09 декабря 2021 в 12:40
Автор: Дарья Спевак

За здраду мужу — смяротнае пакаранне. Секс i зносiны ў жыццi нашых продкаў

Автор: Дарья Спевак
Покупайте в приложении Каталог Onlíner и получите шанс выиграть один из трех Samsung Galaxy S25 Series!

Мы працягваем цыкл публікацый аб побытавай гісторыі беларусаў. Сёння раскажам пра тое, як нашы продкі гаварылі пра секс, ці існавалі тэмы, якія сорамна было абмяркоўваць, а таксама аб заканадаўчым рэгуляванні палавых стасункаў. Ці была прадугледжана адказнасць за згвалтаванне жанчыны? А за здраду мужу ці жонцы? Ці была легалізавана прастытуцыя ў ВКЛ і Расійскай імперыі? Чытайце ў першай частцы гісторыі сексу беларусаў.

Зазірнуць у спальню нашых продкаў ды распавесці аб іх правілах з мінулых часоў нам дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі. Таксама наша спікер зладзіла падкаст «Гісторыя беларускага сексу».

Як нашы продкі абмяркоўвалі секс?

Ці ведалі беларусы ўвогуле, чым яны займаюцца ў ложку, акрамя сну? Да прыкладу, бабуля аўтара гэтага тэксту ўпершыню пачула слова «секс» у савецкі час па тэлебачанні. Згадвала, што гэты тэрмін раптоўна пачаў ужывацца даволі часта, і яна запытала ў свайго мужа, што гэта такое? Той прыхіліў яе галаву да пляча і адказаў: «Дурненькая ты мая». Здаецца, у той момант яна ўсё зразумела.

— Першая згадка слова «секс» была ў 1956 годзе. Больш масава яго пачалі ўжываць у 1970-х — і чым далей, тым часцей, — пачынае Дар’я. — Дагэтуль як у нас толькі ні называлі інтымныя стасункі! Гэта было і цэнзурна, і нецэнзурна, але збольшага — апісанне праз метафары.

Ёсць і прыклады з беларускага фальклору, мы пакінулі найбольш цэнзурныя:

«Мяне Ванька суманіў,
На ложачку палажыў,
Жывой рэпкай пакарміў».

«Ой, кум куму
У садочак вядзець.
Ой, кум куме
Агурочак даець.
„Ах, кум-кумочак,
Не хачу агурочка,
Ня псуй ты майго жываточка“».

«Пасадзіў кум кумку на краваць,
Стaў кум кумку разуваць,
„А кумачка, што за звер,
Да а баюся, шоб не з’еў“. —
„А мой жаж ты куманёк,
Твой дурненькі разумок.
Гэта ж мая курыца,
Што па ночы туліцца“».

Вельмі папулярнымі ў беларусаў былі метафары, звязаныя з гароднінай (агурок, морква, рэпа і г. д.). Але найбольш размовы пра секс былі папулярныя і адкрытыя ў вёсках, у гарадской жа культуры абмяркоўваць гэтую тэму саромеліся.

— У сялян палавыя стасункі не былі загадкавай тэмай, бо ўсе жылі на сяле, часам некалькі пакаленняў пад адным дахам. Ды і хатняя жывёла была распаўсюджана, таму з малога ўзросту ў вёсках ведалі, адкуль бярэцца, напрыклад, ягня ці цяля. Таму пытання, у якім узросце людзі даведваліся пра секс, не стаяла — практычна з дзяцінства. У XIX стагоддзі, калі пачалі збіраць вусную народную творчасць, фалькларысты проста саромеліся, чырванелі і ледзь не гублялі прытомнасць! Але ж для беларускіх сялян тэма была простай і звычайнай.

Напрыклад:

«А ў старшыя дружкі цыцкі як падушкі, цыцкаю парася ўбіла, пад печ пасадзіла».

«Не чапіся, дружачка, не чапіся, ідзі за ўгал, ды пая...ся».

