Хутка стартуе чарговае цэнтралізаванае тэсціраванне. Першай у раскладзе значыцца беларуская мова, тэст па якой пройдзе 16 чэрвеня. Штогод мову абірае ўсё больш абітурыентаў, якія атрымліваюць найвышэйшыя балы. Разам з праектам Say.by спрабуем разабрацца ў феномене беларускай мовы і зразумець, ці сапраўды яна падвышае шанцы на паступленне ў ВНУ.
Мы пагутарылі з настаўнікамі «Адукара» — самага папулярнага праекта па падрыхтоўцы да ЦТ, каб высветліць, за кошт чаго беларуская мова мае значна больш стабальнікаў.
У абмеркаванні ўдзельнічалі настаўнікі рускай і беларускай моў, сярод іх у тым ліку — Гардзей Хоміч, настаўнік рускай мовы, Аляксей Любчанка, настаўнік беларускай мовы, і СЕО кампаніі «Адукар» Уладзіслаў Варановіч, у мінулым настаўнік беларускай мовы ды літаратуры.
У мінулым, 2020 годзе на рускую мову запісалася 52 600 чалавек, з якіх на 100 балаў здалі ўсяго 27 чалавек. У тым жа годзе на беларускую запісалася 18 600, але 100 балаў набралі ажно 78 чалавек.
На першы погляд, калі параўноўваць секцыі ЦТ у абедзвюх мовах, складаецца ўражанне, што ўсё прыблізна аднолькава. У арфаграфіі — беларуская выйграе за кошт меншай колькасці выключэнняў і слоўнікавых слоў, але гэта толькі некалькі пунктаў. А па меркаванні настаўніка рускай мовы Гардзея Хоміча, у секцыях фразеалогіі і культуры мовы, калі мова вашай камунікацыі руская, вы натуральна будзеце рабіць менш памылак, бо ўжываеце яе ў побытавых стасунках. Дык адкуль такі імклівы рост? Малаверагодна, што новае пакаленне абітурыентаў за апошнія некалькі гадоў значна паразумнела ці рэпетытары раптоўна сталі лепей іх рыхтаваць.
Бадай, самыя істотныя змены, якія паўплывалі на паспяховасць беларускай мовы для ЦТ, адбыліся яшчэ 1 верасня 2010 года, калі пачала дзейнічаць новая рэдакцыя «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (старая рэдакцыя Правіл была выдадзены ажно ў 1959 годзе, а ў 1994-м былі апублікаваны «Высновы па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы», якія пазней ўлічылі ў новым правапісе).
Усе ўдакладненні і змены новай рэдакцыі Правіл — гэта ўніфікацыя беларускага правапісу, змяншэнне колькасці выключэнняў, «спрошчванне», «аблягчэнне» ў завучванні і разуменні правіл. Паводле Правіл 1959-га ў правапісе было шмат выключэнняў, у 2010-м — іх адаптавалі пад беларускі правапіс, што прынцыпова змяняе падыход у падрыхтоўцы да ЦТ, дае магчымасць сённяшняму абітурыенту ахапіць гэты рад выключэнняў, простай мовай — завучыць іх. Напрыклад: сальфеджыо (1959) — сальфеджыа (2010), дзевяты, дзесяты (1959) — дзявяты, дзясяты (2010) — звычайнае «яканне», паставіў націск — запамінаць не патрэбна як выключэнне, аналагічна і з правапісам у/ў: ва ўніверсітэце (пасля галосных — ў). Безумоўна, выключэнні засталіся, такія як траур і г. д., але іх стала значна менш.
Прыблізна пасля 2010 года ў рускай і беларускай мовах паступова памяншаюць колькасць заданняў адкрытага тыпу. Напрыклад, «адшукайце ў гэтым сказе слова, утворанае прыставачна-суфіксальным спосабам, і запішыце яго ў частку Б». Цяпер тэсты сталі больш «закрытага» тыпу. Некаторыя праблемныя правілы пачалі адколвацца, і засталіся толькі больш-менш тыповыя. А прыблізна з 2016 года выключна ў беларускай мове спрашчаюцца і фармулёўкі заданняў. Раней можна было зрабіць памылкі нават у самых простых пунктах, калі яны былі сфармуляваны складанай мовай. У тым жа годзе з’яўляецца і сам «Адукар», прысвечаны падрыхтоўцы абітурыентаў, што, магчыма, таксама дапамагло школьнікам. Яшчэ адно адрозненне — у апошнія гады перапрацавалася і змянілася праграма па беларускай мове, а ў праграме рускай мовы аніякіх істотных змен не назіралася.
Пры выкананні заданняў на ЦТ у параўнанні з беларускай мовай, у рускай, акрамя стандартных пытанняў па арфаграфіі і пунктуацыі, уключаны заданні па маўленчых, марфалагічных нормах, па марфеміцы, словаўтварэнні, фанетыцы і акцэнталогіі. Безумоўна, гэтыя ж раздзелы ёсць і ў беларускім ЦТ, аднак з меншымі цяжкасцямі ў завучваннямі. Напрыклад, обеспЕчение, кАшлянуть, закУпорить, хозЯева, включИшь, кружАтся. І іх вельмі многа для завучвання ў параўнанні з беларускай. Мы не разглядаем сінтаксіс і пунктуацыю, там аднолькава, тыя ж правілы на пастаноўку знакаў прыпынку. Ёсць і плюс у заданнях па рускай мове (але іх зусім мала): тут дапамагае выкарыстанне рускай у штодзённым жыцці — мы гаворым «простите меня», у беларускай — «прабачце мне», «светит ярче фонаря» — «свеціць ярчэй за ліхтар» і г. д.
Структура тэстаў — асобнае пытанне. Заданні па беларускай мове маюць значна прасцейшы выгляд у параўнанні з рускай: у апошняй шмат момантаў, калі ў простым заданні можна зрабіць памылку, бо яно, напрыклад, будзе закранаць усе ўзроўні мовы, патрабаваць дэманстрацыі не толькі арфаграфічных навыкаў, але і разумення тэорыі, семантыкі слова.
Звычайна час на выкананне ў абітурыентаў на тэст па беларускай займае да 40—50 хвілін, па рускай — да 60—90 хвілін.
Нягледзячы на тое, што шмат хто з нас выкарыстоўвае рускую мову як мову асяроддзя, многім абітурыентам беларуская мова падаецца больш простай і лагічнай, яны думаюць, што закон «як чую, так і пішу» распаўсюджваецца на ўсе правілы беларускай арфаграфіі, іх гэта «супакойвае» і адыгрывае важную ролю пры выбары мовы.
— Калі мы нават размаўляем па-руску, часам выкарыстоўваем беларускія словы і правілы маўлення, — кажа СЕО «Адукара» Уладзіслаў Варановіч. — Мне падаецца, што сярэдняму беларускаму школьніку, які валодае абедзвюма мовамі, у той момант, калі піша ЦТ і сутыкаецца з заданнямі і правіламі, якія ён не ведае, лягчэй зарыентавацца ў беларускіх словах, чым у рускіх.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка