Ісландскі цуд палітыкі здароўя: галоўнымі ўтваральнікамі дыму/пары цяпер сталі гейзеры і вулканы. У пачатку нулявых на востраве было каля 90 тыс. курцоў. Толькі ўсяго, так? Беларусь налічвае амаль 2,5 млн. Але і там, і там гэта прыкладна чвэрць насельніцтва. Як мяркуецца, у 2023 годзе колькасць курцоў у Ісландыі зменшыцца ў 5 разоў. І нават цяпер у гэтай краіне паліць толькі адзін са ста падлеткаў. Што ж адбылося?
Мы працягваем праект «Дым», прысвечаны тэме курэння, з асобным тэлеграм-каналам і чацікам для ўсіх, хто хоча кінуць паліць.
Сусветнае лідарства па ліку курцоў трымае Кітай, і кожны трэці курэц на планеце — кітаец.
А найніжэйшымі лічбамі вызначаюцца краіны Афрыкі. І, відаць, гэта звязана не са здаровым ладам жыцця, а з існаваннем іншых мясцовых звычаяў расслаблення. У той жа час адносна недалёка знаходзім прыклад менавіта з еўрапейскай культуры: гэта Ісландыя.
У 1968 годзе паліў кожны другі сталы ісландзец, а ў 90-х трэць смерцяў была прама ці ўскосна выклікана штодзённым курэннем. Сёння ў Ісландыі шкодную звычку захоўваюць толькі 7% дарослага насельніцтва, што з’яўляецца другім з найніжэйшых паказчыкаў у Еўропе (меншы толькі ў Швецыі, але там надзвычай пашыраны некурыльны снюс, таму пытанне пра самую вольную ад тытуню краіну яшчэ застаецца адкрытым).
Ісландыя на памежжы стагоддзяў ведала самых неўтаймаваных падлеткаў: цыгарэты, алкаголь, наркотыкі. Але надыходзіць 2022-гі — і раптам 1% курцоў і суцэльны ЗЛЖ. Адкуль такія перамены?
Нельга папросту трапіць у чужую гардэробную і апрануць сукенку, якая табе не належыць, нават калі яна даспадобы. Але мы паспрабуем. Калі атрымалася ў ісландцаў — што замінае Беларусі? На актуальную тэму мы пагутарылі з Вітарам Енсэнам, які актыўна змагаецца супраць курэння ў Ісландыі і кіруе праектам па барацьбе з тытунём упраўлення аховы здароўя Ісландыі (мясцовае Мінздароўя).
— Я працую ў сістэме процідзеяння курэнню ўжо 20 гадоў. І за гэты перыяд мы дасягнулі сапраўдных поспехаў. Але гісторыя супрацьстаяння вытворцам і спажыўцам тытунёвай прадукцыі ў Ісландыі нашмат старэйшая. Калі мы перайшлі да сённяшніх мер рэгулявання, некалькі пакаленняў ісландцаў ужо былі ментальна гатовы да такіх змен.
Ісландыя адной з першых у свеце забараніла рэкламу тытуню ў газетах, на радыё, тэлебачанні, у кінатэатрах і на вуліцы. Тады стаяў 1971 год. У 1977-м ціск у гэтым напрамку ўзмацніўся: пад забарону трапіла любая рэклама тытуню і тытунёвых вырабаў, у тым ліку ўскосная.
— У той час нам пашанцавала на смелых палітыкаў. Супраціў быў велізарны, бо некаторыя рэчы мы рабілі першымі ў свеце. З гэтай пары ў нацыянальным заканадаўстве акрэслілася яскравая тэндэнцыя: курэнне — афіцыйнае зло.
Час ішоў, колькасць курцоў скарачалася, але не так хутка, як хацелася б. Затое з’яўляліся новыя інструменты барацьбы і big data.
— Вы ведаеце Люка Юсанса? Бельгіец, адзін з галоўных экспертаў Еўропы па процідзеянні тытуню. У пачатку нулявых ён узяў статыстыку Сусветнага банка і на яе аснове склаў пералік з шасці ключавых эканамічных мерапрыемстваў па эфектыўнай барацьбе са шкоднай звычкай (а гэта роўна зніжэнню смяротнасці і захворванняў, звязаных з ужываннем тытуню):
1. Павышэнне падаткаў на цыгарэты і іншыя тытунёвыя вырабы.
