20 620
27 мая 2022 в 12:30
Источник: Зміцер Адашкевіч

Топ-10 фільмаў чэрвеня

Источник: Зміцер Адашкевіч

Санкцыі працягваюць рабіць сваю справу. А гэта значыць, што сусветных блокбастараў у чэрвені можна не чакаць. У тым ліку «Свет Юрскага перыяду». Затое ў кінатэатры завязуць парачку фестывальных фільмаў. Так атрымалася, што сёння ў нас па пяць кінапрэм'ер са стрымінгавых сэрвісаў і з кінатэатраў. Выбар хоць і абмежаваны, але паглядзець усё яшчэ ёсць што.

«Крыа» (з 2 чэрвеня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Барэт Бергін.

У ролях: Майкл Флін, Курт Дусет, Джыліян Петры.

Не бог ведае які трылер і не бог ведае якая фантастыка. Але раптам вы засумавалі па адным ці другім, ды яшчэ па кінатэатрах? «Крыа» выкананы ў стылі першых серый «Пілы» і «Куба». Тут таксама ўсе падзеі адбываюцца ў замкнёнай прасторы з невялікай колькасцю персанажаў.

Пяцёра навукоўцаў прачынаюцца ад крыягеннага сну ў нейкім падземным памяшканні. Ніхто не памятае, як тут апынуўся і ў якім эксперыменце ўдзельнічаў. Больш за тое, нехта з ачунялых з'яўляецца забойцам. Каб зразумець, хто ёсць хто, зараз трэба пакапацца ў памяці і мінулым кожнага вучонага.

«Крыа» — тыповы малабюджэтны трылер, у якім робіцца стаўка на інтрыгу і галоўных герояў, а не на дарагія спецэфекты. Атрымалася ці не, даведаемся вельмі хутка. Першыя водгукі пра стужку надзвычай супярэчлівыя.

«Перахоп» (з 3 чэрвеня на Netflix)

Рэжысёр: Сцюарт Біці.

У ролях: Эльза Патакі, Люк Брэйсі, Аарон Гленэйн.

Непатрабавальны баявік быццам бы з 1990-х. Знята ў Аўстраліі за месяц і $15 млн. У якасці рэжысёра выступіў сцэнарыст «Піратаў Карыбскага мора» Сцюарт Біці. Але цешыць сябе не варта, бо ў яго ёсць намінацыя на антыпрэмію «Залатая маліна».

Фільм пра бравую капітанку, якая выкарыстоўвае ўвесь свой шматгадовы тактычны і ваенны досвед для адбіцця нападу на базу, якой яна камандуе. А тут яшчэ харызматычны лідар незразумелай банды — ці то тэрарыстаў, ці то не пазбаўленых высакароднасці вызваліцеляў. Ва ўсім гэтым трэба разабрацца.

Вялікіх спадзяванняў на фільм ускладаць не варта. Яго хацелі запусціць у кінапракат, але ў выніку перадумалі. Такім чынам, застаўся толькі лічбавы рэліз на Netflix.

«Прарвацца ў НБА» (з 8 чэрвеня на Netflix)

Рэжысёр: Ерамія Сагар.

У ролях: Адам Сэндлер, Куін Латыфа, Бэн Фостэр.

Герой Адама Сэндлера — няўдачнік. Вось ужо 30 гадоў ён падбірае гульцоў для НБА, але апошнія гады справы ідуць не вельмі. Шанец вярнуцца — у Іспаніі, дзе ён знаходзіць жамчужыну ў выглядзе перспектыўнага, але нікому невядомага баскетбаліста. Вось толькі ці гатовы ён патрапіць у НБА і ці вытрымае канкурэнцыю з амерыканскімі гульцамі?

Новы сумесны праект Адама Сэндлера і Netflix. Здаецца, яму вельмі спадабалася працаваць са стрымінгавым сэрвісам пасля «Неагранёных алмазаў».

«Вар'яцкі Бог» (з 16 чэрвеня ў інтэрнэце)

Рэжысёр: Філ Тыпет.

