Спецпроект

Крыптавалюты і адукацыя — нармальны набор. Як 17-гадовы Максім стварае платформу будучыні для беларускай школы

71
02 мая 2017 в 10:00
Автор: Александр Владыко
Спецпроект

Крыптавалюты і адукацыя — нармальны набор. Як 17-гадовы Максім стварае платформу будучыні для беларускай школы

Автор: Александр Владыко

Максіму 17 гадоў, ён марыць паступіць на праграміста і добра жыць. Здавалася б, звычайная гісторыя беларускага школьніка. Гэта так, калі не ўзгадваць, што хлопец ужо цяпер распрацоўвае платформу будучыні, якая, калі верыць стваральніку, удасканаліць сістэму паступлення ў ВНУ. Каб гэта не гучала нудна, сёе-тое праспойлерым: там будуць крыптавалюты, чаты для камунікацыі і шмат іншых нішцякоў, пра якія Максім пакуль не распавядае. Паразмаўлялі з фіналістам сацыяльна-адукацыйнага праекта для старшакласнікаў velcom YOUTH пра блакчэйны і сучасныя тэхналогіі. А яшчэ высветлілі, чаму ўцечка мазгоў з Беларусі — гэта цалкам натуральная з'ява.

Максім Хамета ўвогуле лічыць, што распавядаць пра яго асабліва не трэба — пашукайце каго пацікавей. Мы ж вырашылі інакш: не кожны дзень сустракаеш падлетка, які замест тусовак з сябрамі разбіраецца ў крыптавалютах і ламае галаву, як пакінуць моладзь у Беларусі. І яшчэ яго моцна абурае, што ў ВНУ не заўсёды бяруць як трэба — па дасягненнях і поспехах у галоўным прадмеце. Звычайна, калі ў двух людзей аднолькавыя балы, выбар робіцца на карысць прыгожых лічбаў у атэстаце. Пра рэзультаты ў прадметных конкурсах часта забываюць. Карацей, Максім ведае ўвесь боль алімпіяднікаў, таму працуе над тым, каб палегчыць іх катаванні.

— У мяне так сябар паступаў. У яго і адной дзяўчыны былі такія ж балы. Ну, убачылі, што ў яе добры атэстат, аддалі месца ёй. А яго пасунулі, хоць хлопец быў выбітным алімпіяднікам. Трэба ж глядзець і на адно, і на другое, і неяк разам усё гэта бяскрыўдна спалучыць, — тлумачыць Максім.

— Дык як твой сайт працуе?

— Гэта ўвогуле інтэрнэт-платформа. Зарэгацца на ёй можа кожны школьнік. Галоўнае — каб у цябе былі дасягненні ў алімпіядах ці канферэнцыях. Тады ты трапляеш у агульны рэйтынг. За істотныя поспехі можна атрымаць нейкія бонусы і ўзнагароды. Гэта неабавязкова будуць грошы, але зніжкі ў якасці прыемнасцей — цалкам магчыма. Тады сам чалавек будзе бачыць, што ён чагосьці дасягнуў і што гэта заахвочваецца. І сам кантралюе, куды ён скіроўвае свой рэзультат.

У спіс дасягненняў уваходзяць любыя значныя вынікі — алімпіяды, канферэнцыі, міжнародныя конкурсы. Цяпер перамогу ў такіх спаборніцтвах не стануць прыраўновацць да само сабой зразумелых рэчаў. Па новых правілах шчыраванне будзе ўзнагароджвацца не толькі папяровымі дыпломамі, але і грашыма. Так, мы адкрываем відавочную не для ўсіх ісціну: за сваю працу школьнікі таксама хочуць атрымлівацць вартую ўзнагароду.

— А як размежаваць, істотна нешта ці не? Для кожнага ж ёсць свой узровень.

— Тут трэба глядзець на ступені значнасці. Вядома, калі гэта гарадскія алімпіяды, яны не настолькі значныя, як дыпломы з вобласці ці рэспублікі. Іх можна ўключыць, але не трэба чакаць, што табе будзе давацца шмат балаў.

