Які серыял горшы — «Дом Дракона» ці «Уладар пярсцёнкаў»?

11 184
26 октября 2022 в 15:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Які серыял горшы — «Дом Дракона» ці «Уладар пярсцёнкаў»?

Источник: Зміцер Адашкевіч

Выйшла апошняя серыя першага сезона «Дома Дракона». Яшчэ раней «адстралялася» Amazon са сваімі «Пярсцёнкамі ўлады». Калі вы з тых, хто глядзіць серыялы залпам, серыя за серыяй, то, магчыма, выбіраеце, з чаго пачаць. Што ж, і ў «Дома Дракона», і ва «Уладара пярсцёнкаў» досыць недахопаў. Але ўсё ж — які з двух грандыёзных праектаў у выніку перамог?

Мы не бяром у разлік аўдыторыю гледачоў. Тым больш што з улікам пірацкага фактара ацаніць два серыялы па колькасці гледачоў немагчыма. У гэтым матэрыяле падзелімся ўражаннямі ад двух серыялаў і параўнаем іх па якасці прапрацоўкі гісторыі, па акцёрскай справе і візуальных эфектах.

Сюжэт і сцэнарый «Дома Дракона»

Адразу скажам, што прыквел «Гульні тронаў» не дацягвае да свайго папярэдніка. Нават калі параўноўваць толькі першыя сезоны двух серыялаў. «Гульня тронаў» — больш дынамічны, рэзкі, эмацыйны і непрадказальны.

«Дом Дракона» — нібы яго супрацьлегласць. Дзеянні развіваюцца настолькі павольна, што ўвечары глядзець серыял небяспечна з-за падвышанай рызыкі заснуць раней, чым планаваў. Тут мала ўсяго — нечаканых паваротаў сюжэта, баявых сцэн, лакацый. Часам заўважна, быццам стваральнікі ўспамінаюць пра былую славу «Гульні тронаў» і нібыта спрабуюць не адстаць ад яе. Адсюль некалькі недарэчных «эратычных» сцэн і парачка эпізодаў з адсылкамі да самых уражлівых момантаў папярэдніка.

Галоўнае ў выпадку з «Домам Дракона» — прыняць той факт, што ніхто, здаецца, і не збіраўся здымаць «Гульню тронаў 2». Апроч некаторых згаданых вышэй нюансаў, гэта зусім розныя па структуры, падачы і настроі праекты. Так, у «тронах» таксама хапала інтрыг, але ў «Доме Дракона» яны і толькі яны пастаўленыя ў аснову асноў. Кожная секунда хронаметражу серыяла — нібы асобная цаглінка ў гіганцкім муры інтрыг.

Камернасць першага сезона апраўдана паступовым, але няўхільным закручваннем спружыны з даносаў, падазрэнняў, здрадаў ці толькі намераў здрадзіць. Адсюль — прыкметная ўвага да раскрыцця ключавых персанажаў. Складана ўспомніць, дзе яшчэ ўдавалася так якасна вылепіць серыяльных герояў, каб яны выглядалі адначасова сапраўднымі, складанымі, супярэчлівымі і жывымі.

Відавочна, што аўтары не ставілі перад сабой мэту абавязкова чымсьці здзіўляць гледачоў. Тут хапае вострых момантаў, але ўсе яны губляюцца за агульнай павольнасцю і бясконцымі размовамі. Часам нават здаецца, быццам глядзіш які-небудзь турэцкі серыял аб палацавых таямніцах і складаных адносінах наложніц султана. Аднак бліжэй да фіналу першага сезона ўсе гэтыя, здавалася б, малаважныя інтрыгі складаюцца ў велізарнае палатно будучага супрацьстаяння дзвюх сіл. Трывога шматразова ўзрастае, зразумела, што набліжаецца нешта маштабнае.

У цэлым першы сезон можна разглядаць як мяккую падводку да «Танца Драконаў» — вайны, якая захлісне Сем Каралеўстваў. За дзесяць серый усе важныя персанажы будуць успрымацца як родныя ці прынамсі вельмі добра знаёмыя людзі. Фігуры літаральна расстаўлены на дошцы і чакаюць свайго ходу. Нават нягледзячы на шурпатасці апошняй серыі першага сезона, другога сезона чакаеш з нецярпеннем. Гэта галоўны паказчык таго, што праект атрымаўся, няхай у яго і дастаткова недахопаў.

Сюжэт і сцэнарый «Пярсцёнкаў улады»

Самы дарагі ў гісторыі серыял… Колькі эпітэтаў раздавалі праекту яшчэ да яго выхаду. Аб тым, што нешта пайшло не так, сталі падазраваць пасля выхаду першых серый. На жаль, у далейшым мы толькі пераканаліся ў тым, што «Уладар пярсцёнкаў» — галоўная няўдача не толькі гэтага года, але і, не выключана, самы гучны правал у гісторыі ТБ-шоу.

