Ажно мову адняло. Паглядзелі на Netflix трэці сезон «Каханне. Смерць. Робаты»

12 826
21 мая 2022 в 11:49
Источник: Зміцер Адашкевіч

Ажно мову адняло. Паглядзелі на Netflix трэці сезон «Каханне. Смерць. Робаты»

Источник: Зміцер Адашкевіч

Вось ужо трэці раз Netflix цешыць нас зборнікам разнастайнай і якаснай мультыплікацыі. Па-ранейшаму застаецца шкадаваць, што ў новым сезоне мульцікаў удвая менш, чым у анталогіі 2019 года. Затое практычна кожны — сапраўдны брыльянт. А ад некаторых у нас адняло мову. Далей коратка раскажам пра кожную серыю, а таксама падзелімся ўражаннямі і ацэнкай.

«Тры робата: стратэгіі выхаду»

У першым мультфільме нас чакае тройца знаёмых робатаў. На гэты раз яны вывучаюць постапакаліптычны свет людзей, каб засвоіць урокі для маладой культуры робатаў. Яны вывучаюць, як паміралі беднякі, айцішнікі-мільянеры, кіраўнікі ўрадаў і казачна багатыя мільярдэры.

Асноўны мэсэдж серыі выдатна перададзены фразай аднаго з робатаў — «Горш людзей стварэнняў няма». На працягу дзясятка хвілін робаты дзівяцца чалавечай дурасці, смяюцца са спроб людзей выратавацца і не могуць зразумець, як можна было так паступіць з цудоўнай планетай.

Атрымалася вельмі простая і «экалагічная» гісторыя амаль для самых маленькіх, толькі трошкі больш злая ды эпатажная. Затое вельмі прыгожа, графіка тут амаль як у сучасных дыснэеўскіх мультфільмах. Аднак ў цэлым праца не адрозніваецца сілай, глыбінёй і навізной. Затое пралятае хутка, ды і робаты пацешныя. Слабы лайк за сярэдненькі мульт.

7 з 10

«Дрэнная паездка»

На карабель нападае гіганцкі і, што важна, крыважэрны краб. Пасекшы паўкаманды, жывёліна затаілася ў труме. На разведку абстаноўкі адпраўляюць аднаго небараку. Ніхто яго ўжо не чакаў жывым, але марак вяртаецца і прыносіць дзіўную вестку. Аказваецца, краб можа размаўляць (праўда, вельмі спецыфічна) і патрабуе, каб яго адвезлі на густа населеную выспу, дзе ён зможа здаволіць голад. Узнікае ідэя падмануць краба і адправіць яго на суседнюю незаселеную выспу. Вось толькі ці не даведаецца істота аб парушэнні дамовы?

Яшчэ адна выдатнейшая візуалізацыя на тэму дрэннага чалавецтва — ды яшчэ аўтарства Дэвіда Фінчэра. За гісторыяй пра манструознага краба тут таксама хаваецца прытча пра людскія заганы. Толькі пра больш прыватныя, а не агульныя, як у выпадку з папярэднім мультфільмам.

І зноў нельга не адзначыць ашаламляльны візуал (і будзем гэта рабіць у аглядах кожнага эпізоду). Фінчар з лёгкасцю выкарыстоўвае кіношныя прыёмы накшталт запаволення, каб надаць «Дрэннай паездцы» як мага больш кінематаграфічнасці. У той жа час хапіла арыгінальнасці ў падачы, а абодва кліфхэнгера залішне відавочныя.

8 з 10

«Жывы пульс машыны»

У кожным сезоне анталогіі «Каханне. Смерць. Робаты» абавязкова павінна быць маляваная філасофская гісторыя, якая пакідае след не толькі ў мозгу, але і ў сэрцы. У трэцім сезоне гэта, безумоўна, «Жывы пульс машыны».