Эксперыментальны мультфільм, над якім працавалі каля 30 гадоў. Пастаноўкай займаўся Філ Тыпет, вядомы па спецэфектах для такіх легенд, як «Зорныя войны», «Рабакоп» і «Парк Юрскага перыяду». Дзесьці на паліцы ў яго нават стаіць пара статуэтак «Оскара».

Сюжэт «Вар'яцкага Бога» апісаць складана. Нейкі забойца ў процівагазе прадзіраецца праз дзіўны апакаліптычны сусвет, напоўнены выродлівымі стварэннямі, вар'яцкімі навукоўцамі, маньякамі і монстрамі.

Мультфільм ужо з поспехам паказалі на некалькіх фестывалях. Зробленая з дапамогай пакадравай анімацыі стужка ўразіла і шматлікіх прыхільнікаў творчасці Філа, якія дапамаглі яму давесці гэтую вельмі складаную працу да канца дзякуючы ахвяраванням на Kickstarter.

«Крымінальны горад 2» (з 16 чэрвеня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Лі Сан-ён.

У ролях: Ма Дон-сок, Сон Сок-ку, Чхве Гві-хва.

Пяць гадоў таму выйшаў даволі моцны паўднёвакарэйскі баявік «Крымінальны горад». Там паліцыянт змагаўся з асоба дзёрзкімі аўтарытэтамі, якія вырашылі падмяць пад сябе ўвесь злачынны бізнес. «Крымінальны горад 2», як зразумела з назвы, гэты працяг баевіка.

Гэтым разам той самы паліцыянт адпраўляецца са спецзаданнем ці то ў В'етнам, ці то ў Тайланд. Там трэба знайсці і абясшкодзіць злыдня, які нападае на карэйскіх турыстаў. Бюджэт фільма $10 млн, што для карэйскага кіно даволі шмат.

«У рытме ча-ча-ча» (з 17 чэрвеня на Apple TV+)

Рэжысёр: Купер Рэф.

У ролях: Купер Рэф, Дакота Джонсан, Івэн Ассантэ.

Дваццацідвухгадовы Эндру толькі што скончыў каледж і жыве ў доме бацькоў у Нью-Джэрсі, не ведаючы, што рабіць далей. Ён пачынае працаваць вядучым дзіцячых вечарын і падчас адной з іх знаёміцца з маці-адзіночкай. Яна просіць Эндру пабыць «сядзелкай» яе дачкі з аўтызмам.

Крытыкі называюць «У рытме ча-ча-ча» лёгкай камедыяй і драмай сталення. Фільм з вялікім поспехам паказалі на кінафестывалі «Сандэнс», дзе ён атрымаў неафіцыйную галоўную ўзнагароду — прыз сімпатый гледачоў.

«Спайдэрхэд» (з 17 чэрвеня на Netflix)

Рэжысёр: Джозэф Касінскі.

У ролях: Крыс Хэмсварт, Майлз Тэлер, Джэрні Смоллет.

Экранізацыя аднайменнага апавядання Джорджа Сондэрса. Спайдэрхэд — суперсучасная турма, аддаленая ад цывілізаванага свету. Аднойчы некалькім мясцовым зняволеным прапануюць прыняць удзел у эксперыменце па рэгуляванні эмоцый. Ім увядуць спецыяльны прэпарат, а за гэта скароцяць тэрмін зняволення. Як звычайна, усё ідзе не па плане.

Рэжысёрам фільма выступіў знаўца ў блокбастарнай справе Джозэф Касінскі. «Аблівіён» і нядаўні «Топ Ган: Мэверык» — яго праца. Крыс Хэмсварт больш за ўсё знаёмы вам па ролі Тора, іграе начальніка турмы Спайдэрхэд.

«Род мужчынскі» (з 23 чэрвеня ў кінатэатрах) 

Рэжысёр: Алекс Гарлэнд.

У ролях: Джэсі Баклі, Роры Кінэр, Гэйл Ранкін.

