«Якая можа быць рэакцыя, калі плаціш за тое, што ў цябе няма часу хадзіць на пары?» Студэнты ВНУ пра грошы, працу і ўніверсітэт

39 986
05 августа 2018 в 8:00
Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максім Маліноўскі, Аляксей Мацюшкоў, Сяргей Гардзейчык

«Якая можа быць рэакцыя, калі плаціш за тое, што ў цябе няма часу хадзіць на пары?» Студэнты ВНУ пра грошы, працу і ўніверсітэт

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Максім Маліноўскі, Аляксей Мацюшкоў, Сяргей Гардзейчык

22 ліпеня БДУ рэкордна ўзняў кошт навучання. Гэтая інфармацыя тычыцца не толькі першакурснікаў — вывучаць дысцыпліны па новых расцэнках прыйдзецца ўсім студэнтам. Следам за галоўнай ВНУ краіны кошты змянілі таксама іншыя ўстановы. Студэнты БДУ, БДЭУ і БДУІРа, якія працуюць, каб аплочваць навучанне, распавялі Onliner.by, як гэтая сітуацыя паўплывае на іх жыццё. А яшчэ падумалі, што магчыма змяніць, каб ім «можна было нармальна існаваць» і не эканоміць на ежы.

Дзіяна Бабіч, студэнтка БДЭУ

Дзіяна засталася ў Мінску на летніх канікулах, каб зарабіць грошы на наступны год навучання. «Выбачайце, што так позна, я толькі скончыла», — кажа яна а дзявятай гадзіне вечара, калі мы сустракаемся на станцыі метро «Магілёўская». Тут студэнтка здымае пакой за 200 рублёў, а працуе ў Шабанах. Кватэра на ўскраіне значна таннейшая, і гэта ў выпадку Дзіяны найлепшы варыянт, бо летам інтэрнат студэнтам не даюць. Выключэнне — калі ты працуеш пры ўніверсітэце ці ў будатрадзе. Але эканамiчнага сэнсу быць там няма: не заробіш нават на семестр. Застаецца заўсёды адчынены для студэнтаў фастфуд, куды і ўладкавалася Дзіяна. Гэта зараз яна можа стаяць на касе ўсе восем гадзін, а падчас вучобы такі графік немагчымы.

— З наступнага курса ў мяне будзе першая змена, будзе лягчэй. А зараз ужо хочацца адпачыць ад гэтага ўсяго і з’ездзіць нарэшце дадому, — прызнаецца дзяўчына. — Таму я не ведаю, ці буду тут усё лета, пагляджу на свой заробак.

«За бюджэт змагалася да апошняга, была згодна на Пінск»

— Я вучуся на факультэце фінансаў і банкаўскай справы. У іншай сферы я сябе ніколі не бачыла, заўсёды было разуменне, што эканоміка — гэта маё. Вучыцца мне падабаецца — я не расчаравалася. Калектыў у нас сяброўскі, выкладчыкі разумныя. Адзінае, што вельмі перашкаджае, — другая змена навучання. З раніцы за тры гадзіны немагчыма нешта запомніць, у галаву нічога не ўкладаецца, — працягвае Дзіяна. — Тут ты альбо спачатку ідзеш працаваць, а потым на вучобу — і дзень разбіты, альбо працуеш увечары. Прыходзіш стомлены — і зноў нічога не можаш зрабіць. Гэта вельмі складана.

Я жыву ў інтэрнаце, у пакоі чатыры дзяўчыны. У кожнай свая змена, падладжвацца трэба пад усіх. Кухня ў нас адна на 60 чалавек, таму там не схаваешся, каб павучыцца. Застаецца калідор. Бывала такое, што я сядзела на падлозе пад дзвярыма і чытала. Не скарджуся — у некаторых і гэтага няма. У мяне ёсць ільготы, таму мне даюць жыллё, а гэта вельмі важна. А яшчэ да ўніверсітэта ісці толькі дзесяць хвілін.

Калі я паступала, з бацькамі абмяркоўвалі магчымасць платнага навучання. Але я думала, што прайду на бюджэт. Змагалася да апошняга, была згодна і на Пінск — я жыву ў суседнім горадзе. Бацькі сказалі, што трэба паступаць у сталіцу, там больш магчымасцей. Цяпер я тут і не шкадую. Але мае бацькі — людзі без пасад, эканаміст і кухар. Таму, як і большасці, прыходзіцца сябе ў нечым абмяжоўваць. Я вельмі стараюся эканоміць. Калі ў краме бачу булачку і хлеб, то, як правіла, бяру толькі хлеб.

