Сёння арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся на радзіму. У Беларусі ён не быў больш як тры месяцы не па ўласным жаданні: напрыканцы жніўня кіраўніка каталіцкай царквы не пусцілі праз мяжу, калі ён вяртаўся з Польшчы. Пагранічны камітэт тады заявіў, што пашпарт мітрапаліта з'яўляецца несапраўдным. Візіт арцыбіскупа на радзіму стаў магчымы толькі пасля перамоў беларускіх улад з Папам Рымскім Францішкам. Напярэдадні свята Божага Нараджэння Кандрусевіч правядзе некалькі імшаў для сваіх вернікаў, але загадзя ён правёў невялічкі брыфінг.
Напачатку сваёй прамовы Кандрусевіч павітаў прысутных у касцёле і падзякаваў за падтрымку і малітвы за яго лёс. Таксама мітрапаліт расказаў, што падчас свайго вымушанага знаходжання ў Польшчы працаваў непадалёк ад Беластока, а таксама дасылаў звароты да беларускіх каталікоў у відэафармаце.
Нягледзячы на тое, што Тадэвуш Кандрусевіч даволі працяглы час служыў каталіцкай царкве за мяжой (пераважна ў Расіі), ён заўжды помніў пра сваю радзіму і імкнуўся жыць і служыць Беларусі.
Мітрапаліт распавёў, што, вярнуўшыся на бацькаўшчыну, ён перш за ўсё стаў на калені і пацалаваў беларускую зямлю. Падчас гэтых слоў арцыбіскуп заплакаў.
— Дзе б я ні служыў як святар і біскуп, я заўсёды памятаў аб Беларусі, бо гэта мая бацькаўшчына. І ведаеце, калі напрыканцы лістапада я быў у Вільні на ўрачыстасцях Божай Маці Вострабрамскай (я кожны год езджу на гэту ўрачыстасць — там таксама ёсць святая імша на беларускай мове) — вядома, што сёлета было менш людзей, але, паверце, мне было вельмі-вельмі складана прамовіць, — на гэтых словах у Тадэвуша Кандрусевіча дрыгнуў голас і з вачэй сталі віднецца слёзы.
Паводле Кандрусевіча, ён упершыню за доўгі час убачыў сваіх землякоў — беларусаў, якія жывуць у Літве і захацелі спаткацца з біскупам і разам з ім памаліцца.
— І сёння, калі я перасек мяжу, то папрасіў кіроўцу прыпыніцца. Я стаў на калені, падзякаваў Богу за вяртанне, пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля. Я вырас адсюль. Я хачу тут быць, я хачу тут служыць. І я ніколі не выступаў супраць Беларусі, заўсёды бараніў яе інтарэсы — і буду гэта чыніць далей, — сказаў арцыбіскуп.
Таксама ён падзякаваў Богу, што ён дапамагаў увесь гэты час.
— Напэўна, гэта быў крыж, гэта не было лёгка. Але мы добра ведаем, што крыж пасля распяцця на ім Езуса Хрыста — гэта знак нашага збаўлення, гэта знак нашай надзеі, — адзначыў Кандрусевіч.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка