Беларус выратаваў Эрмітаж ад бяды і застаўся невядомым

665
23 февраля 2022 в 18:16
Источник: Арцём Бягоўскi. Фото: Ганна Iванова, lrytas.lt, wikipedia.org, AP Photo, livejournal.com

Беларус выратаваў Эрмітаж ад бяды і застаўся невядомым

Источник: Арцём Бягоўскi. Фото: Ганна Iванова, lrytas.lt, wikipedia.org, AP Photo, livejournal.com

15 чэрвеня 1985 года літовец Бронюс Майгіс здзейсніў акт вандалізму ў Эрмітажы: ён выліў на карціну Рэмбранта «Даная» слоік кіслаты і два разы пырнуў палатно нажом. Майгіса хутка затрымалі і неўзабаве прызналі псіхічна хворым, адправіўшы на прымусовае лячэнне. Карцінай заняліся найлепшыя рэстаўратары Саюза, але нават пры такім раскладзе на аднаўленне пайшлі доўгія 12 гадоў. З 1997-га працу знакамітага мастака ахоўвае тоўсты слой лаку, які нагадвае браніраванае шкло. Ва ўсёй гэтай гісторыі яскрава прасочваецца лёс вандала, а не наведвальніка, які рызыкнуў сваім жыццём і прадухіліў поўнае знішчэнне шэдэўра. Між тым гэта быў наш зямляк — Васіль Кляшэўскі.

Адразу чапляем візуалам. Вось што зазнала карціна і якой яна стала праз 12 гадоў рэстаўрацыі.

А вось што перажыў Васіль Васільевіч.

Толькі пазнаёміўся з мастацтвам — і тут жа выратаваў сусветны шэдэўр

Васіль Кляшэўскі нарадзіўся ў Капылі ў 1954 годзе. Разам з таварышам збіраўся паступаць у сельгасакадэмію. Паступіў, але адзін. Праз дзень у знак салідарнасці забраў дакументы і пайшоў працаваць на завод. Потым служыў у мінскай міліцыі, дзе лавіў зладзюжак, разбіраўся з алкаголікамі і ўтаймоўваў буйных суседзяў. Ён быў далёкі ад мастацтва. Кажа, гісторыя з Эрмітажам зусім не надзвычайная, а то і сумнейшая за пошук скрадзеных «Жыгулёў».

У Саюзе ў Васіля Васільевіча быў прывілей — бясплатны білет на цягнік, чым ён у апошнія два дні свайго адпачынку, праведзенага ў працы на лецішчы з цешчай, і скарыстаўся. Кляшэўскі падаўся ў Ленінград пашыраць культурны кругагляд. План быў такі: пазнаёміцца з глыбінямі метрапалітэна, наведаць Кунсткамеру, музей Рэвалюцыі, знайсці месца для начлегу, купіць суперклею па суседавай просьбе, а таксама ўбачыць на свае вочы знакаміты на ўвесь свет Эрмітаж. Спраў і так безліч, а тут табе яшчэ і вандал, Рэмбрант, гісторыя...

— Раз на год, ідучы ў адпачынак, я мог задарма адправіцца ў любую кропку СССР па чыгунцы. Да Ленінграда я дабраўся ўвечары 14 чэрвеня. Гэта зараз гасцініцы пустуюць, а тады з месцамі былі праблемы. Я прыйшоў на Віцебскі вакзал, адзначыўся ў дзяжурнага, балазе галаву не дурылі, адразу і на адпраўку штамп паставілі. Там жа хлопцы падказалі: каб не стаяць чэргі ў Эрмітаж (яны і тады былі даўжэзнымі), трэба прыйсці крыху раней і далучыцца да замежных турыстаў, якія прыехалі на экскурсію. Апранаху ж я годную меў!

