таксама ва ўсіх сэнсах жудасна атмасферныя «Лабірынт Фаўна», «Алея кашмараў» і іншыя стужкі. Нядаўна выйшаў яго новы праект, які мы таксама паглядзелі.

«Кабінет рэдкасцяў» — праект дэль Тора, аднак сам ён тут рэжысёрам не выступае. Гільерма запрасіў восем іншых рэжысёраў хорараў, кожны з якіх зняў па адной серыі, абапіраючыся на тую ці іншую літаратурную першакрыніцу. Не сказаць, каб уся анталогія атрымалася аднолькава класнай, але ўражлівых эпізодаў хапае.

«Кабінет рэдкасцяў Гільерма дэль Тора» — адзін з рэдкіх выпадкаў, калі Netflix выпускае не адразу ўсе серыі. Замест гэтага кожны дзень стрымінгавы сэрвіс паказваў па два эпізоды. І так цягам чатырох дзён. На момант напісання агляду ўжо выйшаў увесь першы сезон. У пачатку кожнай серыі дэль Тора робіць невялікую падводку да яе і прадстаўляе рэжысёра. Далей коратка раскажам пра ўсе эпізоды і падзелімся нашымі ўражаннямі ад іх прагляду.

«Лот 36»

1991 год. Ветэран вайны Нік купляе складское памяшканне, састарэлы ўладальнік якога нядаўна памёр. Нік разлічвае знайсці тут што-небудзь каштоўнае, што можна прадаць і расплаціцца з бандытамі. На першы погляд, нічога цікавага на складзе няма. Акрамя таго, што яго былы ўладальнік дзіўна скакаў перад тым, як зайсці ўнутр. І ўсё ж, добра пакапаўшыся, мужчына знаходзіць залаты падсвечнік, стол для выкліку дэманаў і тры акультныя кнігі. Знаходкі зацікавілі загадкавага немца. Ён абяцае Ніку $300 тысяч, калі ён знойдзе самае каштоўнае — чацвёртую кнігу.

Рэжысёрам эпізоду выступіў Гільерма Навара, звязаны са стварэннем такіх серыялаў, як «Ганібал», «Нарка», «Хрыбет д'ябла». Над сцэнарыем серыі працаваў сам маэстра дэль Тора, які напісаў адпаведнае апавяданне. У галоўнай ролі зняўся Цім Блэйк Нэльсан, які актыўна бярэ ўдзел у праектах дэль Тора.

Наша адзнака: 7. Даволі атмасферны, але прадказальны аповед. Вельмі добры Цім Блэйк Нэльсан у ролі Ніка, выдатна падтрымліваецца тэмп і цікавасць. Але, на жаль, фінал серыі атрымаўся не толькі прадказальным, але і зусім не страшным.

«Могільнікавая пацукі»

Наглядчык могілак Масан не столькі даглядае сваіх «падапечных», колькі марыць іх абрабаваць. Мужчына заграз у даўгах, дараваць якія яму не збіраюцца. Апошняя надзея раскрадальніка могілак — пахаванне багатага гараджаніна, якому ў труну паклалі вельмі каштоўную шаблю. І гэта не кажучы пра залатыя зубныя каронкі. Але ёсць праблема — дзейнічаць трэба хутка, таму што агаладалыя пацукі вельмі любяць зацягваць свежанькія трупы ў свае катакомбы.

«Могілкавыя пацукі» здольны выклікаць прыступ клаўстрафобіі, нават калі вы ніколі з такім раней не сутыкаліся. Каля паловы эпізоду прысвечана таму, як няшчасны Масан поўзае па выкапаных пацукамі тунэлях. Гэтая серыя выдатная ўсім — і сюжэтам, і драйвам, і карцінкай. Фінал не сказаць што зусім непрадказальны, але можа здзівіць многіх гледачоў.

Наша адзнака: 8. Клаўстрафобны характар карціны не дзіўны, бо здымаў яе Вінчэнца Наталі — рэжысёр культавага «Куба». Таксама ён рэгулярна працаваў над серыяламі накшталт «Свет Дзікага Захаду», «Амерыканскія багі», нядаўнія «Перыферыйныя прылады».

«Разразанне»

Самы ванітны эпізод праекта. Калі вы не лекар, то раім не прымаць ежу як мінімум гадзіны за чатыры да прагляду. Назва эпізоду цалкам адпавядае яго зместу — на працягу практычна ўсяго хронаметражу тут разразаюць трупы. Прычым паказана ўсё максімальна натуралістычна, падрабязна, нібы аўтары смакуюць кожнае імгненне працэсу анатаміравання.

Галоўны герой — паміраючы ад анкалогіі патолагаанатам. Яго запрасілі анатаміраваць трупы рабочых, якія загінулі ў шахце падчас загадкавага выбуху. Яго, як лічаць у паліцыі, арганізаваў адзін з рабочых. Незадоўга да інцыдэнту ён пайшоў назіраць за зоркамі, знайшоў нейкі жудасны валасаты шар і моцна змяніўся.

Наша адзнака: 9. Цікавасць, агіда і страх. На гэтых трох адчуваннях аўтар серыі Дэвід Праёр іграе гэтак жа ўмела, як вялікі скрыпач на сваёй скрыпцы. Падчас прагляду крывішся, хочацца адвярнуцца, але ўсё роўна глядзіш, бо цікава. Сапраўды самы запамінальны эпізод усяго сезона.

«Вонкавы бок»

Не столькі жах, колькі сацыяльная сатыра з рэдкімі момантамі хорару. У Стэйсі ёсць добры муж-паліцэйскі, праца ў банку і захапленне таксідэрміяй. Аднак жанчына пакутуе ад таго, што не можа ўпісацца ў працоўны жаночы калектыў. Пакуль калегі абмяркоўваюць габарыты геніталій і шлюбаразводныя працэсы, Стэйсі толькі стаіць у баку і пераступае з нагі на нагу. Можа, усё зменіцца, калі пачаць абмазвацца модным крэмам, стваральнікі якога абяцаюць поўнае абнаўленне?

Ана Лілі Амірпур зняла сатыру пра вар'яцтва на фоне жадання адпавядаць нейкім выдуманым стандартам. Галоўнай гераіні недастаткова таго, што яе кахаюць за тое, якая яна ёсць. Яна хоча змяніцца, каб спадабацца ледзь знаёмым калегам і ўдзельнічаць у іх пустых гутарках.

Наша адзнака: 8. Серыя знята наўмысна камічна, з гіпертрафіраванымі героямі і гераінямі. Тут вельмі цікавая аператарская праца, у якой шмат «фішаю». Але цікавей за ўсё назіраць за развіццём характару Стэйсі ў бліскучым выкананні Кейт Мікучы.

«Мадэль Пікмана»

Гэтая і наступная серыя грунтуюцца на апавяданнях Говарда Лаўкрафта. Адсюль — адпаведная атмасфера і антураж. У «Мадэлі Пікмана» расказваецца пра студэнта-мастака Уіла. Аднойчы ён знаёміцца з Рычардам Пікманам, куды больш дарослым калегам. Карціны Рычарда настолькі агідныя і жахлівыя, што літаральна зводзяць Уіла з розуму. У больш сталым узросце багатаму і знакамітаму Уілу зноў давядзецца сустрэцца са страшным мінулым і нарэшце разгадаць сакрэт Пікмана.

Наша адзнака: 7. Здымкамі эпізоду займаўся Кіт Томас. На яго рахунку пакуль толькі дзве пасрэдныя карціны — хорары «Запальваючая позіркам» і «Дыббук». «Мадэль Пікмана» — моцны эпізод, але без іскры. За гадзіну серыя паспявае надакучыць і стаміць. Але фірмовыя лаўкрафтаўскія элементы тут ёсць, так што аматарам творчасці пісьменніка, хутчэй за ўсё, спадабаецца.