Акрамя таго, секс для беларускіх сялян меў па-свойму магічны характар. Нярэдка «калясексуальныя» практыкі ўжываліся для выкліку добрага ўраджаю і наадварот. Да прыкладу, на Палессі існавала традыцыя для дзяўчат, якія хацелі найхутчэй пайсці замуж: бралі старую барану, насілі яе па завуголлях роднай вёскі, затым ламалі на часткі і раскідвалі па розных вуліцах — акт ворыва сімвалізаваў палавы акт. Усе гэтыя дзеянні нібыта павінны былі наблізіць візіт сватоў.

Адваротная сувязь (секс — ураджай), кажа Дар’я, прасочвалася ў абрадзе «Завіванне барады», які спраўлялі ў канцы жніва.

— Жнеі пакідалі некалькі нязжатых каласоў, абвівалі іх поясам. Гэтая «барада» была фалічным сімвалам, а абвіванне поясам азначала зліццё мужчынскага і жаночага пачаткаў. Логіка такая: людзі верылі, што пасля такога абраду родзіцца добры ўраджай, як пасля сексу нараджаюцца дзеці.

У фальклорных зборніках ёсць і такая замова на ўраджай: «Расціце, агурочкі, як мужскія х...кі».

Ці рэгуляваліся палавыя стасункі законам?

У XVI—XVII стагоддзях палавыя кантакты з кроўнымі і някроўнымі родзічамі любога пола, прастытуткамі і жывёламі не дазваляліся.

— То-бок палігамія была фактычна забароненая: калі чалавек ішоў «налева», то гэта лічылася крымінальным злачынствам. Нягледзячы на тое што Стары Запавет прадпісваў жонцы пасля смерці мужа выходзіць замуж за яго брата, у ВКЛ гэта было забаронена. Як жанчынам, так і мужчынам. Парушальнікі гэтага закона пазбаўляліся паловы сваёй маёмасці, а шлюб скасоўваўся. А калі людзі не ведалі, што яны звязаныя сваяцтвам і гэта высвятлялася пасля, тады дзейнічала тая ж мера, але без пазбаўлення маёмасці.

Можна прыгадаць прыклад гетмана ВКЛ Хрыстафора Радзівіла Перуна з XVI стагоддзя, які перажыў трох сваіх жонак і вырашыў ажаніцца ў чацвёрты раз з Эльжбетай Астрожскай, якая была роднай сястрой яго другой жонкі Кацярыны. Гетман прайшоў шмат інстанцый, каб шлюб прызналі, але гэтага не адбылося: маёмасць адбіраць не сталі, але стасункі былі афіцыйна ануляваныя.

— У 1601 годзе ў двараніна Багдана Пашкевіча і яго жонкі Марыны канфіскавалі маёнтак на карысць дзяржавы, таму што Марына прыходзілася мачахай свайму мужу. Гісторыі ж пра палавыя стасункі свёкра і нявесткі ўвогуле былі даволі распаўсюджанымі ў сельскай мясцовасці. А ў 1581 годзе быў зафіксаваны такі выпадак: 13-гадовага хлопчыка ажанілі з дзяўчынай, якая была значна старэйшая за яго. Хлопчык яшчэ не мог выконваць свае шлюбныя абавязкі, і бацька вырашыў яго падмяніць. Але ж гэта падпадала пад адказнасць (канфіскацыя маёмасці і грамадскае ганьбаванне). Праўда, гісторыя не зафіксавала пакарання гэтага канкрэтнага мужчыны.

Але закон заўсёды быў выбіральным. У XVIII стагоддзі Міхаіл Казімір Радзівіл «Рыбанька» пасля смерці сваёй жонкі Уршулі вырашыў ажаніцца з удавой свайго прыёмнага сына. Ніякай адказнасці за гэта не было, і сужэнцы нарадзілі нашчадкаў. Можа, у гэты час закон не так ужо і выконваўся?

А што, калі муж ці жонка пайшлі «налева»?

За такое таксама была прадугледжана адказнасць — аж да смяротнага пакарання. А калі падмануты муж забіваў палюбоўніка сваёй жонкі, ён вызваляўся ад адказнасці.

