«У мяне з сабой дзве бутэлькі гарэлкі! Пажарная! Дапамажыце!» З'явіўся мабільны дадатак, які дапамагае турыстам перакласці англійскую мову на беларускую

 
5938
19 июня 2019 в 15:52
Автор: Александр Чернухо
Автор: Александр Чернухо

З'явіўся мабільны дадатак, які перекладае англійскую мову на беларускую. Гэта прафесійна агучаная версія беларускага размоўніка ў выглядзе мабільнага дадатку для Android і iOS. Таксама стваральнікі дадатку Say.by у супрацоўніцтве з арганізатарамі Еўрапейскіх гульняў пачынаюць распаўсюджваць адмысловыя буклеты з беларускімі выразамі.

— Акцэнт зроблены на найбольш ужывальныя выразы ў штодзённых размовах. Усяго ў мабільным дадатку налічваецца амаль 500 выразаў, агучаных як жаночым, так і мужчынскім галасамі з магчымасцю выбару. Для зручнасці і хуткага ўяўлення, як гучыць тое ці іншае слова, акрамя агучвання, была дададзена і англійская транслітарацыя, — распавядаюць стваральнікі перакладчыка. — У размоўніку ёсць як базавы набор слоў, так і тэматычны. Напрыклад, як пазнаёміцца з дзяўчынай ці хлопцам, зрабіць камплімент, прызнацца ў каханні. А таксама, што казаць у надзвычайных і праблемных сітуацыях.

«Адчапіся!», «Не чапай мяне!», «Як прайсці ў прыбіральню?», «Мне патрэбны адвакат», «Я не зрабіў нічога дрэннага». А ў тэме спорту можна знайсці выразы і да Еўрапейскіх гульняў. Не абышлося і без гумару, пры агучванні некаторыя фразы выпадкова складаліся ў смешныя дыялогі: «У мяне з сабой дзве бутэлькі гарэлкі! Пажарная! Дапамажыце!»

Над самім размоўнікам працавалі праграмісты, дызайнеры, ілюстратар — беларусы тутэйшыя і беларусы замежжа — што, у сваю чаргу, дало магчымасць праверыць чытэльнасць буклета і зручнасць выкарыстання мабільнага дадатку непасрэдна на іншаземцах.

Сачыў за правільнасцю беларускай мовы Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а працу па агучванні ўзялі на сябе адмыслоўцы з gavarun.by, якія займаюцца прафесійным агучваннем фільмаў на беларускую мову. Акрамя размоўнікаў, у мабільным дадатку можна знайсці месцы, у якіх як з турыстамі, так і з беларусамі могуць размаўляць па-беларуску. Гэта аўтэнтычныя беларускія рэстараны і кавярні, крамы сувеніраў і іншыя месцы.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!