17 968
05 апреля 2022 в 8:00
Источник: Дар’я Спевак

Як нашы продкі выкідвалі смецце і куды дзяваліся адходы

Источник: Дар’я Спевак

Працягваем цыкл аб побытавай гісторыі нашых продкаў. Усе мы памятаем кнігі ды фільмы пра тое, як у сярэдневяковай Еўропе людзі маглі выліваць адходы сваёй жыццядзейнасці проста на вуліцу. Выглядае, што хадзіць пад балконамі дамоў было калі не небяспечна, то дакладна рызыкоўна. Ці так усё было насамрэч і што адбывалася са смеццем у беларускіх гарадах? Высвятляем.

Даведацца пра «цёмны» бок жыцця беларусаў нам дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.

Напачатку заўвага. Калі вы зараз прымаеце ежу, лепей адкласці яе ці прачытанне гэтага тэксту на пасля, бо рызыкуеце перабіць сабе апетыт.

— Аж да канца XIX стагоддзя сітуацыя, што апісана ў першым абзацы, была падобнай і ў Расійскай імперыі. Мы можам уявіць нашых дзеячаў беларускага адраджэння, усіх гэтых інтэлігентных і добра апранутых людзей... Але не можам уявіць, што яны хадзілі па прыгожых брукаваных вулачках Вільні, Мінска і Гродна ў пастаянным суправаджэнні смуродных водараў, — пачынае Дар’я.

З чым гэта было звязана? Насамрэч у плане санітарна-гігіенічных тэндэнцый беларускія гарады на дзесяцігоддзі адставалі ад буйных еўрапейскіх. У гарадах Віленскай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губерній у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя выкарыстоўвалі самыя простыя спосабы збору і выдалення бытавых адходаў.

Як кажа Дар’я, якія-ніякія каналізацыі з’яўляюцца толькі ў Вільні. А да гэтага — ў сярэднявеччы — у Гродне яны ўжо існавалі, хоць і прымітыўныя драўляныя. З прыходам Расійскай імперыі сітуацыя ў плане санітарыі пагоршылася. Да пачатку XX стагоддзя ўжо былі тэлеграфы і ездзілі цягнікі, а мы збіралі адходы жыццядзейнасці прымітыўным спосабам.

Асноўную работу па вывазе нечыстотаў выконвалі так званыя асенізатары, а галоўнымі месцамі збору былі выграбныя ямы, адкуль і выкачваліся біялагічныя адходы для наступнага вывазу.

— Як казаў вядомы санітарны ўрач Пятро Белавусаў, сітуацыя з тымі ямамі была вельмі благой — і амаль уся Расійская імперыя была занятая такімі месцамі, — гаворыць Дар’я. — Але ж у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя нейкі працэс мадэрнізацыі адбыўся, таму што некаторыя санітарна-гігіенічныя нормы былі ўведзены ў заканадаўства. Тым не менш на лад жыцця нават насельніцтва буйных гарадоў гэта не надта паўплывала.

Асенізацыйныя абозы ператвараліся ў сапраўдны бізнес: частка з іх была прыватнай, імі валодалі гараджане ці сяляне. Такіх людзей на Беларусі называлі «адходнікамі». Яны часта вычэрпвалі нечыстоты з ям уручную — можна ўявіць, які пах ад іх сыходзіў.

На той час гарады яшчэ былі падобныя да вёсак з іх укладам жыцця, дзе смецце ды іншыя адходы жыццядзейнасці было прынята вывальваць проста на вуліцу ці ў нейкія аддаленыя куты двароў.

— Гараджане мелі свае агародчыкі і маглі выкарыстоўваць так званы кампост у якасці ўгнаення. Таксама нярэдка людзі ў прадмесцях гарадоў трымалі свіней, таму часта выкідвалі розныя ачысткі на вуліцу, а жывёлы ўжо працавалі дворнікамі, — тлумачыць Гардзейчык.

Увогуле ў той час утылізацыя адходаў выконвалася трыма спосабамі. Па-першае, існавалі выграбныя ямы — яны прызначаліся для адходаў туалетаў. Па-другое, для збору іншых вадкіх адходаў (вады пасля мыцця посуду ці з лазняў) будаваліся памыйныя ямы. Па-трэцяе, у некаторых гарадах усталёўваліся вялікія скрыні для цвёрдага смецця, падобныя да сучасных.

