4915
07 июня 2022 в 15:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Кішкі разляцеліся. Паглядзелі пачатак трэцяга сезона «Дзецюкоў»

Разыгрываем Playstation и Dyson в приложении Каталог Onlíner каждую пятницу

Тры гады таму Amazon добра страсянула кіношны свет супергероікі. Вядома, паказаць супергерояў адпетымі мярзотнікамі — ідэя не самая новая і зусім не арыгінальная. Як гэта часта бывае, цымус не ў тым, што знялі, а ў тым, як гэта зрабілі. «Дзецюкі» сталі гэткім серыяльным аналагам «Паўднёвага Парку», для якога таксама няма забароненых тэм і табу. Атрымалася свежа і смела.

Была нейкая боязь наконт другога сезона. Здавалася, гісторыю пра «супераў» маглі прывесці да сучасных стандартаў, збіць гонар і наогул загубіць. Але не, працяг выйшаў выдатны, таму трэці сезон прыхільнікі чакалі ўжо не з асцярогай, а з нецярпеннем.

Пра што серыял

Адразу адзначым, што пачынаць знаёміцца з «Дзецюкамі» з трэцяга сезона — дрэнная ідэя. Тут усе падзеі развіваюцца лінейна, а сама гісторыя, як ланцужок, складаецца з узаемазвязаных звёнаў-падзей. Будзе весела, але нічога не зразумела. Таму пачынаць варта з першага сезона. З іншага боку, нават зайздрошчу тым, хто яшчэ не бачыў «Дзецюкоў» і зараз можа дазволіць сабе нон-стоп паглядзець 24 серыі залпам.

Дзеянні адбываюцца ў наш час, але ў альтэрнатыўнай рэальнасці, дзе людзі спакойна суіснуюць з супергероямі, якіх проста і сцісла завуць «суперамі». Ну, як спакойна. Тыя, вядома, і праўда час ад часу ратуюць свет і людзей. Аднак робяць гэта найперш на камеру дзеля папулярнасці і падтрымання рэйтынга. Каманду самых папулярных «супераў» пад назвай «Сямёрка» кантралюе магутная карпарацыя Vought. Яна ж загадвае шматлікімі шоу, мерчам, аўтарскімі правамі, урадавымі кантрактамі і ўвогуле ледзь не ўсім светам.

У рэчаіснасці чальцы «Сямёркі» — адпетыя мразі і дэгенераты, якія загразлі ў злачынствах рознай ступені цяжкасці куды больш, чым самыя адмарожаныя маньякі. Праўду ад грамадства старанна хаваюць, а незадаволеным затыкаюць раты хабарам ці, калі ён не дапамагае, забойствам. Супрацьстаяць «Сямёрцы» спрабуе група звычайных, але вельмі злых людзей на чале з Бутчэрам — харызматычным, але практычна такім жа беспрынцыпным і амаральным лідарам, што і яго закляты вораг Хоўмлэндэр.

За два сезоны ўзаемаадносіны паміж членамі «Сямёркі» і «Дзецюкоў» так перапляліся, што распавядаць пра іх у рамках адной рэцэнзіі няма ніякага сэнсу. Персанажаў тут шмат, усе яны старанна прапісаны, некаторыя нечакана знікаюць, іншыя раптам з'яўляюцца.

«Дзецюкі» заваявалі сімпатыі вялізнай аўдыторыі і высокія рэйтынгі не проста так. Серыял без сарамлівасці не толькі высмейвае супергероіку, але і жорстка праходзіцца па ўсім сучасным грамадстве. Галівуд, тэлебачанне, улада і панаванне карпарацый — усё гэта іранічна і з выкручаным на максімум сарказмам дэканструюецца прама на вачах тых самых гледачоў і таго самага грамадства, з якім аўтары «Дзецюкоў» умоўна ваююць.

Да таго ж серыял не стрымліваецца ў сродках выражэння. Дэкалітры крыві і вагоны кішак, мацюкі, шмат геніталій і самыя непаліткарэктныя эпізоды — усё гэта ў «Дзецюках» выкарыстоўваюць па максімуме.

Пакуль для прагляду даступныя тры з васьмі серый трэцяга сезона. І ўжо па гэтых першых эпізодах відавочна, што серыял не стаў горшым і па-ранейшаму злосна, вульгарна і цынічна робіць тое, што распачаў у 2019 годзе. Брава Amazon за смеласць, якой могуць пазайздросціць іншыя стрымінгавыя сэрвісы.

Жабы супраць гадзюк

Другі сезон у цэлым скончыўся на мажорнай ноце. Нацыстку Штормфронт спапяляе юны супергерой Раян. Хоўмлэндэра, які з'ехаў з глузду, прыструнілі запісам тэракта з яго непасрэдным удзелам. «Дзецюкі» разам з Бутчэрам і яго сябрам Х'ю становяцца асновай урадавай арганізацыі, якая павінна лавіць зусім звар'яцелых «супераў» і карэкціраваць іх паводзіны. Затраўкай для трэцяга эпізоду стала адкрыццё, што кангрэсмен Ньюман, якая актыўна дапамагала «Дзецюкам» у іх барацьбе з «Сямёркай», сама аказалася «суперам» і двайным агентам. Яна ж узначаліла тую самую ўрадавую арганізацыю з «Дзецюкамі», але на самой справе абараняе інтарэсы «супераў».

