«Качыныя гісторыі», «Чорны плашч», «Цуды на віражах», «Аладзін», «Цімон і Пумба», «Геркулес» і, вядома, «Чып і Дэйл». Мультсерыялы, без якіх немагчыма ўявіць дзяцінства 1990-х. Людзі з тонкай душэўнай арганізацыяй асабліва чула ўспрымаюць кожную спробу ўварвацца ў іх даўно мінулае дзяцінства з дапамогай рэбутаў класікі. Вось і навіну пра поўнаметражнага «Чыпа і Дэйла» многія сустрэлі насцярожана. Ці не спаганяць памяць? Ці не апошляць сучаснасцю? Тым больш гэта ж «Дысней», і прэцэдэнты былі. Паглядзелі новы поўнаметражны фільм «Чып і Дэйл спяшаюцца на дапамогу» і расказваем усю праўду.
Гэта толькі нам здаецца, што гісторыя Чыпа і Дэйла пачалася ў 1990-я. Насамрэч абодва бурундукі з'явіліся яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя. Жывёлы тады стаялі бліжэй да адмоўных персанажаў і супрацьпастаўляліся Мікі Маўсу, Дональду Даку і Плута. Размаўляць яны не ўмелі, а толькі смешна пішчалі і насіліся па экране як ашалелыя. Дарэчы, менавіта гэтым версіям Чыпа і Дэйла быў прысвечаны леташні серыял «Чып і Дэйл: Жыццё ў парку», які ў выніку захейцілі з-за непадобнасці да звыклых нам герояў.
Тыя першыя бурундукі «зняліся» ў пары дзясяткаў дыснееўскіх мульцікаў, а ў 1950-я атрымалі некалькі сольных праектаў. Тады, аднак, яны збольшага засталіся незаўважанымі, таму пра Чыпа і Дэйла забыліся на 30 з лішнім гадоў.
Успомнілі пра іх пад канец 1980-х, калі ў «Дыснеі» задумаліся над стварэннем новага мультсерыяла. Канцэпцыя была такая: ёсць каманда антрапаморфных жывёлін, якія ратуюць сябе, горад і свет ад розных напасцяў. Першапачаткова галоўным героем хацелі зрабіць зусім новага персанажа — мышаня Кіта Колбі. Босам, аднак, ён не спадабаўся, і тады хтосьці ўспомніў пра існаванне Чыпа і Дэйла. Чыпу ў асноўным перадалі рысы Кіта Колбі, а з Дэйла зляпілі смешнага недарэку. А далей вы і так усё ведаеце.
У нас «Чыпа і Дэйла» паказвалі па нядзелях разам з «Качынымі гісторыямі». Для дзяцей, якія да гэтага не мелі доступу да падобнай анімацыі, кожная серыя была нібы цуд. Тыдзень мы чакалі, а потым знікалі з вуліц і сядзелі з шырока расплюшчанымі вачыма, напяваючы ўсім знаёмы матыў.
Усяго пра ратавальнікаў знялі 65 серый. Мала? Тады здавалася, што гэта бясконцае задавальненне. Якое, праўда, насамрэч даволі хутка скончылася. Так, трансляваліся новыя мульцікі, але нешта ў «Чыпе і Дэйле» было асаблівае, што прымушала сумаваць менавіта па гэтых чортавых бурундуках. Можа, Гаечка?
Кажуць, у пачатку 1990-х хацелі зняць поўнаметражны мультфільм аб прыгодах каманды грызуноў. Аднак адмовіліся ад ідэі пасля правалу ў пракаце поўнаметражных «Качыных гісторый». Як бы там ні было, але пра ратавальнікаў зноў забыліся на 30 гадоў.
Успомнілі пра іх акурат тады, калі «Дысней» пачаў рэанімаваць сваю ж класіку, кожны год выпускаючы адразу некалькі рымейкаў, спін-офаў і іншых рэбутаў. Падрыхтоўка да здымак пачалася ў 2014 годзе, аднак сабраць каманду ўдалося толькі праз пяць гадоў. І вось — тыя самыя Чып і Дэйл, ды яшчэ спяшаюцца на дапамогу. У наяўнасці пераемнасць, да якой аўтары, здаецца, павінны былі падысці з асаблівай беражлівасцю. А як атрымалася насамрэч?
Падзеі ў фільме адбываюцца ў наш час, гэта значыць праз 30 гадоў пасля выхаду мультсерыяла. Уся каманда ратавальнікаў распалася. Дэйлу надакучыла быць вечна другім, таму ён вырашыў паспрабаваць сябе ў сольным праекце ў якасці агента-шпіёна. На жаль, не пракаціла, і зараз бурундук перабіваецца выпадковымі здымкамі ды тырчыць на фанацкіх тусоўках, дзе ім ужо даўно ніхто не цікавіцца. Нават CGI-аперацыя не дапамагае.
Шоу, пасля таго як сышоў Дэйл, прыкрылі, таму і Чып застаўся без працы. Усе тры дзясяткі гадоў ён пакутуе ад адзіноты, зарабляе на жыццё продажам страховак ды песціць хатняга сабаку — адзіную жывую істоту, якая чакае яго па вечарах.
