Спецпроект

Падлетак пра тое, як распрацоўваць робатаў і змяняць навучанне, калі табе 16

8745
19 апреля 2019 в 9:30
Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максiм Малiноўскi
Спецпроект

Падлетак пра тое, як распрацоўваць робатаў і змяняць навучанне, калі табе 16

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максiм Малiноўскi
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Пакуль падлеткі абмяркоўваюць новы альбом Billie Eilish, 16-гадовы Цімафей Стамброўскі ўладкоўвае будучыню нашай робататэхнікі і спрабуе далучыць тэхналогіі да сістэмы адукацыі. Насустрач імкненням хлопца IT-краіна ідзе яшчэ не асабліва ахвотна, і ідэі застаюцца ў лакальным парку высокіх тэхналогій — школе. Цімафей распавядае, чаму гэта адбываецца і як трэба навучаць новае пакаленне. Спойлер — зусім па-новаму. А яшчэ мы гутарым з фіналістам сацыяльна-адукацыйнага праекта для старшакласнікаў velcom YOUTH пра тое, якую карысць насамрэч даюць тэхналогіі — карацей, амаль цалкам разбураем стэрэатыпы «Чорнага люстэрка».

Апішам будні Цімафея цытатай з сацсетак: «Жыццё — гэта барацьба». Добра, усё трошку інакш — проста пастаянна даводзіцца спаборнічаць на конкурсах. Увогуле, стартавы пакет у яго такі: дом, школа, факультатывы, зноўку дом. Дзе-нідзе ў гэтым графіку праскоквае адпачынак. А потым усё ідзе па той жа накатанай схеме.

— Я да вас са Слуцка на конкурс прыехаў, — распавядае хлопец. — Гэта будзе рэспубліканская выстава, яна тычыцца самых цікавых праектаў. Абмежаванняў па ўзросце тут няма, так што буду нароўні з дарослымі.

«Быць нароўні з дарослымі» — гэта ўжо ў школе паспяхова рабіць штосьці, у чым большасць пачынае разбірацца толькі ва ўніверсітэце. Ведаеце страшылкі кшталту «робаты заменяць людзей»? Цімафей — адзін з тых, хто набліжае да нас гэтую рэальнасць. Але ўсё гэта салодкія размовы пра далёкую будучыню, сёння ж ён распрацоўвае робатаў для побытавых рэчаў. Пакуль шчыруе ў гэтым для адукацыі. А пачалося ўсё калісьці са звычайнай падзеі ў жыцці школы:

— Да нас прыйшоў малады выкладчык.

І тут панеслася. З’явілася ідэя стварыць гурток па робататэхніцы, і ўсе адразу пацягнуліся ў яго. Амаль тое ж калісьці адбылося з гуртком па самым плённым у краіне прадмеце — праграмаванні. Цімафей хадзіў і сюды: магчымасць стаць гікам яшчэ ў школе ёсць не ў кожнага.

Калі даюць шанец, галоўнае — не тупіць.

Так што хлопец за яго ўхапіўся.

— Вось не кажы, што цябе гэта так моцна зацікавіла. Усе, каго я ведаю, ідуць у праграмісты дзеля грошай.

— А ў мяне сапраўды ўсё было інакш: я зацікавіўся, бо за праграмаваннем стаіць будучыня. А распрацоўка робата пачынаецца зусім з простага. Спачатку ты збіраеш яго па дэталях, потым ужо праграмуеш. Так атрымліваецца самая простая мадэль — яна едзе па адной лініі.

Цімафей кажа, напачатку праграмаваннем шмат хто цікавіцца: гэты занятак модны, відавочна паспяховы і дае спадзеў пабачыць у працоўнай кнізе запаветныя назвы. А калі людзі бачаць, што тут трэба сапраўды працаваць, зацікаўленасць знікае, пазней знікаюць і яны. Тое ж паўтарылася ў гісторыі з робатамі.

— Гэта трэба пераадольваць. Заняткі варта ўводзіць яшчэ ў пачатковых класах. Вось калі пачаць з 4—5-га, далей дзеці самі ўцягнуцца. Калісьці праводзілася даследаванне, маўляў, фізіка — вельмі важны прадмет, але зацікаўленасць людзей у ім вельмі маленькая. Трэба нешта зрабіць, каб у іх з’явілася матывацыя здабываць веды.