Алекс Гарлэнд — даволі малады, але ўжо культавы рэжысёр, кожную працу якога звычайна чакаюць з нецярпеннем. Здымае ён рэдка, але, як кажуць, трапна. «З машыны», «Анігіляцыя» — дзве яго вельмі моцныя рэжысёрскія працы.

Муж Харпер скончыў жыццё самагубствам, і жанчына здымае на пару тыдняў сядзібу непадалёк ад лесу ў ідылічнай вёсачцы. Тут яна хоча ачуняць і адпачыць наколькі гэта магчыма. Аднак вёсачка аказваецца не такой ужо ідылічнай, а жыхары вёскі — не такімі ўжо ветлівымі. Асабліва моцная пагроза паходзіць ад мужчын. Не ад нейкіх канкрэтна, а ад усіх.

Фільм паказалі ў Канах, крытыкі ў асноўным засталіся задаволеныя. Сярэдні бал на Metacritic складае 65. Праўда, простыя гледачы да стужкі паставіліся больш сурова. Кажуць, усё ж да папярэдніх стужак Гарлэнда гэтая не дацягвае.

«Міжсезонне» (з 23 чэрвеня ў кінатэатрах)

Рэжысёр: Аляксандр Хант.

У ролях: Жэня Вінаградава, Ігар Іваноў, Вольга Саханава.

30-гадовы Аляксандр Хант стаў вядомым пасля пастаноўкі карціны пад назвай «Як Віцька Часнок вёз Леху Штыра ў дом інвалідаў». Незвычайная карціна стала дэбютнай у кар'еры Ханта. Нядзіўна, што рэжысёра адразу запісалі ў надзеі расійскага кіно. «Міжсезонне» — яго другая поўнаметражная праца.

Галоўныя героі — падлеткі Саша і Даня. Гісторыю апісваюць як сумесь Рамэо і Джульеты з Боні і Клайдам. У тынэйджараў каханне і супрацьстаянне са светам дарослых, якое выльецца ў нешта страшэннае. І шукаць Сашу з Даняй будуць не толькі бацькі, але і паліцыя.

Сюжэт фільма грунтуецца на рэальнай гісторыі, якая адбылася ў Пскове шэсць гадоў таму. Тады двое падлеткаў раздабылі зброю, абрабавалі сваякоў, абстралялі паліцэйскую машыну і замкнуліся на лецішчы. Усё, што адбывалася, яны транслявалі праз інтэрнэт.

«Галоўная роля» (з 30 чэрвеня ў кінатэатрах)

Рэжысёры: Мар'яна Кон і Гастан Дзюпра.

У ролях: Пенелопа Крус, Антоніа Бандэрас, Оскар Марцінэс.

Камедыя, якую паказвалі на Венецыянскім кінафестывалі. Іспанская сатыра пра адваротны бок шоу-бізнесу, ды яшчэ з удзелам дзвюх буйных зорак. Водгукі пра стужку змешаныя. Прычым прафесіяналам яна зноў жа спадабалася больш, чым звычайным гледачам.

Пачынаецца ўсё з таго, што мільянер вырашае ўпісаць сваё імя ў гісторыю кіно. Ён жадае зняць ідэальны фільм. Для гэтага ў якасці сцэнарыя бярэ кнігу Нобелеўскага лаўрэата, рэжысёрам кліча любіміцу кінафестываляў, а на галоўныя ролі запрашае двух самых папулярных акцёраў. Вось толькі адзін з іх — галівудскі мача, а другі — тэатрал і аматар Станіслаўскага. Канфлікту не пазбегнуць, а ўвесь план апынецца пад пагрозай.


чемодан-спиннер, поликарбонат, для ручной клади, 37.5×22.5×55 см, 38 л
Нет в наличии
чемодан-спиннер, пластик, 51×31×75 см, 134 л
Нет в наличии
чемодан-спиннер, полипропилен, 50×31×77 см, 106 л
Нет в наличии
чемодан-спиннер, полипропилен, 44×28×67 см, 82 л
Нет в наличии

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by