Рэп, тайскі бокс і дэгустацыя піва. У Мінску маштабна адзначаць Дзень роднай мовы

 
3316
06 февраля 2020 в 10:55
Автор: Дарья Спевак. Фото: Ok16
Автор: Дарья Спевак. Фото: Ok16

22 лютага ў мінскім культурным хабе Ok16 пройдзе маштабнае свята «Мова Фэст», прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. Беларускамоўная музыка цягам дня, разбор тыповых моўных памылак, квэст і квізы, дэгустацыя піва — кожны знойдзе забаву для душы.

Меламанаў чакае фолк ад Сержука Доўгушава і гурта Vuraj, рэп ад Zrabi і Gleboki Smak, папулярная музыка ад VAL, Ганны Шаркуновай, Марыі Ермаковай, Lear і Леры Яскевіч, рок ад гуртоў «Мутнаевока», Akute і хэдлайнера свята, які будзе абвешчаны 15 лютага.

На пляцоўцы будуць працаваць прамоўтэры з гульнявым гістарычным квізам «Шануем гісторыю разам» і адбывацца дэгустацыя піва. Моўны квэст дасць магчымасць усім наведнікам свята праверыць у нечаканых фарматах сваё веданне беларускай мовы, а «Мова Бар» — паслухаць з куфлем піва вершы сяброў ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

— Наша арганізацыя штогод праводзіць разнастайныя мерапрыемствы да Дня роднай мовы, і прыемна, што маштаб гэтых падзей з кожным годам павялічваецца, далучаюцца новыя арганізацыі і ініцыятывы, свае мерапрыемствы праводзяць студэнты ва ўніверсітэтах, вучні ў школах, вялікія кампаніі і маленькія фірмы, усе спрабуюць прыдумаць нешта арыгінальнае і цікавае. Сёлета мы вырашылі максімальна разнастаіць праграму святкавання і паказаць шырокі спектр выкарыстання беларускай мовы ў розных сферах жыцця. І вельмі прыемна, што нашу ідэю і фестываль падтрымалі паспяховыя і вядомыя кампаніі Беларусі, — распавядае кіраўнік «Арт Сядзібы» Алесь Сьнег.

Сапраўды, арганізатары плануюць зладзіць не толькі культурныя мерапрыемствы, але і такія, што могуць спатрэбіцца ў паўсядзённым жыцці. Або дазваляюць на адзін дзень адчуць сябе ў цалкам беларускамоўнай Беларусі. Напрыклад, на стэндзе Чырвонага Крыжа і «Тэрыторыі дапамогі» пройдзе майстар-клас па першай дапамозе, дзе будзе магчымасць па-беларуску павучыцца выратаванню жыцця дарослага і немаўляці ў выпадку спынення дыхання. Паралельна Віталь Гуркоў прадставіць майстар-клас «Тайскі бокс па-беларуску». Падчас свята таксама можна даведацца, якія тыповыя або нават смешныя моўныя памылкі робяць пачаткоўцы ды як ад іх вылекавацца.

Свята пачнецца а 13-й гадзіне і будзе доўжыцца да 22:00. Уваход вольны. Цягам усяго мерапрыемства будуць працаваць вулічная пляцоўка з фуд-тракамі «Смачна ў роце» і промапляцоўка «Мова, грамадства, бізнес» з актыўнасцямі, стэндамі, гандлёвымі пунктамі ад партнёраў «Мова Фэст», а забаўляць гасцей свята беларускімі традыцыйнымі гульнямі і танцамі будуць студыя «Варгін» і капэла «Колісьнія». Падрабязную афішу мерапрыемства можна адсочваць тут.

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!