Герой баявіка, мясцовы Дон Жуан і хатні Зайка. Гісторыі жыхароў прытулку «Суперкот», якім патрэбна ваша любоў

5877
01 декабря 2018 в 10:00
Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максим Малиновский

Герой баявіка, мясцовы Дон Жуан і хатні Зайка. Гісторыі жыхароў прытулку «Суперкот», якім патрэбна ваша любоў

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максим Малиновский
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Пакой памерам 4×5 метраў. Гэтае сціплае памяшканне — дом для 36 пухнатых жыхароў. За суседнімі сценамі іх прыкладна столькі ж. Агулам — 150. Большасць катоў трапляе сюды з гарадскога адлову і вуліцы, дзе яны робяцца ахвярамі ці абставін, ці чалавека. Валанцёры знаходзяць гадаванцаў хворымі і схуднелымі, часцей за ўсё — на мяжы жыцця і смерці. На дзіва, свабода цягне жывёл назад. Таму пры нас адбываецца кашэчы «пабег з Шаушэнка», але вырвацца праз прываблівыя дзверы атрымліваецца толькі ў калідор. Кіраўніца прытулку звыклася з такімі «даганялкамі» — умомант ловіць шуструю араву. І камунікуе з намі.

— Тут у іх ёсць надзея хоць на якое жыццё. Калі знаходзім катоў, у некаторых бачны толькі косці, — кажа Кацярына і падхоплівае прыткую котку Вішаньку. Тая доўгажыхар. Ужо ніхто не памятае, калі гэтая аматарка пасядзець на чалавечых руках апынулася ў прытулку. Адно ўзгадваюць: мурчыць яна, як і тады, на ўвесь пакой.

Каты вяртлява абцякаюць ногі, пнуцца на рукі, тычуцца насамі ў твар — кожны спрабуе перацягнуць увагу на сябе. Наш фатограф заўважае, што тое ж самае адбываецца ў дзіцячых прытулках — любові хочацца ўсім. Гадаванцы б’юцца за месца на цёплым падваконні і пільна выглядваюць кожнага магчымага «бацьку»: ці не гэты забярэ іх сёння дадому?
Кацярына паказвае кацянят, у якіх такой надзеі амаль няма. Амаль, бо двойчы здаралася нечаканае: гаспадароў знаходзілі. Можа, сёння ў нас гэта таксама атрымаецца.

Жамчужынка

«Спінальнік» — гэта адначасова дыягназ і прысуд. У такіх жывёл пашкоджаны пазваночнік. Гэта значыць, пасля траўмы іх жыццё змяняецца цалкам. Усё як у чалавека. Кацярына кажа, розніца толькі ў тым, што людзі перасоўваюцца на вазках, а каты — на пярэдніх лапках.

Белая котка ляжыць на падлозе. Ловіць новыя пахі, уздымае галаву і намагаецца дацягнуцца да чалавека. Некалькі месяцаў таму яна ўпала з дзясятага паверха. Яе гаспадыня зразумела: хадзіць котка ўжо не будзе. Аддала сюды.

Хто пагодзіцца даглядаць такіх катоў — адкрытае пытанне. Пакінуць іх на некалькі дзён не атрымаецца: без чалавека не змогуць схадзіць у туалет. Хаця гэта не так складана, як лічыць большасць. Проста адказнасць вялікая — тлумачаць нам і падымаюць Жамчужынку. Тая дрыжыць, але пад агульнай увагай маўчыць. Маўляў, не шкадуйце мяне — мы яшчэ паваюем. Толькі калі застаемся з ёю сам-насам, падае голас і кранае лапкай: «А вы раптам не па мяне?»

Зайка

— Гэтая котка цяжарная? — пытаем, калі бачым тлусценькую белую жывёлу.

— Гэта ён. Зайка проста любіць паесці, — адказваюць нам.

У Зайкі чэрапна-мазгавая траўма. Таму ў яго трасецца галава. Гэта амаль незаўважна, калі ён есць, і відавочна, калі злуецца. Жанчыны, якія падкармлівалі бяздомнага ката на вуліцы, «палявалі» на яго некалькі месяцаў. Прывезлі ў прытулак. Цяпер Зайку апісваюць як «класнага хатняга ката». А яшчэ ён вельмі любіць валяцца ў нагах і з задавальненнем грызе шнуркі на чаравіках.