2. Забарона/абмежаванне курэння ў грамадскіх і на працоўных месцах.
3. Усебаковая забарона на рэкламу і прасоўванне ўсіх тытунёвых вырабаў, на адпаведныя лагатыпы і назвы брэндаў.
4. Паляпшэнне інфармавання спажыўцоў: контррэклама, асвятленне ў СМІ, публікацыя вынікаў даследаванняў.
5. Буйныя прама папераджальныя надпісы на пачках цыгарэт і іншых тытунёвых вырабаў.
6. Дапамога курцам, у якіх ёсць жаданне кінуць шкодную звычку, уключаючы пашырэнне доступу да нікаціназамяшчальных прэпаратаў (NRT) і іншых метадаў лячэння адмовы ад курэння.
Высветлілася, што Ісландыя — сярод флагманаў па многіх з гэтых напрамкаў. Мы выдаткоўваем на барацьбу з курэннем больш за ўсіх у Еўропе (у пераліку на жыхара).
— Гэта выгаднае ўкладанне грошай?
— Вы нават не ўяўляеце наколькі. Кожны долар, накіраваны на такія рэчы, акупляецца ў некалькі разоў выратаванымі жыццямі і захаваным здароўем.
Паводле праведзенага ў Ісландыі даследавання, курэнне абыходзіцца краіне ў 100—700 млн долараў у год (пад увагу браўся 2015-ы). У суадносінах з ісландскім валавым унутраным прадуктам таго часу атрымалася ад 0,5 да 4%. Розніца вынікае з вялікай колькасці ўскосных фактараў. Але галоўнае: калі чалавек усведамляе рызыкі — страты зніжаюцца, калі не — разлікі вядуцца па самай высокай мяжы.
Ісландцы пералічылі, зноў жахнуліся і вырашылі, што даваць людзям грошы на ЗЛЖ выйдзе танней. Так з’явілася моладзевая праграма. Цяпер мы вернемся да Вітара Енсэна, бо гэта пытанне заслугоўвае больш падрабязнага разгляду.
У 2006-м па рашэнні і рэкамендацыях мясцовых органаў улады бацькі дзяцей ад 6 да 18 гадоў сталі атрымліваць грошы на так званую карту вольнага часу (leisure card). Пачыналася прыкладна з $100. Паступова сума расла і карэкціравалася дынамікай курсаў валют, сёння ж яна складае каля $400 (50 тыс. крон) у год.
Сацыяльна-эканамічнае становішча сям’і не мае ніякага значэння. Таму што гэта пытанне не сацыяльнай падтрымкі, а напрамку развіцця ўсіх: і багацейшых, і бяднейшых.
«Даследаванні паказалі, што дзеці, занятыя ў арганізаванай забаўляльнай дзейнасці, радзей маюць дачыненне да антыграмадскіх паводзінаў і/ці становяцца сацыяльна ізаляванымі.
Праяўляючы актыўнасць, хлопчыкі і дзяўчынкі схільны лягчэй адаптавацца ў новых суполках і вывучаюць мову, ім прасцей напаткаць новых сяброў. Акрамя таго, паляпшаецца самаацэнка асобы і ўспрыманне сябе. Дзеці са здаровым пачуццём уласнай годнасці больш шчаслівыя і спраўныя ў паўсядзённым жыцці».
На што расходаваць грошы? Спорт, танцы, музыка, моладзевыя арганізацыі. Выбар шырокі, але абранае мае быць карысным.
«Людзі могуць залежаць ад алкаголю, машын, грошай, сексу, калорый, какаіну — ад чаго заўгодна, — канстатаваў у матэрыяле „Нажа“ амерыканскі псіхолаг Харві Мілкман, які працуе ў Рэйк’явіку. — Нашай візітоўкай стала ідэя паводзіннай залежнасці».