Працаваць я пачала на першым курсе. Спачатку за вельмі маленькія грошы — раздавала купоны, улёткі. Хадзіла на 3—4 гадзіны, бо часу зусім не было. Тады думала, як да ўсяго прывыкнуць, — было складана маральна. Калі бацькі дазналіся, што іду на працу, засмуціліся. Але што зробіш? Без адукацыі нікуды.

«Калі ўбачыла, што плаціць на 400 рублёў больш, мяне пачало трэсці»

— Пра тое, што нам узнялі плату, ніхто нічога не казаў. Я нават не ведаю, як гэта адбываецца. Адкрываеш навіны — толькі адтуль і дазнаешся, што твая ВНУ нешта змяніла. Першапачаткова ў дамове была прапісана адна сума, прыходзіш у банк — там кажуць ужо пра іншую, — працягвае Дзіяна і паказвае дамову з першапачатковым коштам. — Вымушана плаціш больш. У нас аплата падзяляецца на тры перыяды — спачатку мы плацім каля 800 рублёў, потым менш.

Аплату нам падвышалі яшчэ ў сакавіку. Тады было 40 рублёў. Я думала, гэта шмат. Але калі ўбачыла, што сёлета прыйдзецца плаціць на 400 рублёў больш, мяне пачало трэсці.

Зараз я стаю на касе. За гадзіну нам плацяць 2 рублі 60 капеек. Атрымліваецца прыкладна 20 рублёў за дзень і 600 рублёў — за месяц. Часам абслугоўваць шмат людзей цяжка — у кожнага свае прэтэнзіі. А калі замовы вялікія, трэба яшчэ пастарацца ўсё ўкласці ў галаве. Пакуль я спраўляюся, а што будзе далей, не ведаю.

Інтэрнат, які нам даюць на час вучобы, зручней і танней — за месца мы плацім 30—40 рублёў. Я ўпэўнена, што калі б нам давалі жыллё яшчэ хоць адзін месяц лета, шмат хто заставаўся б працаваць.

Зніжкі на аплату навучання ў мяне няма. Для гэтага трэба ўдзельнічаць у канферэнцыях, жыцці ўніверсітэта і мець сярэдні бал 9 і вышэй. А жыць калі? Я вучуся — і ўжо часу не хапае. Мне падабаецца вучоба, але за такія грошы... Калі б я ведала раней, што будзе такі кошт, хутчэй за ўсё, шукала б іншыя варыянты. Цяпер буду абмяжоўваць сябе ў ежы, ну і ў адзенні — трэба даношваць, што ёсць. Калі толькі паступіла, было вельмі крыўдна, што не змагла прайсці на бюджэт, але цяпер усё нармальна. Я працую, але мяне ніхто не вымушаў гэта рабіць, так што ўсё ў парадку.

На завочнае не пераходжу, бо не думаю, што такім чынам засвою праграму. Буду вучыцца як ёсць.

На гэтым дзяўчына заканчвае і ўздымаецца з лаўкі, на якой мы сядзім. Калі развітваемся, раптам дадае:

— Зараз мне больш складана, чым раней: здаюць нервы — усё навальваецца. Але я сябе прымушаю сабрацца, — усміхаецца Дзіяна. — Павінна ж усё быць нармальна?

Ілля Каморнікаў, студэнт БДУІРа

Хлопец вучыцца там, дзе, па агульным меркаванні, рыхтуюць будучыню тэхналагічнай Беларусі і зорак IT-сферы, — у БДУІРы. Першапачаткова Ілля паступіў на спецыяльнасць «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання»:

— Трапіў туды па парадзе знаёмых. Асабіста я пераваг не бачыў. Проста мне казалі, што там рыхтуюць топавых спецыялістаў. Але гэта не так: узровень падрыхтоўкі паўсюль аднолькавы. Зараз я на факультэце камп'ютарнага праектавання. Перавёўся, але вучыцца мне ўсё роўна не падабаецца. І я магу расказаць вам чаму.

«Калі ўнікаеш у працэс праграмавання, выкладчык не патрэбны»

— У мяне такое адчуванне, што якасць нашай адукацыі хвалюе толькі некалькіх выкладчыкаў, — пачынае распавядаць хлопец. — У асноўным яны проста манатонна чытаюць лекцыі, пры тым што матэрыял, які тычыцца праграмавання, у іх даўно састарэў. Адзін з лектараў казаў, што наша праграма адстае на дзесяць год. У нас працуюць выдатныя матэматыкі і фізікі — іх навукі не старэюць. Але тых, хто займаецца практыкай у праграмаванні, адзінкі. Калі на этапе выканання лабараторнай узнікае праблема, яны кажуць: «Загугліце». Калі ўнікаеш у працэс праграмавання, выкладчык не патрэбны.

