21 382
14 ноября 2021 в 9:00
Автор: Тарас Щирый. Фото: Максім Маліноўскі, музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках

Рок-зорка з-пад Шчучына: адкрываў Алімпіяду, ім захаплялася Марлен Дзітрых, а цяпер яго песню спяваюць футбольныя фаны

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максім Маліноўскі, музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках

Беларускія вёскі і невялічкія мястэчкі — месцы дзіўныя, сакральныя. Колькі яны далі свету знакамітых мастакоў, пісьменнікаў, што ўзбагацілі сусветную культуру, не пералічыць на пальцах дзвюх рук. Сярод іх — і знакаміты рок-музыкант Чэслаў Немэн. Вялікую кар’еру ён зрабіў у суседняй Польшчы, ягоны твор выконвала сама Марлен Дзітрых, а ў славутай парыжскай канцэртнай зале «Алімпія» Немэн выступіў раней, чым знакамітыя The Beatles. Але першыя музыкальныя крокі ён рабіў у маленькай роднай вёсачцы Старыя Васілішкі, што недалёка ад Шчучына.

У звычайнай драўлянай хатцы, дзе Чэслаў жыў разам з бацькамі і старэйшай сястрой, ён ніколі не забываўся на малую радзіму, пры магчымасці прыязджаў на бацькаўшчыну і нават прымаў старых сяброў у сваім варшаўскім доме. Кім быў Немэн, як да яго ставіліся аднавяскоўцы, што з сябе ўяўляе ягоны музей у Старых Васілішках і як сёння жыве памяць пра гэтага неверагоднага чалавека? Мы пабывалі на радзіме музыкі і паспрабавалі знайсці адказы на гэтыя ды іншыя пытанні.

У дзяцінстве нядрэнна іграў на фартэпіяна і любіў фотасправу

Галоўны арыенцір Старых Васілішак — вялікі чырвоны касцёл, які праглядаецца з усіх ваколіц. Ён непрапарцыянальна вялікі для вёсачкі, дзе пражывае крыху больш за 30 чалавек, і хутчэй з’яўляецца напамінам аб тым, што былі часы, калі жыццё тут сапраўды віравала. Духоўным і культурным цэнтрам невялічкага мястэчка быў менавіта храм.

Ён сапраўды незвычайны. Ну дзе вы яшчэ пабачыце ў Беларусі, каб над уваходам у касцёл была выбіта шасціканцовая яўрэйская зорка? Аказваецца, такім чынам мясцовыя жыхары хацелі аддзячыць яўрэям з суседніх Васілішак за салідны фінансавы ўнёсак у пабудову святыні. Касцёл упрыгожваюць рознакаляровыя вітражы, побач з алтаром знаходзіцца каплічка, якая нагадвае архітэктуру славутага Антоніа Гаўдзі. А нядаўна ў храме адрамантавалі старадаўні арган.

Для кагосьці з нас гэта цуд, а для мясцовых жыхароў падобнае было часткай паўсядзённага жыцця. Паралельна з працай яны спявалі ў хоры, калядавалі, удзельнічалі ў духавым аркестры... Сярод актыўных мясцовых жыхароў быў Антоні Выджыцкі, якога людзі за спрыт называлі паміж сабой «залатымі рукамі». Мужчына рабіў боты-афіцэркі і буркі, якія замаўлялі з усёй ваколіцы, мог лёгка адрамантаваць інструмент, замок, гадзіннік і нават арган. Разам з жонкай Ганнай і дачкой Ядзяй ён жыў літаральна ў некалькіх хвілінах пешкі ад касцёла. Менавіта там 16 лютага 1939 года нарадзілася будучая рок-стар Чэслаў Немэн.

Гэты аднапавярховы дом на тры пакоі захаваўся і дагэтуль. У 2010-м у ім адкрылі музей-клуб імя Чэслава Немэна. Даглядае яго былы старшыня Васілішкаўскага сельсавета Уладзімір Сянюта, які на пенсіі пераўтварыўся ў сапраўднага краязнаўца. Складваецца адчуванне, што ён ведае пра беларускі перыяд жыцця Выджыцкіх літаральна ўсё.

— Гадаваўся Чэсь у роднай вёсцы, а ў школу хадзіў у суседнія Васілішкі — два кіламетры адсюль, — апавядае Уладзімір Сянюта. — Гэта ўжо быў цэнтр сельсавета, і там было ўсё неабходнае для працы і жыцця. Па ўспамінах аднакласніцы, якая сядзела з ім за адной партай, ён у школьныя гады нядрэнна іграў на фартэпіяна і цудоўна маляваў. І для яе было здзіўленнем, што Чэслаў стаў вялікім выканаўцам, а не мастаком.

Чэслаў Немэн (справа) з сябрам

Малым Чэся выдатна памятае Тэрэса Карэйва (у дзявоцтве Мухляда) з Ліды. У дзяцінстве яна жыла паблізу і разам з Выджыцкім хадзіла ў школу.

— Калі кампаніяй дадому вярталіся — і ў снежкі гулялі, і біліся, і пхаліся, і ў снезе качаліся, і з горкі на сумках каталіся. Ой як цікава было! — смяецца жанчына. — На адваротным шляху часам да ягонага бацькі заходзілі, каб паскардзіцца, што б’е нас. Дык ён Чэсю пасля выспяткаў даваў. Было так, калі былі меншымі дзецьмі. А калі падраслі, у класе восьмым ці дзявятым, ён зацікавіўся фатаграфіяй. І захаваліся нават ягоныя фотаздымкі, на каторых дзяўчаты сядзяць на плоце каля дома Выджыцкіх.

Музыкай Чэслаў захапіўся ў раннім дзяцінстве. Спачатку спяваў у касцельным хоры, а ў 13 гадоў на бацькоўскім сходзе заспяваў у тым ліку знакамітую расійскую кампазіцыю «Однозвучно гремит колокольчик». Што цікава, старая балада яму так спадабалася, што ён нярэдка выконваў яе пасля падчас сваіх канцэртаў.

Каб развіваць свае музыкальныя здольнасці, Чэслаў у 15-гадовым узросце паступіў у педагагічны ліцэй у Гродна, дзе вывучаў фартэпіяна. Праўда, другія дысцыпліны яму не надта падабаліся, таму ў абласным цэнтры ён пратрымаўся толькі год. Падлетак прагульваў заняткі, бавячы час на Нёмане, і ў выніку яго выключылі з ліцэя, хаця дырэктар прызнаў хлопца даволі здольным. Вярнуўшыся дадому, Выджыцкі-малодшы ўзначаліў хор у сельскім доме культуры, граў на баяне, выступаў на танцах і вяселлях.

— Тагачасны клуб быў у былой сінагозе, — працягвае спадарыня Тэрэса— Дык мы пасля школьных заняткаў нярэдка хадзілі туды, каб паспяваць і патанцаваць. Чэсь кіраваў хорам і запрашаў нас таксама ў ім паўдзельнічаць.

— Відны быў хлопец, — кажа Уладзімір Сянюта— Спяваў і беларускі, і польскі, і рускі фальклор. Калі Чэслаў з сябрамі спявалі, у полі спынялася праца. Танцулькі без яго не абыходзіліся! Моладзь ад яго шалела!

Хто ведае, магчыма, Чэсь так і застаўся б першым хлопцам на вёсцы, калі б не рашэнне бацькі з’ехаць са Старых Васілішак, на што паўплывала ў тым ліку закрыццё камуністамі касцёла. У другой палове 1950-х адбывалася масавае перасяленне палякаў у сацыялістычную Польшчу, і Выджыцкі стаў адным з нямногіх у Старых Васілішках, хто вырашыў скарыстацца гэтай нагодай і памяняць месца жыхарства. Тым больш быў прыклад — у 1940-х на Захад з’ехалі ягоныя сваякі.