— Добра, але калі ў каго-небудзь вельмі шмат дасягненняў, а я старалася быць лепшай у чым-небудзь адным, несправядліва, калі ў іншага атрымаецца больш магчымасцей паступіць за мяне.

— Не, тады будзе вылічвацца, колькі ты чаго зрабіў менавіта ў галоўным прадмеце. Я ўжо распрацаваў сайт з усёй інфармацыяй, стварыў анкету для рэгістрацыі, падасылаў яе сябрам. У мяне ёсць старонка, дзе будзе фарміравацца рэйтынг вучняў. Што тычыцца балаў, яны з'яўляюцца яшчэ і крыптавалютай — токенамі. То бок у чалавека ёсць і электронны гаманец з грашыма, за якія ён можа сабе набыць зніжкі. І яшчэ на гэтай платформе будзе шмат удзельнікаў па розных прадметах. Можна знайсці сабе незнаёмцаў для любой каманды. Проста пазначаеш кантакты, а цябе просяць дапамагчы. У выніку можа атрымацца які-небудзь класны праект.

— Дапусцім, я вучаніца, хачу зараз там зарэгацца. Што мне трэба рабіць?

— Прыйсці на сайт, запоўніць анкету, напісаць, у якіх сур'ёзных конкурсах вы ўдзельнічалі, прымацаваць пацверджанні сваіх дасягненняў. Потым гэтая анкета будзе разглядацца, ці ўсё ў ёй адпавядае. Далей вы трапляеце ў рэйтынг удзельнкаў, вам налічваюцца балы, вы назіраеце за сваім месцам у гэтым спісе. А калі маю платформу раптам захочуць выкарыстоўваць і на ЦТ здарыцца, што ў вас агульная з некім колькасць балаў, кожнага будуць разглядаць, што ён з сябе ўяўляе. І чым істотней будуць заслугі па адным прадмеце, тым верагодней, што на бюджэт трапіце вы, а не чалавек з лепшым атэстатам.

— Давай здагадаюся, ты хочаш ісці ў праграмісты?

— Я сам удзельнічаю ў алімпіядах з шостага класа. Прадметы — матэматыка, інфарматыка, геаграфія. Цяпер у мяне галоўны выбар паміж двума апошнімі. Так што так, вы блізка.

— Думаю, улічваючы перспектывы для географаў у нашай краіне, выбар відавочны...

— Збіраюся ў праграмісты. На геафаку ёсць некалькі кафедр, але ісці варта толькі на адну. І тая называецца «Геаінфармацыйныя тэхналогіі». Зноў-такі, звязаная яна з інфарматыкай. Тады можна пайсці ў кампаніі, якія працуюць з мапамі, складаць іх. Але што тычыцца іншых варыянтаў, там зусім ніяк.

— А ты ў якую ВНУ паступаць хочаш?

— Я ўвогуле хачу з'ехаць у Польшчу. Не назаўсёды, але калі ёсць магчымасць павучыцца, то чаму б і не? Тым больш што ў мяне там далёкія сваякі жывуць.

— І гэты чалавек распавядаў мне нядаўна пра ўцечку мазгоў?

— Слухайце, я люблю Беларусь, але жыццё хачу правесці пацікавей. Калі я там паступлю ў палітэхнічны ўніверсітэт, у мяне будзе больш магчымасцей для адукацыі, большы выбар прафесій, абмены з замежнымі краінамі. Можна лёгка выехаць у суседнюю Германію, паездзіць па ўсёй Еўропе. А тут максімум зганяеш у Расію. Ды і за мяжой шмат цікавых мерапрыемтсваў адбываецца.

— Дык для праграмістаў у нас вельмі шмат крутых магчымасцей ёсць.

— Гэта пакуль. А потым усё таксама стане аўтаматызаваным. Навошта краіне столькі праграмістаў? Трэба развіваць і іншыя сферы. Праўда, у параўнанні з астатнімі прафесіямі тут сапраўды ёсць дзе шчыраваць, згодны.

— А што трэба зрабіць, каб ты дакладна застаўся тут?

Максім задумваецца.

— Што трэба — не ведаю. Проста зрушыць нейкія істотныя рэчы. Да таго ж я таксама хачу вярнуцца, а не назаўсёды з'ехаць.