Тое ж самае назіраецца і ў Лялечкі — яна вельмі нервуецца. Калісьці людзі вырашылі, што ў яе пачалося шаленства, і аддалі на дзесяць дзён у каранцін. Такі стрэс котка перанесла блага — падпрыгвала бесперапынна. Гаспадары не захацелі трымаць жывёлу, якая нервуецца штораз, як да яе дакранаешся. І адмовіліся.

Сайман

Гэты баец мог быць удзельнікам сапраўднай гераічнай франшызы. На фоне іншых яго імя таксама вылучаецца. Зрэшты, проста біяграфіі адпавядае. У Саймана стралялі з пнеўматычнай зброі. Адна куля трапіла ў косны мозг. Таму цяпер ён ціхоня з вабным блакітным позіркам.

А сапраўдным героем раманаў стаў бы Рыжык. Няўрымслівы пацан, якому ўсё роўна, што адбылося, — жыццё ж працягваецца. Таму ён заляцаецца да кожнай коткі. У спінальнікаў такія інтарэсы звычайна не назіраюцца. І цяпер Кацярына не ведае, радавацца ёй ці не. На ўсялякі выпадак адцягвае мясцовага Дон Жуана падалей і каментуе:

— У Рыжыка вырабілася спінальная паходка. Ён апіраецца не на падушачкі, а цалкам на лапку. Вагаецца, але ж ідзе.

Совушка

Пра яе кажуць, што яна класная котка. Яшчэ маладая, надзвычай прыгожая і ўдзячная. Зрэшты, такім тут можна назваць любога жыхара.

Напрыклад, Мальвіну — цяпер ёй толькі чатыры месяцы. Ад іншых котку адрознівае не толькі ўзрост, але і тэрмін прыбыцця. Яна з’явілася ў прыюце зусім нядаўна і баіцца ўсяго вакол. Спрабуем выцягнуць яе з клеткі, а яна шчэміцца ў кут і глядзіць на чалавека, як на пачвару. Што з ёй адбылося, невядома. Думаць пра гэта таксама не хочацца.

Сільвестр

Нам абяцалі паказаць брытанца з мармуровай афарбоўкай. Апынулася, гэта няпроста: выцягнуць з кошыка хлопца амаль немагчыма. Але можна абмежавацца замілаваннем ад доўгіх вусоў. Гэтага прыгажуна гаспадары здалі на эўтаназію. Прычына — раскаардынацыя рухаў. Цяпер ён тут і, па словах Кацярыны, нядрэнна балдзее.

Марцін і Жанік

Парачка, якая абураецца, калі мы парушаем іх дзённы сон. Марцін, маленькі кацяра знізу, сам стараецца стаць на лапкі. Усе спадзяюцца, што хутка ў яго выпрацуецца спінальная хадзьба. Апрытомнее — і будзе амаль што здаровым.

Асоль

Яна была адной з котак, якую забралі ад «клапатлівай» бабулі. Тая з лепшых намераў збірала катоў. Але амаль зусім іх не даглядала. Асоль — таксама баец. Змагалася за магчымасць хадзіць. І ў яе атрымалася.

Котку кладуць на падваконне побач з іншымі гадаванцамі, што бесперапынна кімараць. Тыя, вядома, прачынаюцца і пачынаюць высвятляць адносіны — хто чыё месца заняў.

У Сюзанны была сур’ёзная рана на жываце. Цяпер жа яна цалкам здаровая і шукае сабе дом. У коткі гетэрахрамія. Кашатнікі гэтую адметнасць чамусьці вельмі шануюць і здатны аддаваць за яе вялікія грошы.

— А мы бясплатна дорым — не бяруць, — паведамляюць нам.

Руну ў прытулак здалі людзі. Яна не бачыць, арыентуецца ў прасторы інстынктыўна. Невядома, ці здольная котка яшчэ адрозніваць цені, але Кацярыну сярод іншых вылучае адразу. На чужыя рукі пакуль ідзе з асцярогай.

У кожнага ката ў прытулку свая трагі-гераічная гісторыя.

— Бывае, знаходзіш каго-небудзь, думаеш: як вось гэта, што засталося ад жывёлы, яшчэ дыхае? Ужо амаль нежывое, а працягвае змагацца. Ясна, што чапляе, проста так не пройдзеш, — распавядае Кацярына і пацвярджае прыкладамі ўласныя словы.