Пераезд у 1958-м супаў з рамантычнымі стасункамі Чэслава. 19-гадовы хлопец так закахаўся ў сваю сяброўку Марыю Клаўзунік з Васілішак, што напярэдадні ад’езду патаемна з ёй, як кажуць у гэтых мясцінах, замальдаваўся — распісаўся. Пра шлюб Чэсь прызнаўся толькі праз тры месяцы, а ў 1959-м Марыя атрымала дазвол і пераехала да мужа. Разам яны пражылі да 1971 года.

Ганна і Антоні Выджыцкія

Горш за ўсіх ад’езд перанёс Антоні Выджыцкі, які з сям’ёй у выніку абжыўся ў горадзе Бялогард. Запатрабаванаму майстру, які меў дома поспех і жыў няблага, прыйшлося занава шукаць кліентуру. Па словах Уладзіміра Сянюты, у сваіх лістах у Старыя Васілішкі ён прызнаваўся, што ў дачыненні сябе пераездам зрабіў вялікае глупства, але пайшоў на гэта дзеля сына. Праз два гады пасля ад’езду Антонія не стала...

Чэслаў паступіў у музыкальную школу ў Гданьску па класе фагота. Паралельна выступаў у разнастайных клубах і кабарэ. Спяваў пераважна іспанскія песенькі, акампануючы сабе на гітары. Відавочцы прыгадваюць яго як даволі сціплага і непрыкметнага хлопца, у якога да таго ж быў выразны ўсходні акцэнт. Але на пачатку 1960-х ён пазнаёміўся з журналістам, аўтарам песень Францішкам Валіцкім, якога сёння называюць айцом польскай рок-музыкі. Гэтая сустрэча цалкам змяніла жыццё Чэслава. Валіцкі пачаў арганізоўваць канцэрты для маладога выканаўцы. У 1962-м Чэсь перамог на фестывалі маладых талентаў і разам з гуртом Niebiesko-Czarni адправіўся ў замежны тур, а праз год выступіў у славутай парыжскай канцэртнай зале «Алімпія». Прыкладна ў гэты час ён і ўзяў сабе псеўданім Немэн.

— Прозвішча Выджыцкі французам было надта складана вымавіць, — гаворыць Уладзімір Сянюта. — Акрамя таго, хто іх ведае, якія яно магло выклікаць асацыяцыі. Ну, напрыклад, прозвішча пісьменніка Вальтэра Скота. Для англічан гучыць нармальна, а ў нас можа выклікаць некаторыя непрыемныя паралелі. У выніку ў размове з Валіцкім і ягонай жонкай узнікла прапанова ўзяць псеўданім Немэн у гонар ракі, якая цячэ ў краі, дзе нарадзіўся Чэслаў. Ён пагадзіўся.

У 1964-м гурт Niebiesko-Czarni выступаў перад канцэртам Марлен Дзітрых у Варшаве. Ёй так спадабалася кампазіцыя Немэна Czy mnie jeszcze pamiętasz, што яна запісала яе на нямецкай мове. З тых часоў Чэслаў пачаў пераўтварацца ў сапраўдную зорку і праз тры гады выбухнуў сваім неўміручым хітом Dziwny jest ten swiat. З ім ён выступіў на адкрыцці Алімпійскіх гульняў у Мюнхене ў 1972 годзе разам з Джонам Маклафлінам і Чарльзам Мінгусам.

Праз пэўны час Немэн пачаў пісаць даволі авангардную рок-музыку, эксперыментаваў з фальклорам, выкарыстоўваў электраарган, які стаў ягонай своеасаблівай фішкай, і даволі часта звяртаўся да паэзіі Цыпрыяна Норвіда.