— Нягледзячы на тое што закон забараняў жаночыя і мужчынскія здрады, судом часцей разглядаліся першыя. Чаму? Па-першае, патрыярхальнае грамадства. Па-другое, калі жанчына зацяжарыць дзе-небудзь на старане і народзіць дзіця, тады шляхцічу трэба перадаць тытул і спадчыну камусьці незразумеламу. А чысціня крыві была важнаю. Сярод сялян гэта не было так распаўсюджана: яны былі непісьменнымі, таму асабліва не звярталіся ў суды.

У 1619 годзе быў зафіксаваны выпадак, калі нявернага мужа прысудзілі да смяротнага пакарання за другую палюбоўніцу.

— Быў такі Ілля Анапрэвіч, на якога падаў у суд свёкар. Спачатку даказаць факт здрады не ўдалося, але праз год мужчыну засталі проста на «месцы злачынства» — у абдымках яго каханкі Адар’і. Смяротнае пакаранне ўжылі ў адносінах да абодвух.

А ў 1668 годзе гродзенскі суд прыгаварыў да смяротнага пакарання мяшчанку Раіну, дачку мясцовага ката.

— Яна была гэткай аматаркай сексу ў грамадскіх месцах: жанчына здрадзіла законнаму супругу з яўрэем Шымкам. Пару разоў каханкаў «застукалі» ва ўладаннях касцёла — у выніку «экстрэмалку» пакаралі. Мне асабліва цікава, хто прыводзіў прысуд у выкананне, бо бацька ж яе быў мясцовым катам. Але гісторыя пра гэта маўчыць.

Што яшчэ рэгулявалася законам?

Згвалтаванне жывёл. За такія рэчы прысуджалі не проста да смяротнага пакарання, а пакарання на вогнішчы — спаліць трэба было як гвалтаўніка, так і яго ахвяру.

— Даіць кароўку ці катацца на коніку пасля таго, што з імі здарылася, ужо было нельга. Быў такі рэальны кейс: 1687 год, горад Слуцк, пан паскардзіўся ў судзе на свайго пастуха Аніську, які з маладых гадоў паказваў нездаровую любоў да жывёл. У судзе пастух расказаў, што меў няўдалы вопыт з кабылай, якая ўдарыла яго капытом, таму ён перайшоў на кароў. Аднойчы яго засталі ў хляве проста на «месцы злачынства». Аніську прысудзілі да смяротнага пакарання, але суд замяніў спаленне на адсячэнне галавы. Лёс жа каровы невядомы.

Гвалт у адносінах да жанчын не рэгуляваўся законам. У нашай культуры такое лічылася ў першую чаргу злачынствам супраць мужа: маўляў, як ты мог узяць маю рэч і выкарыстоўваць яе?

Ці была легалізавана прастытуцыя?

Не, у ВКЛ яна была крыміналізаваная і забароненая. Але ж паняцця «прастытутка» ў законе не было, гэта абазначалася словам «распусніца». Праўда, так маглі назваць любую жанчыну, якая шмат займалася сексам з рознымі мужчынамі — не важна, за грошы ці для задавальнення.

— Паводле Статута ВКЛ 1566 года, для прадстаўніц жаночага полу ўводзілася пакаранне за амаральны лад жыцця і... нежаданне выходзіць замуж. Дзяўчыне ўжо 25 год і яна не замужам? Падпадае пад суд. Таксама адзначалася, што за паводзінамі дзяўчыны павінны глядзець яе бацькі і родзічы. А калі дваранка паводзіла сябе непрыстойна, сваякі нават маглі падаць на яе ў суд, і тую маглі пакараць.

А ў 1588 годзе ўжо ўводзілася адказнасць для сутэнёраў (зводнікаў), якія схілялі жанчын да занятку прастытуцыяй. Калі такое злачынства было здзейснена ўпершыню, зводніку адразалі вушы, нос і губы. За паўторнае злачынства было прадугледжана смяротнае пакаранне.