Тым вечарам Васіль пазнаёміўся з ленінградскім метро і заначаваў на Віцебскім вакзале, у адмысловым пакоі для адпачынку. Раніцай памыўся, пагаліўся і пакінуў сакваяж у камеры захоўвання. З сабой прыхапіў толькі парасон: беларусу ці не ведаць, якое надвор’е на балоце. І хоць у Эрмітаж са сваім парасонам нельга (ды і наогул з чымсьці сваім), Васіль занадта ўжо не хацеў ісці ў гардэроб — схаваў парасон за пазухай. Яго план спрацаваў: прыладзіўшыся да замежнікаў, ён употай трапіў унутр і пачаў адчуваць культурны шок.

— Там залаў, паверхаў гэтых! Я хутка зірнуў на карціны, жывапіс мяне тады не вельмі вабіў: самі разумееце, вясковы хлопец прыехаў. Амаль ва ўсіх залах на пуфіках сядзелі напаўсонныя інтэлігентныя бабулькі. Але Рэмбранта і «Залатую залу» мусіў пільнаваць ахоўнік. Нешта яны намудравалі таго дня, сяржант ці то ў прыбіральню выйшаў, ці то папіць, але аховы я не заспеў.

У зале Рэмбранта былі два чалавекі — беларус Васіль Кляшэўскі і літовец Бронюс Майгіс.

Гісторыя жыцця Майгіса пачалася ў 1937-м у вёсцы Альнес (Літоўская ССР). Ён скончыў чатыры класы, а яго бацьку расстраляў НКУС за дэзерцірства, калі хлопчыку было сем гадоў. У старэйшым узросце ён перабраў кучу прафесій, але так і не знайшоў сябе: бываў і на шахтах, дзе кілаграмамі краў узрыўчатку, і на фабрыцы дражджэй, адкуль сцягнуў вядро сернай кіслаты, і на радыётэхнічным заводзе, дзе сапсаваў зрок. Аднак пенсію па інваліднасці ён так і не атрымаў, а на яго пастаянныя скаргі начальнікі складалі адно адпіскі. Суседзі характарызавалі яго як замкнёнага, начытанага і рэлігійнага чалавека.

Дзень нараджэння «літоўскага Герастрата»

Наогул, Майгіс у той дзень не павінен быў патрапіць у Эрмітаж. Мужчына меціў у Маскву, але дэфіцыт палічыў інакш: білетаў да сталіцы проста не было. Так раніцай 15 чэрвеня літовец апынуўся ў Эрмітажы, дзе адразу ж спытаў у супрацоўнікаў: «Якая карціна самая каштоўная?» Тыя, нічога не падазраючы, паказалі на «Данаю». У зале Рэмбранта яны і сустрэліся.

— Мне тады 30 гадоў было, а яму пад 50, але мужчына выглядаў добра. Апрануты быў у шэры касцюм, а пад ім — спартыўны. Майгіс стаяў каля «Данаі» да мяне спінай, перад агароджай. Я падумаў, што гэтым шэдэўрам яшчэ паспею палюбавацца, а пакуль пагляджу на астатнія карціны.

Тут Майгіс дастае нож, звычайны такі, кухонны, заступае за агароджу і робіць удар. Карціна сама па сабе вялікая, амаль два метры, цяжкая, таму пад палатном усталявалі драўляную канструкцыю. Нож прабіў пласт алею, але патрапіў у гэтую перакладзіну. Літовец замахваецца другі раз — нож зноў захрасае. Здарылася ўсё хутка, і ён, здаецца, так захапіўся, што мяне не заўважыў. Галоўнае, дачакаўся, пакуль выйдзе ахоўнік.

Як ён даставаў гэты слоік з кіслатой, я ўжо не згадаю — хутчэй за ўсё, пранёс пад касцюмам, як я парасон. Пераклаўшы нож у левую руку, ён выплюхнуў змесціва слоіка акурат у цэнтр карціны. Колеры на ёй адразу памяняліся, яна пачала тапырыцца, але не шыпела, як многія пісалі, — проста пацякла. Маю ўвагу прыцягнуў менавіта гук кропель аб паркет. Я тады падумаў: няўжо вада недзе цячэ? Узважваю становішча, бачу нож, тое, як цячэ «Даная», — і дзейнічаю без ваганняў.

Ён утаропіўся ў карціну, а я ў гэты час падкраўся ззаду, выбіў нож, прыпёр Майгіса да сценкі і стаў абшукваць. Ён не супраціўляўся, толькі насоўкай выціраў правую руку: мусіць, патрапіла пару кропель кіслаты. Я спытаў у яго: «Ну што, гад, вызначыцца захацеў?» Ён адказаў: «Цяпер усё». Больш ён не прамовіў ні слова.

Няўжо «Данаю» планавалі падарваць?

Падчас ператрусу Кляшэўскі знайшоў на поясе Майгіса падазроны прадмет, што нагадваў плоскі ліхтарык, загорнуты ў белую паперу з адтулінай. У левай штаніне спартыўных трыко, надзетых пад дыхтоўны шэры касцюм, выявілася аманалавая шашка. Як высветлілася, Майгіс прынёс з сабой яшчэ і выбуховае прыстасаванне.

— Ён запал не ўставіў у прыладу — гэта я зразумеў, бо якраз такім жа парашком лёд на рэчцы падрываў. Абшукаў я яго, прыціснуў да сцяны, і тут заходзяць дзве жанчыны. Адна, убачыўшы нас, закрычала: «Дапамажыце!» Прыбег той самы ахоўнік, зразумеў, што да чаго, і па тэлефоне з дыскам, што стаяў побач, камусьці пазваніў. Сказаў: «Падыдзіце, „Данаю“ аблілі кіслатой». Прыбягаюць чатыры чалавекі, хапаюцца за галовы, панікуюць, ну а мне там і рабіць няма чаго: літоўца затрымалі, карціну знялі і паклалі на падлогу, залу перакрываюць, нейкая блытаніна — я і сышоў. Ніякіх маіх звестак яны нават не спыталі, што дзіўна: а як жа следства?

І самае цікавае, мне ніхто не верыў, што карціну аблілі кіслатой. Прыйшоў я на вакзал, там пасмяяліся, кажуць: а як жа ахова — яе вартуюць, як Леніна. І нічога не давядзеш. Калі ў газеце не напісана, табе не дадуць веры. Праз два-тры дні згадалі пра пашкоджанне палатна, а я ўжо ў Мінску быў. Тады і зразумеў, што здураваў: трэба было заставацца. Спазніўся б на дзень з адпачынку, але за такое мне б даравалі!

У навінах пра адсутнасць ахоўніка ніхто не згадваў, а я здаваць яго не хацеў, разумеў: там жа следства, яму так і так прыляціць. Адно пытанне задаць: «Што ты рабіў, калі ён пераступіў агароджу?» — і ўсё, сяржанта вылічаць.

Так Васіль Васільевіч адышоў у цень, затое своечасова вярнуўся з адпачынку. Ну і клею суседу купіў — гэта справа нашмат важнейшая за ўшанаванні.

Як аднаўлялі карціну

Работнікі знялі палатно са сцяны, аблілі вадой, каб як мага зменшыць эфекты паражэння, і адправілі на рэстаўрацыю. 16 чэрвеня 1985 года мастацтвазнаўцы, рэстаўратары і мастакі музея, а таксама супрацоўнікі мастацкіх факультэтаў МДУ імя Ламаносава на нарадзе ацанілі шкоду: было сапсавана 27% палатна. Карціну неадкладна перадалі на аднаўленне, але спецыялісты ўсё роўна баяліся, што яна высахне даастатку і будзе раз’едзена кампанентамі сернай кіслаты.