Гэтая знаходка спарадзіла іншую: «Чаму б не стварыць сацыяльны рух, сканцэнтраваны вакол натуральных крыніц кайфу і тых, хто атрымлівае асалоду дзякуючы хіміі ўласнага мозгу? Бо для мяне было відавочна: людзі хочуць змяняць свядомасць — аднак без адмоўных эфектаў наркотыкаў».
Што ж у выніку? Ісландцы цалкам абрынулі статыстыку па алкагалізме, наркаманіі і тытунекурэнні сярод моладзі. Цяпер колішнія бунтары лічацца аднымі з самых выхаваных у Еўропе (у тым ліку фанаты: згадайце футбольную каманду на Еўра-2016).
— Калі на душы трывожна або выгараю на працы, я гляджу на нашу статыстыку па моладзі і не магу нацешыцца, — вяртаемся да Енсэна. — Калі чалавек не стаў курыць да 25 гадоў, то, хутчэй за ўсё, у яго не будзе ніякіх прычын пачаць гэта пазней.
Менавіта за кошт «бяздымнага» пакалення 18—20-гадовых, сярод якіх доля курцоў вагаецца паміж 1 і 2%, сярэдні ўзровень курэння ў Ісландыі ў 2023 годзе чакаецца ў межах 5% — на зайздрасць многім іншым краінам, дзе аналагічны паказчык могуць заявіць толькі як доўгатэрміновы арыенцір.
Магло б быць яшчэ лепш, але на востраве жывуць не чараўнікі.
— У нас усё дрэнна ў іншым сегменце статыстыкі: кепская інфраструктура для дарослых, хто хоча кінуць шкодную звычку, з пункту гледжання медыцыны ў тым ліку. Безумоўны лідар у гэтай частцы — Вялікабрытанія. Нам да іх далёка.
Плюс жыццё падкідвае новых спраў, каб не давалі слабіну.
— Мы навучыліся спраўляцца з цыгарэтамі. Па ліку спажыўцоў электронных, да прыкладу, дасягнулі плато (каля 4%). І паспрыялі зніжэнню лічбаў па ўжыванні снюса (тытунь для рассмоктвання). Але вось з’явіліся нікацінавыя паўчы (як снюсы, толькі без тытуню), статыстыка па якіх ужо зашкальвае, прымушаючы хвалявацца. Паўтара года таму мы пра іх нічога не чулі, а зараз кожны трэці сярод моладзі выкарыстоўвае паўчы. І калі раней розныя нікацінавыя штукі былі папулярныя перш за ўсё сярод мужчын, то паўчы не менш выкарыстоўваюцца жанчынамі.
Яны танныя. Колькі ў вас каштуе пачак цыгарэт?
— Плюс-мінус долар.
— Нішто сабе! І яны яшчэ зарабляюць на гэтым? Неверагодна... У нас — $10. Але паўчы нашмат таннейшыя. Прадукт здолеў «прашмыгнуць» у заканадаўчую дзірку — ён не абкладаецца дадатковымі падаткамі. Пакуль няма ніякіх даследаванняў аб яго кепскім уплыве — увогуле нічога няма. Таму мы і не можам нагадваць пра шкоду або размяшчаць страшныя карцінкі на ўпакоўках. Указваем толькі, што паўчы падсаджваюць на нікацін. Пакуль гэтым і вычэрпваецца адмоўная інфармацыя пра іх.
Калі прытрымлівацца логікі папярэдніх гадоў, з цягам часу паўчы будуць змешчаны ў прававое поле звычайных цыгарэт, куды раней патрапілі і электронныя.
— Электронныя цыгарэты падлягаюць прававому рэгуляванню з 2018 года. Мы забаранілі іх рэкламу і адкрытую выкладку ў крамах. І статыстыка спачатку ўпала, а пасля стабілізавалася. Цяпер працуем над новай рэдакцыяй закона, каб прыраўнаваць паўчы да электронных цыгарэт.
Другая гарачая тэма новай рэдакцыі закона, які закранае інтарэсы «курцоў», — ці варта забараніць смакавыя і араматычныя дадаткі ў электронных цыгарэтах і тых жа паўчах.