Музыкант даволі часта гастраляваў па свеце, але ў родных Старых Васілішках доўгі час не з’яўляўся, хаця аднавяскоўцы чулі пра поспехі Чэсіка. У выніку ў 1976-м яго запрасілі на фестываль «Беларуская музычная восень», у рамках якога ён выступіў у Мінску, Гродне, Баранавічах і Пінску.

— На яго канцэрты прыходзілі многія вядомыя музыканты, бо ён быў першы, хто прывёз у Савецкі Саюз сінтэзатар. Да гэтага ніхто не чуў і не бачыў, што гэта такое, — працягвае дырэктар музея. — А пасля канцэрта ў Гродне ён наведаў родную вёску і сустрэўся з сябрамі. Усе ведалі пра ягоныя поспехі, былі ўсцешаныя ягонаму прыезду, але многіх здзівіў ягоны знешні выгляд. Чэслаў адпусціў бараду, насіў адзенне ў стылі хіпі. У тыя часы бараду ў нас забаранілі, а тут раптам такі выгляд.

Аднак больш здзівіліся іншаму — на ім былі джынсы і кажушок у дзюрках. І гэта ў лістападзе, калі ўжо зімна было! Падобныя кажушкі насілі самыя бедныя людзі ці п’яніцы. Ды і то з латкамі, а тут іх не было.

І хто яго сустракаў, казалі: «Чэсік, дык можа ў гэтай Польшчы табе няма чаго насіць? Дык мы табе знойдзем што-небудзь без дзюрак!» І нават спрабавалі сабраць грошы, каб набыць адзенне. А ў Васілішках сваякі, калі пабачылі яго, сказалі: «Ды скінь ты гэтыя абарванцы і не ганьбі нас! Такі вядомы чалавек, а няма чаго надзець!» Яго літаральна замардавалі гэтымі пытаннямі, і ў наступныя разы, калі ён прыязджаў у Старыя Васілішкі, выглядаў ужо іначай.

Чэслаў заўсёды, калі бываў у Беларусі, наведваў родную вёску: запрашаў на канцэрты і садзіў сяброў на першыя шэрагі. Да ўсіх местачкоўцаў меў вялікую ласку і хацеў, каб яны пабачылі, як ён выступае на сцэне. Праўда, не ўсе з мясцовых разумелі ягоную музыку, а вось моладзь, наадварот, ставіла ягоныя пласцінкі на танцах у мясцовым клубе.

У 1976-м Немэн нават даў невялічкі канцэрт у школе ў Васілішках, а праз тры гады здзейсніў апошнюю вандроўку на радзіму.

— У красавіку 1979-га ён выступаў у Маскве, меў вольны дзень і на таксі на некалькі гадзін прыехаў у Старыя Васілішкі, — расказвае Уладзімір Сянюта. — Тут сустрэўся са сваякамі, з дзядзькам, наведаў былы дом. Хацеў убачыць рэчку свайго дзяцінства, якая працякала каля гародаў Выджыцкіх. Чэслаў любіў там адпачываць на валуне каля яе. Але калі падышоў да гэтай Лябёдкі, быў вельмі расчараваны. Праз меліярацыю яе аднеслі на 300 метраў ад гародаў. Застаўся толькі валун. Ён сфатаграфаваўся на памяць і зноў паехаў у Маскву. Калі я пачуў гэтую гісторыю, быў бясконца здзіўлены тым, што чалавек 20 гадзін тросся ў таксоўцы, каб толькі дзве гадзіны правесці ў роднай вёсцы, пабачыць дом, сваякоў і сяброў. Ды наогул на яго прыкладзе можна выхоўваць патрыятызм! Ён у 1976-м выкапаў тут чаромху, каб пасадзіць яе ў Варшаве. Мог бы і ў Польшчы яе выкапаць, але тая ўсё ж такі была з роднай старонкі.

Суразмоўца кажа, што ў творчасці Немэн таксама звяртаўся да радзімы. І калі не праз фальклор, дык праз успаміны. Напрыклад, на напісанне музыкі для адной з кампазіцый яго натхнілі рэлігійныя спевы і званы касцёла ў Старых Васілішках.