— Распусніцы былі паўсюль, але ў асноўным у корчмах. Напрыклад, у 1666 годзе ў тым жа Слуцку гарадская адміністрацыя моцна ўзялася за іх: каб пазбегнуць масавага смяротнага пакарання, у адносінах да гэтых жанчын вырашылі прымяніць працатэрапію — іх прымусілі чысціць абарончыя равы роднага горада.

А як жанчыны апускаліся да такога занятку? Часта супраць сваёй волі. Напрыклад, калі служанка аднаго шляхціча спадабалася іншаму, ёй казалі пайсці да яго, за што яна атрымлівала грошы.

— Таксама існавалі бардэлі. Дакладна гэта вядома наконт тэрыторыі Польскага княства. Што да ВКЛ, то адназначных сведчанняў няма, але, хутчэй за ўсё, былі бардэлі і там. Напрыклад, нейкая гарадская сірата трапляла ў поле зроку прастытутак, яны маглі ўзяць яе пад сваю апеку і вырасціць для такога занятку.

У Расійскай імперыі, дарэчы, быў зусім іншы падыход да прастытуцыі — яна была легалізавана, і здароўе жанчын кантралявалася дзяржавай.

— У 1891 годзе ў Мінску быў створаны санітарны камітэт, які забіраў у дзяўчат пашпарты, а замест гэтага выдаваў жоўтыя білеты. Гэта такія санкніжкі, дзе запісваліся даты праходжання медаглядаў і ставіўся штамп «здаровая».

Існавала крымінальная адказнасць за так званую таемную распусту.

— Было два варыянты: або дзяўчына займаецца прастытуцыяй легальна і яе кантралююць улады, або здзяйсняе злачынства. Дарэчы, падаткаў з прастытутак не бралі, таму што не хацелі гэтых «брудных» грошай.

Можна ўявіць, як праходзіў медагляд у той час. Гэта рабілася візуальна, без узяцця аналізаў і інш. Калі ў жанчыны выяўлялася венерычнае захворванне, яе пад канвоем адпраўлялі ў бальніцу на прымусовае лячэнне. Затым яна вярталася на працу.

— Цікава, што прастытуткам не дазвалялася арандаваць кватэру без спецыяльнага дазволу санітарнай камісіі: патрэбна была даведка. Таксама такія жанчыны не мелі права жыць у гасцініцах, нават калі проста прыехалі паглядзець іншы горад ці вырашыць нейкія справы.

Яшчэ для такіх жанчын была ўведзена каменданцкая гадзіна: пасля гадзіны ночы ім нельга было выходзіць з кватэры. Таксама яны павінны былі завешваць вокны шторамі і зачыняць аканіцы.

— Па законе ў бардэлі спачатку прымалі дзяўчат ад 16 гадоў, але пасля парог паднялі да 18. Тым не менш «індывідуалкамі» працавалі нават 13-гадовыя дзяўчаты. Паводле мінскай статыстыкі, у пачатку XX стагоддзя 64% прастытутак у горадзе былі ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў.


 

Пры падрыхтоўцы публікацыі былі выкарстаныя наступныя крыніцы інфармацыі:

  • кніга «Белорусский эротический фольклор» под рэдакцыяй Таццяны Валодзінай,
  • артыкул «Прастытуцыя ў ВКЛ у XVI-XVII ст.», Наталля Сліж,
  • артыкул Наталлі Сліж «Забароненыя і ненатуральныя сексуальныя стасункі Ў ВКЛ У XVI–XVII стст.»,
  • артыкул «Царские власти в борьбе за моральность минчан: вторая половина XIX — начало XX вв», Таццяна Вароніч,
  • кніга Уладзіміра Валодзіна «Квир-история Беларуси второй половины XX века: попытка приближения».

Працяг будзе. Наступным разам мы пагаворым пра сексуальнае выхаванне дзяцей і падлеткаў, заляцанні да незамужніх дзяўчат, секс да шлюбу, кантрацэпцыю ды іншае.

Выбор покупателей
пульсоксиметр, с дисплеем, влагозащищенный корпус
Выбор покупателей
пульсоксиметр, с дисплеем

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by