«Абсалютна нармальна, калі з раніцы расплюшчваеш вочы і бачыш за шклом кенгуру». Дзіяна пра вучобу ў Аўстраліі і небеларускія кошты

15 407
19 октября 2018 в 8:00
Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максім Маліноўскі; з асабістага архіва

«Абсалютна нармальна, калі з раніцы расплюшчваеш вочы і бачыш за шклом кенгуру». Дзіяна пра вучобу ў Аўстраліі і небеларускія кошты

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максім Маліноўскі; з асабістага архіва

Яшчэ ў ліпені дзяўчына грэлася на аўстралійскім сонцы. А цяпер яна размаўляе з намі ў Мінску і хутаецца ў паліто: беларускі клімат не такі прыемны, затое родны. Паўгода таму Дзіяна зразумела: у жыцці трэба нешта мяняць. Пачаць вырашыла з месца. Аўстралію выбрала невыпадкова: гэтую краіну студэнтка любіла даўно. Цяпер лічыць яе другім домам. Праўда, не настолькі, каб застацца там назаўжды. «Тут мая зона камфорту — побач родныя і сябры», — кажа Дзіяна пра Беларусь і працягвае гартаць фотаздымкі з іншага кантынента. Распавядае пра Мельбурн і мясцовыя кошты. А мы пачынаем разумець: выдатна правесці час там можна і з беларускай зарплатай. Іншая справа, што хопіць яе ненадоўга.

Для Дзіяны падарожжа ў Аўстралію стала сапраўды доўгачаканым. Ляцець давялося без малога 20 гадзін. У самалёт дзяўчына ўваходзіла ў цёплым паліто, а прызямлялася пры тэмпературы +36. Некалькі гадзін чакала трансфер у цёплай вопратцы — пераблытала час прыбыцця. Але не засмуцілася — цяпер яна там, дзе даўно марыла быць.

— Любоў да Аўстраліі я адчула яшчэ ў 16 год. У бацькі там сябры, і калісьці я правяла ў іх увесь чэрвень. Калі вярталася, была ўпэўнена: сюды яшчэ прылячу, — пачынае распавядаць Дзіяна, пакуль мы замаўляем каву. — Потым я паступіла на інфакам (спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыі». — Заўв. Onliner.by) у БДУ. Тады мне падкінулі ідэю, што ў Аўстраліі можна павучыцца. І для гэтага толькі трэба здаць IELTS. Гэта я зрабіла, абрала ўніверсітэт і паступіла. І вось я ўжо там.

Ланцужок «здала — паступіла» знітоўваўся і другаснымі звеннямі. Каб аформіць камандзіроўку, трэба было добра пабегаць па інстанцыях. «Калі ўсе ў адпачынку, гэта жэсць», — успамінае Дзіяна. Але запэўнівае: набярэшся цярпення — усё атрымаецца. Гэта яна зразумела, калі з Аўстраліі нарэшце прыйшоў станоўчы адказ. З гэтага моманту жыццё дзяўчыны змянілася. Прынамсі, так мяркуе Дзіяна.

Пра нематываваных студэнтаў і кошт вольнага наведвання

— Я абрала факультэт бізнесу і тыя прадметы, што вывучала ў БДУ. Гэта было хаця б неяк падобна да маёй спецыяльнасці. Ва ўніверсітэце ты павінен наведваць тры абавязковыя дысцыпліны. Можна ўзяць і чацвёртую, і гэта будзе максімум. Спачатку варта пахадзіць два тыдні і вырашыць, падабаецца табе прадмет ці не, бо яго яшчэ можна памяняць. Я так і зрабіла з адным, на якім мне было нецікава. Універсітэт мяркуе, што студэнты маюць на гэта права, бо плацяць за сваю адукацыю, — дадае Дзіяна.

Мы пытаем, ці існуе ў Аўстраліі праблема з нецікавымі парамі і прагуламі.

— Ну вядома! — смяецца дзяўчына і эмацыйна пачынае нам гэта даказваць: — Я таксама ехала з меркаваннем, што ўсе выкладчыкі там класныя. Ёсць такія, а ёсць і іншыя. Як і студэнты. Шмат тых, хто прагульвае і ўсё вучыць у апошні момант.

