130 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч. Якія мясціны ў Беларусі звязаны з паэтам?

4562
09 декабря 2021 в 18:24
Автор: Тарас Щирый

130 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч. Якія мясціны ў Беларусі звязаны з паэтам?

Автор: Тарас Щирый

130 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч — наш паэт, непахісны рамантык, без якога проста немагчыма ўявіць беларускую літаратуру і наогул культуру. Некалькі пакаленняў беларусаў зачытваліся яскравымі вершамі «Пагоня», «Слуцкія ткачыхі», «Зорка Венера» і працягваюць цытаваць ягоныя творы. Іх можна дэкламаваць у коле сяброў, на спатканні з каханай, дзецям перад сном, спяваць і нават пераўтвараць у рок-балады. На жаль, жыццёвы шлях Максіма аказаўся неймаверна кароткім — усяго 25 гадоў — і скончыўся 25 мая 1917-га ў далёкай Ялце, дзе паэт лячыўся ад сухотаў. Патрапіць сёння на магілу паэта ў Крым няпроста, але прагуляцца па беларускіх мясцінах і адрасах, звязаных з Багдановічам, даволі лёгка. Прыгадаем некаторыя з іх.

Дома на вуліцы Багдановіча, якога няма

Будучы паэт з’явіўся на свет 9 снежня 1891 года ў Мінску ў сям’і этнографа, мовазнаўца, фалькларыста Адама Багдановіча і Марыі Мякоты, што паходзіла са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду. Нарадзіўся Максім у драўляным доме недалёка ад цяперашняга тэатра оперы і балета. На першым паверсе ў ім знаходзілася школа, якой пэўны час кіраваў Адам Багдановіч, а на другім жыла сям’я. На жаль, будынак да нашых дзён не захаваўся. Паводле адной з версій, ён быў размешчаны на месцы сённяшняга трохпавярховіка №25 на вуліцы Багдановіча, на якім калісьці ўсталявалі шыльду ў гонар паэта, а паводле другой, якой прытрымліваюцца даследчыкі Багдановіча, — у двары так званага «дома Чыжа», дзе ў гонар паэта нават стаіць невялічкі манумент. Між іншым, была ідэя нават аднавіць у двары сам дом, але гэты праект так і застаўся проста праектам...

Недалёка знаходзіцца і вялікі помнік паэту, створаны беларускім скульптарам Сяргеем Вакарам і ўрачыста адкрыты 9 снежня 1981 года — у дзень 90-годдзя паэта. У 2008-м бронзавага Багдановіча адправілі на рэканструкцыю, збіраліся на ягоным месцы зрабіць фантан. Аднак у выніку скульптуру вярнулі да тэатра, але помнік перанеслі на 150 метраў ад першапачатковай дыслакацыі — бліжэй да дома, дзе нарадзіўся Багдановіч. Цяпер бронзавы Максім Адамавіч, трымаючы васількі ў правай руцэ, пазірае ў бок ракі Свіслач і старой савецкай забудовы.

Гродзенскі перыяд

Праз год пасля нараджэння Максіма Багдановічы пераехалі ў Гродна, дзе бацька знайшоў сабе працу ў Сялянскім пазямельным банку. Сям’я пасялілася ў раёне Новы Свет, які на той момант размяшчаўся на гарадскім ускрайку. Тут у маленькага Максіма нарадзілася сястра Ніна і брат Леў. Па ўспамінах у Гродне былі добрыя ўмовы для выхавання дзяцей. Недалёка знаходзіўся лес і Нёман, а каля дома раскінуўся сад.

У 1896-м ад сухотаў памерла маці Максіма. Яе пахавалі на мясцовых праваслаўных могілках (магіла захавалася), а сям’я на пастаяннае месца жыхарства з’ехала ў Ніжні Ноўгарад.

У 1986-м намаганнямі паэткі Дануты Бічэль у адным са старадаўніх дамоў Новага Свету адкрылі музей Максіма Багдановіча. Працуе ён і дагэтуль. У экспазіцыі ёсць і асабістыя рэчы сям’і паэта. У музеі, напрыклад, можна ўбачыць інкруставаную шкатулку, арыгінальныя здымкі Багдановічаў і нават чайную лыжку паэта. Так што, калі будзеце ў Новым Свеце, міма не праходзьце.

Кватэра Змітрака Бядулі

У родны горад з Расіі Багдановіч вярнуўся праз 24 гады, калі ўжо быў знаным, папулярным беларускамоўным паэтам, у якога ў Вільні пры падтрымцы Магдалены Радзівіл у 1914-м выйшаў зборнік «Вянок». У Мінску Максім знайшоў сабе працу сакратара ў земскай харчовай камісіі і жыў на кватэры Змітрака Бядулі. Яна знаходзілася ў доме настаўніка вучылішча Лібава-Роменскай чыгункі Савы Рэдзькі, які здаваў яго ў арэнду як жытло. Месціўся гэты домік на сённяшняй вуліцы Талстога, непадалёк ад чыгуначнага вакзала. У 1980-х збудаванне атрымалася выратаваць ад разбурэння і перанесці на суседнюю вуліцу Рабкораўскую.

Лічыцца, што гэта адзіная ацалелая пабудова ў Мінску, па-сапраўднаму звязаная з жыццём паэта.

Пасля рэканструкцыі ў 1991-м адкрылі музей «Беларуская хатка», у якім пастараліся аднавіць атмасферу пакоя, дзе калісьці жыў паэт. У гэтым супрацоўнікам музея дапамаглі мемуары Зоські Верас і Змітрака Бядулі.

Дарэчы, славуты інтэлектуальны клуб «Беларуская хатка», дзе ладзіліся літаратурныя, музыкальныя і тэатральныя вечарыны, таксама знаходзіўся недалёка — на сённяшняй Савецкай каля Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Багдановіч таксама браў актыўны ўдзел у дзейнасці клуба. Як узгадвала ва ўспамінах Зоська Верас, Максіма даставілі ў «Беларускую хатку» ў першы ж дзень яго вяртання на радзіму, бо так усім карцела пабачыць таленавіта аўтара.

Ну і тэму мінскіх адрасоў скончым літаратурным музеем Максіма Багдановіча, які размешчаны ў Траецкім прадмесці. Гэта даволі вядомае месца сярод аматараў літаратуры, дзе можна не толькі атрымаць неабходныя веды пра жыццё Багдановіча, але і паўдзельнічаць у разнастайных імпрэзах.

Ракуцёўшчына

Маладзечанскі напрамак проста насычаны мясцінамі, звязанымі з беларускай і еўрапейскай літаратурай. У Вязынцы нарадзіўся Янка Купала, у радашковіцкім касцёле яго хрысцілі, па Віленскім тракце каля Мясаты праязджалі Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль, Канстанцін Паўстоўскі, а ў фальварку Ракуцёўшчына, што пад Красным, некалі адпачываў Максім Багдановіч. Гэтае месца не належала сям’і паэта. Летам 1911-га Багдановіч прыехаў у Вільню да братоў Луцкевічаў, а тыя вырашылі звазіць маладога паэта, які хварэў на сухоты, адпачыць у Ракуцёўшчыну, якой валодаў іх сваяк Вацлаў Лычкоўскі.

Месца так натхніла паэта, што ён за кароткі перыяд напісаў тут 17 вершаў і дзве паэмы — «Вераніка» і «У вёсцы». Цяпер у Ракуцёўшчыне дзейнічае музей, адноўлена сядзіба, таксама ладзіцца свята песні і паэзіі.


 Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка