Жыццё Уладзіміра Караткевіча ў Кіеве — гэта, калі хочаце, перыяд яго станаўлення і як пісьменніка, і як чалавека. Менавіта дзякуючы ўлюблёнасці ва ўкраінскае нацыянальнае, ён спасціг любоў да нацыянальнага беларускага. Будучага пісьменніка ледзь не выключылі з Кіеўскага ўніверсітэта за нацыяналізм... украінскі. Акрамя гэтага, Караткевіч сустрэў у Кіеве першае каханне, цудам уратаваўся ад трамвайнай аварыі і спазнаў небяспеку вайны, быўшы яшчэ хлапчуком. У новым праекце Onliner і A1, прысвечаным лёсу і творчасці выбітнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, мы расказваем, як праходзіў кіеўскі перыяд вялікага беларуса.
Беларускі класік называў Кіеў самай захапляльнай кнігай свайго жыцця аж да таго часу, калі ён пачаў чытаць кнігу роднай зямлі. Яго знаёмства з гэтым горадам пачалося летам 1944 года, калі Караткевіча разам з матуляй запрасіла да сябе родная цётка на нявызначаны час — пакуль іх родную Оршу не вызваляць ад фашыстаў. Жылі яны на вуліцы Леніна (зараз яна носіць імя Багдана Хмяльніцкага). Пісьменнік неаднаразова згадваў у сваіх творах, як ён трынаццацігадовым хлопчыкам гуляў разам са сваімі кіеўскімі сябрамі, як у двары дамоў №48—50 «жартавала, геройствавала, спаборнічала ў высакароднасці» іх «мушкецёрскае войска».
«...былі вызвалены два невялічкія лапікі Беларусі, і „продка“ майго паслалі на вызваленую тэрыторыю, некуды пад Лёзна. Браць мяне з сабою ён не хацеў, і мы разумелі чаму, па эзопаўскіх намёках у лістах: „Матылі лётаюць, ды толькі высока...“. Якраз у гэты момант праязджаў праз наш горад мой дзядзька, якога перавялі з Далёкага Усходу на фронт, і ўзяў нас з сабою ў вялікі паўдзённы горад, ад якога немцы адкаціліся куды далей, чым ад Лёзна. Там у вялізным прасторным двары знайшлася кінутая хата, флігель, што ўвесь тануў у зараслях бэзу. Было цвёрда вядома, што гаспадары загінулі. І мы занялі флігель. І сталі жыць», — згадваў Караткевіч у аўтабіяграфічнай аповесці «Лісце каштанаў».
Названы ў нарысе «Мой се градок!» чатырохпавярховы дом захаваўся да гэтага часу. Вакол яго некалькі бетонных слупоў недабудаваных высотак — такіх велізарных, што старыя таполі, якія, пэўна, бачылі юнага Караткевіча, здаюцца зусім маленькімі. Шматлюдны, мітуслівы, зараз гэта не той Кіеў, які ведаў беларускі юнак.
«Можна было прайсці вулачку і не сустрэць ніводнага прахожага, — апісваў Караткевіч пасляваенную сталіцу Украіны. — Тры разы на дзень праходзіў былым Бібікаўскім, а цяпер Шаўчэнкаўскім бульварам трамвай. Дацвітаў язмін, і перад трамваем узляталі белыя матылі. Разбурэнні віднеліся галоўным чынам на Крашчаціку і на тых частках іншых вуліц, што прылягалі да яго. Нібы вялікая рака ў страшэнным разліве панішчыла не толькі свае берагі, але і берагі ў вусцях тых рэк, што ўпадалі ў яе».
Паводле слоў галоўнага героя гэтага твора Васілька Стасевіча (чытай — Караткевіча), за горадам тады заставалася шмат мін, і амаль кожны дзень можна было пачуць: «У Галасіеўскім лесе, у Бучы, у Пушчы-Вадзіцы, на Цялічцы падарваліся адзін... два... пяць... сем чалавек». Аповесць трагічная... На міне падрываюцца пяць сяброў Васілька, а ён цудам застаецца ў жывых.
«Дужа хацелася хлеба. Урэшце і яго ў горадзе было не на шмат болей за каву. За горад я не дужа хадзіў. Там было яшчэ шмат мін. <...> Хапала і горада. Я адчуваў сябе шчаслівым. І толькі зрэдку — хаця я і не асабліва пакутаваў гэтым — рабілася сумна, што няма ў мяне таварыства. Але равеснікаў не было. Падлеткаў увогуле было дужа, дужа мала ў толькі што вызваленым горадзе. Наш двор быў вялізны — цяпер на яго месцы два шматпавярховыя будынкі з садкамі вакол іх, — досыць шчыльна абкружаны чатырох-, пяці- і двухпавярховымі дамамі, каменнымі і драўлянымі флігелямі. Але гэта толькі здавалася, што вакол — муры. Садкамі, памыйкамі, сям-там цераз платы можна было выйсці на кожную з навакольных вуліц», — распавядаў Уладзімір Сямёнавіч.
Адна палова двара — уздоўж — была значна вышэйшая за другую. Узгорак, які яднаў адну з другой — то стромы, то спадзісты, — зарос дзікай вішняй, рэдкай абламанай акацыяй, нейкімі іншымі хмызамі, і травамі, і паслёнам, які на Паволжы і ў Арэнбургу, з якога ён прыехаў, вельмі недасціпна называлі бзнікай, згадваў пісьменнік.
«І вось, калі аднойчы я ішоў пад адхонам, аднекуль зверху, з-за стромы, вылецела страла і, слабая пры канцы лёту, упала ў пыл ля маіх ног. Я падняў яе. Страла была хоць куды: пярэстая, крыж-накрыж апераная, перацягнутая ў гэтым месцы жылкай... Амаль адразу наверсе зашапацеў бур’ян. „Гэй, аддай стралу“. Я ўзняў галаву. Над урвішчам на кукішках сядзелі тры — аж цэлых тры! — хлопцы майго ўзросту. Гаварыў адзін, моцны, досыць высокі, з правільна круглай галавой. Усмешка ў яго была — дзіва якая белазубая і прыгожая, вочы — пераспелыя чорныя вішні. Калі яны мокрыя, у іх іскрачкамі адбіваюцца то акно, то лямпа, то проста прамень. „На“, — кінуў я яму стралу. „Толькі ж вочы трэба мець, хлопцы. Куды пуляеце?“» — з таго моманту ў Караткевіча з’явіліся кіеўскія таварышы.
Кіеў для беларускага творцы — яшчэ горад першага кахання. Гэтая галодная пара была для яго шчаслівай парой маладосці. «Божа мой, усклікае апавядальнік, якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!» — пісаў ён у згаданай аўтабіяграфічнай аповесці.
«Менавіта ў такую пару прыходзіць першае каханне, якое героі сарамліва называюць „дружбай“. Хваля гэтага светлага пачуцця захліснула і Васіля Стасевіча (чытай — Уладзіміра Караткевіча. — Заўв. Onliner), Нонку Юніцкую. Яны акрылены вялікай і светлай марай. Ім хочацца жыць у праўдзе, у справядлівасці і каб „ніводнай сволачы на свеце“. Каб набудавалі новых гарадоў, у кожнага чалавека былі „тысячы кніг“. І галоўнае, каб усюды быў мір „ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін“. Героі аповесці не толькі прагнуць шчаслівага мірнага жыцця. Яны гатовы за яго змагацца, уцячы на фронт або туды, дзе ловяць бандытаў», — гаворыцца ў творы.
У іншым сваім творы пра Кіеў Караткевіч згадае, што неаднойчы мог зрабіцца «ўкраінскай зямлёй». Але пасля вызвалення Оршы восенню 1944 года юнак вярнуўся дадому.
Але праз пяць гадоў, скончыўшы сярэднюю школу, Уладзімір Сямёнавіч зноў трапляе ў горад каштанаў: юнак паступае на філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Вучыцца студэнт у тым самым чырвоным корпусе, які шмат разоў бачыў малым: «каробцы» крывавага колеру. Паводле легенды, Мікалай I загадаў так пафарбаваць універсітэт пасля студэнцкіх хваляванняў «за мяцежны дух».
Побач з універсітэтам да канца 1980-х знаходзіўся канчатковы прыпынак трамвая №8. Рэйкі ішлі да Батыевай гары. На гэтым маршруце быў адзін вельмі небяспечны ўчастак — круты спуск уздоўж батанічнага сада, а за ім, каля дома №16 на вуліцы Талстога, — рэзка налева. Прыкладна ў гэтай кропцы, паводле слоў мясцовых старажылаў, у 1949 годзе здарылася страшная аварыя, у якой загінулі каля 90 пасажыраў.
— Я сама не бачыла, што там адбылося, але суседзі распавядалі, як на спуску ў трамвая адмовілі тармазы, ён стаў папярок і пачаў куляцца. Гэтая аварыя стала асноўнай прычынай закрыцця восьмага маршруту, праўда, ужо праз дзесяцігоддзі, у 1980-х, — распавяла Onliner жыхарка дома на вуліцы Льва Талстога Ала Комская.
Сярод загінулых пасажыраў мог апынуцца і Уладзімір Караткевіч. Праз дзесяцігоддзі пасля вучобы, на канферэнцыі ў Кіеве ён распавядзе свайму сябру Адаму Мальдзісу, як ехаў на «васьмёрцы» напярэдадні стыпендыі без квітка і на прыпынку кандуктар высадзіла яго.
«Ідзе пакрыўджаны і раптам чуе грукат, скрыгатанне металу. Аказваецца, на павароце трамвай сышоў з рэек і з усяго размаху ўрэзаўся ў браму... Успамінаючы пра тую катастрофу, з якой мала хто выйшаў жывым, Валодзя запар выкурыў дзве папяросы і кожны раз, па студэнцкай звычцы, падпальваў запалкай белыя пасмы тапалінага пуху на асфальце», — згадвае яго сябра Адам Мальдзіс у сваёй кнізе ўспамінаў «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча».
Таксама падчас студэнцтва ў Кіеўскім універсітэце ў Караткевіча з’явілася задума рамана «Каласы пад сярпом тваім». Замест таго, каб хадзіць на лекцыі, ён сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад яго вачыма паўставалі прываблівыя постаці яго продкаў — мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх — паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за «вашу і нашу свабоду».
«А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя „мосцікі“ ў Вільню, Пецярбург, Варшаву», — тлумачыў Караткевіч у адным са сваіх першых інтэрв’ю.
Увогуле Караткевіч быў асабліва ўдзячны Кіеўскаму ўніверсітэту: там ён сустрэў верных сяброў, мудрых настаўнікаў, там — удалечыні ад Беларусі — зразумеў, што такое Радзіма.
«Калі б гэта ад мяне залежала, то кожнага вучня, дзесьці ў класе дзявятым, пасылаў бы на які час у іншую рэспубліку, каб адчуў тугу па сваім. Рос патрыётам», — казаў ён сябрам.
Ва ўніверсітэце больш за астатняе беларускаму студэнту падабалася малая бібліятэка. Некалькі разоў яго нават ледзь не выключылі за тое, што ён шмат часу праводзіў там замест лекцый.
«Неяк абыходзілася, і я зноў браўся за сваё. Ого! Стаў бы я замест скарбаў, якіх я так доўга чакаў і да якіх урэшце дарваўся па спецыяльнай просьбе акадэміка А. І. Бялецкага (першыя тры, здаецца, курсы ў „тайнае тайных“ не пускалі), стаў бы я замест гэтай любоўнай, п’янай асалоды хадзіць на лекцыі мікрацэфала і ў соты раз слухаць тое, што ўжо даўно ведаю і што мне даўно ўжо абрыдла і — я прадчуваў — доўга яшчэ будзе абрыдаць», — адзначае класік ва ўспамінах.
