Павел Бычкоў працаваў 10 гадоў у навукова-даследчым інстытуце. А тры гады таму ён вырашыў, што ў жыцці трэба нешта змяняць, — і заняўся агучкай фільмаў па-беларуску. Цяпер у яго ёсць студыя з чатырох чалавек пад назвай Gavarun.by. Мужчына ведаў, што гэта справа нявыгадная, шмат грошай не заробіш. Але прага ствараць сваё перамагла. Ён распавёў Onliner, чаму яго праца вартая ўвагі не толькі беларускамоўных, але і рускамоўных дзяцей.
Хто гэта?
Павел — кіраўнік праекта, а яшчэ дыктар, гукарэжысёр і капірайтар. Распавядае, што калісьці ў яго і жонкі з'явілася ідэя агучваць штосьці па-беларуску.
— Спачатку мы бралі тыя субцітры, што былі ў сеціве. Потым пазнаёміліся з перакладчыкамі, дамовіліся працаваць разам. Пабачылі — з іх дапамогай усё стала лепш. Разам мы абіралі фільмы, перакладалі і агучвалі, — распавядае Павел. — А потым так здарылася, што нашу працу знайшоў Леў Глушыцкі, разам мы сталі займацца рэдактурай. І гэта значна падвысіла якасць працы. Склалася, што мы заўважылі адну дзяўчыну, якая пераклала «Фантастычных істот». Зліставаліся, і недзе паўтары гады таму яна да нас далучылася. Цяпер Ксенія Капіца наш асноўны перакладчык.
Так з каманды неабыякавых энтузіястаў, якім падабаецца кіно і беларуская мова, з'явілася цэлая студыя. Цяпер Gavarun.by — гэта чатыры чалавекі, якія за тры гады існавання пераклалі 18 поўнаметражных фільмаў, 14 кароткаметражак, некалькі дакументалак і мульцікі.
У кожнага з гэтых людзей ёсць свая асноўная праца: Леў Глушыцкі займаецца перакладамі, Таша Мурзэнштольц, жонка нашага героя, — рэжысурай, Ксенія — рэдагаваннем. З гэтага шэрагу выбіваецца толькі Павел. 10 гадоў ён шчыраваў у навукова-даследчым інстытуце, але сышоў адтуль: зразумеў, што ягонае хобі з перакладам павольна становіцца галоўнай справай жыцця.
Як вызначаюць стваральнікі, галоўнае для іх — гэта развіццё беларускай мовы. Кіно яны ўсе лічаць паўнавартасным сродкам камунікацыі, так што чакана і працаваць разам пачалі ў гэтай галіне. Павел распавядае, што калі дарослыя гледачы падселі на іх кантэнт, пачалі прасіць студыю выдаць што-небудзь па-беларуску, але цяпер — для дзяцей. У Gavarun.by прыслухаліся і вырашылі перакласці мульцік «Хамф» з 48 серый на родную мову.
— Нам пісалі бацькі: хочуць, каб іх дзеці вучыліся, калі глядзяць відэа. Я сам бацька, то ведаю, што гэта такое, калі дзіця просіць чым-небудзь заняцца, а ты хочаш выцягнуць сабе некалькі вольных хвілін. Пры гэтым калі ты беларускамоўны і выхоўваеш дзіцё на роднай мове, а яно слухае тэлебачанне па-руску, то не разумее, чаму там кажуць адныя словы, а бацькі з ім размаўляюць па-іншаму. Беларускіх мульцікаў няма, то мы пачалі рабіць іх самі. І спачатку пераклалі штосьці для самых маленькіх. Цяпер жа ідзём на больш дарослы кантэнт — вось выдалі пілотную серыю «Хамфа» (яна прыведзена ўнізе. — Заў. Onliner).
«Хамф» — гэта брытанскі мульцік, які добра вядомы дзіцячай заходняй публіцы. Галоўны герой, як распавядае Павел, «мілае пухнатае малое, што жыве разам са сваімі мамай і татам, ён вельмі дапытлівы, пастаянна імкнецца даведацца нешта новае і даследаваць свет вакол сябе». Серыял не агучвалі нават па-руску, таму на нашай прасторы гэта навінка.
Павел кажа, што зрабіць беларускую агучку цяпер гэтак жа складана, як у 2008-м было цяжка перакласці штосьці па-руску.
— Тады агучкай займаліся толькі дзяржаўныя каналы. Потым з’явіліся прыватныя студыі — і цяпер зрабіць рускамоўны пераклад вельмі лёгка і танна. А што ў нас? За тры гады, якія я займаюся праектам, новай ініцыятывы так і не з’явілася. Гэта гаворыць пра тое, што наша справа цалкам непапулярная. Пляцовак для распаўсюду няма, да шырокага кола не дайсці. Да таго ж, калі б і хацеў зрабіць сапраўдную ліцэнзію на агучку, гэта было б дорага: трэба дамаўляцца з афіцыйнымі крыніцамі. Калі яны дазволяць, на пераклад пойдзе 80% выдаткаў. Мульцік «Хамф», які мы знайшлі, дазволена выкладаць у сеціва бясплатна. Было б глупствам не ўзяцца за яго. Тым больш што ў шматгалосай агучцы гэта будзе першы мульцік па-беларуску.
Калі Павел і яго каманда запэўніліся ў тым, што хочуць рабіць, то звязаліся з акторамі тэатра Алесем Малчанавым і Хрысцінай Дробыш і папрасілі дапамогі дзеля якаснай агучкі.
— Тыя пагадзіліся. І мы пабачылі: блін, а які класны прадукт выходзіць! — кажа мужчына.
— З беларускамоўнымі зразумела, а чым гэта дапаможа дзецям, што стасуюцца па-руску?
— Яны ж сустракаюцца з беларускай мовай у жыцці. Нас падтрымала адна рускамоўная дзяўчына, што працуе настаўніцай. Яна вырашыла правесці пазакласную гадзіну і паставіла дзеткам мульцік. І ведаеце, клас сядзеў і глядзеў яго. Дзеці, зразумела, у рускамоўным асяроддзі знаходзяцца пастаянна, але ж усё разумеюць, — распавядае Павел. — Цяпер нам пішуць і рускамоўныя бацькі, дзякуюць за праект. Адкрываю пошту, чытаю: «Па-першае, наша дзіцё ўжо вывучыла некалькі слоў па-беларуску, па-другое, у нас цяпер ёсць час прыгатаваць ежу».
Падтрымаць праект можна тут.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!