— Калі нам прыйдзе ў галаву зазірнуць у памыйнае вядро сучаснага гараджаніна, то мы ўбачым вялікую колькасць упаковак з пластыку і паперы і зусім крыху арганічных адходаў, якія могуць гніць і распаўсюджваць непрыемныя пахі. Але ж у канцы XIX стагоддзя ніякіх пластыкавых кантэйнераў у беларускіх гарадах, вядома, не было, — адзначае Дар’я.

Паводле ўладаў, рабіць такія ямы належала воддаль жылых дамоў і заліваць іх бетонам ці будаваць з нейкіх цвёрдых матэрыялаў, каб адходы не прасочваліся ў глебу. Акрамя таго, выграбныя і памыйныя ямы павінны былі рабіцца на адлегласці адна ад другой, каб нечыстоты і памыі не змешваліся паміж сабою. Таксама прадугледжвалася накрыўка, каб пах меней распаўсюджваўся.

— Але ж насамрэч гэтыя ямы мела зусім не кожная жылая пабудова. Самі сховішчы для адходаў трэба было рэгулярна вычышчаць, не дапускаючы, каб яны былі запоўненыя больш як на тры чвэрці. Аднак сітуацыя была значна горшай, бо людзі не прытрымліваліся гэтых нормаў. Напрыклад, у сярэдзіне 1890-х адны выграбныя ямы ў Гродне былі выкладзеныя дрэвам альбо каменем, а іншыя — увогуле нічым, — сцвярджае Гардзейчык.

Сітуацыя трошкі палепшылася да 1912 года, калі такія ямы рабіліся больш ці менш у адпаведнасці з нормамі, але не ва ўсіх гарадах. У Мінску да пачатку Першай сусветнай вайны функцыянавалі нічым не абсталяваныя ямы. Тады нечыстоты прасочваліся ў глебу навокал.

— Насамрэч гродзенцы, як і жыхары часткі іншых гарадоў, вылівалі нечыстоты проста ва ўласных дварах. Адтуль адходы сцякалі па вуліцах і гарадскіх дарогах і траплялі наўпрост у Нёман. А ў Пружанах, напрыклад, памыйных ям практычна і не было. Ад куч смецця ішоў смурод, асабліва ў гарачыя дні, — распавядае Дар'я.

Але ж гараджане даволі хутка прыстасоўвалі гарадскую архітэктуру да сваіх патрэб. Напрыклад, у тым жа Гродна каля сцен брыгітскага манастыра складзіравалі бытавыя адходы. Непрыгожае відовішча, але ж такая была культура.

— Тым часам у Вільні нечыстоты спускалі проста ў вулічныя канаўкі (ліўнёўкі), якія цяклі ў рэкі. Тыя, у сваю чаргу, станавіліся гарадскімі калектарамі. І мясцовыя ўлады нармальна ставіліся да таго, што прырода такім чынам дапамагае людзям. Калі кажуць, што ў нашых продкаў была такая чыстая вада, што можна было проста напіцца з рэчкі, не верце, — усміхаецца Гардзейчык.

Таксама ў некаторых гарадах выграбныя і памыйныя ямы насілі бутафорскі характар: як зараз, на выпадак праверкі. Паводле прызначэння яны не выкарыстоўваліся. Так было, напрыклад, у Полацку. А насамрэч жыхары па начах выкідвалі смецце ў суседнія двары.

— Паўстае пытанне: чаму ж гэтыя прыстасаванні не выкарыстоўваліся належным чынам? Рэч у тым, што многія гараджане лічылі адходы добрым угнаеннем і час ад часу захоўвалі іх для агародаў ці прадавалі сялянам, — адзначае Дар'я.

Ці былі ў тыя часы смеццевыя звалкі? Так, былі. Тым не менш смецце часта не давозілі да належных месцаў і кідалі абы дзе.


трусики-подгузники, для мальчика/для девочки, 15 кг, для приучения к горшку, 132 шт.
подгузники, для мальчика/для девочки, 4–6 кг, универсальные, 164 шт.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by