Скарбамі ён назваў творы Дастаеўскага, Сафокла, Шаўчэнкі, Катула, Антоніча, Рыльке, паэтаў «Млодай Польскі», Буніна, Ясеніна, Грына, Норвіда, а таксама працы старых украінскіх, беларускіх і іншых гісторыкаў.
Але ж, нягледзячы на такія думкі, Уладзімір быў старанным студэнтам і вельмі шмат вучыўся. А ў вольны час хадзіў у музеі, оперу і на сімфанічныя канцэрты.
«Тады з вясны да восені чалавек з малымі грашыма (а адкуль яны ў студэнта?) мог праслухаць усю сімфанічную класіку бясплатна з эстрады ў парку над Дняпром», — пісаў Караткевіч у эсэ «Мой се градок!».
Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра парк, які знаходзіцца каля цяперашняй Еўрапейскай плошчы, каля аркі Дружбы народаў, лялечнага тэатра, стадыёна «Дынама». З гэтага месца, як на далоні, бачны ўвесь левы бераг Дняпра. І гэта адно з упадабаных месцаў для закаханых і моладзі, як зараз, так і ў пасляваенныя гады.
Мясцовыя жыхары распавядаюць, што каля філармоніі было «містечко разваг», там — атракцыёны, крывое люстэрка, цэнтрыфугі за пяць капеек. Ніжэй знаходзілася танцпляцоўка, дзе збіралася ўся кіеўская моладзь. Звалася гэтая пляцоўка «жабай».
Сярод славутасцей гэтага «тусовачнага» раёна — чырвоны паркавы мост 1910 года, які навісае над Пятроўскай алеяй і злучае пагоркі лялечнага тэатра і стадыёна. Адныя завуць яго мастом закаханых, іншыя — чортавым, месцам самагубцаў. З гэтым месцам звязаны выпадак з жыцця Караткевіча, але сам пісьменнік згадвае яго ў сваім эсэ мімаходзь і, узрушаны, піша пра кіеўскіх дзяўчат: «А дзяўчаты кіеўскія! Дальбо, год гэтак пад трыццаць назад яны былі такія ж прыгожыя, як мінскія, слонімскія, рагачоўскія, а значыць, найпрыгажэйшыя ў свеце. І, божа мой, колькі ж яны задалі мне радасцяў і пакут сардэчных! Колькі праз іх было напісана вершаў, колькі пераплакана, колькі ідыёцкіх выхадак зроблена (перайшоў на руках па перылах аднаарачны мост Патона між Першамайскім і Піянерскім паркамі — дзяўчаты здорава вішчэлі)».
Пра выхадку Караткевіча карэнныя жыхары Пячэрскага раёна памятаюць дагэтуль.
— Я чуў гэтую гісторыю. Людзі распавядалі, што быў такі пісьменнік, які не па мосце самому, а па агароджы на руках перайшоў! — кажа кіеўлянін Анатоль Бойка.
Адным са сваіх любімых месцаў у Кіеве Караткевіч лічыў Кіева-Пячэрскую лаўру. Пасля вайны яна моцна пацярпела: быў цалкам знішчаны Успенскі сабор. Шмат хто ўдзельнічаў у раскопках і аднаўленні гэтай святыні. У іх ліку быў і студэнт Уладзімір Караткевіч.
Нажаль, пісьменнік не пабачыў адбудаваны Успенскі сабор. Яго старая частка, якая ацалела пасля выбуху, цяпер знаходзіцца пад шклом. На саборнай плошчы побач з гэтым велізарным каменем суседнічаюць высачэзныя двухсотгадовыя каштаны і перажыўшая вайну Вялікая званіца. Правей ад сабора знаходзіцца назіральная пляцоўка, з якой бачныя абодва берагі старажытнага горада, Радзіма-маці і Цялічка, стары прамысловы раён.
