«Гэта наш сапраўдны герой!» Тысячы беларусаў прыехалі на развітанне з Кастусём Каліноўскім і астатнімі паўстанцамі

UPD
22 ноября 2019 в 10:23
Источник: Настасся Занько, Дар'я Спевак. Фото: Максім Маліноўскі, wikipedia.org

«Гэта наш сапраўдны герой!» Тысячы беларусаў прыехалі на развітанне з Кастусём Каліноўскім і астатнімі паўстанцамі

Источник: Настасся Занько, Дар'я Спевак. Фото: Максім Маліноўскі, wikipedia.org

З самага ранку сёння ў Вільнюсе пачаліся ўрачыстасці: саркафагі з парэшткамі паўстанцаў перанеслі з палацу Літвы ў кафедральны сабор святых Станіслава і Уладзіслава, што на праспекце Гедымінаса.  Частку праспекта перакрылі, і а 9-й пачалося грамадскае развітанне з лідарамі паўстання, на якое прыйшлі тысячы беларусаў, палякаў, літоўцаў, украінцаў. Як праходзіла перапахаванне парэшткаў паўстанцаў, чытайце і глядзіце ў нашым рэпартажы.

Нагадаем, у верасні бягучага года больш за паўтысячы беларусаў звярнуліся ў літоўскі сейм з просьбай перапахаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Ліст падпісалі Святлана Алексіевіч, Андрэй Горват, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Зінаіда Бандарэнка і іншыя беларусы. Аднак літоўскія ўлады вырашылі правесці пахаванне ў Вільні.

Беларусы прыехалі. «Стаяць холадна, але гэта вельмі малая плата за тое, што зараз адбываецца»

Частка праспекта Гедымінаса перакрытая. З самага ранку да кафедральнага сабора ідуць і ідуць людзі. Польскія, літоўскія, украінскія сцягі. Аднак больш за ўсё бел-чырвона-белых.

Спачатку іх сотні, а пасля тысячы. Колькасць беларусаў расце і расце: шмат хто прыехаў у Вільню звечара, аднак большасць выбрала ранішнія цягнікі. Нагадаем, што на гэтыя выходныя беларуская чыгунка пусціла дадатковыя цягнікі, а літоўскі бок выдаваў бясплатныя візы для ўсіх жадаючых ушанаваць паўстанцаў.

У кафедральны сабор вялікія чэргі. Натоўп стаіць на марозе, а ў Вільнюсе –5, але ніхто не сыходзіць. 

— Я прыехала з Мінска на цягніку. Прыехала, таму што гэта вялікая падзея, а Кастусь Каліноўскі — вельмі значная асоба для Беларусі, — кажа Аліна. —  Для мяне персанальна ён таксама вельмі важная персона. Ён вельмі шмат зрабіў для Беларусі, для нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта таму я знайшла магчымасць прыехаць. Так, стаяць холадна, але гэта вельмі малая плата за тое, што зараз адбываецца.

Былы настаўнік гісторыі з Навагрудка Аляксандр Сцяпанавіч прыехаў у Вільнюс разам з жонкай і сынам. Кажа, што яшчэ два сыны засталіся ў Мінску, але «сэрцам і думкамі яны з намі».

— Гэта падзея для ўсіх беларусаў. Быў такі грэчаскі гісторык і паэт Сіманіт Кноскі. Ён жыў 2000 гадоў таму. І вось ён пакінуў такія словы: «Каб быць шчаслівым чалавекам, трэба мець слаўную Айчыну», — кажа настаўнік. — Дык вось, Айчына ў нас не толькі вельмі прыгожая сама па сабе як прыродны асяродак, яна прыгожая нашай гісторыяй і героямі, таму мы тут. Кастусь Каліноўскі для нас – гэта прыклад барацьбы, чысціні, маральнай і чалавечай. Таму з Навагрудка мы павінны былі прыехаць.

— Мы прыехалі з Варшавы, каб развітацца з нашым нацыянальным героем. Ён рэальна герой Беларусі, ён змагаўся за нашу незалежнасць, таму мы тут. Як толькі даведаліся, што будуць такія ўрачыстасці, адразу вырашылі ехаць. Нават пытанняў не ўзнікла, — кажуць Алена і Зміцер.

Прыйшлі на развітанне з Кастусём Каліноўскім і студэнткі Паліна, Ганна і Кацярына. Яны самі беларускі, але вучацца ў Вільнюсе.

— Насамрэч ён для нас самы сапраўдны герой, якім можна ганарыцца, ён сапраўдны беларус, таму мы тут, — лічаць дзяўчаты.

Вельмі шмат людзей прыйшлі да кафедральнага сабору з дзецьмі. Так вось і мінчанін Аляксей прыехаў разам са сваёй дачкой Янусяй.

— Мы ведаем гісторыю Беларусі. Кастусь Каліноўскі для нас гістарычны персанаж. Я асабіста яго больш ведаю праз Уладзіміра Караткевіча, праз ягоныя «Каласы пад сярпом тваім». Гэта вельмі такая сімпатычная фігура, шчырая, беларускі чалавек. Такія фігуры натхняюць, — кажа мужчына. — Мы з дачкой прыехалі, таму што разумелі: гэта гістарычны момант, які мы не можам прапусціць. Хочацца, каб маёй дачцэ штосьці запала ў душу.

— Я прыехаў сюды, бо мы павінны годна ўшанаваць памяць паўстанцаў, — кажа удзельнік беларускага грамадскага камітэту па ўшанаванню памяці паўстанцаў Анатоль Міхнавец. — Мы пачалі ўшаноўваць памяць Каліноўскага ў сакавіку. Ведаючы ж сітуацыю ў Вільні, каб не забылі беларусаў, правялі перамовы з вільнюскімі ўладамі пра тое, каб мы маглі ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. Бо да апошняга моманту не было вядома, будуць афіцыйныя ўлады ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях ці не. Мы таксама звярталіся да міністра абароны, каб ад Беларусі ўдзельнічала ганаровая варта, аднак адказу мы не атрымалі. Таму было спадзяванне толькі на грамадскую супольнасць. І яно апраўдалася.

 Хачу дадаць, што гэтыя мерапрыемствы яшчэ не канец. Літва годна ўшаноўвае памяць паўстанцаў, але ў нас у Беларусі таксама шмат месцаў пахавання паўстанцаў, якія забытыя і неўшанаваныя. Мы хочам арганізаваць вялікую кампанію, каб вырашыць гэтае пытанне. План ёсць, але мы будзем кансультавацца з гісторыкамі і краязнаўцамі наконт таго, як гэта лепш зрабіць, — адзначае ён.

 Сёння, я думаю, не толькі ў мяне, але і ў многіх прысутных у Вільні адчуванне свята, свята з адценнем жалобы, — кажа гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў. — Мы бачым тут столькі бел-чырвона-белых сцягоў, сотні людзей ужо прыехалі з Мінску, хутка прыйдзе дадатковы цягнік і людзей будзе яшчэ больш. Гэта сведчыць пра тое, што ўсё больш нашых суайчыннікаў успрымаюць Кастуся Каліноўскага як сапраўднага нашага нацыянальнага героя, як першага беларускага палітыка, які змагаўся сваім словам, зброяй за самастойную будучыню для Беларусі. Безумоўна, цешыць, што дзяржаўная ўлада Беларусі будзе прадстаўлена першым віцэ-прэм'ерам, хай і не на самым вялікім узроўні. Я думаю, што ва ўладзе на нейкіх узроўнях існуе разуменне, што Кастусь Каліноўскі — гэта тая асоба, якая можа аб'яднаць беларусаў.

Каля кафедральнага сабору два ланцужкі «салдатаў» у тагачаснай форме. Гэта ганаровая варта з літоўскіх скаўтаў, а таксама стралкоў. Таксама да пачатку працэсіі рыхтуюцца і салдаты роты ганаровай варты Літвы і Польшчы.

Наводдаль стаяць літоўцы са сцягамі і харугвамі. Досыць прадстаўнічай і польскай дэлегацыi. Аднак беларусаў больш за ўсіх. Шмат хто прыехаў з партрэтамі Каліноўскага, зробленымі самастойна, а таксама са сцяжкамі і значкамі з выявай Кастуся.

У самім кафедральным саборы цёпла, гучыць арган і спакойная сумная музыка. Чарга ідзе досыць хутка: каля трунаў з паўстанцамі надоўга затрымлівацца нельга: сфатаграфаваў — і ідзі далей. Натоўп шчыльны, толькі і паспееш зрабіць пару фотаздымкаў. Шмат хто кланяецца паўстанцам у ногі, некаторыя людзі змахваюць слязу.

Развітацца з паўстанцамі прыехалі і вядомыя беларусы. Акрамя Уладзіміра Арлова, тут ёсць паэт Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч і іншыя.

Уладзімір Някляеў (справа)
Станіслаў Шушкевіч

У бліжэйшую гадзіну адбудзецца святая імша, потым пачнецца працэсія з прыпынкам каля Вострай Брамы. Хор з Чырвонага касцёла заспявае малітвы на польскай і беларускай мовах. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч як прадстаўнік ад Беларусі звернецца з малітвай. Таксама да людзей звернуцца прэзідэнты Літвы і Польшчы Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда, якія ўжо прыбылі на развітанне з паўстанцамі на Кафедральную плошчу.

Неверагодна, што столькі людзей! — перагаворваюцца між сабой удзельнікі.

А беларусаў колькі! Ніколі б не падумаў, што бел-чырвона-белых сцягоў будзе большасць, — размаўляюць між сабой хлопцы са сцягамі, прытупваючы ад холаду.

Жыве Беларусь! — крычыць нехта, і натоўп скандуе: «Жыве!»

Людзі ідуць і ідуць. Перыядычна чуюцца радасныя і здзіўленыя ўскрыкі: сустракаюцца знаёмыя. Прывітанні, прапановы пасля схадзіць у кафэ і адзначыць гэтую гістарычную падзею.

Неверагоднае адчуванне: ты сутыкаешся з гісторыяй, пра якую чытаў толькі ў кніжках, — разважае моладзь.

Імша. «Мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і яго правоў»

Доступ у сабор закрыты. Спачатку да кафедральнага сабору пад'ехаў літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа. Потым ужо польскі Анджэй Дуда. А затым беларускі віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка.

У залі, дарэчы, прысутнічаюць былыя прэзідэнты Літвы: Валдас Адамкус і Даля Грыбаўскайтэ. А таксама былы старшыня Вярхоўнага Савету Літвы, а пасля і Сейма Літоўскай рэспублікі Вітаўтас Ландсбергіс.

Прэзідэнты падышлі да вянкоў каля саркафагаў і пацалавалі кожны свой сцяг на вянку: каля Кастуся Каліноўскага стаяў вянок з польскай стужкай, каля Зыгмунта Серакоўскага — літоўскі.  Усё гэта бачна на вялікім экране звонку. Трансляцыю праводзіць нацыянальная тэлекампанія ЛРТ.

— З падзякай за іх вялікую ахвяру будзем маліцца аб Божай міласэрнасці, — распачаў імшу арцыбіскуп, які ўзначальвае літургію. Ад Беларусі, дарэчы, на перапахаванне прыехалі прадстаўнікі грэцка-каталіцкай і праваслаўнай царквы.

Пасля на польскай мове зачытваюцца ўрыўкі са Святога Пісання.

— Тыя паўстанцы, парэшткі якіх будуць перапахаваны, таксама прынеслі сябе ў ахвяру дзеля свайго светапогляду, змагаліся за незалежнасць і дабрабыт свайго народа, — гаворыцца падчас імшы.

— «За нашу і вашу свабоду» — такі быў дэвіз удзельнікаў паўстання. У плане Божым нічога не адбываецца выпадкова... Паўстанне 1863 года было змаганнем за свабоду нашу — не толькі літоўцаў, палякаў і беларусаў, але і ўсіх, хто не прызнае царскае ярмо. <...> 22 студзеня 1863 года Нацыянальны камітэт Польшчы выдаў маніфест, які дэклараваў мэты паўстання: «...З сённяшняга дня няма няволі (...) і ўсе мы браты і роўныя ў вачах Бога... Касцёл заўсёды цаніў свабоду, бо толькі вольны чалавек можа любіць, можа ствараць».