Х'ю неўзабаве даведаецца аб адваротным баку асобы свайго боса і захоча трымацца далей ад урада. Бутчэр не пакідае надзей забіць Хоўмлэндэра. На гарызонце якраз замаячыла гісторыя пра нейкую суперзброю, якой амаль паўстагоддзя таму рускія знішчылі папярэдніка Хоўмлэндэра — «супера» па мянушцы Салдацік. «Дзецюкі» пачынаюць пошук яго памочнікаў, адзін з якіх падзарабляе ў парку забаў, а другі прадае зброю.

Адначасова Бутчэру падсоўваюць эксперыментальную сыроватку V24. Яна здольная надзяліць звычайнага чалавека суперздольнасцямі, але толькі на 24 гадзіны. Плюс-мінус. Прэпарат сыры, каштуе $2 мільёны за ампулу, і ўвогуле незразумела, працуе ці не.

«Сямёрку» тым часам чакае папаўненне. У рамках тэлешоу Хоўмлэндэр і Старлайт, якую прызначылі другім капітанам, павінны выбраць парачку самых таленавітых маладых «супераў». Або не такіх ужо маладых. Наогул Хоўмлэндэр дзіка раззлаваны з-за сітуацыі са Штормфронт і навязанага яму суперніцтва са Старлайт. Тая таксама не асабліва хоча быць другім капітанам, але бачыць у гэтым магчымасць ачысціць рэпутацыю «Сямёркі» і стварыць каманду з сапраўдных супергерояў, якія будуць бескарысліва рабіць дабро.

Сюжэтных ліній шмат, не ўсе яны перасякаюцца, але ўсе яны цікавыя, прычым у першую чаргу дзякуючы фірмоваму чорнаму (цямнейшаму за ноч) гумару.

Усё добра

Ужо ў самым пачатку аўтары серыяла нібы імкнуцца пракрычаць на ўвесь сусвет, што яны такія ж дзёрзкія, як у папярэдніх сезонах. За першыя дзесяць хвілін у першай серыі трэцяга сезона нам паспяваюць паказаць аднаполы секс, кокс, кроў, расчлянёнку, геніталіі буйным (мегабуйным, ультрабуйным) планам. «Усё ў парадку, мы па-ранейшаму тыя яшчэ адмарозкі», — быццам кажуць нам стваральнікі «Дзецюкоў».

Не верыць ім немагчыма. Так, пасля шакавальнага пачатку градус вар'яцтва падае, але ўсё яшчэ трымаецца ў рамках шкалы пад назвай «Дзецюкі». Як і раней, з асаблівым задавальненнем нам паказваюць закуліссе шоу-бізнесу і тэлебачання, дзе нават прамы эфір зусім не прамы. Тут усё яшчэ няма цалкам станоўчых персанажаў, у кожным нават самым станоўчым на першы погляд героі знойдзецца такая чарвяточына, якой пазайздросціць скончаны псіхапат.

Узяць тую ж Старлайт. Здаецца, цалкам станоўчы персанаж. Але толькі для тых, хто няўважліва глядзеў папярэднія серыі. У трэцім сезоне супергераіня таксама гатова адмовіцца ад прынцыпаў і працягваць гульню з удзелам відавочна звар’яцелага Хоўмлэндэра.

Або Х'ю, бойфрэнд Старлайт. Нават калі хлопец даведаецца, што працуе на крыважэрнага «супера», які любіць літаральна ўзрываць галовы, то сумняваецца: працягваць на яе працаваць ці не? Яна ж такая класная, свойская і ўвогуле свая ў дошку. Пранікненне Х'ю ў дзіцячы дом «супераў» таксама наўрад ці дадае яму ачкоў у карму.

Вялікія надзеі ўскладаем на новага персанажа — Салдаціка. У першых трох серыях яго мала паказваюць, аднак, мяркуючы па ўсім, у далейшым ён павінен стаць паўнавартасным героем «Дзецюкоў», прынамсі да канца гэтага сезону. Падобны на Капітана Амерыку супергерой, здаецца, гвалтаваў свайго юнага памочніка, але, магчыма, ведае, як знішчыць Хоўмлэндэра.

Не забыліся аўтары стужкі і на Французіка, які, як аказваецца, да Францыі мае не такое ўжо яўнае дачыненне. Затое рускіх у ягоным жыцці хапала. І, здаецца, яшчэ больш іх будзе надалей. Бо менавіта рускія ведаюць толк у забойстве «супераў». Засталося толькі прымусіць іх падзяліцца сакрэтамі суперзброі.

Бутчэр, адзін з самых прыцягальных персанажаў серыяла, атрымаў нечаканае развіццё. Спачатку ён нават адмаўляецца ад ранейшых жорсткіх схільнасцей і гатовы змяніцца. Аднак пад уздзеяннем абставін робіцца яшчэ больш жорсткім і звяртаецца да нечаканага нават для самога сябе спосабу пагаварыць з ненавіснымі «суперамі» на роўных.

9
Адзнака аўтара
«Дзецюкі» — усё яшчэ самы бессаромны, амаральны, жорсткі і агідны серыял. І гэта добра. Такіх смелых і эпатажных выказванняў сёння не хапае. Шкада, што Amazon далей будзе паказваць толькі па адной серыі ў тыдзень. Прыйдзецца як след назапасіцца цярпеннем.
напольный, мощность 50 Вт, 3 скорости, управление электронное, таймер, пульт ДУ, питание: сеть
напольный/настольный, мощность 40 Вт, 3 скорости, управление механическое, питание: сеть
настольный, 3 скорости, управление механическое, питание: аккумулятор
напольный, мощность 38 Вт, DC двигатель, 3 скорости, управление электронное, питание: сеть

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by

Источник: Зміцер Адашкевіч