Самы дарагі фільм Netflix і не толькі. Што паглядзець у ліпені

10 527
27 июня 2022 в 15:04
Источник: Зміцер Адашкевіч

Самы дарагі фільм Netflix і не толькі. Што паглядзець у ліпені

Источник: Зміцер Адашкевіч

У кінатэатрах у ліпені ў асноўным будуць паказваць мультфільмы і хорары. Шмат еўрапейскіх і індыйскіх прэм'ер. Стрымінгавыя сэрвісы падрыхтаваліся нядрэнна. Так, Netflix нарэшце выпусціць свой самы дарагі фільм, на стварэнне якога пайшло больш за $200 мільёнаў. Але пра ўсё па парадку.

«Прынцэса» (з 1 ліпеня на Hulu)

Рэжысёр: Ле-Ван Кіэт.

У ролях: Джоі Кінг, Дамінік Купер, Вольга Курыленка.

Камедыйны баявік у жанры фэнтэзі. Амаль казка пра прынцэсу, якую зняволілі ў высокай-высокай вежы. Зрабілі гэта таму, што дзяўчына адмовілася выйсці замуж за жорсткага сацыяпата. Уражаны жаніх у якасці помсты вырашае захапіць каралеўства няўдалай нявесты. Прынцэсе ж трэба ўцячы з вежы і выратаваць сям'ю разам з каралеўствам.

Сюжэт казачны, але пастаноўка сучасная. У «Прынцэсе» шмат выдатна пастаўленых баявых сцэн, трукаў і, здаецца, нават кроў ёсць. Не дзіўна, бо прадзюсарам чорнай камедыі выступіў Дэрэк Колстад — сцэнарыст «Джона Уіка».

У ролі прынцэсы знялася Джоі Кінг, лепш за ўсё вядомая па серыяле «Прытворства». Таксама тут можна будзе ўбачыць Вольгу Курыленку («Квант міласэрнасці», «Аблівіён», «Парыж, я люблю цябе»).

«Рубікон» (з 2 ліпеня ў інтэрнэце)

Рэжысёр: Магдалена Лаўрыч.

У ролях: Джулія Франц Рыхтэр, Джордж Благдэн, Марк Іванір.

Фільм расказвае пра групу вучоных, якія працуюць на касмічнай станцыі ў момант, калі на Зямлі адбываецца глабальная катастрофа. Цяпер перад імі стаіць складаны выбар: да канца сваіх дзён заставацца ў бяспецы на станцыі або рызыкнуць усім, каб паспрабаваць выратаваць некалькі сотняў тых, хто выжыў на планеце.

Стужка выйдзе адразу на некалькіх стрымінгавых сэрвісах, так што можаце пашукаць там, дзе зручней. Адзін нюанс. На момант падрыхтоўкі матэрыялу ў «Рубікона» яшчэ не было адзнак, аднак нешта нам падказвае, што праца, якая маскіруецца пад дарагую фантастыку, можа аказацца вельмі бюджэтным вырабам.

«Малох» (з 7 ліпеня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Ніка ван дэн Брынк.

У ролях: Анеке Блок, Ёхан Фрэц, Фрэд Гусэнс.

Адна з нямногіх прэм'ер, якую пакажуць у кінатэатрах. Бо кіно галандскае і не пад санкцыямі. Жанр — класічны хорар пра звышнатуральных стварэнняў, але ў нідэрландскім антуражы.

Падчас раскопак на краі балота вучоныя выяўляюць масавае пахаванне людзей. Ва ўсіх перарэзана горла. Мясцовыя пагаворваюць, што гэта паслядоўнікі бажаства Малоха, якія прынеслі сябе ў ахвяру ў абмен на магчымасць рэінкарнацыі. І неўзабаве ў жыхароў сапраўды пачынаюць усяляцца чужыя душы. Малох жа хоча яшчэ адно масавае ахвярапрынашэнне.

Дарэчы, калі не атрымаецца паглядзець фільм у кінатэатры, пры жаданні азнаёміцца з ім можна будзе і ў сеціве. Літаральна праз пару тыдняў пасля прэм'еры на вялікім экране «Малох» выпусцяць у інтэрнэце ў добрай якасці і без SMS (але, верагодна, з рэгістрацыяй).

«Марскі монстр» (з 8 ліпеня на Netflix)

Рэжысёр: Крыс Уільямс.

Юная пасажырка ўпотай прабіраецца на карабель легендарнага паляўнічага на марскіх монстраў. Так пачынаецца неверагоднае падарожжа па нязведаных морах, і робіцца гісторыя.

У Netflix абяцаюць захапляльны прыгодніцкі мультфільм для ўсёй сям'і ад рэжысёра «Мааны» і «Горада герояў». Гаворка пра Крыса Уільямса, які пасля 20 гадоў працы на «Дысней» перайшоў у Netflix. Гэта яго першая вялікая праца пад крылом стрымінгавага гіганта.

«Сабака-самурай і горад кошак» (з 15 ліпеня ў кінатэатрах)

Рэжысёры: Марк Куцыр, Роб Мінкоф, Крыс Бэйлі.

Высокабюджэтны міжнародны праект, над якім працавалі з 2015 года. Удзельнічалі каманды з ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая. Кажуць, бюджэт мультфільма без уліку маркетынгавых выдаткаў склаў каля $50 мільёнаў — гэта далёка не рэкорд, але вельмі значная сума для анімацыі.

Хэнк — смелы сабака, які марыць стаць самураем, вось толькі ў горадзе катоў яго ніхто не ўспрымае ўсур'ёз. Але калі войска пухнатых ніндзя пагражае сцерці іх мястэчка з твару зямлі, Хэнк становіцца адзінай надзеяй на выратаванне. Цяпер з дапамогай мудрага настаўніка і верных сяброў ён павінен у сціслы тэрмін авалодаць навыкамі вялікага воіна. Толькі так у яго з'явіцца шанц перамагчы ў эпічнай бітве з магутным ворагам.

У арыгінальным агучванні можна было б пачуць многіх зорак. Напрыклад, Сэмюэла Л. Джэксана, Мішэль Еа, Мэла Брукса і Майкла Сера. На жаль, усё гэта не датычыцца русіфікаванай версіі, якую будуць паказваць у нас.

«Не прымушай сысці» (з 15 ліпеня на Amazon Prime)

Рэжысёр: Ханна Маркс.

У ролях: Джон Чо, Міа Айзэк, Джош Томсан.

Макс даведваецца, што з-за смяротнай хваробы жыць яму засталося нядоўга. За гэты час ён вырашае нагнаць упушчанае. Мужчына бярэцца здзейсніць даўно дадзенае абяцанне і згаджаецца навучыць дачку вадзіць машыну. Так бацька-адзіночка разам з дачкой адпраўляюцца ў далёкае падарожжа з Каліфорніі ў Нью-Арлеан. У канечным пункце маршруту Макс разлічвае сустрэцца са сваёй былой жонкай, якая пакінула яго разам з дзіцем шмат гадоў таму.

Кранальнае роад-муві з элементамі камедыі. Джон Чо даўно і актыўна здымаецца ў кіно. Вы маглі яго запомніць па ролях у «Стартрэку» і ў «Пошуку» чатырохгадовай даўнасці. Для Міі Айзэк гэта дэбют у вялікім кіно, але ў дзяўчыны ўжо запланавана некалькі новых праектаў.

«Шэры чалавек» (з 22 ліпеня на Netflix)

Рэжысёры: Энтані і Джо Русо.

У ролях: Раян Гослінг, Крыс Эванс, Білі Боб Торнтан, Ана дэ Армас.

Самы дарагі і вельмі амбіцыйны праект Netflix. Magnum opus кампаніі, на які яна робіць вялізную стаўку. Прыцягнуты топавыя сцэнарысты, рэжысёры, зорныя акцёры. Стрымінгавы сэрвіс разлічвае з дапамогай «Шэрага чалавека» значна павысіць колькасць падпісчыкаў. Правал вельмі балюча ўдарыць па Netflix.