Усе прысутныя спяваюць малітву «Ойча Наш». Пасля пачаўся момант прыняцця Еўхарыстыі, або Святога Прычасця. Затым з прамовай выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён павітаў усіх прысутных і згадаў, як два гады таму на гары Гедыміна знайшлі парэшткі паўстанцаў.

— У Бога няма выпадковасцяў. Магчыма, так трэба было, каб мы ізноў згадалі пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў трагічных абставінах, імкнуўшыся здабыць волю. Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў, але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду. Змагаліся за нашу і вашу свабоду! Сярод іх — Канстанцін Каліноўскі, сын беларускага народа, лідар нацыянальна-вызваленчага руху, публіцыст і паэт. Высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнай сілай духу і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае таксама вялікае значэнне для Беларусі.

Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што Канстанцін Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто ўсведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на нацыянальнае самапрызначэнне.

— У ім і ў яго паплечніках мы бачым своеасаблівы альтруізм, самаадданасць, усведамленне ўласнай годнасці. Хаця ў жыцці і барацьбе паўстанцаў былі разнастайныя кантэксты, якія цяжка ацаніць некалькімі сказамі і само паўстанне не прынесла жаданага плёну, тым не менш яно пакінула свой след у гісторыі. Згадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнёмся раздзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і яго правоў. Правоў, які ён атрымаў не ад кагосьці іншага, а ад Бога. Каб падобнае больш ніколі не паўтарылася. Мы таксама жадаем маліцца за паўстанцаў-пакутнiкаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна былі невядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў.

Ён таксама заўважыў: нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў. Кандрусевіч назваў сімвалічным, што перапахаванне парэшткаў паўстанцаў адбываецца ў Вільні — «горадзе Божай міласэрнасці».

— Сваімі малітвамі мы спадарожнічаем загінулым паўстанцам і даручаем іх душы міласэрнаму Богу. Вечны адпачынак <...> Няхай адпачываюць у супакоі. Амен, — яго голас задрыжаў, арцыбіскуп прараніў слязу. Гэты момант быў вельмі кранальны. На плошчы каля сабору людзі сталі апладзіраваць.

Выступы афіцыйных асобаў. «Запаветы змагароў не страцілі актуальнасці і знайшлі працяг у галоўным дэвізе нашай краіны „За моцную і квітнеючую Беларусь“»

Пасля выступу Кандрусевіча да ўдзельнікаў урачыстасцяў звярнуўся Гітанас Наўседа. Затым Анджэй Дуда. Яны гаварылі пра тое, што цяпер ужо дзяліць, чыім быў героем Кастусь Каліноўскі, досыць складана і таму не варта. Каліноўскі, па словах Дуды, агульны герой для ўсіх.

Ад беларускага боку да прысутных звярнуўся і намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка:

— Сённяшняя цырымонія — гэта сапраўды гістарычны момант, аднолькава важны для беларускага, літоўскага, польскага, украінскага і латышскага народаў. Падзеі 1863—1864 гадоў, якія закранулі тэрыторыі адразу некалькіх дзяржаў Усходняй Еўропы, адбываліся і на нашых землях. Большасць асобаў, якім мы сёння аддаём даніну памяці, з’яўляюцца сынамі беларускай зямлі, звязанымі з ёй агульным лёсам. Для беларусаў гэта не толькі ўспамін мінулага, але і магчымасць аддаць пашану нашым продкам, спачыўшым на гэтай зямлі.

Паводле слоў Петрышэнкі, дзейнасць Кастуся Каліноўскага звязана з перарастаннем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасць у форме народаўладдзя.

— Ужо ў той час дэкларавалася ідэя палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў стасунках з краінамі-суседзямі. Знакава, што паролем паўстанцаў з’яўляліся словы «Каго любіш? — Люблю Беларусь!». Запаветы змагароў не страцілі актуальнасці і знайшлі працяг у галоўным дэвізе нашай краіны «За моцную і квітнеючую Беларусь», у нашай працы ў стварэнні дзяржавы для народа.

Намеснік беларускага прэм’ера сказаў, што асоба Кастуся Каліноўскага назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі, як і падзеі паўстання.