Гаечка па-ранейшаму майструе ўсялякія штукі і рамантуе старое барахло. Не вытрымаўшы падкатаў Вжыка, мыш выйшла замуж за муху і нараджала чатыры дзясяткі мутантаў. Асілак Ракфор моцна падсеў на самы смярдзючы сыр, пасварыўся з мясцовай бандай і мае патрэбу ці то ў лячэнні, ці то ў абароне, ці то і ў тым, і ў другім адразу.
Менавіта Рокі стане тым, хто зноў зможа аб'яднаць Чыпа і Дэйла, прымусіўшы іх забыць ранейшыя крыўды. Ён просіць бурундукоў дапамагчы яму. Рэч у тым, што ў горадзе арудуюць злыдні, якія выкрадаюць мульцяшных персанажаў, што апусціліся на дно, як ён. Выкрадзеных герояў падпольна перамалёўваюць і прымушаюць здымацца ў плагіятах іх некалі лепшых прац.
На жаль, Рокі сапраўды выкрадаюць. Так што Чыпу і Дэйлу нічога не застаецца, як узяцца за пошукі сябра. З расследаваннем ім дапамагае маладая дэтэктыў, якая ў дзяцінстве вельмі любіла мультфільмы з удзелам бурундукоў. Вось толькі яны нават не падазраюць, з якім старажытным і тоўстым злом ім давядзецца сутыкнуцца…
Цяперашні «Чып і Дэйл» — не мульцік у чыстым выглядзе. Тут спалучаюцца анімацыя і кіно на манер стужкі «Хто падставіў труса Роджэра?» Аўтары фільма, дарэчы, самі прызнаюцца, што ў якасці ўзору бралі працу Роберта Земекіса. Але выкарыстоўвалі новыя CGI-тэхналогіі. Тым не менш вынік выглядае міла і старамодна, на інавацыі не цягне. Апошняе, хутчэй за ўсё, і не прадугледжвалася.
Сюжэт у падобных праектах — справа дзясятая. Куды важней не «што», а «як». А так канцэптуальна ў нас практычна серыя з «Чыпа і Дэйла», але расцягнутая на паўтары гадзіны. Тут ёсць злачынец, ёсць героі, якія ізноў павінны ўсіх выратаваць. Нудота? Так, але ёсць нюансы.
У «Чып і Дэйл спяшаюцца на дапамогу» дзіўная колькасць адсылак да галівудскай і не толькі класікі. Прычым гаворка не толькі пра дыснееўскія мультфільмы. Тут вам і «Сімпсаны», і «Паўднёвы Парк», і «Трансформеры», і Мапеты, і Пачвара-Сонік. Каб не празяваць усе «пасхалкі», фільм трэба паглядзець не адзін раз.
Перад намі сапраўдны рай кінамана. Тут ці не ў кожным кадры ёсць рэверанс да анімацыйнага боку поп-культуры. Прычым усё гэта прасякнута метагумарам, часам крыху крыўдным, часам жарсткаватым, але заўсёды вельмі іранічным. Нават калі ў пэўны момант нейкі жарт падасца вам лішнім, найграным або дурным, праз імгненне ці два аўтары ўсё паставяць на свае месцы.
«Чып і Дэйл спяшаюцца на дапамогу» вельмі смешны фільм. Але не з той катэгорыі, калі сядзіш і рагочаш як конь. Не, падчас прагляду ты не смяешся, можа зрэдку ўсміхаешся, але пры гэтым увесь час захапляешся тым, як аўтары тонка (ці не вельмі) падкалолі сябе, цябе, іншых, усё вакол. Такі гумар куды складаней увасобіць, асабліва ў такой стужцы.
Сцэнарысты не баяцца крытыкі ў свой адрас, яны падкрэсліваюць аргументы фанатаў і не саромеюцца мінулых правалаў «Дыснею». Пры гэтым умудраюцца не ісці ў прыхільнікаў на повадзе і ўсё роўна робяць такі фільм, якім яго самі жадаюць бачыць. Ах, вы чакаеце арыгінальную песню без усялякіх рэміксаў? Так-так, мы ведаем, але дулю вам. А яшчэ ведаем, што вы жадаеце адраджэння «Чорнага плашча». І зноў дулю вам. Думаеце, мы не ведалі, што вы ашалееце ад міжвідавой сувязі Гайкі і Вжыка? Ха, ведалі, вядома!
Дасталася таксама іншым персанажам, не толькі дыснееўскім. Асабліва паздзекаваліся з вожыка Соніка і яго зубоў, з-за якіх у свой час войска фанатаў ледзь не зрабіла масавае харакіры!
Па сутнасці гісторыя пра Чыпа і Дэйла другасная. Яна вельмі слаба іграе на настальгічных струнках душы адданых фанатаў. Некаторых асобныя аспекты біяграфіі галоўных герояў могуць нават абурыць. Але ўсё гэта не важна, таму што цяперашні «Чып і Дэйл спяшаюцца на дапамогу» — гэта надзіва вельмі таленавіты зборнік «пасхалак» для тых, хто любіць мультфільмы і арыентуецца ў іх як рыба ў вадзе. Гэта даніна памяці, але не столькі Чыпу і Дэйлу, колькі мастацтву заходняй анімацыі ў цэлым.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by