334
27 июня 2022 в 15:39
Источник: Андрэй Рудзь. Фото: Аляксандр Ружачка

Ноч, могілкі, дазор. Як буслы ахоўваюць старажытны дуб

Источник: Андрэй Рудзь. Фото: Аляксандр Ружачка

Кажуць, на могілках у вёсцы Обрава Брэсцкай вобласці даўней стаялі вялізныя шматвяковыя дубы. Такія, што ў дупло заязджала баявая калясніца! Цяпер у асноўным пні, калясніцы няма куды заехаць. А дуб, што застаўся, паміраць адмаўляецца — яго абараняюць буслы. Ніхто ж не асмеліцца пайсці супраць буслоў?.. Наш фатограф правёў суткі сярод крыжоў, назіраючы за жыццём гэтай дзіўнай камуналкі.

Чаму птушкі ўпарта селяцца на канкрэтным могілкавым дрэве, якое памятае Грунвальд, — яны не тлумачаць. Ёсць тэорыя, што раней буслы раўнамерна размяркоўваліся па мясцовых дубах. А калі іх не стала, перабраліся на адзін з апошніх. А можа, на абрубку проста зручна будаваць гнёзды... Як бы там ні было, зараз гэты Начны дазор працуе тут кругласутачна.

Увесну гэты гігант, пашкоджаны часам, нябесным агнём і бензапіламі, здаваўся нам ужо мёртвым.

Але да наступнага прыезду падаў прыкметы жыцця. Упарта спрабуе зелянець хаця б адной галінкай.

Лісце і жалуды ёсць — значыць, рана пускаць на паркет. Таблічка на ствале сцвярджае, што дрэву каля 600 гадоў. (Іншым таксама было шмат, але іх гэта не выратавала.)

На галінах уладкавана сем гнёздаў (уключаючы адно недабудаванае). У большасці «кватэр» гэтага «шматпавярховіка» кіпіць жыццё.

Эратычныя танцы ніхто не адмяняў.

Адзін з бацькоў перыядычна адлятае. Адсутнічае доўга, дзве-тры гадзіны — пасля прылятае адрыгнуць небагатую здабычу. Сёння ў меню ні каларыйных пацукоў, ні змей — толькі чарвякі і дробныя жабы.

Дзеці хапаюць з прагнасцю: будзеш дрэнна есці — выкінуць з гнязда на здзічэлыя землі. Гэта не вобраз: такія правілы Дазору.

Трафік у паветры не спыняецца ні днём ні ноччу. Буслы раз-пораз гойсаюць патруляваць мясцовасць, замінаючы спаць птушынай дробязі, якая ўладкавала гнёзды сярод галін.

Старажытны дуб бачыў гэты штогадовы цыкл сотні разоў. Вакол шматкроць мянялася цывілізацыя, але вялікія птушкі кожны раз прыляталі. Не стане дуба — страцяць сэнс і буслы.

Мяркуючы па твары, яны гэта ведаюць.


Ведаеце незвычайнае месца — распавядзіце.


«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by