Нягледзячы на поспех, эксперыментальную музыку Чэслава далёка не ўсе ў Польшчы разумелі. У 1980-х у краіне ўвялі ваеннае становішча, што негатыўна адбілася на канцэртах. Немэн стаў выступаць радзей, пісаў музыку для спектакляў, фільмаў і за апошнія 20 гадоў жыцця стварыў толькі тры студыйныя альбомы.

На радзіму ён больш не прыязджаў, але блізкіх з Беларусі прымаў у Варшаве. Падобнай гісторыяй з намі падзялілася Тэрэса Карэйва:

— Я дзесяць гадоў выкладала польскую мову ў школе ў Лідскім раёне. Падчас адной з паездак з дзецьмі на экскурсію ў Варшаву вырашыла знайсці Чэся. Калі прыехала, мне сказалі, што яго не знойдзеш — не дазвонішся. У выніку праз сваякоў усё ж такі знайшла яго, і ён сам прыехаў па мяне, запрасіў на вячэру. Жыў ён тады ў прыватным доме за вялікім плотам. Было там шмат бур’яну, але ён адказаў, маўляў, гэта ж прырода — няхай расце сабе. Памятаю, як сказаў мне: «Тэрэса, я вегетарыянец, і мяса есці ў маім доме не будзеш».

А я адказала: «Без мяса абыдуся, але ж бутэльку нашай гарэлкі, дарагі ты мой, я табе з Ліды прывезла». Адмаўляўся спачатку, але ж адкрыў гарэлку і трохі выпіў за сустрэчу.

Зрабіў кашу, шампіньёны і сырнікі, паказаў сваю студыю, застаўленую апаратурай. Спытаўся, чым я жыву. Расказала, што неўзабаве ў дачкі вяселле, дык ён яшчэ мне злотых даў і касет сваіх падарыў. Я пасля яшчэ дачцэ фату набыла і беленькія туфелькі. Пасля той вячэры, каб не блукала па Варшаве, ён прывёз мяне назад. Калі вярнулася ў Беларусь, апавядала сябрам пра падарункі, казала, што гэта Чэсева фата.

Гэта была апошняя сустрэча спадарыні Тэрэсы з Немэнам. На пачатку нулявых ён захварэў на рак і перамагчы хваробу не здолеў. 17 студзеня 2004 года ягонае сэрца перастала біцца... Пахавалі рок-зорку са Старых Васілішак на Паванзкоўскіх могілках у катакомбах, каля другіх знакамітых палякаў. Жалобную працэсію ўзначальваў тагачасны прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. А 13-й гадзіне ў той дзень усе польскія радыёстанцыі паставілі на сваіх хвалях галоўны хіт Чэслава — Dziwny jest ten swiat.

«З 2010 года музей наведалі 30 тысяч турыстаў»

У гонар Чэслава Немэна ў Польшчы адразу з’явілася некалькі помнікаў, Нацбанк набіў ягоны партрэт на адну з манет, а фанаты футбольнай каманды «Легія» перад пачаткам кожнага матча пачалі спяваць кампазіцыю Sen o Warszawie.

А ў Беларусі тым часам ледзь збераглі ад зносу родны дом Немэна.

— Дом нікому не быў патрэбны, — кажа Уладзімір Сянюта. — Плот паваліўся, у даху была дзірка, а падворак зарос бур’янам. І, мабыць, знішчылі б яго, калі б не смерць Немэна ў 2004-м. Калі б ён пражыў яшчэ тры гады, дом дакладна б разабралі. Але пасля ягонай смерці сюды пачалі прыязджаць фанаты, якім было цікава паглядзець, дзе нарадзіўся гэты музыкальны феномен. Дом захавалі, з’явілася ідэя адкрыць тут музей, аднак не склалася. Адкрылі яго толькі ў 2010-м.

