Нядаўна стала вядома, што Брус Уіліс не так проста здымаўся ў прахадным трэшовым кіно. У акцёра дыягнаставалі цяжкую хваробу, якая аказвае ўплыў на кагнітыўныя здольнасці. Сёння мы вырашылі ўспомніць іншых легендарных кіназорак баевікоў 1980—1990-х і паглядзець, як яны змяніліся за гэты час. Калі памятаеце, то пра Уіліса ўжо згадвалі ў асобным артыкуле.
«Ты за Шварца ці за Ван Дама?» — такое бязглуздае і бессэнсоўнае пытанне чамусьці любілі задаваць хлопцы ў маім двары. Ад адказу амаль нічога не залежала, але нейкім не зусім відавочным чынам ты пасля гэтага пачынаў адносіцца да аднаго з двух лагераў. Дарэчы, яны ніколі не выяснялі адносін паміж сабой, проста адны «тапілі» за Ван Дама, другія — за Арні.
Жан-Клод нарадзіўся ў Бельгіі, сям’я яго не мела ніякага дачынення да сілавых спаборніцтваў. Тым не менш, калі Жан-Клоду споўнілася 10 гадкоў, тата аддаў яго ў секцыю каратэ. А яшчэ праз шэсць гадоў ужо мама завяла ў балетную школу. Аказалася, што каратэ ў спалучэнні з балетам дае плённыя вынікі, і вось у 20 гадоў Ван Дам ужо чэмпіён Еўропы па каратэ ў складзе бельгійскай каманды, а таксама ўладальнік дзясяткаў самых розных узнагарод.
Амбіцыйны хлопец вырашыў крочыць далей, і ва ўзросце 22 гадоў ён у прамым сэнсе адкрывае для сябе Амерыку. Не ўсё атрымалася адразу, колькі гадоў прыйшлося здымацца ў эпізадычных ролях. Аднак хутка маладога атлетычнага пазітыўнага бельгійца ўбачылі вялікія галівудскія босы, а таксама сам Чак Норыс!
Пасля шэрагу няўдач (у тым ліку пасля правалу спроб на ролю Драпежніка ў аднайменным фільме) Жан-Клод нарэшце адчуў сябе зоркай. Здарылася гэта пасля ролі ў фільме «Крывавы спорт». Кінакрытыкі аблаялі стужку, а самога Ван Дама намініравалі на «Залатую журавіну». Аднак усё гэта не перашкодзіла акцёру стаць любімчыкам у масавага гледача. Дзіва дзіўнае, але ў пракаце карціна сабрала больш за $65 мільёнаў, што амаль утрая перавысіла бюджэт фільма.
Так да пачатку XXI стагоддзя і працягвалася: Ван Дам актыўна здымаўся ў падобных адна на адну стужках, дзе іграў падобныя адна на адну ролі. Крытыкі гэтыя фільмы ганьбілі, а вось гледачам падабалася. Сапраўды, Жан-Клод атрымаў армію фанатаў, якія ва ўсім жадалі быць падобнымі да куміра.
Але ў пачатку 2000-х кар’ера акцёра пачала прыходзіць у заняпад. У той час кінематограф увогуле і баевікі ў прыватнасці актыўна мяняліся. А 40-гадовы Ван Дам працягваў эксплуатаваць адзін і той жа вобраз «каратэ-хлопца». Але ж нікому гэта ўжо не было цікава.
Праўда, аднойчы пра застарэлую зорку зноў успомнілі дзякуючы псеўдадакументальнай драме «Ж. К. В. Д.», у якой Ван Дам шмат імправізаваў і фактычна сыграў самога сябе. На гэты раз крытыкі былі ў захапленні і нават абяцалі акцёру «Оскар» (праўда, ніхто статуэтку яму так і не прысудзіў). Але далей — зноў заняпад. Працяг «Універсальнага салдата», «Кікбаксёра» і ўсё астатняе, акрамя, можа, толькі ролі ў стужцы «Нястрымныя 2», не вельмі паспрыялі развіццю кар’еры Жан-Клода.
Сёння Ван Даму 61. Недзе раз на год ён здымаецца ў стужках, пра якія вы наўрад ці чулі. Аднак, у адрозненне ад Уіліса, размовы пра заканчэнне кінакар’еры пакуль не вядзе.
Куды ж без Жалезнага Арні! Як і Ван Дам, Шварцэнэгер нарадзіўся па-за Амерыкай. Прыроджанаму аўстрыйцу было цяжка прабіцца ў амерыканскі кінематограф з-за складнага прозвішча і незразумелага акцэнту. Тым не менш ён здолеў гэта зрабіць.