— Перакананы, што капліца стане тым месцам, куды будуць прыходзіць беларусы, літоўцы, палякі, латышы і ўкраінцы, каб аддаць пашану памяці сваім землякам,  Петрышэнка зазначыў, што ў кожнай краіне існуе свой вобраз Кастуся Каліноўскага, але ён не павінен быць той гістарычнай постаццю, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах.

Пасля сканчэння імшы труны з паўстанцамі вынеслі на праспект Гедымінаса. Кастуся Каліноўскага і Зыгмунда Серакоўскага павезлі на лафеце, астатніх — у катафалках. Забілі барабаны, і ганаровыя варты ад Польшчы і Літвы пайшлі наперадзе працэсіі. За імі ішлі прэзідэнты і беларускі віцэ-прэм'ер.

Пахаванне. «Вечная памяць, вечны супакой...»

Працэсія падыходзіць да Вострай Брамы. Шэсце расцягнулася на некалькі кіламетраў. І калі ў адным канцы гукаюць «Жыве Беларусь!» і «Ле-ту-ва!», то у другім чуецца харал і песнапенні.

Праз паўгадзіны шэсце дайшло да могілак Росы. Парэшткі Кастуся Каліноўскага і яго паплечніка Зыгмунта Серакоўскага першымі аднеслі туды. Людзей на могілкі пакуль не пускаюць. Каталіцкі хор спявае «Вечная памяць, вечны супакой...».  У капліцы ідзе паніхіда. Людзей пакуль туды не пускаюць таксама.

Паніхіда сканчваецца, Польскі і літоўскі прэзідэнты ўвайшлі ў капліцу, пасля чаго пакінулі цырымонію. Афіцыйная частка завершана. І пасля гэтага доступ у капліцу атрымалі ўсе жадаючыя.

Нягледзячы на тое, што сёння яны ўжо цэлы дзень адстаялі на марозе, удзельнікі шэсця ізноў гатовыя трываць чаргу, каб патрапіць у капліцу. У іх руках свечкі, стужкі і кветкі.

Капліца, куды памесцяць парэшткі паўстанцаў, будзе даступная наведвальнікам сёння цягам дня. Тыя, у каго не атрымалася быць на перапахаванні, змогуць наведаць магілы ў іншыя дні.

Чаму гэта важная падзея?

Кастусь Каліноўскі — рэвалюцыянер і лідар паўстання 1863—1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Ён выступаў за скіданне самаўладдзя, вырашэнне зямельнага пытання на карысць сялян, а таксама за дэмакратычную рэспубліку. Яго адносілі да «чырвоных» рэвалюцыянераў, якія ў адрозненне ад «белых», што хацелі аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, выступалі за самавызначэнне народаў гэтых тэрыторый. То-бок выступалі за незалежнасць беларусаў і літоўцаў.

У час падрыхтоўкі да паўстання ў 1862 годзе 24-гадовы Каліноўскі выпускаў газету «Мужыцкая праўда» — гэта была першая ў гісторыі газета на беларускай мове. У ёй крытыкаваўся імперыялізм, самаўладдзе, царскі маніфест аб адмене прыгоннага права, а таксама быў заклік сялян да змагання. Каліноўскі нязменна падпісваўся пад сваімі тэкстамі як «Яська-гаспадар з-пад Вільні». Усяго выйшла 7 нумароў «Мужыцкай праўды». Адзін з іх, восьмы, быў прысвечаны менавіта беларускім сялянам і тлумачыў, якую назву мела іх краіна і як называўся «тутэйшы» люд. Аднак гэты нумар так і не надрукавалі.