— А ім не складана будзе ў такім узросце паглыбляцца ў складаныя рэчы?

— Калі ўсё тлумачаць на простай мове, то не. З імі будзе ўжывацца зусім лёгкая сістэма: напачатку трэба будзе проста перацягваць блокі. З гэтага года мы пачалі такія эксперыменты праводзіць у малодшых класах і зразумелі, што нашы прылады могуць добра дапамагчы. Глядзіце: спачатку дзецям тлумачаць на прыкладзе, як усё працуе, потым яны самі робяць па дзве дэталі, а далей могуць запусціць і мадэль — так і пачынаюць шукаць кінетычную энергію. Вось так у маленькіх развіваецца і маторыка, і здольнасць да канструявання. Да таго ж яны сапраўды цікавяцца фізікай.

— У вас там нейкі прагрэсіўны падыход. Дык гэтыя мадэлі зручнейшыя для нагляднасці?

— Проста гэта добрыя рэчы для матывацыі дзяцей. Чым раней тыя пачынаюць свае распрацоўкі, тым раней прадставяць буйныя праекты. А я пачаў даволі позна — у дзявятым класе.

— Вось так ты працаваў і да чаго дапрацаваўся?

— Да некалькіх мадэляў робатаў і мабільнай прылады для іх.

— Патлумач для гуманітарыяў, як гэта ўсё працуе.

— Добра. Карацей, самая простая мадэль — робат, які проста едзе. На такім прыкладзе можна тлумачыць кінематыку, апісаць рух. Мабільная прылада падключаецца да гэтай мадэлі, выкладчык абірае клас і тэму ўрока. Тады ён можа прачытаць апісанне: што будзе рабіць робат пасля выбару пэўнай праграмы. Ёсць тры віды траекторыі. Звычайна абіраюць тую, дзе робат рухаецца хаатычна ці аб’язджае перашкоды. Гэта адзін варыянт. Ёсць другі — ладзіцца ўстаноўка, якая вызначае паскарэнне вольнага падзення. Шарык замацоўваецца зверху, а калі ён падае, выкладчык націскае на кошык унізе — і так замяраецца час. Хутка мы хочам дадаць функцыю, каб было відаць і адлегласць, якую ён прайшоў. Тады можна будзе вылічваць каэфіцыент паскарэння вольнага падзення.

— Гэта, зразумела, робіць засваенне інфармацыі прасцей, але калі я фізіку не люблю, у мяне да яе хоць з робатамі, хоць без пачуцці не з’явяцца: мне яна цяжка даецца.

— То вы, відаць, яшчэ з таго пакалення… Проста дзеці, якія нарадзіліся пасля 2005 года, ужо візуалы. І ўспрымаюць інфармацыю яны толькі наглядна. У іх ёсць інтэрнэт і тэлефон, яны жывуць з тэхналогіямі, і перабіць гэтую цікавасць складана. А трэба зрабіць так, каб інтарэс быў не да тэхнікі, а да фізікі.

— Ну вядома, што яны ўжо нараджаюцца з чорным люстэркам. Але вось ты ўяўляеш, што выкладчыкі ахвотна захочуць укараніць такую схему? Мой сталы настаўнік на гэта не згадзіўся б: па-старому — і пойдзе.

— Дык трэба разумець, што новае пакаленне давядзецца вучыць па-новаму, каб у іх веды адкладваліся лепш. Тады дзеці будуць зацікаўленыя іх атрымліваць.

— Тое, што прапаноўваеш, — новаўвядзенні. А як пахіснуць устойлівыя прынцыпы, яшчэ прыдумаць трэба. У цябе ёсць якія-небудзь прапановы, як гэта можна зрабіць?

— Мы пачалі робатаў выкарыстоўваць — бачым, што наша ідэя працуе. Гэта ж проста: даем у рукі выкладчыкаў інструмент, з дапамогай якога шмат што можна палепшыць. Прынамсі, статыстыка наведвальнасці ў нас змянілася: людзі пачалі хадзіць нашмат больш. Значыць, плён ёсць.

— Ты ўжо камусьці сваю распрацоўку прапаноўваў?

— Ну каб прыйсці ў чужую школу і так з ходу сказаць: «Бярыце!» — то не. Але я спадзяюся, што калі іншыя ўбачаць, што яна сапраўды працуе, самі зацікавяцца і пачнуць супрацоўнічаць са мной. Зрэшты, гэта ўсё ж тычыцца не толькі фізікі — можна змяніць праграмнае забеспячэнне і практыкаваць робатаў у іншых прадметах. А з фізікай даўно ўсё проста — гатовыя тэмы ўжо ёсць.

— Думаю, табе доўга давядзецца чакаць, пакуль хто-небудзь сам вырашыць удасканальваць урокі.

— Вось я сустракаўся з дырэктарам ГІАЦ (гэта інфармацыйна-аналітычная сістэма), з ім мы камунікавалі. Летам вырашыцца, ці будзем супрацоўнічаць. Пакуль ёсць толькі гэта. У мяне яшчэ ўзнікла ідэя для аднаго праекта, але ўсё гэта потым.

— Не распавядзеш, што за ён?

— Дык распавяду, а скрадуць. Адно скажу, што ён адукацыі тычыцца не будзе.

Мы прапаноўваем Цімафею распавесці, як бы ён палепшыў адукацыю — думкі ж дакладна ёсць. Адмаўляецца. Пасля некаторых уціскаў усё ж прызнаецца:

— Калі глядзець на заводы, там ужо ёсць робаты, тэлефоны ў кожнага сэнсарныя. Жыццё існуе па адных правілах, а школы рыхтуюць да іншых. Дзеці ж змяняюцца, і падыходы таксама трэба пад іх падстройваць. Адукацыя павінна не ісці ў нагу з часам, а пераганяць яго. 

— А якой яна павінна быць, каб назваць яе сучаснай?

— Вось такой і быць. Каб было відаць, што дзецям цікава, а для гэтага трэба выкарыстоўваць больш тэхналогій.

— Цяпер бацькі пачынаюць абмяжоўваць сваіх дзяцей у тэхніцы. Маўляў, яны ўсё роўна да яе прыйдуць, хай хоць пазней. Што ім адкажаш?

— Ёсць дрэнныя, а ёсць добрыя тэхналогіі. Калі мы вядзем гутарку пра гульні, на якія падсаджваюцца дзеці, ці нешта такое, што адбірае час, гэта адна справа. А калі гэта карысныя рэчы, што адукоўваюць, то чаму не?

Напрыканцы размовы Цімафей распавядае: ад праграмавання ён сваё жыццё аддзяляць не будзе — ідзе ў сферу тэхналогій. Куды дакладна — маўчыць, а то, відаць, не спраўдзіцца.

— Мне цікавая гэтая тэма. І за мяжу я з’ехаць не хачу – у нас выдатная краіна з магчымасцямі.

— О, давай тады пра блізкае табе. А ці не здаецца, што IT-краіна павінна неяк хутчэй сваю характарыстыку апраўдваць?

— Такое ёсць. Напрыклад, возьмем той жа Amazon. Там усе пакупкі робяцца інакш: у іх няма кас. Ты проста набіраеш у кошык, што табе трэба, — і расплачваешся праз тэлефон. І нам трэба хутчэй да гэтага далучацца. Але, думаю, у нас яшчэ ёсць час, галоўнае — проста шмат працаваць.


velcom YOUTH — конкурс праектаў для старшакласнікаў, якія хочуць змяніць свет да лепшага. Сацыяльна-адукацыйны праект рэалізуецца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. 10 пераможцаў конкурсу выступяць на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 18 мая 2019 г. у Prime-Hall і атрымаюць iPhone Xs, а трое лепшых паедуць на TEDx у Аўстрыю. Адметная рыса праекта velcom YOUTH — уся камунікацыя вядзецца на беларускай мове.

Спецпраект падрыхтаваны пры падтрымцы Унітарнага прадпрыемства «Вэлком», УНП 101528843.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by