Тое, што Караткевіч захапляўся гісторыяй, вядома кожнаму чытачу яго твораў. Але ж не ўсе ведаюць, што падчас кіеўскага жыцця ён ледзь не стаў экскурсаводам!
«Украінскі і рускі хацелі браць мяне экскурсаводам, і там і там я праводзіў пробныя экскурсіі і рабіў гэта, не пасаромеюся сказаць, добра, як і экскурсіі ў Сафійскім саборы, калі не было свабодных людзей; пасля гэтага неяк не зладзілася — усё больш часу патрабавала чытанне і пісанне,— але паўсюль я застаўся сваім чалавекам», — згадваў ён.
Адзін з гэтых музеяў, Нацыянальны музей гісторыі Украіны, знаходзіцца каля Андрэеўскай царквы. Гэта месца дакладна апісана ў эсэ «Мой се градок!»: «Вось стаіш на плато верхняга горада, ля муроў гістарычнага музея, тады яшчэ чырвоных, неатынкаваных. Бяжыць пад ветрам пустазелле, і ты ведаеш, што вось гэты невялічкі, гектары ў два кавалачак плато над урвішчамі ў бок Кажамяцкага яра і Андрэеўскага спуску — гэта і ёсць старое першагарадзішча, гарадзішча Кія. І вось тут дрэмле пад зямлёй фундамент Дзесяціннай царквы, тады яшчэ не расчышчаны».
Пасля заканчэння ўніверсітэта, восенню 1954 года Уладзімір быў размеркаваны ў сяло Лясовічы Кіеўскай вобласці. Там ён працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры два гады. Затым пераехаў у родную Оршу. Ва ўкраінскую сталіцу ён наведваўся пры любой магчымасці, а ў апошні раз прыехаў у Кіеў у чэрвені 1984 года на юбілей КНУ, літаральна за месяц да сваёй смерці.
Зараз у гонар пісьменніка названы Цэнтр беларускай мовы пры кафедры славянскай філалогіі Інстытута філалогіі ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце. Знаходзіцца цэнтр не ў Чырвоным корпусе, а ў Жоўтым, на суседнім бульвары Тараса Шаўчэнкі, дзе зараз вучацца філолагі.
Цэнтр размешчаны ў невялікай аўдыторыі метраў 3 на 6. Па баках адзінага акна стаяць стэлажы з дзясяткамі кніг — пераважна на беларускай мове.
Зараз набор на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура» праводзіцца раз на два гады: у апошні раз абітурыенты падалі 46 заяў на чатыры бюджэтныя месцы.
Штогод у лістападзе КНУ адзначае дзень нараджэння Караткевіча і Тыдзень культуры Беларусі. Тут можна паглядзець фільмы паводле сцэнарыяў пісьменніка, паслухаць вершы на беларускай мове ў эфіры ўніверсітэцкага радыё. І пакінуць кветкі ля помніка Караткевічу, каля беларускага пасольства ва Украіне, у некалькіх кроках ад дома №50 на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Памяць пра пісьменніка ў Кіеве застаецца жыць.
«Падказкі Караткевіча» — працяг сумеснага праекта А1 i Onliner, які падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Да 90-гадовага юбілею пісьменніка беларускія майстры тэатральнай сцэны агучылі малавядомы пласт творчасці славутага пісьменніка — казкі для дзяцей. Акрамя таго, напярэдадні Каляд і Новага года А1 выпусціў серыю мастацкіх паштовак з цытатамі з твораў Уладзіміра Караткевіча і малюнкамі мастачкі Нікі Сандрас. Праект носіць назву «ПаштоўкА1» і пашырае кампанію #Караткевіч90.
Шостую казку агучыла заслужаная артыстка Беларусі Наталля Качаткова.
— «Вясна ўвосень» — гэта цудоўная, вельмі добрая казка. Насамрэч, яна такая чалавечная! Мне вельмі прыемна было яе чытаць. Пра Караткевіча наогул магу сказаць толькі адно: я ім захапляюся! — распавяла яна.
Акаўнт Уладзіміра Караткевіча ў Instagram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by