Бурштын Шродынгера. Дзе ў Беларусі водзіцца жоўты «камень»

2710
07 апреля 2022 в 14:54
Источник: Андрэй Рудзь. Фото: аўтара, Максiма Багдасарава

Бурштын Шродынгера. Дзе ў Беларусі водзіцца жоўты «камень»

Источник: Андрэй Рудзь. Фото: аўтара, Максiма Багдасарава

Першае правіла беларускага бурштыну: нікому не паказвай беларускі бурштын. Жыхары вёсак Лельчыцкага раёна ў зносінах з намі старанна трымаюцца гэтага запавету: «Ага, малымі па канавах шукалі. Не, нічога не знайшлі». Наогул, у тых краях зараз не да скамянелай старажытнай смалы. І чужаку з’яўляцца там непажадана. Але ў нас «Нетры» гараць. Працягваем цыкл пра падземныя дзівосы радзімы. Адразу дамовімся: бурштын — не мінерал і не камень, гэта арганіка. Але для сцісласці будзем часам выкарыстоўваць гэтыя тэрміны.

У каго ёсць бурштын, акрамя нас

Школьная настаўніца з гонарам расказвала нам, што адзінае месца, дзе водзіцца бурштын, — Савецкая Прыбалтыка. Вядома, гэта няпраўда, як і многае, чаму нас навучылі ў школе. Бурштын, апроч Балтыкі, ёсць у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, Японіі, Кітаі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстраліі, на Алясцы і гэтак далей.

Самы відовішчны спосаб здабычы, натуральна, ва Украіне. Месяцовыя пейзажы на прасторах знішчанага лесу, а таксама сутычкі старацеляў адзін з адным і з сілавікамі — ужо штосьці накшталт фірменнага стылю. Такая там тэхналогія — не нам меркаваць.

Нас цікавіць Беларусь. Багатыя ўкраінскія паклады крайком заходзяць і да нас. Найперспектыўнейшая — Брэсцкая вобласць, там нават спрабавалі весці пробную прамысловую здабычу. Ёсць бурштын і ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны.

Як знайсці бурштын і як вырабіць яго самому

На поўдні Гомельскай вобласці сёння, калі пытаешся пра бурштын, людзі пэўны час спрабуюць успомніць, пра што ўвогуле гаворка. Там зараз іншыя рэаліі, у якія жоўты камень не змяшчаецца. Моладзь, можа, і праўда ўжо не цікавіцца такім. Старэйшыя людзі штосьці згадваюць: «у дзяцінстве збіралі», але «нічога не засталося».

«Нічога няма» — гэта рытуальная фраза, якую, як лічыцца, трэба казаць, каб не запісалі ў нелегалы, ну і проста ад граху. Дасведчаныя вучаць: вецер падзьмуў, дождж прайшоў — каменьчыкі паказваюцца на паверхні. Вось і ўся тэхналогія (калі без крыміналу). Сведчаць, што некаторыя адмыслоўцы яшчэ ноччу па раллі хадзілі: нібыта пад ліхтарыкам бурштын асаблівым чынам свеціцца — лягчэй заўважыць.

Жвавая нестарая пенсіянерка, якая шыбуе праз пералесак, раптам аказваецца хадзячай энцыклапедыяй бурштыну.

— Калі меліярацыя была, тут шмат канаў капалі. І мы дзецьмі за бульдозерам хадзілі, як тыя буслы. Шукалі жоўтыя каменьчыкі.

— Дайце патраплю: ніводнага не знайшлі?

Жанчына смяецца ад такой здагадлівасці:

— Во, сапраўды! Збольшага дробныя, вядома. Не знайшлі. Яшчэ ў некаторых былі пырскалкі — гэта такія пластмасавыя бутэлькі ад шампуня. Можна каменьчык аб штаны выцерці, а можна з пырскалкі вадой абмыць. Мы імі ў «цука» гулялі. Ну, то-бок каменьчыкі трэба кідаць аб сценку. Прайграў усе — ідзі новыя шукай.

Выглядае на тое, што гэта нейкая палеская разнавіднасць «Кальмара», для якой неабходны бурштын.

— А цяпер тут няма каму збіраць, ды і навошта ён патрэбны?.. — кажа пенсіянерка, але тут жа ўспамінае сакрэты майстэрства: — Вось сасну вывернула — пад каранямі можна паглядзець.

— Не, гэта вы камень нейкі знайшлі, выкідайце.

— Мы да таго ж і самі рабілі бурштын — слівавы. Акуратна здымаеш са ствала слівы кавалачак смалы — і на сшыткавы аркуш, каб засохла. Яна роўненькая, розных колераў, свеціцца на сонцы — хораша. Іншых цацак няма... І цягаліся з гэтымі паперкамі, выхваляліся адзін перад адным, мяняліся. Цэлыя «гербарыі» былі. Некаторыя нават стараліся камара ці мурашку туды засунуць: бачылі па тэлевізары, што ў бурштыне мусіць быць камар. А яшчэ мы гэтую смалу чамусьці елі, калі яна мяккая. Не, які голад у 1970-я, проста падабалася. Унукам скажы — не павераць... Ай, лепш бы смалу грызлі.

Бурштын на два паверхі

Па тэорыю, як заўсёды, адпраўляемся да спецыяліста.

Максім Багдасараў

Член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Кандыдацкую дысертацыю абараніў па тэме «Бурштын з антрапагенных адкладаў Беларусі».

— Тэрмін «бурштын» у літаратуры не мае адназначнага тлумачэння, фактычна ім абазначаюць цэлы шэраг выкапнёвых смол без уліку іх фізічных і хімічных асаблівасцей. Каб пазбегнуць блытаніны, разумна выкарыстоўваць слова «бурштын» выключна як сінонім тэрміна «сукцыніт». Гэта найбольш распаўсюджаны від выкапняў смол, якія сустракаюцца на Балтыйскім узбярэжжы, а таксама ў Беларусі і на поўначы Украіны. Бурштынападобныя выкапні смалы, якія не з’яўляюцца сукцынітам, не варта называць бурштынам.

Як мы згадвалі, асноўныя запасы беларускага бурштыну сканцэнтраваны на поўдні Брэсцкай вобласці, крыху ёсць у Лельчыцкім і Жыткавіцкім раёнах Гомельскай вобласці. Старажытная смала месцамі падыходзіць да паверхні на 1—2 метры, але асноўны дыяпазон залягання — 5—7 метраў.

— Умовы ўтварэння бурштынавых пакладаў — вылучэнне жывіцы іглічнай расліннасцю і пападанне гэтай жывіцы спачатку ў глебу, а потым з дапамогай рэк у мора, дзе яна і ператваралася ва ўласна бурштын. Мора наступала на кантынент і астравы, дзе раслі гэтыя дрэвы, уздоўж узбярэжжа, і фарміраваліся бурштынаносныя россыпы. Праз многія мільёны гадоў частка смол была другасна пераадкладзена ледавіком і ледавіковымі водамі. У Беларусі выяўлены два «паверхі» бурштынаноснасці: ніжні — на глыбіні 40—50 метраў, звязаны з адкладамі палеагену, і верхні — пазнейшы, чацвярцічны.

Гэты цыкл стартаваў у нас каля 40 мільёнаў гадоў таму і завяршыўся, здаецца, у антрапагене, калі на планеце ўжо з’явіўся чалавек разумны. Цяпер на гэтага чалавека люба-дорага паглядзець... Смолы ж назапашваліся, пераадкладаліся, пераносячыся вадой і ледавікамі. У выніку амаль усё дасталася ўкраінцам, але і нас закранула краёчкам.

На мапе трохвугольнікамі пазначаны радовішчы (яны ва Украіне), зоркамі — месцы з найбольшай разведанай шчыльнасцю бурштыну ў свідравінах на нашай тэрыторыі. Таксама бачна, што Гомель — спрадвечна марскі горад.

Максім Багдасараў тлумачыць, што бурштын распаўсюджаны ў Брэсцкай вобласці шырока, але нераўнамерна. Таму пошукі традыцыйнымі метадамі праводзіць складана. Галоўнае наша бурштынавае Эльдарада — чацвярцічныя пяскі Жабінкаўскага раёна, так званае Гатча-Осаўскае праяўленне ў раёне аднайменных торфараспрацовак.

Шукаў бурштын, заадно адкрыў мурашку

Наогул, бурштын у Беларусі шукалі яшчэ ў савецкія часы. З 1984 па 1991 год пры Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце працавала группа на чале з прафесарам Альбертам Багдасаравым (бацька нашага эксперта). Яна даследавала бурштынапраяўленні Брэсцкай вобласці. На гэтыя справаздачы ў выніку абапіраўся саюзны трэст «Захадкварцсамацветы».

Пасля распаду СССР Альберт Багдасараў працягнуў займацца палескім бурштынам. Менавіта ён адкрыў Гатча-Осаўскае праяўленне. Дарэчы, тады ўпершыню ў беларускім бурштыне знайшлі ўключэнні беспазваночных, у тым ліку невядомы раней від выкапнёвай мурашкі. Так і назвалі — Iridomyrmex bogdasarovi.

Факты

• Існуе разнабой у меркаваннях адносна самага вялікага бурштынавага самародка ў свеце. «Дом бурштыну» ў Капенгагене лічыць, што такі захоўваецца ў іх — гэта кавалак вагой 47,5 кілаграма, знойдзены ў 2014 годзе на Суматры.

• Кніга рэкордаў Гінеса дае іншыя звесткі: найвялікшы кавалак важыць 50,4 кілаграма (змераны і зарэгістраваны ў 2017-м), знойдзены ў Сінгапуры, належыць мясцоваму жыхару па імені Джозэф Фам.

• Зрэшты, Багдасараў удакладняе: у абодвух выпадках гэта не сукцыніт, а значыць, бурштынам не з’яўляецца ні адна з глыб выкапнёвай смалы.

• Бурштын крыху шчыльнейшы, чым прэсная вада, — у ёй мінерал тоне. Але ў насычаным саляным растворы ўсплывае. Эпаксідка, дарэчы, таксама ўсплывае.

• Ва ўльтрафіялеце бурштын свеціцца сінім.

• Кошт бурштыну непасрэдна залежыць ад памеру. Дробная фракцыя зусім танная, $20 за кілаграм — добрая цана. Верхняй мяжы няма. Кавалак вагой 20 грамаў спрабуюць прадаваць за $10—20. Кажуць, савецкія бурштынавыя пацеркі сёння спекулянты скупляюць менавіта таму, што іх рабілі з буйных кавалкаў і прадавалі тады за капейкі. На беларускіх інтэрнэт-пляцоўках гандлююць у асноўным «прыбалтыйскім» бурштынам. Напрыклад, вось за такі кавалак (27 грамаў) чалавек просіць 180 рублёў. Налятай.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by