11 128
01 мая 2022 в 15:18
Источник: Зміцер Адашкевіч

Паглядзелі самага эма-нуарнага «Бэтмэна». Уражанні неадназначныя

Источник: Зміцер Адашкевіч

Галоўнаму герою кінакоміксаў сусвету DC заўсёды надавалася шмат увагі ў кіно. Цяперашні фільм можна лічыць пачаткам трэцяй маштабнай серыі экранізацыі класічных коміксаў пасля спроб Ціма Бёртана з Джоэлам Шумахерам ды Крыстафера Нолана. Да нас навінка дабіралася доўга, але вось нарэшце і мы можам ацаніць яе.

Пацісан супраць Бэйла

Шмат у чым «Бэтмэн» і як фільм, і як персанаж — гэта ў першую чаргу акцёр, які іграе галоўнага героя. Гэтак жа як у бандыяне і «Доктару Хто». Многія мяркуюць аб паспяховым або правальным запуску/перазапуску франшызы па цэнтральным акцёры. І тут Роберту Пацісану прыйшлося вельмі цяжка.

Сітуацыя шмат у чым падобная да кастынга Майкла Кітана ў фільмах Ціма Бёртана. Тады фанаты таксама вельмі негатыўна прынялі выбар рэжысёра. Тым не менш сёння для многіх гледачоў менавіта Кітан асацыіруецца з «класічным» Бэтмэнам.

На абсалютна новы ўзровень супергероя-мільярдэра вывелі Крыстафер Нолан і Крысціян Бэйл. Без перабольшання трылогія пра «Цёмнага рыцара» стала самай незвычайнай і эксперыментальнай. А Бэйл надаў свайму герою па-сапраўднаму драматычную глыбіню.

Так што калі зводзіць усе спрэчкі пра Бэтмэна да акцёраў, то новаму фільму было вельмі цяжка перасягнуць ноланаўскага. І ён гэтага не зрабіў. Аднак і поўным правалам яго не назавеш: як бы Пацісана ні хейцілі, але з роллю ён справіўся годна. Усё ж з часоў «Змяркання» ён прайшоў вялікі шлях і не стаў акцёрам адной ролі.

Так, злёгку неўрастэнічны мільярдэр, які пакутуе ад грузу мінулага сваёй сям’і, эма-Бэтмэн з доўгім чубам не адпавядае звыкламу вобразу чалавека — лятучай мышы. Але ж і Бэтмэн у выкананні Крысціяна Бэйла перавярнуў уяўленні, быццам у гэтага героя коміксаў DC павінен быць адзіны вобраз, які склаўся даўным-даўно.

Герой Роберта Пацісана не ўпэўнены ў сабе, ён яшчэ не да канца вызначыўся, што ёсць зло, а што — дабро. Але гэта і зразумела, бо тут ён іграе Бэтмэна ў самым пачатку яго супергеройскага шляху. Тут ён хутчэй фрык, чым пагроза злачыннага свету. Таму нічога дзіўнага, калі худзюшчы Брус Уэйн палову фільма блукае з паніклай галавой. А як не хадзіць, калі галаварэзы з цябе смяюцца, тата аказаўся не такім добрым, як ты думаў, а мама ўвогуле магла перадаць псіхічнае захворванне?

Мусіць, такі вобраз Бруса Уэйна можа не спадабацца тым, хто не прызвычаіўся бачыць у персанажу ўпэўненага мільярдэра, які днём руліць велізарнай фінансавай імперыяй, а ўначы ратуе Готэм. У новым фільме Уэйн нічога не хоча ведаць аб сваёй гіганцкай спадчыне і нават адчувае цяжар ад яе. І толькі ў шкуры Бэтмэна ён знаходзіць хоць нейкае падабенства ўпэўненасці. Гэтакі супергерой для эма-прадстаўнікоў пакалення 1990-х. Але чаму б і не? Выйшла даволі свежа, арыгінальна і не надумана.

У цёмным-цёмным Готэме

Сцэнарысты не сталі занадта далёка адыходзіць ад класічнай гісторыі Бэтмэна. Так, нам які ўжо раз паказваюць станаўленне «лятучай мышы» пасля забойства бацькоў, а таксама знаёмяць з ключавымі супернікамі ў выглядзе Пінгвіна і Загадачніка. Але некаторыя адметныя рысы ўсё ж ёсць.

Па-першае, мяркуецца, што глядач у курсе асноўнага трыгера, які падштурхнуў Бруса стаць пагрозай злачыннага свету. Зрэшты, нават калі не, то асабліва несвядомым грамадзянам у двух словах перадгісторыю ўсё ж раскажуць. Аднак непасрэдна паглыблення ў дзяцінства галоўнага героя няма.

Па-другое, не сталі паказваць і нялёгкі працэс трансфармацыі юнага Бруса Уэйна ў Бэтмэна, на што ў свой час зрабіў стаўку Крыстафер Нолан. У новым жа фільме галоўны герой хоць і нядаўна ўзяўся рабіць дабро кулакамі, але ўжо валодае ўсімі звыклымі атрыбутамі ў выглядзе бэтмабіля і чорнага гарнітура з вушкамі.

Дарэчы, пра атрыбуты. Паколькі занадта крутым Бэтмэн стаць яшчэ не паспеў, здольнасці яго арсенала выглядаюць даволі сціпла. Па сутнасці, гарнітур толькі абараняе ад куль ды выконвае ролю вінгсьюта. Бэтмабіль — састарэлы, але вельмі моцны і хуткі маслкар. Шкада, што сцэна з ягоным удзелам толькі адна, ды і то не самая ўражлівая.

Ледзь не паўнавартасным героем у фільме з'яўляецца Готэм. Максімальна нуарны, нейкі на здзіўленне быццам бы блізкі і знаёмы, ён, у адрозненне ад самога Бэтмэна, якраз на ўсе 100% адпавядае коміксаваму Готэму.

Дык як яно?

«Яно» ідзе амаль тры гадзіны, і ў адзін заход праглядзець фільм ад пачатковых да фінальных тытраў цяжкавата. Апавяданне размеранае, расцягнутае, павольнае і цягучае, як патака. Нават размаўляюць тут марудліва, да таго ж ёсць шмат проста маўклівых дажджлівых сцэн. Час ад часу перарываецца гэта якаснымі экшэн-эпізодамі, якія ўміг разганяюць соннае здранцвенне.

Такіх эпізодаў няшмат, але амаль усе яны добра запамінаюцца. Асабліва стыльнай мне падалася перастрэлка ў цемры, калі Бэтмэн пад агнястрэльныя ўспышкі, нібы дубалом, нейтралізуе шматлікіх супернікаў. Такая чарада сонна-нуарных і выбуховых сцэн выглядае даволі прыемна.

Сюжэтна новы «Бэтмэн» — дэтэктыўны трылер. У цэнтры ўвагі — расследаванне чарады выкраданняў і забойстваў прадстаўнікоў найвышэйшага палітычнага свету Готэма. Па прыкладзе фільма «Сем» Дэвіда Фінчара неўзабаве аказваецца, што ўсе яны, мякка кажучы, не вылучаюцца праведнасцю. На месцы злачынстваў злыдзень пакідае загадкі і шыфры, да разглядвання якіх прыцягваецца Бэтмэн.

Як і ў любым трылеры, тут спачатку таксама робіцца ўпор на асобу Загадачніка. Што гэта за чалавек? Якія ў яго матывы? Як ён выглядае без маскі? Але, у адрозненне ад большасці трылераў, адказы на гэтыя пытанні нам даюць не ў фінале, а бліжэй да канца другой трэці стужкі. А потым аўтары карціны пракручваюць нечаканы трук і ўводзяць у апавяданне яшчэ адзін нюанс. Ён не пераварочвае ўсё з ног на галаву, але прымушае па-іншаму расставіць акцэнты — не «хто?» і «чаму?», а «і што зараз з гэтым рабіць?». У цэлым фінальная развязка атрымалася моцная і небанальная.

Тое ж датычыцца самога Загадачніка. У мяне, як, напэўна, і шмат у каго, яго вобраз асацыіруецца з Джымам Керы. У новым жа «Бэтмэне» ён зусім іншы — больш інтэлектуальны, жывы, сапраўдны, а не карыкатурны. Увогуле, куды бліжэйшы да магчымай рэальнасці, чым фрыкавата-коміксавы герой Керы.

А вось Пінгвіну так не пашанцавала. Нягледзячы на трохгадзінны фармат, тут ён выглядае ці то лішнім, ці то недастаткова прапрацаваным. Коліна Фарэла, вядома, загрыміравалі да поўнай непазнавальнасці. Але толку ад гэтага, калі Пінгвіна тут мала. Яму няма дзе разгарнуцца ў тых нешматлікіх эпізодах, дзе ён усё ж з'яўляецца.

Падобныя ўражанні і ад Жанчыны-кошкі. Здаецца, не такі ўжо лішні персанаж, аднак яе паводзіны часам не паддаюцца рацыянальнаму тлумачэнню. Асабліва надуманым выглядае раман з Бэтмэнам, які ўспыхнуў занадта хутка. Адчуванне, быццам усё гэта дадалі ў сцэнарый у апошні момант, абы рамантычную лінію ўвесці.

У цэлым жа новы «Бэтмэн» — не рэвалюцыйны, але нядрэнны фільм. Нягледзячы на некаторыя эксперыменты, ён не перавярнуў уяўленні аб жанры і ўвогуле не сказаў нічога істотна новага. Але гэта і не правал. Проста яшчэ адзін моцны супергеройскі фільм у стылі DC. Поспех пацверджаны і касавымі зборамі, і нядаўнімі абяцаннямі зняць працяг.

7,5
Адзнака Onlíner
Вядома, «Бэтмэну» далёка да «Цёмнага рыцара». Таму падчас прагляду галоўнае — прызвычаіцца да думкі, што з Ноланам ніхто цягацца і не збіраўся. Цяпер мы ведаем, у якім кірунку будзе развівацца новая трылогія (хаця хто ведае, можа, фільмаў будзе і больш) пра Бэтмэна ў выкананні Роберта Пацісана.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by