Тут мы, жартуючы, знаходзім беларуска-аўстралійскае падабенства. Дзіяна згаджаецца: многія нашы студэнты гэтаксама ставяцца да вучобы. Але ў аўстралійцаў ёсць апраўданне: наганяй ім даваць не трэба. Яны выдатна ведаюць, што калі не будуць мець уласную матывацыю, ім ніхто не дапаможа. Таму шчыруюць менавіта ў самаразвіцці.

— Там выкладчыкі проста даюць інфармацыю, як кавалак мяса: «Трымай і рабі з ім што хочаш». А ў нас табе ўсё перажоўваюць і кажуць: «Бяры, толькі праглыні гэтыя веды». Большасць з тых, хто стоадсоткава аддаецца вучобе, — гэта прыезджыя. Яны гэтага прагнулі. Тым больш што не вучыцца, калі ты плаціш, — глупства. А тыповы аўстраліец мае крэда «жыць трэба хораша». Іх любімая фраза — «я стаміўся», — пасміхаецца Дзіяна.

І мы разумеем: расслабленасць — вызначальная рыса аўстралійцаў.

Дзяўчына заўважае: такое ж стаўленне пануе і ў вучэбным працэсе. Графік заняткаў фарміруе сам студэнт. Выбірай час і хадзі калі хочаш. Галоўнае — прыходзь.

— Дарэчы, пары можна зусім не наведваць. Галоўнае — напісаць тры абавязковыя працы. Там, як і ў нас, усё залежыць ад выкладчыка. Калі ён зацікавіў, ты з’явішся на занятках. Не — ну, даруй, — разводзіць рукамі Дзіяна.

— Вучоба ў Аўстраліі сапраўды дарагая. За тры прадметы студэнты вымушаны плаціць дзевяць тысяч долараў. Замежнікам даводзіцца аддаваць больш — з візай і страхоўкай выходзіць каля дзесяці толькі за вучобу.

— А за інтэрнат?

— Універсітэцкі кампус — гэта дадатковая раскоша, там умовы вельмі крутыя. Ён нявыгадны. Усе здымаюць пакоі ў горадзе — так танней. Мне пашчасціла: я жыла з сябрамі майго бацькі, таму жыллёвых выдаткаў у мяне не было. Але ведаю, што ў сярэднім за інтэрнат выходзіць 800 долараў на месяц. Чаму вы так глядзіце? Там увогуле жыць вельмі дорага. Кубак кавы каштуе чатыры долары. А звычайнае малако — пяць. Хаця і заробкі там іншыя, вядома. Большыя за нашы ўдвая, — распавядае дзяўчына і пераходзіць да асаблівасцей краіны. З імі, прызнаецца, у першыя тыдні ёй прыйшлося складана.

Так мы дазнаемся, што Аўстралія — краіна шматкультурная. Агульная англійская мова ў ёй шматгранная, багатая на акцэнты. Каб адаптавацца, Дзіяне спатрэбіўся пэўны час.

— Калі злева ад цябе бельгіец, справа — англічанін, а ты ўвогуле размаўляеш з відавочным рускім акцэнтам... ну, гэта весела. Спачатку я баялася нешта перапытваць, а потым дайшло: не зробіш гэтага — не паразумеешся, — кажа дзяўчына.

У Аўстраліі графік жыцця цалкам змяняецца. Дзіяне давялося пачынаць дзень разам з мясцовымі — амаль з ночы быць на нагах. Яна тлумачыць, што ў горадзе «настолькі спякотна, што функцыянаваць можна толькі з пятай да дзясятай гадзіны раніцы». Пытаем, што можна рабіць увесь гэты час да заняткаў. Адказвае: «Залівацца кавай, як гэта робяць аўстралійцы».

Дзіяна хутка і заўзята вядзе свой расповед. Раптам змаўкае і сціпла пасміхаецца. Бярэ тэлефон, пачынае нешта шукаць. Праз хвіліну паказвае нам фотаздымак італьянца. Тлумачыць: гэта бармен з універсітэцкай кавярні. З ім і яго капучына неадрыўна звязаныя амаль усе будні дзяўчыны. На яго прыкладзе Дзіяна спрабуе патлумачыць тыповае жыццё мігранта ў Аўстраліі. Мы пачынаем слухаць і разумеем — наступная гісторыя абавязкова павінна набыць імя.