Рэстаўрацыя «Данаі» доўжылася цэлых 12 гадоў. Працы было шмат, да таго ж часта паміж мастакамі ўзнікалі спрэчкі. Хтосьці прапаноўваў і зусім пакінуць усё як ёсць: маўляў, у адваротным выпадку ад Рэмбранта на палатне наогул нічога не застанецца.

Спецыялісты таніравалі толькі асобныя пашкоджаныя месцы, якія парушалі агульную цэласнасць карціны. Шэдэўр аднаўлялі ў традыцыйнай для Эрмітажа тэхніцы алейнага жывапісу (ідэнтычнай арыгіналу) на лакавым слоі, які падзяляе аўтарскі жывапіс і рэстаўрацыйныя таніроўкі.

Шмат у чым паспяховай рэстаўрацыі палатна паспрыяла ўнікальная манера Рэмбранта: мастак выкарыстаў шмат алею, які ў нейкай ступені і збярог шэдэўр ад сернай кіслаты, — фарбавы слой і грунт карціны не былі цалкам страчаны.

Выратаваў шэдэўр за $25 мільёнаў, а сёння не хапае на таблеткі. Лёсы двух наведвальнікаў

Майгіса, натуральна, судзілі, але замест турмы адправілі на прымусовае лячэнне ў Чарняхоўск. Ён так часта мяняў свае матывы, што і разбірацца тут бессэнсоўна: то гэта быў палітычны жэст, то помста за бацьку, то акт жанчынаненавісніцтва, літовец згадваў і пра славу Герастрата. Пасля распаду СССР вандал вярнуўся на радзіму і знік з журналісцкіх радараў. Пэўны час яго лічылі мёртвым, але знайшлі не на могілках, а ў доме састарэлых ва Уцены.

У 2010-я гады ў нешматлікіх гутарках з літоўскімі і расійскімі журналістамі Майгіс сцвярджаў, што не раскайваецца ў зробленым і паўтарыў бы гэта ў любым выпадку.

«Я асабіста лічу сябе чалавекам здаровым. Ніякага шкадавання аб тым, што я знішчыў шэдэўр сусветнага значэння, я не адчуваю. Відаць, яго дрэнна ахоўвалі і бераглі, калі я здолеў зрабіць гэта параўнальна лёгка», — заявіў Майгіс адной з літоўскіх газет.

У 2006 годзе была апублікавана 300-старонкавая кніга Майгіса, у якой ён спрабаваў выказаць сваю версію развіцця падзей. У 2012-м мужчына ўхітрыўся сабраць усе неабходныя даведкі і сысці з пансіяната на волю. Цяпер ён жыве ў тым жа мястэчку Уцена, часам гандлюе радыёдэталямі на рынку.


Што ж да Васіля, то яго яшчэ чакалі поціск рукі Машэрава, Чарнобыль, ліхія дзевяностыя і прыемныя моманты на працы. Ён так і не перарос званне старшыны (біяграфію сапсавала радня), а пасля і ўвогуле пайшоў з міліцыі. Цяпер Васіль Васільевіч працуе грузчыкам на электратэхнічным заводзе.

— Самі ведаеце, таблеткі ў нас дарагія, даводзіцца працаваць грузчыкам, — кажа напрыканцы аповеда мужчына, які выратаваў шэдэўр сусветнага мастацтва ацэначным коштам $25—30 мільёнаў.

Улюбёнцам многіх ён не стаў і ў промнях славы ніколі не купаўся. Ды яму гэта было і не патрэбна. У Эрмітажы ён больш не з’яўляўся: няма грошай, часу, жадання і цікавасці. Следства праз усеагульную паніку і халатнасць прайшло без яго. Журналісты доўгі час і ведаць не ведалі пра беларуса, прабіваліся ў пансіянат да Майгіса, а сваякі, калегі і знаёмыя Васіля проста не верылі яму. З таго часу ён і маўчаў.

Такі вось ён, лёс невядомага героя.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by