На працягу ўсіх васьмі серый не адпускае ўражанне, што над праектам працавалі дылетанты, якія атрымалі неабмежаваны доступ да грошай, але проста не ведаюць, што з усім гэтым дабром рабіць.

«Уладар пярсцёнкаў: Пярсцёнкі ўлады» — таксама вельмі марудлівы, але пры гэтым яшчэ і няроўны, шаблонны, прадказальны і недарэчны. Калі ў «Доме Дракона» павольнае развіццё падзей выкарыстоўваецца для раскрыцця персанажаў, то тут — проста так. Дыялогі нават на вольныя тэмы могуць шмат расказаць пра герояў. А могуць, як ва «Уладары пярсцёнкаў», толькі зацягваць хронаметраж і не працаваць ні на гісторыю, ні на персанажаў.

На якасці любога серыяла моцна адбіваецца ўвага да дробязяў. Няўвага да іх можа сапсаваць нават самую лепшую задумку. І вось такой няўвагі да дробязяў у «Пярсцёнках улады» непрыстойна шмат. Такое можна дараваць якім-небудзь танным серыялам. Але калі па бюджэтных канонах зняты шматмільённы блокбастар, становіцца незразумела, навошта было здымаць такі трэш за такія грошы?

Гаворка ў першую чаргу аб незлічоных лагічных і сэнсавых ляпах, а таксама танных прыёмах а-ля «спыніць забойства ў апошні момант». Такога тут вельмі шмат, і праз нейкі час ужо перастаеш зважаць, калі ў чарговы раз хто-небудзь з вылупленымі вачамі прыставіць нож да горла ворага. Усё роўна ўсё заўсёды ідзе па шаблоне: камера на імгненне замарудзіцца, а потым прыйдзе «нечаканае выратаванне». Такіх недарэчных Deus ex machina тут вельмі шмат.

Фінальны ж твіст толькі і здольны, што выклікаць пазяханне з фэйспалмам. Зразумела жаданне аўтараў хоць неяк здзівіць гледачоў. Атрымалася на ўзроўні серыялаў 1990-х. Няма ніякага жадання ўбачыць працяг усёй гэтай лухты. Затое быццам груз з плячэй зваліўся — нарэшце даглядзеў восем серый, а больш не трэба і не буду.

Акцёры «Дома Дракона»

Гэты серыял не атрымаўся б без добрай акцёрскай працы. Ці то яны тут адпрацавалі па поўнай, ці то ўдалося падабраць вельмі характэрны каст, ці то адно і другое разам. Як бы там ні было, на акцёрах трымаецца ўвесь «Дом Дракона».

Безумоўная зорка серыяла — Пэдзі Кансідайн, ён жа кароль Візерыс. Ён, мабыць, стварыў самы прывабны мастацкі вобраз гэтага праекта. Добры кіраўнік, якога прыгнятае яго ўлада, але які робіць усё магчымае, каб захаваць каралеўства і, галоўнае для яго, сям'ю.

Апроч Пэдзі Кансідайна неабходна адзначыць Алівію Кук. Яна іграе другую жонку Візэрыса, якая вырашыла пасля смерці караля пасадзіць на трон свайго сына. Памятаю, першыя серыі выклікалі засцярогу, што персанаж Алісенты Хайтауэр да канца сезона ператворыцца ў Сэрсэю. Але не, актрысе ўдалося захаваць мяккасць характару нават пры прыняцці яе гераіняй цяжкіх рашэнняў. У цэлым цікава, што ніводны з двух супрацьлеглых бакоў тут не заслугоўвае адназначных сімпатый, як гэта было ў «Гульні тронаў». Тут свае плюсы і мінусы, харызматычныя і непрыемныя персанажы ёсць як у «зялёных», так і ў «чорных».

Юэн Мітчэл вельмі каларытна іграе аднавокага прынца Эйманда Таргарыена. Для фінальнай серыі яму пакінулі асабліва напружаную і моцную сцэну. Мэт Сміт у ролі Дэймана таксама выдатна выбудаваў няпросты характар жорсткага, трохі вар’яцкага прынца з асобнымі паняццямі справядлівасці і прызначэння.

Шкада, што пакуль не далі як след раскрыцца Ларысу Стронгу — кульгаваму мужыку, які віртуозна строіць падкопы. У некалькіх эпізодах Мэцью Ніхэм паказаў, што выдатна ўжыўся ў ролю адначасова калекі і шэрага кардынала краіны. Менавіта праз яго не ў апошнюю чаргу і пачнецца вайна.