Па словах суразмоўцы, шмат для адкрыцця зрабіла журналістка з Мінска Вера Савіна. Яна ўзяла інтэрв’ю ў Немэна яшчэ ў 1976-м, але «Советская Белоруссия» адмовілася друкаваць матэрыял. Да гэтай тэмы журналістка вярнулася ў 2009-м, калі зняла пра Чэслава дакументальны фільм.

— Я вырасла за кулісамі опернага тэатра, дзе спяваў мой бацька. Таму мае музыкальныя захапленні зусім іншыя, і я ад напрамкаў, у якіх працаваў Немэн, вельмі далёкаягаворыць жанчына— Мяне як кінадраматурга захапіў лёс Немэна і яго філасофскае стаўленне да поспеху. Унікальна гарманічны чалавек, і вось у гэтай гармоніі ён і жыццё пражыў, і музыку ствараў.

Немэну ж паступала запрашэнне на праслухоўванне ад знакамітай амерыканскай групы Blood, Sweat & Tears, але не атрымалася і ён вельмі лёгка на гэта адрэагаваў: «Значыць, так было патрэбна».

Пры гэтым Немэн выступаў з вядомымі музыкантамі Джонам Аберкромбі, Джонам Маклафлінам, усе пра яго добра адгукаліся, і ён прафесіяналамі быў прыняты пры жыцці.

Але ж фільмам усё не абмежавалася. Савіна разам з Сянютам і другімі беларускімі фанатамі Немэна ініцыявала адкрыццё музея ў Старых Васілішках. Дзеля гэтага яна ўзяла амерыканскую і англійскую энцыклапедыі рок-музыкі, у якіх ёсць згадкі пра Чэслава і ягоную вёску, і паехала ў Шчучынскі райвыканкам. Кіраўніцтва пайшло насустрач, і ўжо 11 гадоў у раёне працуе ўнікальны музей, якому наўрад ці можна знайсці аналаг у Еўропе. Ну а дзе вы бачылі, каб музей рок-зоркі быў адкрыты ў населеным пункце з насельніцтвам у 30 чалавек? Як сцвярджае Савіна, у свеце наогул не было музеяў, якія б месціліся ў дамах славутых рок-выканаўцаў.

У экспазіцыю, якая займае тры пакоі, увайшлі фотаздымкі, пласцінкі, артыкулы пра Немэна, асабістыя рэчы, якія Уладзімір Сянюта збіраў самастойна. Часам нават выбіраўся ў экспедыцыі па наваколлі і так, напрыклад, здабыў боты, якія калісьці зрабіў Антоні Выджыцкі.

— За 11 гадоў нас наведалі 30 тысяч турыстаў, — кажа спадар Уладзімір. — Большая частка — з Польшчы, але прыязджаюць і з Расіі, Беларусі, Еўропы. Некаторыя нават дабіраліся аўтаспынам. У найлепшыя часы за дзень прыязджалі па чатыры аўтобусы з турыстамі! Сёлета з наведвальнікамі складана, але, напрыклад, былі турысты з Мурманска.

Вера Савіна верыць, што ў гэтага цікавага музея ёсць будучыня, яна нават распрацавала канцэпцыю яблычнага свята, якое штогод ладзіцца ў старым садзе сям’і Выджыцкіх. Планаў сапраўды шмат. Невядома, ці спраўдзяцца жаданні прыхільнікаў Немэна, але дакладна вядома адно: Чэслаў хоць калісьці і з’ехаў са Старых Васілішак назаўжды, але памяць аб ім тут пасялілася надоўга.


обеденный, пластик (сиденье), дерево (каркас)
Нет в наличии
кухонный стол, круглая, 800x800 мм, высота 750 мм, материал: МДФ (столешница), дерево (опоры), белый
Нет в наличии
кухонный стол, круглая, 1200x1200 мм, материал: МДФ (столешница), сталь (опоры), бежевый

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by