«Зорныя войны» вярнуліся. Глядзім серыял «Обі-Ван Кенобі»

8806
31 мая 2022 в 12:45
Источник: Зміцер Адашкевіч

«Зорныя войны» вярнуліся. Глядзім серыял «Обі-Ван Кенобі»

Источник: Зміцер Адашкевіч

«Дысней» выпусціла першыя дзве серыі свайго міні-серыяла «Обі-Ван Кенобі». Кінагігант працягвае актыўна эксплуатаваць сетынг легендарнай трылогіі. Раней у тэлефармаце гаворка ішла толькі пра спінофы, якія вельмі аддалена датычацца гісторыі сям'і Скайуокераў. У адрозненне ад папярэднікаў, «Обі-Ван Кенобі» з'яўляецца часткай гэтай гісторыі, злучальным звяном паміж трылогіяй прыквелаў і арыгінальных фільмаў Джорджа Лукаса. А таму і адказнасць на аўтарах «Обі-Ван Кенобі» куды сур'ёзнейшая, чым на стваральніках «Мандалорца» ды «Кнігі Бобы Фета».

Фільм ці серыял?

Пытанне не такое ўжо простае, таму што нават пасля прагляду дзвюх серый незразумела, перад намі вялікі фільм, падзелены на шэсць эпізодаў, ці паўнавартасны серыял са сваёй логікай апавядання.

Першапачаткова пра Кенобі хацелі зняць поўнаметражны фільм. Персанаж джэдая атрымаў найбольш водгукаў ад гледачоў, якія хацелі ўбачыць кіно менавіта пра яго, а не пра Хана Сола. Тым не менш першым «Дысней» зняла фільм пра знакамітага кантрабандыста. Але «Хан Сола. Зорныя войны: Гісторыі» атрымаў змешаныя водгукі і праваліўся ў пракаце. Пасля гэтага з асобным праектам, прысвечаным Обі-Вану, рызыкаваць не сталі.

Замест гэтага на хвалі поспеху «Мандалорца» было вырашана перамясціць праект з кінатэатральнага фармату ў стрымінгавы. Пры гэтым перад намі павінна была быць адна «вялікая гісторыя з пачаткам, сярэдзінай і канцом». Тое што трэба для стрымінгавага сэрвісу «Дыснея», якому даводзіцца змагацца з усё большым уплывам Netflix.

Да 2020 года сабралі каманду, акцёраў, сцэнарыстаў. Вось-вось павінны былі пачацца здымкі. Аднак нечакана ўсё адмянілі, а каманду распусцілі. Аказалася, што рэч у сцэнарыі, які не спадабаўся босам студыі. Кажуць, першая версія гісторыі была вельмі падобная да таго, што мы бачылі ў «Мандалорцы». Па сутнасці, тут таксама быў галоўны герой, які з серыі ў серыю абараняе «малога», толькі не Грогу, а Люка Скайуокера.

Сцэнарый прыйшлося перапісаць, а здымкі ў выніку пачалі праз год, увесну 2021-га. Хадзілі чуткі, што ад праекта ўвогуле застанецца ўсяго чатыры серыі. Але не, шэсць — таксама не густа, але ўсё ж для серыяла больш-менш падыходзіць.

Аўтары праекта сцвярджаюць, што нам яшчэ будзе расказана адна вялікая скончаная гісторыя. Праўда, у «Дыснеі» не выключаюць, што калі ўсё пойдзе добра, то працягу «Обі-Ван Кенобі» быць. Зрэшты, пакуль казаць пра гэта рана, таму што першыя дзве серыі, якія мусілі абудзіць цікавасць да карціны, са сваёй задачай спраўляюцца не вельмі ўдала.

Татуінец і малыш Лея

Дзеянні праекта разгортваюцца паміж падзеямі трэцяга і чацвёртага эпізодаў, «Помстай сітхаў» і «Новай надзеяй». Спачатку нам сцісла перакажуць першыя тры эпізоды. Амаль усе джэдаі ўжо знішчаны згодна з Загадам 66, Обі-Ван думае, што забіў Энакіна, а служба інквізітараў патрулюе бязмежныя прасторы Галактыкі ў пошуках ацалелых джэдаяў.

Кенобі пасяліўся на Татуіне. Тут ён ніяк не выяўляе свае джэдайскія здольнасці, а заадно даглядае Люка, сына Энакіна. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо дзесяць гадоў, Обі-Ван па-ранейшаму моцна перажывае, што кінуў Энакіна паміраць на вулканічнай планеце Мустафар. Джэдай праводзіць дзень за днём на працы па разборы нейкай гіганцкай пачвары. У справы смяротных стараецца не лезці і нават джэдаям дапамагаць адмаўляецца. Спустошаны Обі-Ван зараз просты Бэн, які толькі выжывае і які ўпэўнены, што цёмныя сілы ўзялі верх.

Успомніць пра сваё бравае мінулае Кенобі змушае сямейства Аргана. Усхваляваны сенатар просіць Обі-Вана аб дапамозе. Нейкія іншапланетныя вырадкі выкралі яго прыёмную дачку Лею. Выратаваць яе, вядома ж, можа толькі адзіны састарэлы джэдай. Адкапаўшы пасярод пустыні свой меч і загарнуўшыся ў шэрыя лахманы, Бэн адпраўляецца на пошукі прынцэсы.