Напрыклад, Рыж, у якога па невядомых прычынах вырваны хвост, жыў у Ратамцы. Магчыма, з ім так пастараўся сабака. Проста застаецца спадзявацца, што чалавек на такую жорсткасць няздольны.

Цёмыча забралі з расплюшчанай лапкай, цяпер яна плоская. Але хутка бегаць гэта яму не перашкаджае — ён разносіць усё, што трапляе на шляху.

У Роберта на месцы хваста былі толькі напаміны пра яго. Тады відовішча было страшным, і хвост прыйшлося ампутаваць. А цяпер Роберт выглядае цалкам дагледжаным і здаровым.

Знаёмяць нас і са спакойным Кірушкам, які застаўся з трыма лапамі: жыў каля завода і «некуды ўлез». Ён пакуль не разумее, чаму знаходзіцца тут, але хутка павінен пайсці на папраўку.

Кацярына кажа, з вуліцы гадаванцаў забіраюць толькі ў паўжывым стане. Калі жывёлу не аднесці ў прытулак, яе лёс вырашаны — усыпленне. За хворымі пацыентамі патрабуецца догляд 24/7. Менавіта таму валанцёры прыходзяць сюды пастаянна. У кожнага з іх праца і сям’я. Але і прайсці міма кашэчай бяды не атрымліваецца. Гэтае месца даўно замацавалася ў іх графіку нерухомым цвіком.

Адна праблема — «рук тут заўсёды не хапае». Валанцёраў каля 20, але гэта не значыць, што яны здольны прыехаць у любую хвіліну. Тым больш, калі надыходзіць сезон адпачынку альбо сесія. Працуюць тут усе аднолькава, хоць фармальна Кацярына і лічыцца галоўнай. Проста гэта не тое месца, дзе размяркоўваюць пасады.

Нам паказваюць і пакінутых кацянят. Здаецца, гэта мяцісы скоціш-фолдаў. Малыя спачатку хаваюцца ў сваім доміку, а потым утрапёна лезуць да чалавека. Мяркуюць, што людзі прыйшлі іх карміць, і шукаюць звыклы шпрыц — занадта малыя, каб есці самастойна і не пэцкацца ў ежы.

— У апошнія гады мінчукі прыносяць хворых катоў менавіта гэтай пароды. Здараецца, несумленныя заводчыкі аддаюць малых за вялікія грошы. Бацькі нясуць кацянё свайму дзіцяці. Потым разумеюць, што нешта не так, і прыносяць сюды. Абяцаюць, вядома, пасля забраць ці хаця б дапамагаць. Але ж абяцанні выконваюцца толькі на словах, — распавядае Кацярына і супакойвае галасістых «немаўлят».

У большасці людзі дапамагаюць грашыма. Заходзяць у Instagram прытулка і адразу разумеюць, каму тэрмінова патрэбна дапамога. Ахвяраваныя сумы ідуць на ветэрынарыю і стэрылізацыю. У мінулым годзе толькі гэта забрала тры тысячы рублёў — вялікія сродкі, якія не заўсёды набіраюцца. Асабліва цяпер, калі пад святы ў людзей грошай няма.

— Наймаць асобнага ветэрынара нам нявыгадна. Усе ўрачы спецыялізуюцца на сваім накірунку. У катоў розныя хваробы, універсальнага доктара няма. Усё тое ж самае, што і ў людзей, толькі лячыць жывёл нашмат даражэй за чалавека, — дадае Кацярына.

Калі сыходзім з прытулку, адна з валанцёраў прыхоплівае з сабой пераноску для катоў: толькі што патэлефанавалі — трэба ехаць забіраць новага бедалагу. Свайго будучага суседа каты застаюцца чакаць у маленькіх пакоях. Хтосьці паводзіць сябе як сапраўдны вусаты: спіць, не звяртаючы ні на што ўвагі. Большасць жа сядзіць каля вакна і чакае вясны. З яе надыходам тут стане сапраўды добра: адчыняць вокны, падзьме паветра… Тады аж да надыходу цемры можна ўглядацца ўдалячынь — напэўна, гэтыя людзі на вуліцы якраз ідуць па цябе.

Пра тое, як дапамагчы прытулку «Суперкот», чытайце тут.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!