«Сны ў ведзьмінай хаце»

Галоўны герой рос таленавітым хлопчыкам і мог бы стаць вялікім музыкам. Аднак у дзяцінстве яго падкасіла смерць сястры. З таго часу хлопца гняце пачуццё віны, бо ён абяцаў сястры абараніць яе, але не змог выратаваць ад смерці. З таго часу ён апантаны ідэяй адчыніць дзверы ў замагільны свет і выцягнуць адтуль дзяўчынку. Доўгія гады патрачаны на марныя спробы зносін з медыумамі-шарлатанамі. І вось нарэшце падвярнуўся шанец. Ненадоўга ў замагільны свет можна патрапіць з дапамогай індзейскага зелля. А яшчэ лепш — апынуцца ў хаце, дзе калісьці жыла ведзьма, пакуль яе не спалілі жыўцом. Вось толькі ведзьма гэтая, здаецца, не супраць вярнуцца ў свет жывых.

«Сны ў ведзьмінай хаце», акрамя лаўкрафтаўскай першакрыніцы, адметныя тым, што галоўную ролю тут іграе Руперт Грын. Пасля ролі Рона Уізлі з акцёрскай кар'ерай, у адрозненне ад калегі Дэніэла Рэдкліфа, у яго неяк не задалося. Каго б ён ні іграў, усё роўна атрымлівалася нешта ў стылі Рона. У «Снах» Руперт вельмі імкнецца пазбавіцца ад прыліплага вобраза.

Наша адзнака: 7. З гэтай серыі вам сапраўды запомняцца ведзьма і пацук з чалавечым тварам. Сама «гісторыя пра прывід» даволі простая, з некалькімі вялізнымі лагічнымі дзіркамі. Знята Кэтрын Хардвік, якая паставіла першую частку «Змроку».

«Прагляд»

Мільярдэр запрашае ў свой незвычайны дом чатырох чалавек. Кожны з іх — выдатны майстар сваёй справы. Адзін піша цікавыя кнігі, музыка запісвае класныя трэкі, вучоная стаіць на парозе найвялікшага адкрыцця, яшчэ адзін, магчыма, сапраўдны медыум. Усе яны запрошаны на прагляд цуду, які абавязкова натхніць лепшыя розумы на новыя дасягненні. Ці не.

Самы стыльны эпізод серыяла. Не дзіўна, бо яго аўтар — Панас Касматас, які праславіўся трэшам накшталт «Мэндзі» з Нікаласам Кейджам. Адсюль уся гэтая эстэтыка 1970-х, электронны эмбіент і закос пад VHS. Плюс фірмовы трэш, які раскрываецца толькі ў самым канцы серыі.

Наша адзнака: 9. Моцны, стыльны і яркі эпізод, які ўтрымлівае ўвагу пераважна з дапамогай размоў. А гэта ўжо шмат каштуе. Канцоўка кагосьці можа расчараваць, але калі вы знаёмыя з фільмамі Касматаса, то пераканаецеся, што ўся рэч у фірмовым почырку.

«Мурмурацыя»

Мурмурацыя — загадкавая з'ява скаардынаванага палёту велізарных птушыных зграй. Яны збіраюцца ў вялікія групы і ствараюць мудрагелістыя формы, пры гэтым не сутыкаючыся адна з адной. Вывучаць феномен на аддалены востраў прыязджае пара навукоўцаў-арнітолагаў, якая перажывае сямейную трагедыю.

Гэтым разам у рэжысёрскім крэсле сядзела Джэніфер Кент, вядомая перш за ўсё па хорару «Бабадук». Сцэнарнай асновай для «Мурмурацыі» паслужылі чарнавікі апавядання самога Гільерма дэль Тора. Атрымаўся павольны (пры ўсяго толькі 60-хвілінным хронаметражы) фільм пра страту і адносіны.

Наша адзнака: 8. Так, насамрэч гэта не столькі хорар, колькі замаскіраваная пад яго сямейная драма. Прывіды тут служаць толькі фонам для перажывання парай страшнай страты. Можа, і зусім ніякіх прывідаў не было, а было толькі вар'яцтва галоўнай гераіні.

Выбор покупателей
32" 1366x768 (HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), Wi-Fi
55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR, Wi-Fi
65" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR, Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by