Паўстанне ўспыхнула ў студзені 1863 года і працягнулася да ліпеня. Аднак сілы паўстанцаў былі разбітыя царскімі войскамі. Праўда, асобныя групы паўстанцаў дзейнічалі да лістапада 1864 года. Пасля разгрому паўстання Каліноўскі вырашыў збіраць сілы для новага паўстання, аднак вымушаны быў хавацца пад рознымі імёнамі. Царскія жандары арыштавалі яго 29 студзеня 1864 года ў Вільні. Падчас следства Каліноўскі адмовіўся супрацоўнічаць з царскімі жандарамі і ніякай інфармацыі пра іншых асобаў не выдаў. Пакуль быў за кратамі, ён перадаваў на свабоду свае знакамітыя «Лісты з-пад шыбеніцы», напісаныя беларускай мовай, але лацінкай. У іх Каліноўскі звяртаўся да паплечнікаў, што былі жывыя, і да народа. Дарэчы, менавіта Кастусю Каліноўскаму належыць знакамітая фраза «Не народ для ўрада, а ўрад для народа».

Лукішскі пляц тагачаснай Вільні

Да гэтага часу ідуць спрэчкі пра нацыянальную прыналежнасць Кастуся Каліноўскага. У Беларусі Каліноўскага паважаюць і лічаць сваім нацыянальным героем, палякі і літоўцы ставяцца да яго як да свайго.

22 сакавіка Каліноўскага публічна павесілі на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні. Хадзілі чуткі, што яго разам з іншымі паўстанцамі таемна пахавалі на гары Гедыміна. Аднак ніякіх дакладных звестак пра гэта не было. Больш за 150 гадоў месца пахавання Каліноўскага ніхто дакладна не ведаў. Яго знайшлі зусім выпадкова.

Як адшукалі магілы паўстанцаў?

У лютым 2016 года на гары Гедыміна здарыўся апоўзень, у кастрычніку ён паўтарыўся, і ўзнікла пагроза гістарычнаму помніку — вежы Гедыміна. Гару трэба было тэрмінова добраўпарадкаваць. Аднак перад гэтым літоўскія археолагі правялі на ёй раскопкі і адшукалі магілы паўстанцаў 1863—1864 гадоў.

Фота: svaboda.org.

Першай, як высветлілася потым, знайшлі магілу Кастуся Каліноўскага. Яго пахавалі са звязанымі рукамі, а саму магілу залілі вапнай. Акрамя рэчаў, якія належалі Каліноўскаму і з якімі ён быў пахаваны, яго ідэнтыфікавалі па антрапалагічных прыкметах, у прыватнасці па форме чэрапа, таксама яго ДНК супаставілі з ДНК прамых нашчадкаў. Аналагічным чынам высвятлялі асобы і іншых 20 паўстанцаў.

Фота www.15min.lt.

Хто яшчэ быў пахаваны на гары Гедыміна?

  1. Станіслаў Ішора (24 гады), святар у Жалудку Лідскага павета.
  2. Раймунд Зямацкі (53 гады), пробашч у Ваверцы Лідскага павета.
  3. Баляслаў Колышка (25 гадоў), фальварак Карманішкі Лідкага павета.
  4. Юльян Ляснеўскі (31 год), аканом у Вялікім Мажэйкаве Лідскага павета.
  5. Зыгмунт Серакоўскі (36 гадоў), Луцкі ўезд Валынскай губерні.
  6. Аляксандар Раўкоўскі (27 гадоў), Мілюнцы Ашмянскага павета.
  7. Юзаф Раўкоўскі (36 гадоў), Мілюнцы Ашмянскага павета.
  8. Караль Сіповіч (19 гадоў), Вільня.
  9. Юзаф Яблонскі (20 гадоў), Ломжа.
  10. Ян Бянькоўскі (26 гадоў), Варшава.
  11. Генрык Макавецкі (27 гадоў), харужы корпуса ляснічых, Магілёўская губерня.
  12. Уладзіслаў Нікаляй (26 гадоў), Віленская губерня.
  13. Альбэрт Лясковіч (23 гады), Голдава Лідскага павета.
  14. Казімер Сычук (Сацэвіч) (36 гадоў), Вільня.
  15. Мечыслаў Дарманоўскі (27 гадоў), Варшава.
  16. Ігнат Здановіч (23 гады), Вільня.
  17. Цітус Далеўскі (23 гады), Кункулка Лідскага павета.
  18. Якуб Чэхан (40 гадоў), Вільня.
  19. Эдвард Чаплінскі, Панявескі павет.
  20. Ян Марчэўскі (24 гады), мястэчка Рава, Каралеўства Польскае.

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by