Дзве астранаўткі вывучаюць спадарожнік Іа. Падчас місіі іх адна з іх гіне, а ў другой аказваецца прабіты бак з кіслародам. Даводзіцца падключыцца да бака мёртвай калегі і цягнуць яе 40 км да выратавальнай шлюпкі. Шлях і так няпросты, да таго ж яшчэ і траўмы замінаюць. Таму па дарозе часам даводзіцца падтрымлівацца наркатычнымі прэпаратамі. Раптам прыходзіць у сябе другая дзяўчына… Ці гэта галюцынацыі, выкліканыя пачуццём віны і лекамі?

Спачатку здаецца, што перад намі звычайны «выжывач» з добрай ці дрэннай канцоўкай — абодва варыянты сёння прымальныя. Але чым далей, тым больш «Жывы пульс машыны» раскрываецца з зусім нечаканых бакоў. Каб абыйсціся без спойлераў, скажам толькі, што гэта самы прыгожы псіхадэл ва ўсім зборніку. А ўвогуле — нібы «Інтэрстэлар» паглядзеў, толькі карацей, цікавей і больш якасней.

10 з 10

«Ноч міні-мерцвякоў»

Яшчэ адзін мульт пра апакаліпсіс. Толькі не ўвогуле, а з удзелам зомбі. Пачалося ўсё з таго, што нейкая парачка вырашыла заняцца сэксам на могілках. Нічога добрага з такога выйсці не магло. І вось вам — нашэсце зомбі па ўсім свеце з наступнай абавязковай гібеллю чалавецтва.

Самы кароткі і даволі смешны мультфільм. Зняты ў тэхніцы Tilt-Shift, якая з мульцяшкі робіць яшчэ больш мульцяшны выгляд. Хуткасць паскораная, выгляд — толькі высока зверху. Мусіць, доўга такое глядзець было б цяжка, але пяць хвілін вытрымаць можна.

Сапраўды кажучы, не зусім зразумела, што «Ноч міні-мерцвякоў» робіць у гэтай анталогіі. Куды больш арганічна мультфільм выглядаў бы на якім-небудзь местачковым конкурсе анімацыi. Слабенька.

6 з 10

«Забі, каманда, забі»

Спецназаўцы сутыкаюцца з нечаканым і вельмі грозным супернікам. Прыйдзецца выжываць у сутычцы з барсуком-людаедам. Зрабіць гэта непроста, таму што барсук (ці ўсё ж грызлі?) распрацаваны ў ЦРУ, абсталяваны бранёй і жудаснай зброяй. Але ўсё ж нават у яго знойдзецца слабае месца.

Дынамічны і самы смешны мульт у падборцы. Месцамі нагадвае найбольш крывавыя эпізоды «Паўднёвага Парку», прычым не толькі па шалёнасцi ідэі (барсук-кібарг — што?), але і па знарок спрошчанай анімацыі.

Глядзець гэты моцны і дынамічны баявік з вялізнай прымессю камедыі — адно задавальненне. А яшчэ тут найлепшая песня ў фінальных тытрах. Яна складзена з лаянак чальцоў атрада і вымушае даглядзець тытры да канца.

8 з 10

«Рой»

Першая праца ў трэцім сезоне, дзе анімацыя дэманструе максімальнае набліжэнне да рэальнасці. Твары, харэаграфія — ўсё гэта на вельмі высокім узроўні.

Аповед пра двух спецыялiстаў, якія вывучаюць іншапланетную цывілізацыю пад назвай «Рой». Жанчына ведае пра іх усё. А мужчына толькі прыбыў, каб выкарыстаць рой на карысць усяго чалавецтва. Для гэтага, праўда, рой трэба падпарадкаваць. Вось толькі «бязмозглыя жукі» нездарма ядуць свой хлеб мільёны гадоў.

Разважанні аб месцы чалавека ў сусвеце і аб яго разбуральным імкненні ўзвысіцца над прыродай. Часамi вельмі натуралістычна і крыпова. Цікава глядзець і чакаць канцоўку, вось толькі яна хутчэй расчароўвае сваёй адкрытасцю.

8 з 10

«Пацукі Мэйсана»

А што, калі б пацукі таксама маглі эвалюцыянiраваць? Прычым рабіць яны гэта павінны хутчэй за людзей. Прыкладна такія межы сабе паставілі аўтары гэтай стужкі. Перад намі — фантазія на тэму паскоранай эвалюцыі грызуноў, ад засваення лука да агнястрэла.

Пачалося ўсё з таго, што старога Мэйсана пацукі ледзь не забілі ў ягоным хляву. На дапамогу падаспеў гандляр, які прывёз з сабою самы сучасны сродак для барацьбы з эвалюцыянаваўшымi грызунамі — сістэму з чатырох лазераў. Яе, праўда, не хапае, і хутка ў ход пойдуць зусім іншыя сродкі.

Яшчэ адна замалёўка на тэму ўплыву чалавецтва на навакольнае асяроддзе. Прадказальна і таму не вельмі цікава. Разам з «Ноччу міні-мерцвякоў» самы слабы эпізод у анталогіі. Нават з гумарам не вельмі атрымалася.

6 з 10

«Пахаваныя ў скляпеністых залах»

Невялікі атрад амерыканскіх ваенных атрымлівае заданне выратаваць заложніка ад паўстанцаў. Тыя якраз хаваюцца ў пячоры — там іх і можна знайсцi. Вось толькі ў пячоры чамусьці замест заложніка і яго выкрадальнікаў апыняюцца іх свежанькія абгрызеныя шкілеты. Далей сюжэт круціць так, што любыя «Чужыя» пазайздросцяць.

Па сутнасці кіно, а дакладна — вельмі круты баявік. Пасля дзесяці хвілін здаецца, быццам паглядзеў зборку лепшых момантаў з новага кінаблакбастара. Тут вам і стварэнні, і старажытнае зло, і стральба (вельмі шмат стральбы!), і загадкі, і нават археалогія. Невялікі хронаметраж змясціў столькi, што цяжка ў гэта паверыць.

«Пахаваныя ў скляпеністых залах» трымае ў напрузе ўвесь час. Вельмі цікава даведацца, што ж далей. Ну і поўная кінематаграфічнасць. Максімальна тэхналагічны, драйвовы і зацягваючы баявік.

9 з 10

«Джыбара»

Глухі іспанскі рыцар разам са сваімі сябрамі трапляе ў лясны гушчар. Тут каля возера іх чакае сірэна. Пад уздзеяннем яе песні мужчыны вар'яцеюць і ў дзікім танцы забіваюць адзін аднаго. І толькі Джыбара (насамрэч мы можам толькі здагадвацца, што ў назву эпізода вынесена імя рыцара) літаральна застаўся глухім да песні німфы. Тая, вядома, раззлавалася і зацікавілася адначасова.

Дзіўны эстэцкі эксперымент. Той выпадак, калі паглядзеўшы ўсё да канца, ўсё роўна не разумееш, што гэта было. Па-першае, розніца паміж анімацыяй і жывымі здымкамі літаральна сцёртая. Па-другое, падчас прагляду толькі і застаецца, што сядзець з адчыненым ртом. Толькі з другога разу можна паспрабаваць улавіць нітку няхітрага сюжэту.

Цэнтральная лінія — чалавек супраць прыроды. Аднак пададзена яна настолькі вынаходліва і па-майстэрскi, што ні аб якой банальнасці нават думаць не прыйдзецца. Ашаламляльная і незабыўная праца, якую апроч іншага раiм не толькі глядзець, але і ўважліва слухаць.

10 з 10


 

У цэлым трэці сезон выйшаў нядрэнны. Магчыма, да першага не дацягнуў, але толькі з-за ўдвая меншай колькасці эпізодаў. Атрымалі тры выдатныя хіты, яшчэ столькі ж вельмі моцных работ і ўсяго тры прахадныя серыі. Strongly recommended, так бы мовіць.


32" 1920x1080 (Full HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Samsung Tizen), AirPlay, Wi-Fi
43" 3840x2160 (4K UHD), матрица IPS, частота матрицы 60 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR10, AirPlay, Wi-Fi

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by