Пра Дантэ і здольнасць аўстралійцаў зарабляць нічым

— Корпус, у якім я вучылася, — гэта вельмі мадэрновы будынак. Хол і бібліятэка абсталяваны новай тэхнікай. Пакуль я чакала пары, заўсёды піла там каву, — пачынае распавядаць Дзіяна. — Яе рабіў бармен з імем Дантэ. Ён скончыў у Мілане кар’еру стрыптызёра і пераехаў у Аўстралію. Яму 30, ён кайфуе ад сваёй працы — і студэнты гэта адчуваюць. Калі ад чалавека ідзе моцная энергетыка, не падысці да яго немагчыма. Я як апыналася побач — цалкам забывала англійскую мову.

Дзіяна кажа, што Дантэ — гэта намінальнае імя для апісання любога аўстралійца і яго ладу жыцця. У гэтай краіне ўвогуле мала карэнных жыхароў, большасць замежнікаў прыязджае сюды будаваць бізнес з нуля. Грошы тут можна зарабіць нават на аўсянцы: прыгатуеш яе з раніцы багатай жанчыне — атрымаеш свой ганарар.

— Адна дзяўчына на гэтым сур’ёзна зарабляла, — адказвае Дзіяна, калі мы перапытваем, ці гэта праўда. — Няважна, кім ты працуеш. Любы занятак заслугоўвае павагі. Там за шчасце прыносіць камусьці карысць. Усе разумеюць, што ты выкладваешся не менш за іншых. Таму ўбачыць уладальніка банка за размовай з барменам — гэта нармальна.

Аўстралія даўно адчыніла дзверы для «прытоку мазгоў». Для прыезджых робіцца нашмат больш, чым для сваіх грамадзян. Пытаем у Дзіяны, як ставяцца да гэтага карэнныя аўстралійцы.

— А чаму ім павінна быць дрэнна? Яны рады, што могуць сустрэць прадстаўнікоў новых культур. Тым больш што на іх тэрыторыі ўсе ўжываюцца абсалютна мірна, — тлумачыць нам дзяўчына. — Ёсць асабліва запатрабаваныя спецыяльнасці, і нашы людзі пагаджаюцца на такую працу — попыт велічэзны.

Тут мы просім Дзіяну пералічыць гэтыя спецыяльнасці. Атрымліваем не вельмі спакушальны, затое дакладны адказ: спецабслугоўванне і клінінг. Мігранты дапамагаюць старым і хворым людзям. Абсалютна нармальна, калі ты ўвесь дзень зарабляеш тым, што нешта мыеш. Шмат хто працуе на фрылансе.

— А па ўніверсітэцкай спецыяльнасці працу знайсці магчыма?

Дзіяна недвухсэнсоўна ўздыхае, што мы расчытваем як «ну паспрабуйце».

— Для гэтага трэба быць вышэйшым на дзве галавы за мясцовых. Усім патрабуецца грамадзянства. Сённяшні наплыў мігрантаў краіна не вытрымлівае. Яна пачынае закрываць межы і палюе толькі на сапраўдныя «мазгі», — дзяўчына спыняецца на хвіліну, потым дадае: — Але думаю, усё магчыма. Захочаш працаваць па спецыяльнасці — будзе і гэта.

Дзіяна ўпэўнена: выжыць у Аўстраліі можна. Але ўціскаць уласныя запыты прыйдзецца яшчэ да ад’езду.

— Спакусаў там хапала. Фінансаў — спрэчна, — кажа яна.

Хацелася купляць не толькі макарону, але і квіткі ў іншыя часткі кантынента. У выніку хапала толькі на квіткі на транспарт. Яго там тры віды — метро, аўтобус і трамвай.

— Адна паездка каштуе 2,5 долары. Увогуле, можна ўкласціся ў 300 долараў на месяц за ежу і транспарт. Гэта «беларускі эканом-варыянт». А калі трацішся на музеі і паездкі, аддасі ўсе 600. Добра, што для студэнтаў існуе магчымасць падпрацоўкі. Гэта не значыць, што ў цябе будзе на гэта час. Я, напрыклад, штодзённа праводзіла ў бібліятэках мінімум сем гадзін. Але можна паспрабаваць спалучаць і тое, і іншае. Тады за гадзіну будзеш атрымліваць мінімум 18 долараў. Зноў-такі калі пашанцуе ўладкавацца афіцыйна, — гаворыць Дзіяна.