Эма Д’Арсі ў вобразе Рэйніры таксама выглядае выдатна, але ўсё ж ёй чагосьці не хапае. Можа, харызмы?

Як ігралі «Уладара пярсцёнкаў»

Тут праблема не столькі ў акцёрах, колькі ў персанажах, якіх ім прыйшлося іграць. Акцёрам прыйшлося працаваць з вельмі сырым матэрыялам і, здаецца, з большага самім выбудоўваць характары. Хтосьці з такой задачай справіўся лепш, хтосьці горш.

Як ні дзіўна, нядрэнна сябе паказала Маркела Кавена, якая іграе Норы з народа махнаногаў. Пры гэтым сам персанаж выглядае (ва ўсякім разе пакуль) абсалютна лішнім. Тым не менш Маркеле ўдалося яго ажывіць і выклікаць у гледачоў сімпатыю. У рэшце рэшт, гэта адзіны нераздражняльны герой з махнаногаў.

Роберт Арамайа з вобразам Элронда таксама справіўся, хоць персанаж у яго нескладаны, даволі аднабокі. Аднак роля выйшла запамінальная. Як і ў Морвет Кларк, якая іграе Галадрыэль. Цікава, што яе ці занадта хваляць за працу ва «Уладары пярсцёнкаў», ці гэтак жа моцна лаюць. Але ў любым выпадку яе запамінаюць. Нам спадабалася энергетыка на грані зла і дабра, якая літаральна зыходзіць ад гэтай гераіні. Збянтэжаны мяцежны дух, які прагне справядлівасці любой цаной, здаецца, вельмі добра атрымалася перадаць.

На жаль, усе астатнія ў лепшым выпадку не затрымліваюцца ў памяці надоўга, у горшым — вымушаюць праводзіць асацыяцыі са школьнай самадзейнасцю. Мусіць, супярэчлівым і яркім павінен быў стаць вобраз Халбранда ў выкананні Чарлі Вікерза. Але не стаў. Наогул у выпадку з «Пярсцёнкамі ўлады» час ад часу ловіш сябе на думцы, быццам глядзіш не фільм, а стрымінг якой-небудзь RPG-гульні ў адкрытым свеце, дзе цябе атачаюць дубовыя NPC з наборам бязглуздых рэплік.

Як выглядаюць абодва серыяла

Выдатна. Але ў кожнага свая «фішачка». «Дом Дракона» бярэ касцюмамі і змрочнымі замкавымі інтэр'ерамі. Ах, так, яшчэ, зразумела, драконамі. Іх, праўда, на працягу ўсяго сезона не так шмат, але ў фінале ім нарэшце даюць разгарнуцца. Чаго праекту не хапае, дык гэта разнастайнасці лакацый. Узгадайце «Гульню тронаў» і параўнайце. У «Доме Драконаў» дзеянні адбываюцца ў некалькіх месцах, аднак так адразу гэтага і не зразумееш — усё роўна амаль заўсёды ўсё зводзіцца да дыхаючых затхласцю замкаў.

У «Пярсцёнках улады» шчодра нашмаравана спецэфектаў. Тут даволі шмат разнастайных лакацый з намаляванымі на камп'ютары прыгожымі вулканамі, гарамі, лясамі і гарадамі. Не заўсёды ўсё гэта выглядае рэалістычна, але адчуванне казкі на першых парах перадаецца. На жаль, адной графікі сёння мала, каб выцягнуць такі амбіцыйны праект. Асабліва калі візуальнае багацце дысануе з наратыўным убоствам.

І «Дом Дракона», і «Пярсцёнкі ўлады», хоць яны і з'яўляюцца самымі дарагімі ў гісторыі тэлебачання серыяламі, наўрад ці запомняцца чымсьці, акрамя сваіх празмерна раздутых бюджэтаў. Першы праект асуджаны на пастаяннае параўнанне з «Гульнёй тронаў». І хай апошняя бязглузда злілася пад канец эпізодаў, яе стартавы запал пераплюнуць не атрымалася і наўрад ці атрымаецца. Тым не менш гісторыя пра Таргарыенаў — серыял няхай не выбітны на фоне папярэдніка, але моцны і прафесійны.

Калі думаеш пра «Пярсцёнкі ўлады», у мазгах назойліва пачынае гудзець моднае слова «крынж». Справа не ў тым, што серыял можа пакрыўдзіць толкіеністаў і іншых фанатаў сусвету Толкіна. Без усяго гэтага перад намі проста сумны, маркотны, бязглузды серыял. Яму толькі крыху не хапае, каб ператварыцца ў камедыю. У дадзеным выпадку гэта зусім не камплімент.

Выбор покупателей
32" 1366x768 (HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), Wi-Fi
55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR, Wi-Fi
65" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR, Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by