Былы агент ЦРУ Курт Джэнтры пасля канфлікту з босамі сыходзіць са службы і становіцца наёмным забойцам. Дзякуючы сваім здольнасцям неўзабаве ён робіцца самым паспяховым і запатрабаваным кілерам у свеце. Цяпер Курта клічуць Шэры чалавек. Яго сапраўдную асобу ведае толькі адзін чалавек, які абавязкова хоча вярнуць Курта ў ЦРУ.

Бюджэт «Шэрага чалавека» складае не менш за $200 мільёнаў. Для параўнання, папярэдні рэкардсмен Netflix — фільм «Ірландзец» каштаваў $159 мільёнаў. У кампаніі разлічваюць зрабіць з «Шэрага чалавека» новую франшызу, якая будзе ўвесь час папаўняцца новымі карцінамі. Галоўная мэта — скласці канкурэнцыю бандыяне.

«Супергадаванцы» (з 28 ліпеня ў кінатэатрах)

Рэжысёры: Джарэд Стэрн, Сэм Лівайн.

І яшчэ адзін мультфільм. І зноў пра сабак і іншых жывёл. Але, у адрозненне ад астатніх ліпеньскіх анімацый, расце з супергеройскага сусвету DC. Дарэчы, пасля прэм'еры ў кіно недзе ў сярэдзіне верасня мультфільм выпусцяць на платформе HBO Max.

Лекс Лютар усё ж захапіў Лігу справядлівасці. На дапамогу міру і дабру прыходзіць сабака Супермена па мянушцы Крыпта. Ён фарміруе каманду з жывёл са звышздольнасцямі. Напрыклад, свіння ПіБі ўмее павялічвацца да гіганцкіх памераў, чарапаха Мертон вельмі хутка бегае, вавёрка Чып можа пахваліцца электрычнай суперсілай, а сабака Эйс проста вельмі моцны.

Мультфільм — паўнавартасная цаглінка сусвету DC. Тут будуць не толькі жывёлы, але і знаёмыя супергероі накшталт Цуда-жанчыны, Аквамэна і Флэша. Здаецца, галоўная мультыплікацыйная прэм'ера ліпеня.

«Канчатковы мантаж» (з 28 ліпеня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Мішэль Хазанавічус.

У ролях: Рамэн Дзюрыс, Берэніс Бежо, Грэгары Гадэбуа.

Чорная камедыя пра зомбі, якую паказалі на мінулым Канскім кінафестывалі. У конкурснай праграме фільм не ўдзельнічаў, але ўсё роўна гэта вялікі гонар — адкрываць знакаміты фестываль.

Рэмэйк бюджэтнай японскай камедыі аб цяжкасцях кінавытворчасці. Галоўныя героі — члены непрафесійнай здымачнай групы, якая працуе над эксперыментальным хорарам. Атрымліваецца не вельмі. Акцёры п'юць і працуюць дрэнна, а тут яшчэ сапраўдныя мерцвякі вырашылі напасці.

У рэжысёра Мішэля Хазанавічуса ўжо ёсць «Оскар» за фільм «Артыст». Цікава, што спачатку замест назвы «Канчатковы мантаж» выкарыстоўвалася толькі літара Z, якой звычайна пазначаюць нізкабюджэтныя карціны. Аднак у апошні момант Мішэль вырашыў змяніць назву.


мощность охлаждения 3.2 кВт, обслуживаемая площадь 27 м², шум 44 дБ, Wi-Fi: нет
Onlíner рекомендует
инвертор, мощность охлаждения 2.8 кВт, мощность обогрева 2.96 кВт, обслуживаемая площадь 30 м², шум 20.5-37 дБ, Wi-Fi: поддерживается, модуль приобретается отдельно
Onlíner рекомендует
инвертор, мощность охлаждения 2.5 кВт, мощность обогрева 2.5 кВт, обслуживаемая площадь 25 м², шум 22 дБ, Wi-Fi: поддерживается, модуль приобретается отдельно

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by