Пра кенгуру і адсутнасць агульнага духу

— Я зразумела шчаслівае аўстралійскае жыццё. Аўстралійцу не абавязкова адразу пасля школы вучыцца далей, ён можа ўзяць водпуск і адпачыць. Але і тады добра, калі чалавек дзесьці заняты і зарабляе грошы. Проста там не існуе зацыкленасці ні на статусе, ні на сабе, ні на вопратцы, — працягвае дзяўчына і ловіць наш позірк, скіраваны на яе адзенне. Тады падхопліваецца і каментуе: — Вось гэтыя штаны, кашулю і паліто я брала з сабой. І мне цалкам хапіла дзесяці рэчаў.

У грамадскіх месцах Дзіяна харчавалася часта — брала прыклад з аўстралійцаў. Ежу яна апісвае так — «шмат перакусонаў, тайскіх нішцякоў і бургераў».

— Яшчэ бачыла мармуровую ялавічыну. Але гэта было не па частцы дзяўчыны — так шыкоўна ядуць толькі некаторыя. Можна яшчэ пакаштаваць кенгуру, — спакойна кажа дзяўчына. — Іх на кантыненце больш, чым людзей! Але я не змагла з гэтым змірыцца — не ела. Калі жывеш за горадам, то ў тваім доме дакладна будуць вялікія вокны. Абсалютна нармальна, калі з раніцы расплюшчваеш вочы і бачыш за шклом кенгуру. Толькі з імі лепш не кантактаваць — могуць і пабіць.

— Такое здаралася?

— Здаралася з чырвонымі кенгуру — яны небяспечныя.

Дзіяна рэагуе на нашы круглыя вочы і хутка ўдакладняе:

— Не са мной, вядома! Але ведаю, што такое ёсць, — кажа яна і быццам засмучаецца, што ў яе біяграфіі няма такога адметнага факта.

Пасля пачынае расказваць, чаму ў месцы суіснавання ўсіх культур яна не стала сваёй:

— Нашы людзі абсалютна закрытыя. А ў іх на пытанне, як справы, ты павінен не толькі адказаць, але і спытаць, як маецца чалавек. Я адчувала, што там няма людзей маёй ментальнасці. Калі ты ўклінішся ў атмасферу, тады зможаш знайсці нешта, што закране. Але прынамсі я адчувала нястачу агульнага духу.

— А ў нас інакш?

— Нешта агульнае ўсё ж ёсць, — пасміхаецца Дзіяна. Што аб’ядноўвае беларусаў, яна не ўдакладняе.

— Пераехаць назаўсёды не думала?

— У мяне ёсць пара варыянтаў: або ніколі туды не вярнуся, або прыеду, каб нарэшце павандраваць, — працягвае дзяўчына. — Разумееце, гэта супер, калі нехта з’язджае, знаходзіць сабе месца ў Google. Але нашмат лепш, калі студэнты вяртаюцца дадому з багажом новага досведу. Тады яны могуць тут нешта распавесці і змяніць. Змяніць — гэта, напрыклад, даказаць іншым, што ўсё магчыма.

— Не занадта рамантызавана?

— Абсалютна не. Рабі, што лічыш патрэбным, — і цябе пачуюць. Проста трэба падымаць сябе з канапы і спрабаваць рабіць тое, што здаецца немагчымым. Нават калі для гэтага прыходзіцца аддаваць шмат грошай. Калі стаіць выбар паміж дарагой машынай ці міжнародным досведам, трэба абіраць апошняе. Гэта ж укладанне ў будучыню. Тым больш што спакушацца іспытамі вельмі здорава — жыццё на адлегласці вельмі выхоўвае.

Нагадваем Дзіяне, што ў пачатку размовы яна казала пра жыццё, якое цалкам змянілася. Што ж стала іншым?

— Першае — мае дні набылі нейкі графік. Другое — я сабе сказала: перастань заганяцца і нарэшце расслабся. Трэцяе — кайфуй ад свайго жыцця і людзей.

— І як табе ў Беларусі кайфуецца?

— Проста выдатна. Я на сваім шляху. І магу рабіць што хачу. Няважна, дзе я знаходжуся. Галоўнае — супакоіцца, слухаць сябе і рабіць так, як лічыш патрэбным.

І мы шчыра абяцаем паспрабаваць.


Чытайце таксама:

Наши студенты за границей. Здесь был Ху Цзиньтао и Юлия из БГУИРа — как учатся в Цинхуа

«Смотрят на нас, трезвых, и спрашивают: Беларусь на самом деле самая пьющая страна в мире?» Катя об учебе в Греции

Электронныя кнігі ў каталозе Onliner.by

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by