— Фінляндыя наклала вета цалкам на ўсю смакаараматыку. Ёсць варыянт абраць менш жорсткі механізм і забараніць моладзевыя смакі. На гэты конт ідзе барацьба ў парламенце. Туды ўваходзяць і маладыя людзі, ліберальныя па сваіх поглядах. Яны лічаць, што такім рэгуляваннем можна перабраць з нормай — лезці ў смакі ўжо не варта. Увогуле, пакуль працягваюцца дыскусіі.
Сістэмы награвання тытуню (heat not burn), што набываюць усё большае пашырэнне ў Беларусі, у Ісландыі, наадварот, зусім не мелі поспеху.
— Яны не забаронены. Проста не сталі папулярнымі, у адрозненне ад электронных цыгарэт.
— Кажуць, што награванне шкодзіць не так, як курэнне...
— Ха-ха-ха. Дык усё менш шкоднае за курэнне. Прабежкі за выхлапной трубой аўтамабіля таксама не такія знішчальныя, як тытунь. Не дазваляйце сябе падмануць!
— Нам пакуль няма чым выхваляцца. Усе прызнаюць шкоду, а следам — наколькі важны тытунёвы артыкул у бюджэце.
— Выдатна! Раз гэта так істотна — трэба рабіць першы крок і падымаць кошты. Гэта самы просты win-win: дзяржава збярэ больш грошай, а многія людзі стануць менш паліць.
— Мы распачыналі абмеркаванні — вырашылі, што гэта выведзе тытунёвую галіну з-пад кантролю дзяржавы і паспрыяе «шэраму» імпарту. А значыць, бюджэт толькі страціць.
— ...Bullshit (лухта несусветная. — Заўв. Onlíner). Наша гісторыя памятае эпізод, калі ў 1971 годзе мы забаранілі рэкламу. Палітыкі пайшлі на гэта, нягледзячы на спрэчкі ў парламенце. Праціўнікі такой меры гучна заяўлялі: адмаўляючыся ад рэкламы, Ісландыя губляе замежную валюту. Вы ўяўляеце зараз, якая гэта бязглуздзіца?
Ставіць невялікія грошы на першае месца, не зважаючы на ўсю тую празмерную шкоду, якую нясуць цыгарэты, — гэта абсурд і недальнабачнасць.
Любой краіне, што змагаецца з тытунекурэннем, трэба пачынаць з абмежавання даступнасці цыгарэт. Зніжаеце даступнасць — стрымліваеце і выкарыстанне. Так, высокія кошты, забарона на рэкламу і курэнне ў грамадскіх месцах — найбольш эфектыўныя інструменты для пачатку.
— А што з карцінкамі на пачках? Яны палохаюць і ўрэшце дапамагаюць?
— Такога кшталту папярэджанні з’явіліся ў нас у 1984 годзе. Цяпер падпарадкоўваемся агульным законам ЕС. Мы выпрацавалі пазіцыю: карцінкі працуюць, але з цягам часу перастаюць заўважацца, таму іх трэба штогод мяняць. ЕС дае тры наборы карцінак. Ну і добра. Усе гэтыя паднаўленні — дадатковыя выдаткі для вытворцаў тытунёвай прадукцыі. Няхай накіроўваюць грошы на нешта добрае.
У ідэале — пераход да plain-packaging, адзіную ўпакоўку для цыгарэт, якую, дарэчы, упершыню ўкаранілі ў Аўстраліі.
— Як кінуць паліць даросламу?
— Гэта важнае і разам з тым шматграннае пытанне. Для адных дастатковай матывацыяй будзе эканомія, для іншых — здароўе, для трэціх — дзеці. Таму і не атрымліваецца заахвочваць усіх аднолькава. Напрыклад, людзі з першай групы не хочуць кідаць, а вось з другой — наадварот, жадаюць. У залежнасці ад веры, упэўненасці і матывацыі людзей працаваць з імі трэба па-рознаму.
— Які штраф атрымае ісландзец за курэнне ў неналежным месцы?
— А гэта не так працуе. Мы проста прынялі рашэнне, што забараняем, і звярнуліся да людзей з просьбай не парушаць дамоўленасць. Яны пагадзіліся. Гэта не пытанне страху пакарання. Іначай мы загразнем у судовых працэсах. А так усім стала лепей. Нават курцы гэта прызнаюць.
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by