У дзяцінстве бацька спрабаваў зрабіць з сына футбаліста. Той трошкі пабегаў з мячом, а потым вырашыў стаць тым, кім жадаў — культурыстам. З 14 гадоў Арні актыўна накачваў мускулы. У 18 яго забралі ў армію, адкуль ён аднойчы збег, каб прыняць удзел у конкурсе «Містэр Еўропа».
Потым быў непрацяглы перыяд працы ў Мюнхене ў якасці фітнес-трэнера, пакуль 21-гадовы юнак не вырашыў перабрацца ў ЗША. Там пэўны час ён сумяшчаў кар’еру культурыста і акцёра-пачаткоўца. У другой палове 1970-х яго прымецілі дзякуючы стужкам, у якіх Арні фактычна сыграў самога сябе. Але ж першы сапраўдны поспех да Шварцэнэгера прыйшоў пасля ролі Конана-варвара.
Ну, а далей заставалася толькі замацаваць поспех. Статус культавага Шварцэнэгер атрымаў пасля легендарнага фільма Джэймса Кэмерана «Тэрмінатар». Наогул, у 1980-я Арнольд зазнаў якія толькі можна адценні славы. Тут вам і «Чалавек бяжыць», і «Драпежнік», і «Каманда», і «Чырвоная спякота».
У 1990-я таксама не было калі адпачываць ад хітоў. Ганарар ужо галоўнай зорцы баевікоў маглі заплаціць толькі за высокабюджэтныя карціны з перспектывай адбіць затраты падчас пракату ў кінатэатрах. Адсюль — «Поўны ўспамін», другая частка «Тэрмінатара», «Апошні кінагерой», «Праўдзівая хлусня», «Бэтмэн і Робін».
Аднак чым бліжэй да пачатку 2000-х і да 50-гадовага юбілею, тым больш відавочнай станавілася стомленасць акцёра. «Канец дзён», «Шосты дзень», нарэшце, трэцяя частка «Тэрмінатара» — усе гэтыя стужкі былі растаптаныя раззлаванымі крытыкамі. Дзякуй богу, Шварцэнэгер мужчына разумны, таму не стаў пагаршаць становішча яшчэ больш. На доўгае дзесяцігоддзе ён сышоў з кіно ў палітыку.
Шмат гадоў Арні працаваў на пасадзе губернатара штата Каліфорнія. Калі-нікалі ў кіно ён з’яўляўся, але хутчэй у якасці «пасхальнага яйка». Потым акцёр зноў вярнуўся ў вялікае кіно. Недзе раз у год-два паказваюць фільмы з Жалезным Арні. Зразумела, гэта ўжо далёка не той культурыст з 1980—1990-х, калі ён знаходзіўся на піку папулярнасці. Здаецца, усё гэта Шварцэнэгеру патрэбна самому дзеля настальгіі.
Яшчэ адзін мацак, якога было прынята параўноўваць са Шварцэнэгерам. У адрозненне ад апошняга, Сільвестр нарадзіўся ў ЗША. Аднак па сутнасці амерыканцам ён быў у першым пакаленні, таму што бацька Сталонэ паходзіў з Сіцыліі.
І ўсе ж шлях да акцёрскай кар’еры ў яго быў бадай самы цяжкі. Першыя ролі ў кіно атрымаліся зусім непрыметныя. Слай задавольваўся ролямі ў масоўцы, дзе яго мала хто мог заўважыць. Хлопцу не хапала грошай на арэнднае жыллё, у пэўны момант яго нават вышпурнулі на вуліцу.
Лічыцца, што першай больш-менш прыкметнай роляй пачынаючага акцёра стала роля ў стужцы «Італьянскі жарабец». Тады гэта карціна лічылася парнаграфічнай. Сёння ў ёй парнаграфіі менш, чым у першым сезоне «Гульні тронаў». Ва ўсялякім выпадку Сталонэ атрымаў ганарар 200 долараў і хаця б мог здымаць жыллё.
Наступныя пяць гадоў зноў прайшлі ў паўгалодным існаванні — Сільвестр не выходзіў далей за нязначныя эпізадычныя ролі. Фартуна ўсміхнулася акцёру, калі яму ўжо споўнілася 30. Сталонэ зрабіў апошні рывок і быў гатовы наогул адмовіцца ад кар’еры ў кіно, калі б яго зноў чакаў правал. Слай сам напісаў сцэнарый і сыграў галоўную ролю ў фільме «Рокі».
Гэта быў безумоўны поспех! Пры бюджэце $1 мільён стужка зарабіла больш за $225 мільёнаў. І гледачы, і кінакрытыкі былі ў захапленні. Адсюль — тры «Оскары» і новая сусветная зорка пад назвай Сільвестр Сталонэ.
Далей быў працяг (і нават не адзін) «Рокі» і ўрэшце «Рэмба». Бадай, гэтыя дзве франшызы і сёння застаюцца галоўнымі ў партфоліа акцёра. Усё, што было паміж імі, і крытыкамі, і гледачамі ўспрымалася вельмі неадназначна. У 1990-я Сталонэ рэгулярна намініравалі на антыпрэмію «Залатая журавіна», пакуль у 2000-м наогул не прызналі самым дрэнным акцёрам стагоддзя.
Кіношны шлях у Сільвестра сапраўды спецыфічны. Відавочна, што ў плане акцёрскага мастацтва яму няма чым пахваліцца. Тым не менш час ад часу Сталонэ трапляў у стужкі, якія нават маглі быць дрэннымі, але ж чамусьці станавіліся культавымі. Так, напрыклад, адбылося з «Суддзёй Дрэдам» і «Разбуральнікам».
Як і для многіх калег, пераломным для кар’еры акцёра стаў пачатак новага стагоддзя. Усе стужкі, у якіх здымаўся Слай, былі вельмі дарагімі, аднак ганебна правальваліся ў пракаце. Ад Сталонэ адвярнуліся нават яго фанаты, якія палічылі, што іх куміра ўжо можна спісваць у тыраж.
На некалькі гадоў Сільвестр амаль знік з экрана. А потым быццам набыў другое дыханне. Неблагімі аказаліся працяг «Рокі» і «Рэмба», а потым нарадзілася яшчэ адна паспяховая франшыза — «Нястрымны». Сёння Сільвестр Сталонэ ў сваім паважаным узросце бадай што самы паспяховы на фоне былых калег акцёр. Ён амаль не здымаецца ў трэшаніне, як тое палюбілася Нікаласу Кейджу, а час ад часу выдае неблагія баевікі. Так трымаць, Слай!
Безумоўна, акцёр з самым сумным лёсам. Ад куміра мільёнаў праз мноства скандалаў да нейкага незразумелага палітычнага маскота — не кожнаму ворагу такое пажадаеш.
Аб паходжанні Сігала дакладна мала што вядома, бо былы акцёр рэгулярна мяняе біяграфічныя звесткі. Так, яго продкі могуць быць і манголамі, і калмыкамі, і яўрэямі, і немцамі, і ірландцамі, і нават беларусамі. Ці нікім з іх. Паходжанне Сігала мяняецца разам з палітычнай кан’юнктурай.
Дакладна вядома толькі тое, што нарадзіўся Стывен у ЗША, а ў кіно трапіў выпадкова. Здымацца ён не планаваў і актыўна займаўся японскімі баявымі мастацтвамі. У кіно ж яго запрасілі ў якасці пастаноўшчыка баявых сцэн. І толькі праз некалькі гадоў Сігал задумаўся аб тым, каб не проста працаваць у складзе тэхнічнага персаналу, а з’явіцца на вялікім экране.
У Галівудзе яго ведалі і паспрыялі пачатку акцёрскай кар’еры. У канцы 1980-х Стывен Сігал зняўся ў некалькіх аднатыпных фільмах «пра паліцэйскага-мсціўцу». Аднак сапраўдны поспех прыйшоў даволі позна. Сігалу было ўжо 40 гадоў, калі ў кінатэатрах прагрымеў баявік «У аблозе», дзе Стывен выканаў ролю маўклівага і бязлітаснага да тэрарыстаў карабельнага кока.
Стужку нават намініравалі на «Оскар» (але, зразумела, не самога Сігала), яна сабрала вялікую касу і нарэшце прасунула Стывена. Трошкі меншы поспех меў працяг, дзе асноўныя падзеі адбываліся ў цягніку. А вось усе астатнія спробы зняцца ў якасным кіно поспехаў не мелі.
У адрозненне ад вядомых калег, з пачатку 2000-х Сігал, наадварот, стаў здымацца вельмі шмат. Былі перыяды, калі за год выходзіла па сем стужак з удзелам акцёра! Праўда, да таго часу сур’ёзныя студыі ад супрацоўніцтва са Стывенам адмовіліся, а ўсе шматлікія новыя фільмы сталі выходзіць адразу на DVD — першая прыкмета нізкай якасці працы кінематаграфістаў.
Нягледзячы на адносна іншых не такі ўжо сталы ўзрост, вярнуцца ў вялікае кіно ў Стывена Сігала так і не атрымалася. Акцёр дужа папаўнеў, а замест кінематографа стаў часцей цікавіцца палітыкай. Але не як Шварцэнэгер, а зусім у ёй не разбіраючыся. Сігал пачаў вандраваць па розных дзіўных краінах, уступаць у палітычныя партыі, прымаць грамадзянства, ласавацца морквай і г. д. Сёння пра былую папулярнасць Стывена, хутчэй за ўсё, памятае толькі ён сам.
Што тут скажаш. Ён быў да Сусвету і застанецца пасля яго. Звышчалавек, які аніяк не змяніўся.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by