Як маркаўчане «Луку» водзяць. Прыкладна так выглядае незвычайны Вялікдзень пад Маладзечнам

10 952
02 мая 2021 в 17:05
Источник: Вераніка Уласевіч. Фото: Максім Маліноўскі

Як маркаўчане «Луку» водзяць. Прыкладна так выглядае незвычайны Вялікдзень пад Маладзечнам

Источник: Вераніка Уласевіч. Фото: Максім Маліноўскі

Жыхары аграгарадка Маркава пад Маладзечнам пасля ўсяночнай службы асвячаюць яйкі, соль ды кулічы, а на пачатку Вялікадня сем’ямі выходзяць з дамоў паназіраць за сонцам. А 14-й гадзіне пачынаецца самае цікавае. Маркаўчане ад старэйшых да малодшых бяруцца за рукі і водзяць карагод вакол дзяцей, спяваючы народныя песні ў адрас халасцякоў. Гэта і ёсць мясцовы абрад — велікодны карагод «Лука», які хутка атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У Маркава каля царквы а 14-й гадзіне шматлюдна. Сюды прыйшлі і старыя, і маладыя, каб зладзіць мясцовы абрад. У аграгарадку пражываюць каля 700 чалавек, аднак сёння да іх прыехалі дзеці і ўнукі з гарадоў — яны таксама хочуць падтрымаць традыцыю.

— У нас тут служба, а пасля абрад будзе, «Лука» такі, нідзе больш такога няма. Папрыязджалі і з Маладзечна, і з Мінска на яго паглядзець, — камусьці паведамляе апошнія навіны па тэлефоне мясцовы дзядуля.

Першапачаткова велікодны карагод ладзілі ва ўрочышчы пад назвай На Лукі на дугападобным павароце мясцовай ракі Гадзея. Менавіта адсюль і пайшла назва штогадовага абраду «Лука». Пасля меліярацыйных работ русла ракі змянілася, і карагод пачалі вадзіць на рынку (цяпер гэта месца каля крамы). Апошнія дзесяць гадоў абрад ладзяць каля царквы.

Акрамя Маркава, такі абрад зафіксаваны ў Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Дзесьці карагод ужо не праводзіцца, а дзесьці захаваны да нашых часоў. Зразумела, што ў кожнай мясцовасці маюцца свае адметнасці велікоднага карагода. Так і ў Маркава — свае асаблівасці.

Пасля гадзіннай службы каля царквы адбываецца сапраўдная дзея. Жанчыны з мясцовага фальклорнага ансамбля «Маркаўчанка» запяваюць народныя песні, а астатнія жыхары іх падтрымліваюць. Самая пажылая бабуля аграгарадка Марыя Пятроўна расстаўляе тры групкі мясцовых дзяцей, вакол якіх усе астатнія будуць вадзіць карагод. Падлеткаў яшчэ называюць «качанамі капусты». Яны сімвалізуюць добры ўраджай у новым годзе.

Найстарэйшыя мясцовыя жыхары — завадатары — бяруцца за рукі і далучаюць да карагода ўсіх астатніх. Раней «вадзіць Луку» дазвалялася толькі асобам жаночага полу: ад малечы да старых бабуль. Сёння ў абрадзе могуць паўдзельнічаць таксама мужчыны і ўвогуле людзі любога ўзросту.

Завадатары вядуць грамаду, выпісваючы ўзоры паміж «качанамі». У імгненне вока жывы ланцуг пераўтвараецца ў змейку. Удзельнікі карагода ходзяць васьмірычнам шляхам (васьмёркамі) і спяваюць: «Ой, Лука, мая Лука».

У апошніх куплетах песні грамада звяртаецца да трох «бабылёў» — хлопцаў, якія ніяк не могуць ажаніцца. Доўгі час гэты элемент абраду апускаўся, аднак у гэтым годзе мясцовыя жыхары вырашылі яго аднавіць. Ролю «бабылёў» пагадзіліся выканаць халасцякі з Маладзечна. Хто ведае, магчыма, абрад паспрыяе набыццю імі сямейнага статусу.

Пакуль жывы ланцуг рухаецца, «бабылі» стаяць побач з дзецьмі ў карагодзе. У канцы грамада паіменна звяртаецца да халасцякоў, ім спяваюць куплеты «Лукі» і такім чынам звяртаюць на іх увагу, стымулююць да жаніцьбы:

— А на нашай вуліцы гордапышны малойчык. Ды й няма пышнейшага, чым наш Ясечка...

«Бабылі» зацікаўлена слухаюць, а потым частуюць спевакоў гарэлкай, цукеркамі ды іншымі прысмакамі.

Зараз даследчыкі схіляюцца да думкі, што дадзены абрад сімвалізуе, з аднаго боку, пладароднасць зямлі і добры ўраджай, а з другога — пашырэнне чалавечай грамады, роду шляхам стымуляцыі да шлюбу.

Па словах носьбітаў, карагод існаваў яшчэ ў даваенны час. У савецкі перыяд карагод не вадзілі, бо было забаронена правядзенне царкоўных службаў, а разам з імі і абраду. Традыцыя аднавілася праз мясцовую жыхарку 1904 года нараджэння Соф’ю Сарачынскую, якой ужо няма ў жывых.

У красавіку Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры РБ прыняла рашэнне аб неабходнасці надання велікоднаму карагоду «Лука» статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

— Гэтая навіна прымусіла мясцовых жыхароў паглядзець на сябе з іншага боку. Яны зразумелі, што вартыя таго, каб іх традыцыю заўважылі не толькі жыхары суседніх месцаў. Хацелася б, каб абрад прыцягнуў увагу іншых людзей і стаў часткай рэспубліканскай спадчыны, каб пра «Луку» даведалася як мага больш людзей, — упэўнена Вольга Трубач, вядучы метадыст ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна». — Мясцовая супольнасць плануе адкрыць дзіцячы фальклорны гурток, дзе будуць вывучацца мясцовыя традыцыі. Таксама хутка будзе распрацаваны лагатып «Лукі» і сувенірная прадукцыя з валачобным карагодам. На аўтобусным прыпынку з’явіцца малюнак карагода, каб людзі прыязджалі і адразу бачылі адметнасць мясцовасці. Тутэйшы абрад у будучым можа стаць кропкай развіцця падзейнага турызму.

Пасля «Лукі» жыхары Маркава адпраўляюцца да сваіх святочных сталоў. Увечары народны ансамбль «Маркаўчанка» і ўсе ахвочыя адпраўляюцца спяваць велікодныя песні і віншаваць жыхароў па хатах. Гаспадары выказваюць удзячнасць гасцям пры дапамозе прысмакаў. Пасля гурт збіраецца ў адной хаце і частуецца сабранымі дарамі.


Для быстрого замешивания теста и творога — ручные миксеры в Каталоге

ручной, 300 Вт, 2 скорости, турборежим, импульсный режим
ручной, 450 Вт, 5 скоростей, турборежим, импульсный режим
Выбор покупателей
ручной, 450 Вт, 5 скоростей, турборежим, импульсный режим

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка