Літаратар Ігар Клепікаў: ці ўнікальная моўная сітуацыя ў Беларусі?

14 370
10 июля 2017 в 8:00
Автор: Дмитрий Корсак . Фото: Алексей Матюшков

Літаратар Ігар Клепікаў: ці ўнікальная моўная сітуацыя ў Беларусі?

Автор: Дмитрий Корсак . Фото: Алексей Матюшков
Ігар Клепікаў — літаратар, рэдактар энцыклапедычнай і навукова-папулярнай літаратуры.
Моўная сітуацыя ў нашай краіне (незалежна ад таго, наколькі яна вам увогуле цікавая і падабаецца пры гэтым ці не) здаецца многім выключнай. Маўляў, нідзе такога ў свеце няма і не было (пра «не будзе» казаць, зразумела, рана). Але ўзнікае пытанне: ці насамрэч яно так? Магчыма, проста не ўсё вядома ці вядома, але не прымаецца ў разлік. Інакш кажучы, не ўсё з нашай хаты відаць, тым больш калі яна па-ранейшаму з краю.

Але выпадак дакладна далёка не першы. Не будзем хадзіць далёка: калі вы хаця б гарталі ўсім вядомую эпапею Льва Талстога (канешне, не ў адаптаванай версіі), то заўважылі, колькі там тэксту ідзе наўпрост па-французску (прычым гавораць гэта не французы). Гэта адлюстроўвае расійскія рэаліі пачатку пазамінулага стагоддзя, калі немалая частка імперскай эліты дрэнна разумела ўласную родную мову (між іншым, іх ніхто не заваёўваў — гэта быў досыць свядомы выбар, як на пару стагоддзяў раней у тутэйшай шляхты на карысць польскай мовы і культуры, нібыта больш дасканалых).

Магчыма, не лепшы прыклад. Калі ж браць бліжэй і больш падобнае на нашу сітуацыю, то можна ўспомніць Чэхаславакію паміж сусветнымі войнамі, калі 80% насельніцтва аддавала перавагу нямецкай мове (прычым немцы ці аўстрыйцы, якіх перамалёўванне карты Еўропы пасля Першай сусветнай закінула ў новую краіну, як і дзеці ад чэшска-нямецкіх шлюбаў, зусім не складалі большасці ў гэтых працэнтах). Так, падобныя працэсы ў немалой ступені — гэта вынік палітычных гульняў, але ж мы любім казаць, як нам уся гэтая палітыка да аднаго месца, вось і не будзем яе цягнуць сюды без асаблівае патрэбы, тым больш што справа не толькі ў ёй.

Усё ж такі два словы пра палітыку. Яна можа мець вельмі розныя і мэты, і вынікі. Сёння пра беларусізацыю 1920-х гадоў ведаюць толькі тыя, хто гэтым цікавіцца. Між іншым, усяго за некалькі гадоў на беларускую мову была пераведзена праца шматлікіх дзяржаўных, грамадскіх, навучальных і навуковых устаноў. Замест ныцця, што па-беларуску можна толькі пісаць вершы пра цяжкае сялянскае жыццё, праводзілася мэтанакіраваная праца па стварэнні і ўдасканаленні нацыянальнай навуковай, вытворчай, вайсковай і іншай тэрміналогіі. Беларускую мову вывучаў і будучы маршал Жукаў, які тады служыў на тэрыторыі БССР.

Так, тады гэта была палітыка дзяржавы. Так, амаль усё гэта потым было страчана. Але гаворка зараз пра іншае: беларуская мова можа быць цалкам жыццяздольная ў самых розных сферах, і той перыяд беларускай гісторыі — найлепшы гэтаму доказ. Хтосьці скажа: гэтая жыццяздольнасць была забяспечана штучна. Але ж і з іншымі мовамі тое ж самае. Проста калі працэс займае стагоддзі, а не лічаныя гады, ён выглядае больш натуральна. Запазычанні ці наватворы праз некалькі пакаленняў успрымаюцца як арганічная частка мовы.

Дарэчы, найбольшае супраціўленне той беларусізацыі аказвалі не чыноўнікі ці вайскоўцы, многія з якіх не былі этнічнымі беларусамі. Згодны, магчыма, тут было ўсё проста: загадалі — выканалі. Не малаадукаваныя сяляне, якім літаратурныя мовы — што руская, што беларуская, што польская — былі амаль аднолькава складаныя ў вывучэнні. І не заўсёды літаратурная беларуская (унармаванне якой адбывалася на базе цэнтральнабеларускіх гаворак) была для іх найбольш блізкай (напрыклад, для жыхароў Палесся ці Паўночнага Паазер’я). Галоўныя сабатажнікі адшукаліся якраз сярод настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ, якія ўжо паспелі прытуліцца да «чагосьці вялікага» і апускацца «ніжэй за плінтус», як ім здавалася, не хацелі.

Але перасунемся ў часе яшчэ бліжэй да сёння, толькі зноў крыху ўбок. Ірландыя. Удвая менш насельніцтва, чым у Беларусі. Значна меншы за наш патэнцыял для выжывання ў ізаляцыі. І такі моцны фактар уплыву на моўную сітуацыю, як суседства з Велікабрытаніяй. Калі крыху заглыбіцца ў гісторыю, то яшчэ і частка той Велікабрытаніі ад Сярэдневечча і да 1919 года, потым два гады ўзброенай барацьбы за незалежнасць, следам два дзесяцігоддзі ў статусе дамініёна Брытанскай Садружнасці. Абвяшчэнне поўнай незалежнасці толькі ў 1949 годзе.

Не будзем адыходзіць ад тэмы. Пятнаццаць гадоў таму толькі 33% ірландцаў падчас перапісу назвалі роднай ірландскую мову, з іх кожны трэці ўсё роўна ёй не карыстаўся, а размаўляў па-ірландску штодзень толькі кожны пяты. Астатнія — ад выпадку да выпадку. Пры гэтым рэальная сітуацыя магла выглядаць яшчэ горш: некаторыя эксперты сцвярджалі, што рэальная колькасць тых, хто гаворыць па-ірландску кожны дзень, не перавышае 1,5% ад усяго насельніцтва краіны.

Што з гэтым робяць ірландцы? Атрымаўшы такую сумную статыстыку, яны ўсур’ёз заняліся адраджэннем роднай мовы і культуры. Ірландскую вывучаюць у школах, на ёй працуюць тры нацыянальныя тэлеканалы і радыё. У заходняй частцы краіны, дзе яе пазіцыі найбольш моцныя, усе англамоўныя шыльды заменены на зразумела якія. Тапанімічныя назвы, створаныя калісьці на брытанскі ўзор, перакладзены на ірландскую, і іх забаронена дубляваць англійскай формай. І гэта робіцца ў краіне, куды больш інтэграванай у сусветную эканоміку, чым наша; якую штогод наведвае больш турыстаў (пераважна англамоўных, між іншым), чым у ёй налічваецца жыхароў; дзе эмігранты складаюць заўважна большую долю насельніцтва, чым у нас.

Нехта скажа, маўляў, там гэта робіцца на дзяржаўным узроўні, а вось у нас… Мне здаецца, перакладваць усю адказнасць на дзяржаву непрыгожа. Наколькі я памятаю, не чыноўнікі ў нас называюць беларускую мову мёртвай, выказваюць «фе» ў яе адрас ці нават выстаўляюцца яе ахвярамі. Ці не разумеюць транслітэрацыі беларускіх назваў лацінкай не па правілах англійскай (чамусьці) мовы. Гэта не чыноўнікі, а самі нашыя вытворцы чамусьці адмаўляюцца пісаць па-беларуску на ўпакоўцы, у той час як іх калегі з Расіі ды іншых краін чамусьці гэта робяць, а не шукаюць адгаворкі.

Яшчэ адзін прыклад з далёкага замежжа. Былая іспанская калонія Парагвай. Два стагоддзі незалежнасці. Пры ўсіх праблемах тамтэйшага жыцця сёння палова насельніцтва аднолькава добра валодае абедзвюма дзяржаўнымі мовамі — гуарані ды іспанскай, яшчэ трэць ведае адну гуарані і толькі 7% — адну іспанскую (у адрозненне ад іншых былых іспанскіх калоній у Лацінскай Амерыцы, дзе мова былой метраполіі па-ранейшаму дамінуе).

Калі добра пакапацца, то можна знайсці такія прыклады і ў Афрыцы, і ў Азіі. Так што наша сітуацыя зусім не ўнікальная. І, што самае галоўнае, зусім не такая безнадзейная, як здаецца некаторым. Наш шлях ад моманту пачатку адраджэння ўласнай мовы і культуры карацейшы, чым у Парагвая, Чэхіі і нават Ірландыі. Так што проста не трэба сыходзіць з дыстанцыі, яшчэ не пачаўшы бегчы. Шанец стварыць унікальную прастору, а не частку нейкага іншага свету, у нас ёсць.

Читайте также:

Перепечатка текста и фотографий Onliner.by запрещена без разрешения редакции. nak@onliner.by