Пытаем, чаму тады Ілля дагэтуль вучыцца ў ВНУ. Адказвае:

— Я б кінуў, але бацькі дыплом чакаюць. Ім яго і аддам — хай мама на працы паказвае.

Ілля сумяшчае вучобу з падпрацоўкамі, раней далучаў і курсы. Кажа, рабіць гэта складана:

— Прыходзіцца прапускаць пары з-за працы. Я навучаюся платна, але абавязаны прысутнічаць на ўсіх занятках. Хіба гэта не абсурд? Я плачу грошы — значыць, і выбіраю, хадзіць мне ці не. Да бюджэтнікаў у мяне пытанняў няма: за іх плаціць дзяржава, яны і павінны наведваць усе пары. Падчас вучобы я бяру замовы на фрылансе ў сферы game-dev і выконваю задачы ў розных пачатковых праектах. У сярэднім адна такая праца каштуе 100 рублёў. Як толькі з’яўляецца замова, адразу бяру. Але вы ж самі разумееце — каб уладкавацца ў добрую кампанію, трэба аддаваць ёй увесь свой час. А ў студэнтаў ён адкуль? Летам, як зараз, таксама працую — уладкоўваюся ў звычайныя працоўныя брыгады. У семестры я плачу два разы па 640 рублёў. Зараз у нас аплату падвысілі на 200 рублёў, але ад гэтага ў маім жыцці нічога не зменіцца. Наша вучоба як курсы, а такіх у інтэрнэце хапае. Справа не ў фінансах — было б за што плаціць. Калі б я ведаў, якім будзе навучанне, пайшоў бы на любую бюджэтную спецыяльнасць. А лепш адразу ісці працаваць. Я вось пасля ўніверсітэта планую адкрыць свой праект.

Усё часцей задумваюся пра пераезд з краіны, але разумею, што кідаць усё проста так — дрэнна. А як паўплываць на агульны стан адукацыі? Ведаю, што шмат каму ўсё роўна. Застаецца рабіць для сваёй прафесіі тое, што ад цябе залежыць.

Каця, студэнтка БДУ

З Кацяй мы пераносілі сустрэчу некалькі разоў: дзяўчына паведамляла, што яе затрымліваюць на працах. У Каці іх тры, і працуе яна без графіку: «Як прыходзіцца. Але не скарджуся — пакуль я маладая, ёсць сілы і рэсурсы, усё добра». Каця мінчанка. На сваю спецыяльнасць дзяўчына патрапіла выпадкова — толькі за два месяцы да паступлення зразумела, што найлепшае, чым можна займацца, — «бязладна камунікаваць»:

— Ідэяй я загарэлася. Бацькі думалі, што гэтая спецыяльнасць — мая мара. Я ж таксама была ўпэўнена, — распавядае дзяўчына. — Цяпер я зарабляю грошы, каб аплаціць вучобу, на якую не хаджу. Калі скарджуся, бацькі адказваюць: «Ты чаго ныеш, сяброўка? Сама ж абрала».

Пра студэнцкія будні, якіх няма

— Выдатна памятаю, як аднойчы я танцавала на канцэрце, — узгадвае Каця. — Стаю з хлопцам, а мама тэлефануе і кажа: «Ты ідзеш на філфак». А я была адданая той ідэі, за якой ішла. Пачала плакаць, было смешна і сумна адначасова. Канешне, бацькі хацелі, каб быў бюджэт. Але я ўсё ж пайшла на платнае, куды хацела. Тым больш што адпрацоўваць не хацелася. Мы адразу думалі браць крэдыт на адукацыю, каб потым, калі скончу вучобу, я выплачвала банку грошы са свайго заробку. Але мама чамусьці адмовілася. Шкадавала мяне, напэўна. Мне не крыўдна, што я на платным. На ЦТ не хапіла часу на рашэнне ўсіх заданняў, але гэта не робіць мяне дурным чалавекам. Зараз я праходжу школу жыцця — раней пачала працаваць, выйду з універсітэта з працоўнай кніжкай і досведам. А гэта вельмі нядрэнна.

У вучобе ёсць рэчы, якія мне падабаюцца, але дзіўна, што кожны год мы вывучаем амаль тое ж самае, што і раней — розніца толькі ў назве прадметаў. Таму я не турбуюся, калі прапускаю пары дзеля працы. Часам мне здаецца, што матэрыяльныя ўкладанні могуць даваць значна больш карысці, чым веды, якія я набываю за гэты час.

Я ніколі не ведаю свой распарадак дня. Выходныя ў мяне бываюць як будні і наадварот.

Працую амаль кожны дзень. Падчас вучобы, калі трэба яшчэ і ва ўніверсітэце займацца, сплю па чатыры гадзіны, часам не сплю ўвогуле. Таму раніцаю часта спазняюся на працу. Я працую на фрылансе, ладжу мерапрыемствы, па выходных вару каву.

Калі я сяджу на парах і раптам разумею, што тэрмінова трэба на працу — збягаю з вучобы. А што рабіць? Завочкі ў нас няма, вольнага наведвання таксама, атрымаць хоць якія-небудзь зніжкі вельмі складана — трэба, каб палова адзнак была 9 і 10, тады будзеш плаціць на 20 адсоткаў менш. А на сацыяльную дапамогу шмат не купіш — у мінулым годзе далі 50 рублёў.

З маім наведваннем год таму былі праблемы, давялося рабіць велічэзную колькасць індывідуальнай працы. Дык потым выявілася, што вучэбны матэрыял засвоіла толькі я: на пары ўсе ў тэлефонах прасядзелі. Вядома, у маёй адукацыі ёсць карысныя штукі. Але бывае такое, што нават калі выкладчыкі добрыя спецыялісты, яны могуць табе нічога не даць. І не таму, што яны благія, а таму, што ў іх няма здольнасцей да выкладання. Разумею, што ў нас не горшае месца, наша загадчыца кафедры шмат чаго робіць. Але гэта як з Хрушчовым. Магчыма, ён і ўпрагаўся ў кукурузу, але не факт, што тая кукуруза нешта давала.

Пра працы і заробкі

— Калі я сказала маці, што знайшла працу, яна думала, што я буду на ёй у другую змену. Я ж не паведамляла, што часта прапускаю вучобу. Разумееце, мая мама — выкладчыца, для яе важна, каб у мяне быў дыплом. Таму я спрабую сумяшчаць працу і вучэбны працэс, як магу.

Ніколі не лічыла, колькі зарабляю. Каля 700—800 рублёў. Фіксаваны заробак у мяне 500 рублёў, за фрыланс атрымліваю ад 200 рублёў. Зараз трэба больш укласці сіл у нешта адно. Магчыма, на трэцім курсе ў мяне будзе праца з 9 да 18. А яшчэ трэба ў IT ісці. Фрыланс — гэта добра, але калі ты пішаш сайт, гэта аплочваецца значна лепш.

Каця надзвычай хутка размаўляе. За той час, пакуль яна робіць глыток кавы, паспяваем спытаць, калі дзяўчына адпачывае.

— Ведаеце, — адказвае яна, — з-за таго, што я ў такім шалёным драйве, я ўчора, калі глядзела серыял, думала: а што не так? Чаму я зараз не працую? Часам на сустрэчу з сябрамі бяру ноўтбук.

— Ты працуеш, пакуль сядзіш з сябрамі?

— Калі трэба, то так. Зараз усё добра, я вось ужо два дні нармальна сплю — па сем гадзін. А так, канешне, сяджу і раблю. Якое тут ужо асабістае жыццё?

Пра падвышэнне коштаў

— Я гуляла з сабакам, калі ў нашу групу ў сацсетцы даслалі кошты за вучобу. Пачала плакаць. Падумала, што я ў нейкім пякельным трызненні, — працягвае Каця. — А якая рэакцыя магла быць, калі ты мусіш плаціць так шмат грошай за тое, што табе няма калі хадзіць на пары? Прыйшла дадому, мама сказала — вытрымаем: «У дзевяностыя людзі горш жылі».

Звычайна ў семестры аплату ўзнімаюць на нейкую невялікую суму — рублёў на 100—200. Зараз — адразу на 400. У красавіку я плаціла 285 рублёў, у жніўні будзе зусім іншы кошт. Я не ведаю, ці прыйдзецца моцна сябе ў нечым абмяжоўваць — усё залежыць ад майго заробку. Калі б нам паведамлялі, на колькі ў наступным годзе падвысіцца аплата, было б нашмат спакайней, можна было б неяк разлічваць. Усё астатняе мяне задавальняе — я бачу перспектывы для сябе найперш у нашай краіне. Проста я хачу, каб іх у мяне не забіралі.

Фотакамеры ў каталозе Onliner.by

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by