Завязка стандартная для сусвету «Зорных войнаў». Перад намі ўсё той жа свет Джорджа Лукаса, поўны ўмоўнасцей. Пытанне ў тым, як да іх ставіцца — як да прыкладу павагі да спадчыны або як да зборніка факапных эпізодаў. Тыя ж іншапланетныя морды з пап'е-машэ, вядома, можна было б зрабіць камп'ютарнымі, аднак іх штучнае паходжанне наўмысна падкрэсліваецца — і гэта рэверанс у бок трылогіі Лукаса.

Але ж сёння да многіх такіх сцэн ставіцца з разуменнем усё больш складана. Часам здаецца, што ты глядзіш не дарагі блокбастар па «Зорных войнах», а нейкі нікчэмны выраб ад Syfy. Прычым далёка не ўсе такія сцэны можна апраўдаць данінай павагі да арыгінала. Асабліва шмат пытанняў да юнай Леі. З нязграбным бегам дзяўчынкі могуць параўнацца толькі яшчэ больш нязграбныя спробы дарослых злачынцаў злавіць яе. Прычым такіх недарэчных пагоняў за дзве серыі некалькі.

У цэлым вельмі шмат пытанняў да ўзаемадзеяння персанажаў і іх сінхранізацыі. Напрыклад, адна з інквізітараў можа надзвычай хутка і спрытна даганяць галоўных герояў, аднак у тых усё роўна будзе залішне часу, каб разабрацца з іншымі непрыемнасцямі. Толькі і застаецца, што здзівіцца: «Што гэта было?» Або вось у адной сцэне інквізітар выпытвае нешта ў небаракі, а праз некалькі хвілін аказваецца, што можна ж было проста прачытаць думкі.

Такіх пытанняў да логікі таго, што адбываецца, зашмат. Нават з улікам таго, што гэта «Зорныя войны». Ды і ў цэлым да сюжэта ёсць пытанні. Складана ўявіць, чым не спадабаўся першы варыянт сцэнарыя, калі па вялікім рахунку мы ўсё роўна атрымалі схему «моцны дарослы абараняе малога». Толькі ў ролі «малога» не Грогу і не Люк, а маленькая Лея. Так, яе надзялілі моцнымі і незалежнымі рысамі характару, але сутнасці гэта не мяняе.

У далёкай-далёкай Галактыцы

Першыя дзве серыі маглі б аказацца поўным правалам, калі б не пара выратавальных кругоў. На жаль, заслугі аўтараў «Обі-Ван Кенобі» ў гэтым не вельмі многа, дзякаваць варта толькі спадчыне.

Па-першае, тут адчуваецца атмасфера тых самых «Зорных войнаў». Дзякуй саўндтрэку і стылізацыі, над якой у свой час старанна папрацаваў Джордж Лукас. Галоўнае — ведай сабе час ад часу ўключай якую-небудзь варыяцыю імперскага марша, выкарыстоўвай зацямненне пры змене кадраў ды бліскай джэдайскімі штучкамі.

Па-другое, не пацвердзіліся асцярогі наконт таго, што асноўныя дзеянні праекта будуць адбывацца на Татуіне. Так, гэтая планета пустынная і наогул вясёлая, але правесці на ёй некалькі гадзін экраннага часу — такое сабе задавальненне. Мусіць, аўтары гэта разумелі, таму нават у рамках першых дзвюх серый дэкарацыі змяняюцца часта. Апроч Татуіна і касмічных караблёў, нам пакажуць планету, дзе жыве Лея, а таксама Даю. Апошняя ўяўляе сабой сумесь рэальнага Ганконга і фэнтэзійнага Готэма.

Па-трэцяе, нягледзячы на слабую гульню другарадных акцёраў, тут ёсць Юэн МакГрэгар, які ўсё яшчэ выдатна ведае сваё рамяство. У «Обі-Ван Кенобі» ён ці не адзіны, каму верыш. Шкада, што яго напарніца (дзяўчынка, якая іграе Лею) на фоне МакГрэгара выглядае так слаба.

«Обі-Ван Кенобі» пакідае змешаныя пачуцці. На першы погляд, ёсць усе падставы для з'яўлення файнага серыяла, але пакуль гледачы атрымалі хутчэй фанфік для дзяцей малодшага школьнага ўзросту і для прыцягнення аўдыторыі да стрымінгавага сэрвісу «Дысней» з дапамогай немудрагелістай гісторыі і гучнай франшызы.

5
Адзнака аўтара
Не выключана, што ў наступных чатырох серыях «Обі-Ван Кенобі» разгорнецца і пакажа сябе ва ўсёй красе. Недарэчных сцэн стане менш, як і раздражняльнай юнай Леі. А драматычныя адносіны паміж Кенобі і Дартам Вэйдэрам будуць пазначаны не толькі сумнымі вачыма першага і цяжкім прыдыханнем апошняга. Усё гэта магчыма. Але верыцца мала. Тым не менш пакуль наша ацэнка заснавана толькі на першых двух эпізодах серыяла.

мужские, механизм кварцевый, корпус: нержавеющая сталь, 42 мм, минеральное стекло, 100 м, браслет металлический

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by