— Усе так кажуць, а потым не вяртаюцца. А што наконт уцечкі мазгоў, што цябе турбуе?

— Мне здаецца, гэта рэальная праблема. З кожным годам у нас з'язджаюць усё больш і больш людзей, у краіне менш спецыялістаў, эканоміка застаецца ў разбураным стане.

— І як гэта спыніць?

— На канферэнцыі velcom я буду ўздымаць гэтае пытанне. Па-першае, варта стварыць больш конкурсаў для выяўлення маладых талентаў. Ну і прызы больш істотныя даваць. Цяпер у нас на ўзнагароджанні атрымліваеш толькі сертыфікаты — і ўсё. Няма ніякай зваротнай сувязі.

— Стымула?

— Так, нешта кшталту таго. Плюс у мяне яшчэ ёсць ідэя запрашаць моладзь удзельнічаць у праектах, каб яны маглі самі выкарыстоўваць свой досвед на працы. То бок алімпіяднікі цалкам могуць паказваць свае таленты, каб удасканаліць раён, чаму іх не запрашаюць?

— Давай пагутарым наконт першага пункта. Памятаю, нам за дыплом на вобласці давалі нешта кшталту 65 рублёў.

— Так, і гэта вельмі мала. Трэба паказваць, што ў нашых людзях сапраўды зацікаўленыя. Больш рэсурсаў, вандровак — гэта ж усё магчыма. У нас, напрыклад, ладзяць для моладзі канцэрт, але нам яно не асабліва трэба. Мы выходзім на сцэну, забіраем нейкія маленькія кніжкі і сертыфікаты, на гэтым усё. І нас просяць, каб мы не з'язджалі. А што вы для гэтага робіце?

— А калі б моладзь адчувала, што яе дапамога патрэбна камусьці, гэта было б істотна? Такое ў нас магчыма?

— Зараз, напэўна, не. Ёсць сістэма, якая даўно працуе. Штосьці трэба — заплаці грошы і атрымай. Але ніхто не думае, што можна проста ўзяць удзельнікаў алімпіяд і даць ім магчымасць нешта рабіць — замест таго каб плаціць грошы іншым.

— Бясплатныя працоўныя сілы?

— Ну не, ад гэтага абодва бакі засталіся б ў выйгрышы. Моладзь жа таксама досведу набярэцца.

Яшчэ ў Максіма даўно з'явілася вартая тэма — калі ўвесь свет кажа пра крыптавалюты, то што, хіба мы горшыя, каб гэтым не цікавіцца?

— На тваёй платформе ўсё гэта будзе? Шмат хто кажа, маўляў, гэта трызненне.

— Так, я ўдзельнічаў у канферэнцыях, спецыяльна ўсё вывучаў. Разумееце, электронная валюта вельмі зручная, калі трэба правесці хуткія трансакцыі. Вядома, калі ты гуляеш ёю, як на біржы, яно рызыкова. Але калі абіраць тыя, што стабільныя і курс змяняюць вельмі неістотна, то ў чым праблема? Гэта ж альтэрнатыва долару. Такія валюты спецыяльна фінансуюць, каб іх курс не падаў.

— Так што, ты лічыш, у гэта варта грошы ўкладаць?

— Калі ёсць класныя праекты, імі трэба цікавіцца і разбірацца. Зараз нават буйныя кампаніі пачынаюць займацца блакчэйнам. Facebook, да прыкладу, хоча зрабіць уваход на сайт больш бяспечным і выкарыстоўваць будзе менавіта гэтую тэхналогію. Так што я б шукаў больш пазітыва.


velcom YOUTH — конкурс праектаў для старшакласнікаў, якія хочуць змяніць свет да лепшага. Сацыяльна-адукацыйны праект рэалізуецца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. 10 пераможцаў конкурсу выступяць на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 18 мая 2019 г. у Prime-Hall і атрымаюць iPhone Xs, а трое лепшых паедуць на TEDx у Аўстрыю. Адметная рыса праекта velcom YOUTH — уся камунікацыя вядзецца на беларускай мове.

Спецпраект падрыхтаваны пры падтрымцы Унітарнага прадпрыемства «Вэлком», УНП 101528843.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by